Выступ на кастрычніцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
Паважаныя фронтаўцы, паважаныя сябры Сойму БНФ, вітаю вас у Бацькаўшчыне! Зычу моцнасьці, рашучасьці і развагі ў зноў цяжкі для Беларусі час.
Галоўная падзея цяперашняга моманту – эскалацыя маскоўскай палітычнай агрэсіі на Беларусі і насіленьне масавых рэпрэсіяў супраць беларускай моладзі.
Выразна відаць, як рэжым сістэмна фашызуецца і вяртаецца да палітыкі Сталіна і рускага НКВД 20-30-х гадоў, гэта значыць да палітыкі масавых рэпрэсіяў супраць беларусаў. Узмацняюцца рэпрэсіі супраць беларускіх элітаў, і найперш – моладзі. Людзей хапаюць без прычыны па ідэёвай прыкмеце і потым, ужо пад арыштам, прыдумваюць прычыну.
Пра такое разьвіцьцё сітуацыі мы гаварылі яшчэ дзесяць гадоў таму. Калі ня весьці рашучай і пасьлядоўнай барацьбы і калі беларускае грамадзтва будзе жыць толькі страхам перад акупантамі і не зразумее, што яго зьнішчаюць (і не зразумее, за што яго зьнішчаюць), – працэс абавязкова (паўтаруся, абавязкова!) скончыцца расстрэламі і калючым дротам у чарнобыльскай зоне.
На фоне антыбеларускіх рэпрэсіяў і нематываваных арыштаў беларускай моладзі апошнія філіпікі Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі супраць сваіх жа расейскіх хаўрусьнікаў (заявы, што ён, маўляў, Беларусь ня здасьць) выглядаюць няшчырымі і адразу выяўляюць фальшывы, прыватны (шкурны) інтэрас заяўніка. Ён думае, што прыватызаваў Беларусь, што можна яе ў саюзе з Масквой вынішчаць і адначасна крычэць: “Чур, ня трожця, маё!”
Так у лапідарнай форме выглядае сітуацыя і лёгіка разбойнікаў.
Скончыцца гэта, як звычайна, кампрамісам разбойнікаў і пагаршэньнем жыцьця беларусаў, якія сталі закладнікамі гэтых разбойнікаў.
Цяпер і разыгрываецца якраз на Беларусі (у каторы раз) тыповая сітуацыя з закладнікамі.
Пытаньне наступнае. Як паводзіць сябе, калі два нашыя ворагі змагаюцца між сабой за права нас душыць?
У пазыцыйным змаганьні тут ёсьць толькі адзін шлях (падкрэсьліваю, толькі адзін!) – адкрыта змагацца супраць абодвух (бо абодва нішчаць нас). Усялякі тактычны выбар паміж бакамі тут памылковы і шкодны, бо абавязкова прывядзе да расколу грамадзтва і самазьнішчэньня. Ворагі, змагаючыся між сабой, будуць нішчыць нас нашымі ж рукамі (што і адбываецца).
Часовую зьмену нашай тактычнай пазыцыі можа выклікаць толькі вайна, калі ўступае ў сілу канстытуцыйны закон аб абавязку абароны Бацькаўшчыны. Калі б, скажам, пуцінская Расея зрабіла б на Беларусь збройны напад (што не выключаецца) і пачала б вайну супраць Беларусі, тады адзінства грамадзтва ў абароне дзяржавы і народа абавязковае, ня гледзячы ні на які рэжым. Бо памятайма: усе праблемы дыктатуры, дэмакратыі, мовы, правоў чалавека, бяспраўя, культуры, злачынства ды пакараньня тут жа зьнікнуць і ня будуць мець ніякага значэньня, калі мы страцім незалежнасьць нашай дзяржавы, бо тады ня тое, што гэтыя “праблемы”, – само нашае існаваньне і мы самы будзем ператвораны ў гістарычную гразь, якую вечны мангол будзе вечна мясіць капытамі.
Калі ж абаронім і захаваем дзяржаву, незалежнасьць і Бацькаўшчыну, тады са сваімі ўнутранымі праблемамі мы рана ці позна справімся. Ніякая дыктатура не існавала і не існуе вечна, але шмат якія народы зьніклі з твару зямлі, калі страцілі сілу.
Мяркуючы па паводзінах пуцінскіх расейцаў на Каўказе і зважаючы на мэтады рускай палітычнай агрэсіі супраць Грузіі, мы павінны ўлічваць магчымасьць разьвіцьця самага змрочнага маскоўскага сцэнару супраць Беларусі.
Мы і ўсё нашае грамадзтва мусім быць спакойна падрыхтаваныя да гэтага, каб агрэсар скруціў бы тут сваю галаву. Палітыка расейскага гэбізму небясьпечная для міру і народаў, але яна беспэрспэктыўная для самой Расеі і наблізіць яе імпэрскі канец. Канец імпэрыі адчыніць новую эру для вольных народаў.
Прапаную Сойму разглядзець і пры згодзе прыняць два праекты дакумантаў: заяву па Грузіі і інфармацыю пра становішча і працэсы ў Беларусі.
Зьвяртаю вашу ўвагу на падрыхтоўку Дзядоў і на важнасьць гэтай даты і ўсяго, што зь ёй зьвязана.
Жыве Беларусь!
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
8 кастрычніка 2006 г.