НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

БЕЛАРУСКІ ЎРАД

 БЕЛАРУСКІ ЎРАД

Беларусы павінны мець беларускі ўрад. Урад, які існуе цяпер (той, што стварыў Лукашэнка), складаецца амаль выключна з расейцаў — функцыянэраў КГБ, генэралаў ды палкоўнікаў, што прыехалі з Расеі. Гэты небеларускі ўрад разбурае ўсё беларускае і на справе зьяўляецца акупацыйным урадам. Ён ня мае легітымнасьці, бо прызначаны незаконным прэзыдэнтам, які ўзурпаваў уладу неканстытуцыйным шляхам. Па факту ўзурпацыі ўлады Генэральным пракурорам Беларусі Рыгорам Пракаповічам узбуджана крымінальная справа, вядзецца сьледзтва.

* * *

Набліжаецца час прэзыдэнцкіх выбараў, якія спадар Лукашэнка намерваецца правесьці згодна сваіх выбарчых правілаў і недэмакратычных законаў. I тут востра паўстае пытаньне пра беларускі ўрад. Але разгледзім ўсё па парадку.

Лукашэнка ведае, што рэальная падтрымка ягонай асобы выбаршчыкамі зьнізілася да ўзроўню 15-ці адсоткаў. У такіх умовах, каб выйграць, ён можа толькі сфальсіфікаваць выбары, бо ягоны палітычны рэсурс скончыўся.

У тым, што спадар Лукашэнка пойдзе на такі антызаконны крок, — можна не сумнявацца. Найлепшы варыянт для яго — безальтэрнатыўныя выбары. (Гэта значыць — выбары з адным прэтэндэнтам.)

Можна прадбачыць таксама, што фальсіфікацыя будзе выкрыта, і міжнародная супольнасьць не прызнае выбары. Але прэзыдэнтам стане Лукашэнка, якога Эўропа потым прызнае дэ факта.

Якраз такая сітуацыя ўтварылася ў Казахстане: выбары не прызнаныя, а прэзыдэнтам застаўся Назарбаеў.

Сутнасьць у тым, што ў Казахстане не было рэальнай палітычнай альтэрнатывы. Калі няма альтэрнатывы, то тым, хто галасаваў супраць дыктатара, няма да каго апэляваць, няма каго супрацьстаўляць, няма свайго выбару, няма прычыны і фігуры, каб кансалідаваць барацьбу і прад’явіць канструктыўныя прэтэнзіі фальсіфікатару. Што датычыць міжнароднай супольнасьці (асабліва на ўзроўні парлямантаў і ўрадаў), то пры адсутнасьці альтэрнатывы ёй увогуле ня будзе на што абаперціся, каб весьці нейкую абгрунтаваную палітыку непрызнаньня дыктатуры.

Трэба чакаць, што Лукашэнка захоча скарыстаць гэты зручны для сябе безальтэрнатыўны варыянт, бо выхаду ў яго няма: альбо пан, альбо прапаў.

Ня выключаная таксама іншая сітуацыя, калі, дзеля ўдаваньня „дэмакратычнасьці" і ўвядзеньня ў зман грамадзтва, будзе зарэгістраваны шэраг падстаўных, бясколерных, амбіцыйных, але беспэрспэктыўных кандыдатаў якія, вядома ж, прайграюць „у чэснай барбе" і забясьпечаць фармальную легітымнасьць выбараў Лукашэнкі.

Менавіта такой нядобрай справай (намерам удзельнічаць у лукашэнкаўскім сцэнары) займаецца цяпер так званая „аб’яднаная апазыцыя", падыгрываючы, фактычна, інтарэсам рэжыму.

Адзначым таксама, што ініцыятыва выбараў, усе рычагі і сцэнар выбарчай кампаніі цалкам знаходзяцца ў руках Лукашэнкі.

Што трэба рабіць у такім становішчы? Перш за ўсё — неабходна стварыць легальную альтэрнатыву рэжыму. Такой альтэрнатывай можа стаць законны беларускі ўрад.

Ёсьць усе законныя падставы, фармальныя ўмовы і аб’ектыўная неабходнасьць, каб стварыць урад. Згодна Канстытуцыі, Старшыня Вярхоўнага Савету Сымон Шарэцкі ў любы момант можа афіцыйна ўзяць на сябе функцыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, прапанаваць прэм’ера ўраду і галоўных палітычных міністраў, якіх зацьвярджае Вярхоўны Савет. Калі такім чынам будзе створаны законны ўрад Рэспублікі Беларусь, сітуацыя рэзка зьменіцца на карысьць Беларусі.

Уявім, што Лукашэнка фальсіфікуе і выйграе выбары. Міжнародная супольнасьць не прызнае такія выбары. Але тым часам яна ня можа не прызнаць законны ўрад, створаны прызнанымі канстытуцыйнымі ворганамі. Беларускі ўрад можа стаць легальнай апорай для міжнароднай супольнасьці ў яе падтрымцы правоў чалавека, законнасьці і справядлівасьці ў Беларусі.

Калі будзе ўрад, выбаршчыкі, якія не галасавалі за Лукашэнку атрымліваюць законны цэнтар кансалідацыі супраць рэжыму. Грамадзтва пазьбягае роспачы і тупіку, бо ў яго будзе альтэрнатыва змаганьня з рэжымам, абгрунтаваная законам. Беларус, які стане змагацца з дыктатурай, абапіраючыся на Беларускі ўрад, будзе ўсьведамляць законнасьць сваіх дзеяньняў. Дзяржаўны чыноўнік, начальнік ці генэрал, ня могуць выконваць указаньні якой бы там ні было палітычнай партыі. Тым часам яны мусяць будуць рабіць выбар паміж рэжымам і законным урадам. Трэба даць такі выбар.

Калі будзе дзейнічаць законны беларускі ўрад, тады фальшывая перамога Лукашэнкі на выбарах не дасьць яму доўга пратрымацца. Лукашэнка сябе вычарпаў. Гэта скончаны палітык. Сем гадоў ён разбураў усё беларускае і тахціў Беларусь у яму. Пры Лукашэнку ўсім беларусам стала горай. Ён ужо нічога ня можа рэальна абяцаць і тым больш — зрабіць.

Небясьпечны аднак новы варыянт. Гэта калі Масква знойдзе іншую сваю кандыдатуру замест Лукашэнкі і падставіць яе на выбары пад шапкай „дэмакрата" ці пад выглядам кампраміснай фігуры, быццам бы прыймальнай для ўсіх.

Калі б новы маскоўскі стаўленьнік заняў пасаду прэзыдэнта Беларусі і калі б не засталося яму ніякага палітычнага супрацьпастаўленьня, то гэта было б найгорш. Грамадзтва сталася б дэзарыентаваным і ашуканым. Новы стаўленьнік Масквы, спарадзіўшы ілюзорныя надзеі, пратрымаўся б даўжэй і так бы разбурыў Беларусь, што яна магла б не падняцца.

У такім становішчы і пры такім вырыянце існаваньне законнага Беларускага ўраду давала б надзею і паказвала б законны шлях барацьбы.

Пытаньне аб стварэньні законнага Беларускага ўраду стаіць даўно. Перад Новым Годам Старшыня Вярхоўнага Савету Сымон Шарэцкі выступіў з адмысловай заявай, дзе абгрунтаваў неабходнасьць ураду. Яго арганізацыя залежыць ад Старшыні і дэпутатаў Вярхоўнага Савету.

Але далёка ня ўсе дэпутаты разумеюць задачу. Прычына ўсё тая ж — глыбокая дэзынтэграцыя беларускага грамадзтва.

Каб вырашаць агульнадзяржаўныя задачы, трэба трымаць у душы агульнанацыянальныя інтарэсы. Палітычны і сьветапоглядны падзел людзей не павінен уплываць на іхняе адзінства ў абароне нацыянальных інтарэсаў.

Слабасьць беларускай палітычнай эліты якраз у адсутнасьці разуменьня і ўспрыняцьця гэтай пазыцыі. Прадметам спрэчак, гандлю і палітычнай барацьбы сталі недыскусійныя каштоўнасьці — ад суверэнітэту да нацыянальнай мовы, ад незалежнасьці да нацыянальнай сымволікі. Такі стан думак — вынік двухсотгадовага каляніялізму, гвалту над асобай, ідэалягічнага чаду расейскай акупацыйнай палітыкі.

Трэба сказаць праўду: малаверагодна, каб за кароткі час зьмяніліся паняцьці ў людзей, і законны Беларускі ўрад быў бы створаны. (Хоць дзеля гэтага варта зрабіць толькі крок.)

Ня выставіць на выбарах ніякай альтэрнатывы супраць імпэрскай палітыкі Масквы і так званая „аб’яднаная апазыцыя", бо сама яна не зьяўляецца такой альтэрнатывай. Яна ня мае нацыянальнай ідэі змаганьня і адпаведна — ня мае рэальнага прэтэндэнта. Яна залежная ад зьнешніх рэсурсаў і ўсе яе квазі-кандыдаты клапоцяцца пра падтрымку Масквы. Брыдка гэта ўсё выглядае.

Альтэрнатывай рэжыму акупацыі вялікадзяржаўнай палітыцы Расеі зьяўляецца на Беларусі, як і дзесяць, і сто гадоў таму — Нацыянальна-Вызвольны Рух беларускага Адраджэньня.

У сітуацыі, якая складваецца (калі беларускага ўраду ня будзе), Вызвольны Рух мусіць удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта і вылучыць кандыдата, але (разумеючы паводзіны Лукашэнкі) ня дзеля таго, каб гуляць у ягоныя гульні, а дзеля змагарнай альтэрнатывы і палітычнае барацьбы за вольную Беларусь.

Я мяркую аднак, што пытаньне з стварэньнем законнага беларускага ўраду можа ўзьнікнуць яшчэ не аднойчы. Ня выключана, на жаль, — што па часе (як гэта водзіцца часта ў беларусаў). А шкада: своечасовае стварэньне беларускага ўраду магло б стаць чыньнікам разгромнай паразы дыктатара на выбарах, паспрыяць ліквідацыі ўсёй шавіністычнай маскоўскай палітыкі на Беларусі.

Аналіз бальшыні страчаных беларусамі шансаў за апошнія 8-9 гадоў паказвае, што страты ды здрада адбываліся толькі таму, што справа залежала ад людзей, далёкіх ад нацыянальных задачаў беларускага Адраджэньня.

Беларусы павінны зрабіць з гэтага высновы і не спадзявацца на палавіністых палітыкаў.

Беларускае грамадзтва стаіць на парозе вызначальных пераменаў. Сэнс жа ў тым, каб з пераменаў скарысталіся не Лукашэнка, не Масква, не ,дэмакратычная апазыцыя", а Беларускі народ.

Зянон ПАЗЬНЯК

2 лютага 2001 г.

Беларускія Ведамасьці, № 31 | сьнежань 2000 г.–студзень 2001 г.

Дадаць у: