Дарагія землякі-беларусы, паважаныя фронтаўцы, адраджэнцы! Віншую Вас зь вялікім нацыянальным сьвятам – Днём Незалежнасьці!
Сёлета спаўняецца 90 гадоў з таго часу, калі 25 сакавіка 1918 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі аб’явіла пра дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Наша незалежнасьць тады праіснавала, аднак, вельмі кароткі час, і ў сьнежні 1918 года Беларусь зноў была акупаваная бальшавіцкай ардой савецкай Расеі. Бальшавікі (у піку БНР) стварылі на акупаванай тэрыторыі буфэрную фіктыўную краіну – Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь (ССРБ) і, выкарыстаўшы тут сваю ўладу, пачалі вынішчаць усё беларускае. За 73 гады панаваньня савецкай акупацыйнай машыны расейскі камунізм зьнішчыў на Беларусі каля 2-х мільёнаў людзей, сотні тысячаў беларусаў вывезлі і згнаілі ў сібірскіх лягерах сьмерці.Масква адабрала зямлю ў беларускіх сялянаў і ператварыла іх ў калгасных нявольнікаў, зьнішчыла, вырвала з коранем з зямлі беларускага працавітага чалавека, расстраляла пісьменьнікаў, вучоных, нанесла сьмяртэльную шкоду нацыі.
Расейскі камунізм, які панаваў на Беларусі як форма рускага імпэрыялізму, імкнуўся праз русіфікацыю, праз вынішчэньне беларускай мовы і ліквідацыю беларускай школы і адукацыі на беларускай мове, праз разбурэньне беларускай культуры, ліквідацыю рэлігіі, фальсіфікацыю гісторыі, праз дэмаграфічныя маніпуляцыі і каляніяльную эканоміку зьнішчыць беларускую нацыю, перарабіць беларусаў на рускамоўны “савецкі народ”.
Злачынствы, якія на працягу 73 гадоў чынілі на Беларусі расейскія камуністы, ёсьць злачынствы супраць чалавецтва. Спраўцы злачынстваў і іх камуністычныя прадаўжальнікі (якія цяпер мімікрыруюць пад “апазыцыю”) падлягаюць суду, абавязковаму і справядліваму пакараньню.
Панаваньне рускага камунізму і каляніяльная палітыка на Беларусі некаторым людзям здавалася бясконцай. Але настаў час і бальшавіцкі ”райх” рассыпаўся, як піраміда з гліняных гаршкоў. Беларусы-адраджэнцы, аб’яднаныя ў Беларускі Народны Фронт, і дзейныя дэпутаты БНФ у парляманце зноў ўзьнялі над Бацькаўшчынай сьвяты Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг свабоды і незалежнасьці. Незалежнасьць Беларусі была вернута 25 жніўня 1991 года пасьля правалу камуністычнага путчу ў Маскве і ў выніку рашучага змаганьня дэпутатскай апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце шляхам наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб Суверэнітэце Беларусі (таксама падрыхтаванай і адваяванай дэпутатамі Народнага Фронту).
Перад нашай краінай тады былі пэрспэктывы дэмакратыі і вольнага разьвіцьця. 25 жніўня 1991 года, гэтак жа , як і 25 сакавіка 1918 года ёсьць вялікія даты нашай нацыянальнай гісторыі.
Аднак сілы былі няроўныя. Нацыя яшчэ не паправілася, не скансалідавалася духоўна, не аднавілася цалкам ад савецкага вынішчэньня, і акупацыя вярнулася ў вобразе прамаскоўскага рэжыму як рэстаўрацыя савецкай улады на Беларусі.
Але й гэтаму рэжыму ўжо засталося нядоўга існаваць. Надыходзіць час – і абваліцца разам з гэбоўскай уладай у Расеі, антыбеларускі рэжым у Рэспубліцы Беларусь. Ідэалы БНР, за якія мы змагаемся, — вернуцца; адродзіцца сапраўдная незалежная і дэмакратычная Беларусь на грунце нашага гістарычнага Вялікага Літоўскага Княства. І ніхто ўжо не паверне гісторыю ўстыч.
Сьвяткуйма ж нашае выдатнае сьвята, наш вялікі юбілей і набліжайма сьветлы час вольнай Беларусі!
Зянон ПАЗЬНЯК
25 сакавіка 2008 г.