НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ДРЭННАЕ СТАНОВІШЧА Ў ІНФАРМАЦЫІ

ДРЭННАЕ СТАНОВІШЧА Ў ІНФАРМАЦЫІ

Праўдзівай і дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ёсьць там вельмі няшмат, паколькі ідзе сплянаваная вайна за валоданьне Беларусяй, якую вядзе, у асноўным, расейскі КГБ, што поўнасьцю захапіў уладу ў Расеі і таксама ў Беларусі. Арганізаваныя сілы беларускай незалежнасьці ня могуць эфектыўна ўплываць на інфармацыйныя цячэньні з прычыны рэпрэсіўнай палітыкі антыбеларускага рэжыму і адсутнасьці сваіх СМІ. Таму на паверхні плавае прапагандная дэзінфармацыя, інфармацыйнае аматарства (з прымітыўнай падачай падзеяў) і псэўдаінфармацыя, калі замоўчваецца (альбо падмяняецца) сутнасьць і падаюцца пэрэфэрыйныя дзеяньні і значэньні. (Тыповы прыклад — беларуская рэдакцыя радыё „Свабода"). У гэтакіх абставінах інфармацыя пра падзею залежыць ад таго, хто піша і распавядае.

23 сакавіка я глядзеў у Вільні тэлерэпартаж Менскага тэлебачаньня аб сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці. Пра Дзень Незалежнасьці — ні слова. Паказвалі кадры, як АМАП (спэцыяльная міліцыя для здушэньня дэманстрацыяў) наступае на тлум людзей пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. Людзі ўпіраюцца, шчапіўшыся за рукі, і бязгучна варушаць губамі. (У рэальнасьці сьпявалі Беларускі гімн „Магутны Божа"). Гук выключаны. На фоне „карцінкі" асуджальна-пракурорскі голас дыктара, які паведамляе, што вось гэта „адшчапенцы", якія вышлі на дэманстрацыю, каб падтрымаць... „амэрыканскую агрэсію ў Іраку ".

Далей, быццам незнарок, запыняюць на вуліцы гэтакага „простага чалавека":

—Як вы адносіцеся да гэтых людзей, што падтрьмліваюць вайну ў Іраку?

—Ды ж вам сказаць, — адказвае па-расейску „ просты чалавек ",—можа гэта ўвогуле ня людзі.

Потым пытаюць дзябёлую рускую „жэншчыну" (з выгляду — афіцэрскую жонку):

— Як вы адносіцеся... і г.д.

— Да это вообще не люди, — ківае „ жэншчына " ў бок дэманстрантаў. Гэтак робіцца „інфармацыя" ў лукашэнкаўскіх сродках масавай прапаганды.

Радыё „Свабода" таксама падрыхтавала свой звыклы інфармацыйны кіч. „Нібыта інфармацыя" заключалася ў тьм, што „апазыцыя" сабралася ля паштамту ў Менску (хаця там якраз былі тыя, што змагаюцца з так званай „апазыцыяй") у колькасьці некалькіх сот чалавек і што міліцыя арыштавала людзей. Удакладненьні — не істотныя. Адным словам — „ апазыцыя ". (Якраз як той салдат у расейскага пісьменьніка Льва Талстога. „ Служыў я,—кажа, — у горадзе Горадні, дык там народ усё ня наш, ня рускі, адньм словам — басурманы.")

Нядаўна ў Кліўлендзе я быў сьведкам размовы нашых кліўлендзкіх сяброў пра інфармацыю ў красавіцкім нумары „ Беларуса " аб сьвяткаваньні 25 Сакавіка на Бацькаўшчыне. „Чаму такі непрыхільны тон і ўсё ахаяна? Так пра Сакавік пішуць толькі чужыя людзі", — абураліся ў Кліўлендзе.

Прычына тут відавочная. „Уласны карэспандэнт" „Беларуса" чэрпаў як відаць, інфармацыю з рускамоўнага так званага „незалежнага" друку на Беларусі (які ў асноўным антыбеларускі) і, адпаведна, трапіў пад уплыў ацэнак і стылю гэтага друку для якога няма на Беларусі нічога сьвятога і нічога вартага павагі (і нічога свайго).

Паведамленьне ў газэце „Беларус", на жаль, тыповае інфармацыйнае аматарства. Карэспандэнт піша так, быццам Беларусь вольная дэмакратычная краіна, ён нібы зваліўся зь Месяца і ня ведае, што адбываецца ў гэтай краіне. Таму і напісаў што ўсё нібыта дрэнна арганізавалі, усё было кепска, кепска зьбіраліся („ хтосьці ў раёне Галоўпаштамту, хтосьці ля Чырвонага касьцёлу "), што „акцыі прайшлі крайне няўдала", „найгоршае сьвяткаваньне " і г.д., што „калісьці (!?) самае галоўнае нацыянальнае сьвята зьбірала дзясяткі тысячаў"...

А вінаваты, маўляў ва ўсім грамадзкі Аргкамітэт, які „ня здолеў", „не аб’яднаў" i г.д.

Тым часам у сапраўднасьці становішча іншае і іншыя прычыны цяжкасьцяў. Гэта кожнаму мусіць быць зразумела.

Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі даўно сталі прыладай маніпуляцыяў і жывуць асобна ад рэальнасьці па сваіх патрэбах і інтарэсах (дарэчы, збольшага, як і ва ўсім сьвеце), ператварыўшы інфармацыю ў своеасаблівы жанр палітычнай (ці прадпрымальніцкай, бізнэсовай) дзейнасьці. I ў гэты „жанр" (які існуе па сваіх законах) падбіраюць рэальнасьць.

Акцыя 23-га сакавіка не была дазволеная рэжымам на плошчы Незалежнасьці. Ва ўсіх прылеглых дварах і вуліцах стаяла поўна крытых машынаў са „спэцназам" і „амапам". Усе хады-выхады былі перакрытыя. Чакалі дэманстрантаў. У такіх выпадках людзей хапаюць звычайна на падыходзе да пляцу. Кідаюцца на гук беларускай мовы, альбо на групы, альбо калі хто нясе доўгі скрутак (сьцяг) і г.д. Таму дэманстранты зьбіраюцца звычайна ў розных месцах, каб дэзарыентаваць міліцыю, і потым злучыцца. (Нават такія простыя рэчы, аказваецца, невядомыя былі нашаму карэспандэнту.

У такіх умовах Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя—БНФ ня можа прымушаць выходзіць на дэманстрацыю ўсіх фронтаўцаў. Бо гэта значыць, што трэба йсьці пад палкі, пад дубінкі, на пабіцьцё і зьнявагу, „на пасадку ", пад арышт, пад непамерны штраф і г.д. I людзі (хто рашыўся) йдуць сьведама, каб падняць сьвяты Беларускі Сьцяг, каб адзначыць Дзень Незалежнасьці і засьведчыць сваёй ахвярнасьцю, што Беларусь жыве, што жыве Ідэя і Дух. Гэта ўчынак. Таму выходзяць ня тысячы, а сотні. Вядома, гэта сьведчыць пра прыгнечаны стан грамадзтва. Але так ёсьць на сёньняшні дзень. I гэта зусім не азначае, што так будзе заўсёды.

Пры гэтым падсылаюць правакатараў (звычайна — агентуру з асяроддзя „ дэмакратаў"), каб справакаваць нападзеньне міліцыі і пабіцьцё.

23-га правакатары ня мелі посьпеху, але, тым ня менш, міліцыянты схапілі кіраўніцтва і актывістаў некаторых зьбівалі.

Выдатна, на ўздыме прайшоў юбілейны вечар і канцэрт у гонар 85-й гадавіны БНР, арганізаваны Грамадзкім Аргкамітэтам. (Мне прыходзілася непасрэдна гаварыць з рознымі ягонымі гледачамі.) Асабліва адзначалі, між іншым, узьнёсласьць і беларускі пафас Зінаіды Бандарэнкі, нашай слаўнай тэлезоркі, якая вяла канцэрт.

У гэтыя ж дні на вельмі добрым узроўні адбылася ўжо другая па ліку штогадовая навукова-практычная канфэрэнцыя „Ідэалы БНР і Адраджэньне Беларусі", падрыхтаваная Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй — БНФ. Гэтая канфэрэнцыя ёсьць тэарэтычная кузьня беларускага Адраджэньня. Да яе пачатку быў аддрукаваны зборнік дакладаў 1-й канфэрэнцыі. Рыхтуецца наступны зборнік. Канфэрэнцыя згуртавала пад сваімі ідэямі навуковую эліту беларускага Адраджэньня.

Пра юбілейны сход і выдатны вечар наш нядбалы карэспандэнт выказаўся кепска, а пра навуковую канфэрэнцыю ўвогуле ня ўспомніў. Чаму? Таму што пра яе ня кажа лібэральнае радыё, ня піша так званы „незалежны" друк і не ўспамінае, нават праз зубы, ніякі прамаскоўскі „дэмакрат", якому вельмі нялюба ўсё гэтае беларускае Адраджэньне і беларускі „нацыяналізм". Таму робіцца выгляд, што не існуе такой падзеі ў інфармацыйнай прасторы, і наш карэспандэнт, адпаведна, пра яе ня ведае. Хоць гэтая канфэрэнцыя ёсьць істотнай зьявай, бо тут асэнсоўваецца адраджэнскі вопыт з пазыцыяў цяпершчыны, складваецца тэорыя беларускага Адраджэньня, запаўняюцца праблемы, ня зробленыя раней.

Дарэчы, каб дастаць памяшканьне для правядзеньня канфэрэнцыі ці канцэрта, беларусам трэба выцярпець доўгае хаджэньне па пакутах, якое часта заканчваецца нічым, хоць заляў у Менску хапае.

Праца арганізатараў у акупацыйных умовах страху і беззаконьня — гэта грамадзянскі чын. Гладка тут не атрымліваецца.

Асноўным повадам для ахайваньня юбілею БНР паслужыў той факт, што частка сяброў БНФ (прагматыкі) насуперак рашэньню Аргкамітэта не захацела ўдзельнічаць у сумесным мітынгу ў нядзелю 23-га і сабралася вечарам 25-га. Хоць адасобленьне выклікала нараканьні, але вялікай шкоды яно не зрабіла з прычыны нямасавасьці акцыяў. Абходы ўгодкаў БНР доўжацца, як правіла, у Менску некалькі дзён, арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы (выставы, канцэрты, мітынгі, шэсьці, канфэрэнцыі і г.д.).

* * *

Падсумоўваючы свае заўвагі, адзначу, што паварот газэты „Беларус" тварам да падзеяў у Беларусі і выкарыстаньне інфармацыйных матэрыялаў з Бацькаўшчыны гэта ёсьць станоўчы паварот. Але, па-першае, не павінна забывацца эміграцыйная тэматыка. Яна — асноўная. Па-другое, тут падсьцерагае небясьпека трапіць у палон псэўдаінфармацыі, якая сьведама створана там і прадукуецца групамі арганізаваных імітатараў (тыпу „хартыі", БДГ, „Белорусская газета" і г.д.), якія запрудзілі палосы, эфір, інтэрнэт і нават палітычную фразеалёгію.

У гэтакім становішчы ад падману ніхто не гарантаваны. Але варта было б выстаўляць рэпарцёрам пэўныя патрабаваньні (агульныя для эміграцыйнай журналістыкі) і ставіць канкрэтныя задачы. Бо нават звычайны рэпартаж у складаных палітычных абставінах не такая лёгкая справа, як, магчыма, можа здавацца тым, хто бярэцца за гэты занятак.

Зянон ПАЗЬНЯК

14 траўня 2003 г., Нью-Ёрк

Беларускія Ведамасьці, №51 | верасень-лістапад 2003 г.

Дадаць у: