НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

27 ГАДОЎ ДЭКЛЯРАЦЫІ ПРА СУВЕРЭНІТЭТ БЕЛАРУСІ

27 ГАДОЎ ДЭКЛЯРАЦЫІ ПРА СУВЕРЭНІТЭТ БЕЛАРУСІ

Паважаныя землякі, дарагія беларусы, фронтаўцы, адраджэнцы! Віншую ўсіх з Днём Дэклярацыі пра суверэнітэт Беларусі. Гэта была вялікая перамога нацыянальна-вызвольнага руху, які ачольваў тады Беларускі Народны Фронт.

Масква хацела па-новаму замацаваць свой Савецкі саюз, думала ашукаць беларусаў і ўсе акупаваныя народы СССР, прапанавала прыняць фармальныя дэклярацыі пра нібы та суверэнітэт і потым, нібы та дабраахвотна, заключыць новую дамову пра новы Савецкі саюз, прызнаны міжнароднай супольнасьцю. Камуністы ў БССР на такое пагаджаліся, але насуперак ім стаў Беларускі Народны Фронт. Дэпутаты Фронту ў Вярхоўным Савеце падрыхтавалі і неверагоднымі высілкамі і сьмелай тактыкай дамагліся прыняяцьця не фармальнай, а прынцыпова значымай Дэклярацыі аб суверэнітэце, якая потым, 25 жніўня 1991 года, паслужыла падставай для аб’яўленьня рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і стварэньня незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

Дэклярацыя аб Суверэнітэце (афіцыйная назва: "Дэклярацыя аб Дзяржаўным Суверэнітэце Беларускай ССР") -- гэта важны палітычны і юрыдычны крок да дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Змаганьне за незалежнасьць, за стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы -- гэта быў доўгі гістарычны працэс, на шляху якога трэба адзначыць некалькі этапаў. Вызначальныя падзеі і даты беларускай дзяржаўнай незалежнасьці -- гэта Акт 25 Сакавіка 1918 года аб Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Дэклярацыя аб Дзяржаўным Суверэнітэце Беларускай ССР, прынятая 27 ліпеня 1990 года, і вянец усяму працэсу змаганьня за незалежнасьць -- 25-ы Жнівень 1991 года, калі Дэклярацыя аб суверэнітэце набыла статус Канстытуцыйнага закона і была ўтворана незалежная Рэспубліка Беларусь з гэрбам "Пагоня", Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і ўсімі атрыбутамі суверэннай дзяржавы.

У вольнай Беларусі пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму гэтыя тры даты, тры этапы змаганьня будуць сакралізаваныя (яны ўжо сакралізаваныя) і адлюстраваныя як нацыянальныя дзяржаўныя сьвяты беларускага народа. Сьвятаў нацыі павінна быць шмат. Яны аб’ядноўваюць і ўзвышаюць народ. Памятныя ўрачыстасьці нацыянальнай гісторыі асьвячаюць нацыю, робяць яе відушчай. Дзякуй Богу, што яны, гэтыя сьвяты, у нас ёсьць такога маштабу і што існуе наша дарагая Бацькаўшчына Беларусь.

            Слава Айчыне!

27 ліпеня 2017 г.                                                                              Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: