НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ 4. Беларуская тэрыторыя і прырода

 НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ 4. Беларуская тэрыторыя і прырода

Кожны народ жыве на сваёй зямлі, якая зьяўляецца ягонай тэрыторыяй. Гісторыя сьведчыць, што тэрыторыя была і ёсьць найгалоўнейшым нацыянальным багацьцем, найвялікшым народным дабром.

Кожны народ імкнуўся абараніць сваю жыцьцёвую прастору, а некаторыя - пашырыць яе за кошт іншых. За тэрыторыю ішло змаганьне і бясконцыя войны.

Зьява і паняцьце прасторы ёсьць паважная праблема філясофіі, матэматыкі і фізічных навукаў. Прастора, злучаная з часам (ці дакладней - „ прастора-час "), ёсьць аснова быцьця фізічнага сьвету. (Гэта значыць - рухомай рэальнасьці, сьвету, у якім мы жывём.)

Прасторавыя парамэтры формы і руху (існаваньня) мусіць мець любое цела, элемэнт, часьцінка ці стан часьцінкі (хваля) на ўсіх узроўнях фізічнага сьвету. Але ўсьведамленьне, пачуцьцё жыцьцёвай прасторы ўласьцівае толькі істотам жывой прыроды. Усялякі жывы індывідыум (асобіна) акрэсьлівае сваю прастору (гэта значыць межы, у якіх існуе, рухаецца). Прытым, чым больш высокая біялягічная і псіхічная арганізацыя жывой істоты, тым больш выразнае акрэсьленьне ёй сваёй прасторы. Найбольш абазначана яна ў чалавека, што выклікала адпаведныя сацыяльныя формы яе працягу (кшталтаваньне жыльля, уласнасьці, недатыкальнасьці асобы і г.д.).

Сацыяльнае асэнсаваньне сваёй індывідуальнай прасторы чалавекам не заўсёды супадае з рэалізацыяй. Яно можа розьніцца, не супадаць з магчымасьцямі, залежыць найперш ад узроўню разьвіцьця і культуры грамадзтва.

Няроўныя таксама біялягічныя інстынкты адчуваньня ўласнай прасторы, зьвязаныя непасрэдна з целам. Спэцыялісты адзначаюць, напрыклад, значную шырыню індывідуальнай (біялягічнай) прасторы ў нашчадкаў англа-саксаў і кельтаў і іншыя (меншыя ці большыя) парамэтры ўспрыняцьця яе ў прадстаўнікоў суседніх зь імі этнічных супольнасьцяў і групаў.

3 таго, што мне ўдалося назіраць асабіста, ездзячы па сьвеце, я магу толькі пацьвердзіць агульныя меркаваньні. Людзі ў Амэрыцы, напрыклад (нават у такім тлумным і выключным горадзе, як Нью-Ёрк), на вуліцах, у транспарце, у грамадзкіх, гандлёвых месцах, у чэргах — усюды, практычна, не датыкаюцца адзін да аднаго. Калі ў вузкім месцы, на вуліцы, на эскалатары, у вагоне ці ў краме вас мінаюць, то абавязкова просяць прабачэньня. Гэта азначае, што, маўляў выбачайце, я небясьпечна мінаю вашу тэрыторыю, але я добра да вас настроены, толькі павінен тут прайсьці.

Калі нехта, напрыклад, у чарзе (дзе стаяць, як правіла, амаль што за мэтр адзін ад аднаго) незнарок даткнуўся да іншага, то іншы недаўменна адварочваецца і глядзіць, у чым справа, чаго ад яго хочуць. Таму сітуацыя, каб нехта не заўважыў што даткнуўся да іншага і не папрасіў бы прабачэньня, проста выключаецца. Інакш — гэта нядобрая сітуацыя.

За пяць гадоў пэрыядычнага знаходжаньня ў Амэрыцы, іншых, скажам так, „тэрытарыяльных" адносінаў між людзьмі—я не назіраў Тым часам за гэты пэрыяд я ні разу ня бачыў каб нехта ў гарадзкім транспарце (мэтро ці аўтобусе) саступіў месца старому калеку ці жанчыне. Людзі (сталыя і маладыя) проста ня ведаюць, што так трэба рабіць. Іх такому не навучылі.

Гэтыя два прыклады праяўленьня сацыяльнай культуры маюць рознае падложжа: з аднаго боку — абкультураны інстынкт пачуцьця прасторы, з другога — маральны нуль, не прыгнечаны тэрытарыяльны эгаізм асобіны.

Абкультураны інстынкт, разуменьне тэрытарыяльнага права, павага да шырокай індывідуальнай прасторы чалавека спрыяе прыязным дачыненьням паміж людзьмі.

Грамадзтва, дзе ў масе, у натоўпе не датыкаюцца адзін да аднаго, не ппурхаюцца, не зьневажаюць, не гавораць грубых словаў стварае добрыя ўмовы для самапачуцьця асобы. I наадварот: там, дзе адсутнічае пашана да прасторавай аўтаноміі чалавека, адбываецца нарастаньне азлобленасьці і агрэсіі.

Раней, за саветамі, мне рэгулярна прыходзілася назіраць такую карціну. Падыходзіць пусты вясковы аўтобус. Ля дзьвярэй скапліваецца натоўп, чалавек 15-20 і шчыльна ціснуцца, чакаюць, пакуль шофер сходзіць у аўтобусную станцыю, вернецца і адчыніць дзьверы. Зь вяртаньнем шафёра ціск павялічваецца, куча робіцца нібы адзінае цела, і, калі дзьверы адчыняюцца, яно — гэтае сьціснутае чалавекацела з жанчынаў і мужчынаў — не адразу можа нават зайсьці праз праём у пусты аўтобус. Нарэшце прарываюцца першыя, ускокваюць унутр і, ппурхаючыся, з шумам разьбягаюцца па салоне.

Калі потым спакойна зайсьці ў аўтобус, то людзі ўжо сядзяць, стаяць і размаўляюць між сабой, як ні ў чым ні бывала. Ніхто не адчувае ні зьбянтэжанасьці, ні прыніжэньня, ні сораму за тое, што толькі што адбывалася перад зачыненымі дзьвярыма.

Тут жа побач, за рэспубліканскай мяжой, у балтыйскіх суседзяў быў той жа сацыялізм, тыя ж калгасы, такі ж узровень жыцьця, практычна, такі ж узровень бытавой культуры і тыя ж савецкія аўтобусы, „ПАЗы" ды „ЛАЗы", але не стваралася перад імі гэтакае „чалавекацела".

Я прывёў адзінкавы прыклад. Але „чалавекацела" у нас узьнікае ўсюды, часта — зь нечаканай нагоды, без аніякай лягічнай неабходнасьці і абгрунтаваньня. Мы лічылі гэта раней вынікам дэфіцытнага сацыялізму.

Можна дыскутаваць аб бытавой культуры, аб неабкультуранасьці прыродных інстынктаў, і тут — рацыя. Але ў падложжы гэтай неабкультуранасьці — розны маштаб асэнсаваньня ўласнай прасторы, рознае адчуваньне індывідуальнай тэрыторыі.

Напрошваецца лапідарнае пытаньне: ці не карэлюецца маштаб асэнсаваньня ўласнай прасторы індывідыумам з патрэбнасьцю індывідуальнай свабоды? Напрасткі тут нічога не карэлюецца. Гэта відавочна. Хоць і можна выявіць пэўныя сувязі. Мае значэньне, аднак, сама зьява, сам фэнамэн індывідуальнай прасторы, які ў вельмі адметны і сваісты спосаб праяўляецца на калектыўным, грамадзкім узроўні быцьця людзей як народу, калі ягоная тэрыторыя ёсьць неад’емнай часткай народнага існаваньня.

* * *

Паўнавартаснае этнічнае асэнсаваньне сваёй калектыўнай жыцьцёвай прасторы зьявілася ў людзей толькі пасьля пераходу да земляробства і аседлага жыцьця. Людзі, прывязаныя да аднаго месца, сталі глыбей адчуваць патрэбнасьць гэтай знаёмай канкрэтнай прасторы. Яна стала больш пазнавальнай для чалавека, часткай ягонага штодзённага жыцьця. Прырода, зноў жа, канкрэтызаваная ў прасторы, становіцца ня толькі агульным асяроддзем існаваньня, але як бы прыродным домам. Пастаяннае месца, пастаянная прырода і пастаянныя суседзі спрыялі сталым кантактам паміж людзьмі, далейшаму разьвіцьцю паняцьцяў „сваё" і „наша". Людзі адной тэрыторыі, якія ўжо раней адрозьнівалі сябе ад чужых па мове і сваяцтве, асеўшы на зямлі, умацавалі сваё супольнае адзінства, наладзілі пастаянства сувязяў у пастаянных абставінах.

Калі лічыць, што людзі эвалюцыйна разьвіваліся з прыроды, то самаўсьведамленьне сваёй грамадзкай асобнасьці і адрозьненьне ад іншых групаў людзей павінна было мець першасны штуршок якраз ад усьведамленьня сваёй калектыўнай тэрыторыі. Паняцьцевае разьвіцьцё мовы і думаньне паспрыялі асэнсаваньню супольнай прасторы як чыньніка лучнасьці людзей. Фігуральна гэта выгаядала так: маўляў тыя, што гавораць інакш і робяць па-іншаму — жывуць „там", а мы — „тут ". Тутэйшасьць ёсьць форма супольнага ўсьведамленьня.

Пераход да земляробства і аседлага жыцьця быў плённым для ўмацаваньня і паглыбленьня этнічнай сьведамасьці. У сфэры пастаяннага, прывязанага да мясцовасьці насельніцтва лепш разьвілася этнічная культура (перадача традыцыяў праз лучнасьць пакаленьняў).

Асэнсаваньне калектыўнай прасторы паспрыяла ўнутранай кансалідацыі раньніх этнасаў. За агульную тэрыторыю вялося сумеснае змаганьне. Тэрыторыя этнічнага расьсяленьня стала перашаснай супольнай каштоўнасьцю.

У гэты час глыбока асэнсоўваецца прырода як неад’емная частка існаваньня. Экзыстэнцыянальная і псіхалягічная залежнасьць ад прыроды ў этнічных народаў вельмі моцная. Для гэтакіх людзей прыродная прастора ёсьць іхная агульная радзіма. Гэта тое, што іх найбольш злучае, дае першасныя сродкі для выжываньня, забясьпечвае жыцьцёвую рэалізацыю, веру ў свае сілы і псіхалягічны камфорт жыцьця.

* * *

Наступны этап грамадзкай самаацэнкі і самавыяўленьня — народная сьведамасьць. Яна замацоўваецца ў грамадзтве тады, калі ўзьнікае дзяржава (дзяржаўная арганізацыя ўлады) і афармляюцца сацыяльна-праўныя дачыненьні зямельнай ўласнасьці, зьяўляюцца гарады, пісьмовасьць, фіксуецца пісаная гісторыя.

Тэрытарыяльна-прыродны чыньнік тут, як і раней, адыгрывае асноўную псіхалягічна-ацэначную ролю. Але моўна-культурныя і сацыяльна-палітычныя аспэкты пачынаюць дамінаваць у грамадзкіх паводзінах і ў грамадзкім выбары.

Гэта асабліва стала добра відаць з разьвіцьцём гарадоў і ростам гарадзкога насельніцтва. Гарады былі месцам канцэнтрацыі больш разьвітай культуры і больш складаных сацыяльна-культурных адносінаў. Тут быў і больш высокі, ідэйна асэнсаваны ўзровень народнай сьведамасьці. Гарадзкое грамадзтва больш аддаленае ад прыроды, яно існуе ў сфэры створаных ім дачыненьняў і ў асяроддзі арганізаванай ім сацыяльна-архітэктурнай прасторы. Народная сьведамасьць у сфэры лепш арганізаванага асяроддзя і абкультуранай прасторы гарадоў набывае больш абстрагаванае (а значыць больш абагуленае) асэнсаваньне, апэрыруе лягічнымі катэгорыямі, сістэмнымі паняцьцямі. Супольная (народная) сьвядомасьць гаражанаў (мяшчанаў) менш зьвязаная з псіхалягічным асэнсаваньнем прыроднай прасторы і кансалідуецца на рацыянальным абгрунтаваньні свайго калектыўнага (народнага) адзінства. А гэта, як бачым, ёсьць вышэйшы і мацнейшы ўзровень сьведамасьці.

Народная сьведамасьць — гэта тое ж этнічнае, калектыўнае ўсьведамленьне сябе, але дамінуючым і фармуючым фактарам яе (псіхалягічным і рацыянальным) зьяўляецца культура.

Сучасная культура разьвівалася найперш праз гарады. Гарады былі (і застаюцца цяпер) маторам культуры. Зразумела, чаму культурна арганізаванае грамадзтва заўсёды імкнулася зблізіць горад зь вёскай, не дапусьціць вялікага разрыву паміж гарадзкім і вясковым існаваньнем. (Пра гэта я пісаў у артыкуле „Урбанізацыя".)

Такім чынам стварэньне дзяржаўнасьці (дзяржаўнай улады) і ўзьнікненьне гарадоў (рост гарадзкога насельніцтва) у праўна арганізаваным земляробчым грамадзтве паспрыяла афармленьню народнай сьведамасьці жыхароў адной мовы, адной культуры і адной тэрыторыі.

* * *

Наступны этап кансалідацыі людзей — нацыянальная сьведамасьць. Яе афармленьне зьвязанае з пачаткам працэсу пераходу да індустрыяльнага грамадзтва. Пераход паўсюдна суправаджаўся бурным ростам гарадоў які быў выкліканы разьвіцьцём машыннай (таварнай) вытворчасьці. У выніку адбылося пераразьмеркаваньне балянсу насельніцтва ў карысьць гарадзкога.

У ХХ-м стагоддзі бальшыня насельніцтва індустрыяльных краінаў жыве ў гарадах. Асноўным сродкам уласнасьці становяцца грошы, што паспрыяла павелічэньню індывідуальнай свабоды чалавека і мабільнасьці яго ў грамадзтве.

У гэтых умовах (на індустрыяльным узроўні разьвіцьця грамадзтва) нацыянальная сьведамасьць становіцца формай ідэалёгіі і грунтуецца, найперш, на нацыянальнай ідэі. Гэта значыць на такой ідэі, якая імкнецца да стварэньня нацыянальнай дзяржавы і асэнсоўвае нацыянальныя каштоўнасьці грамадзтва (найперш — мову, народ, тэрыторыю, культуру, гісторыю, рэлігію і г.д.) як сродкі яго фэнамэнальнага існаваньня, кансалідацыі і разьвіцьця.

Зразумела, чаму з разьвіцьцём нацыянальнай сьведамасьці пачалі развальвацца імпэрыі, што былі турмой народаў (Народы, сцьвярджаючы нацыянальныя каштоўнасьці, імкнуліся стварыць самастойныя нацыянальныя дзяржавы.)

Суадносіны гарадзкога і сельскага насельніцтва ў індустрыяльным грамадзтве мелі вялікае значэньне для фармаваньня нацыянальнай сьведамасьці. У традыцыйным эвалюцыйным разьвіцьці нацыі працэс адбываўся напружана, але бесканфліктна. У адраджэнскім разьвіцьці (гэта значыць шляхам змаганьня з імпэрыяй ці за незалежнасьць ад іншай дзяржавы) рашаючай была барацьба за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы і за горад (за гарадзкое насельніцтва).

Некаторыя нямецкія інтэлектуалісты ў сярэдзіне XIX стагоддзя (напрыклад, К.Маркс) пісалі пра чэхаў як пра загіблы народ, які канчаткова анямечаны і ўжо ніколі не падымецца. Але ў другой палове XIX стагоддзя рэзка ўзмацнілася чэшскае нацыянальнае Адраджэньне. Таварныя адносіны выклікалі павелічэньне насельніцтва гарадоў, куды перасяліліся чэшскія сяляне, якія ператварыліся там у дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамесьнікаў, купцоў, рабочых і г.д. Яны-то найперш і падтрымалі чэшскі нацыянальна-культурны і адраджэнскі рух. Гарады пачалі рабіцца ўсё больш чэшскімі па мове і па насельніцтву. Урэшце яны й вырашылі зыход нацыянальнага змаганьня за чэшскую культуру і чэшскую незалежнасьць.

Гэта клясычны шлях нацыянальнага Адраджэньня ў Эўропе. Такой дарогай ішлі і беларусы. Шмат якія беларускія нацыянальныя дзеячы дэкляравалі стаўку выключна на вёску і не давяралі зрусіфікаванаму гораду. Яны лічылі, што сьведамы беларус, вышаўшы з вёскі і атрымаўшы нацыянальную адукацыю, апануе і створыць нанова беларускую гарадзкую культуру. Так яно і пачынала рухацца. Але зьнешне-палітычныя сілы і акупацыі прыпынілі і дэфармавалі гэты рух.

Трэба ўлічыць, што зьява індустрыялізацыі грамадзтва, — гэта не нацыянальны, а цывілізацыйны працэс, які выклікаў зрух у нацыянальнай сьведамасьці людзей. Паўтаруся, што галоўны яго цывілізацыйны вынік — утварэньне нацыяў і перабалянсаваньне насельніцтва з сельскага ў гарадзкое.

Большасьць людзей індустрыяльнага грамадзтва (як мы ўжо адзначылі) жыве ў гарадах. Гэтага не назіраецца, напрыклад, у „трэцім сьвеце". Там большасьць — бедныя і жывуць у вёсцы. Гэтым якраз і характарызуецца „трэці сьвет". Сацыяльная дэмаграфія тут мае вызначальны культуралягічны сэнс.

Увогуле, трэба мець на ўвазе, што ў працэсе цывілізацыйнага руху некаторыя народы ці этнічныя супольнасьці па тых ці іншых прычынах выпадаюць з агульнага цывілізацыйнага разьвіцьця. Яны альбо зьнікаюць, альбо цяжка існуюць (экзыстуюць).

Тысячу гадоў таму, калі балты і славяне (цяперашнія беларусы) суіснавалі побач, то нашыя продкі стварылі гарады, мелі пісьмовасьць і перадавую рэлігію (Хрысьціянства). Балты нічога гэтага ня мелі і не стварылі. Вынік — яны растварыліся дазваньня ў славянскім моры, не пакінуўшы пасьля сябе нават успамінаў акрамя, хіба што, гідронімаў ды назоваў тыпу "Дулебы", "Яцьвягі" ці "Дзяволтва".

Этнічная сьведамасьць з апірышчам на тэрыторыю, прыроду, традыцыю і род не змагла супрацьстаяць народнай кансалідацыі, што абапіралася на дзяржаву і культуру (і гарады, як цэнтры культуры), плюс на Хрысьціянства, як дактрынальную цывілізацыйную рэлігію.

Другі прыклад: этнічныя сібірскія народы, якія расейскі імпэрыялізм проста стаптаў, збэсьціў, паламаў, спаіў, абрабаваў і згадзіў іхную зямлю і прыроду, прастору выжываньня. Лёс іхны незайздросны. Цяжка нават сказаць, ці ёсьць у гэтых народаў якая-небудзь пэрспэктыва.

Пэрспэктыва людзей (тэрыторыяў), што былі пад заходняй калянізацыяй, лепшая, але фактам ёсьць тое, што некаторыя зь іх, як і пэўная частка ісламскага сьвету, выпалі з індустрыяльнай цывілізацыі.

Сітуацыя драматычная, бо пакуль што безвыходная. Лёгка пралічыць і даказаць, што трэці сьвет ня можа ў гэтай сітуацыі дагнаць разьвітыя краіны. (Таму ён і „трэці сьвет", — гэта кляймо.)

3 другога боку павялічваецца нянавісьць, эгалітарызм, эміграцыя. Нарастае канфлікт паміж цывілізацыямі, які вельмі нагадвае дачыненьні паміж Рымам і варварамі. Фактычна, гэта той самы канфлікт, такога ж роду толькі на іншым узроўні і ў іншых умовах.

* * *

Беларусь добра індустрыялізаваная краіна (працэс разьвіцьця затармазіўся толькі за апошнія сем гадоў). Яе структурная дэмаграфія цалкам адпавядае індустрыяльнаму грамадзтву. Толькі чвэрць насельніцтва жыве ў вёсках, а тры чвэрці — у гарадах. Аднак гэты цывілізацыйны ўзровень не карэлюецца зь невысокай нацыянальнай сьведамасьцю грамадзтва.

Такое становішча мае сваё тлумачэньне і абумоўлена, перш за ўсё, трагічнымі ўмовамі ХХ-га стагоддзя, у якіх апынулася Беларусь. Пасьля генацыду і вынішчэньня эліты грамадзтва ў 1920-1940-х гадах, краіна апынулася ў калгасна-саўгасным рэжыме. У 1950-х гадах, калі пачалася адміністрацыйная (сацыялістычная) індустрыялізацыя, афіцыйнае і афіцыйна-грамадзкае жыцьцё ў гарадах было зрусіфікаванае ў выніку палітыкі КПСС. Беларускія школы былі ўжо зачыненыя, а беларуская мова - перасьледвалася, не дапускалася ў афіцыйны і грамадзкі ўжытак. Стваралася атмасфэра непрыняцьця беларускай мовы (і яе носьбітаў), паколькі яна, згодна палітыкі КПСС, мусіла „адміраць", бо пры камунізме плянавалася адна мова (падразумевалася, што руская). Пра гэта пісаліся псэўданавуковыя дысертацыі, чыталіся даклады на канфэрэнцыях і лекцыі ў інстытутах, паэты плакаліся ў вершах („Кажуць, мова мая адамрэ..." і г.д.).

Інтэлігентаў якія цьвёрда баранілі мову і беларушчыну называлі „нацдэмамі" ды „нацыстамі" (а гэта тады былі небясьпечныя палітярлыкі). Іх перасьледвалі, іншых людзей, што размаўлялі па-беларуску абзывалі „калхозьнікамі", „дзярэўняй", і ўсё гэтае антыбеларускае варварства адкрыта падтрымлівалася зграяй начальнікаў, савецкіх кіраўнікоў, камуністаў, савецкіх палкоўнікаў ды іхных жонак, кагэбістаў, савецкіх настаўнікаў ды камсамольцаў і г.д.

У пачатку 60-х гадоў вясковым людзям дазволілі атрымліваць пашпарты (раней калгасьнікам пашпарты не выдавалі) і больш свабодна перамяшчацца. Пачыналася адміністрацыйная індустрыялізацыя, будаўніцтва гігантаў вялікай хіміі, меліарацыя ды інтэнсіфікацыя і г.д. 3 пачаткам 60-х назіраецца масавая міграцыя сельскіх людзей у зрусіфікаваныя гарады. За кароткі час насельніцтва Менска павялічылася ўдвая. Ужо на 1979 год на вёсцы засталося толькі 28 адсоткаў жыхароў, амаль 72 адсоткі жылі ў горадзе. Усё гэта яшчэ больш умацавала нацыянальна-дэмаграфічную карціну ў беларускіх гарадах, якія былі беларускімі па пераважным нацыянальным складзе насельніцтава.

Аднак чэшскага варыянту (як сто гадоў таму) не атрымалася. На вуліцах загучэла „трасянка", і горад зноў моўна зрусіфікаваўся. Больш таго, масавы і раптоўны прыход вясковага насельніцтва ў гарады канчаткова дабіў рэшткі даўняй беларускай гарадзкой культуры. Акурат у гэты час амаль бесперашкодна зьнішчаліся гістарычныя цэнтры беларускіх гарадоў, помнікі архітэктуры, пераймяноўвалі вуліцы і г.д. Для прыбылага вясковага насельніцтва горада гарадзкая гісторыя нічога ня значыла, горад быў для іх чужым асяроддзем і не зьяўляўся родным домам. Яны хутчэй стараліся атрымаць прапіску, размаўляць па-руску (як начальства), стаць у чаргу на кватэру і гадоў праз 15 атрымаць яе. (Жыльлё і разьмеркаваньне жыльля было ў руках дзяржаўнай бюракратыі.) На гэтым жыцьцёвыя мэты гарадзкога вяскоўца, практычна, заканчваліся. Нашыя гарады па сваім сацыяльна-культурным узроўні і характару насельніцтва сталі нагадваць вялікія вёскі (толькі без беларускай мовы).

Справа ў тым, што ў 60-70-х гадах у беларускія гарады перасяліліся не эканамічна вольныя людзі, як некалі ў Чэхіі (каб знайсьці працу, зарабіць грошай, адкрыць бізнэс, пачаць вытворчасьць, гандль і г.д.). У беларускія савецкія гарады ўцёк нядаўна запрыгонены, загнаны, запалоханы калгасьнік з адпаведнай псіхалёгіяй, залежнасьцю, няўпэўненасьцю ў сабе і мінімумам патрабаваньняў. Але нават гэты мінімум ён павінен быў яшчэ заслужыць у адміністрацыйнай сістэмы.

Гэта была заплянаваная міграцыя ў таталітарным савецкім сьвеце пад чужой уладай: без свабоды, без дачыненьняў уласнасьці, без пашаны да беларуса і нацыянальных ідэй.

Дэфармаваная этнічная сьведамасьць ня ў стане супраціўляцца ніякай экспансіі, якая валодае канцэптуальнай культурнай (ці квазікультурнай) ідэалёгіяй і ня ў стане захоўваць сваё асяроддзе ў агрэсіўных чужародных умовах. 3 сьведамасьцю „тутэйшых" у таталітарных абставінах цяжка стварыць нацыянальную гарадзкую культуру, а з псіхалёгіяй „вясковасьці" і ўсьведамленьнем другаснасьці — нельга яе перайначыць.

Каб дасягнуць мэты, асіміляцыйная палітыка імкнецца, перш за ўсё, сцьвердзіць сваю мову на акупаванай тэрыторыі, зьнішчыць нацыянальныя эліты і асіміляваць гарады. Калі гэта рэалізуецца, то далейшы ход асіміляцыі і разбурэньне нацыянальнай культуры адбываецца ўжо хутка і паўсюдна.

Калі ў гэтых абставінах нацыя траціць мову і пераходзіць на мову асімілятараў, то яна ўцягваецца тады ў самазьнішчэньне, бо неабходныя цывілізацыйныя працэсы (напрыклад, урбанізацыя, прыватызацыя, інфарматыка, адукацыя, уніфікацыя дзяржаўнай сістэмы, стандарцізацыя і г.д.) пачынаюць дзейнічаць не як нацыянальна кансалідуючыя, а як асіміляцыйныя (нацыянальна разбуральныя) мэханізмы.

* * *

У беларусаў як і ў іншых народаў (асабліва ў тых, што змагаліся за нацыянальнае адраджэньне), існуюць адначасна розныя ўзроўні сьведамасьці. Але калі ў іншых ранейшыя, ужо гістарычныя, ўяўленьні пра сябе выяўляюцца як рэліктавыя зьявы, то ў нас, з прычыны асаблівасьцяў гісторыі, яны даволі пашыраныя. Асобы з этнічнай, і асабліва з „трасянковай" сьведамасьцю (этнічна дэфармаванай), не адмаўляюцца ад прыналежнасьці да беларускай нацыі і да Беларускай краіны, але не разумеюць значэньня і не даражаць нацыянальнымі каштоўнасьцямі і інтарэсамі нацыі: беларускай мовай, помнікамі беларускай гісторыі і культуры, беларускай тэрыторыяй, прыродай і г.д.

Анатоль Казловіч у сваіх філясофска-псіхалягічных развагах пра беларускую прыроду і чалавека ў ёй дакладна заўважыў што для шмат якіх вясковых беларусаў прырода, прастора, у якой яны жывуць, і ёсьць іхная Бацькаўшчына, іхнае паняцьце пра Радзіму, іхны Дом, апошні прыстанак, куды яны імкнуцца, дзе яны знаходзяць упэўненасьць і душэўны спакой. Але калі чужынцы пачалі крамсаць іхную Радзіму, асушаць ды выпростваць, высякаць ды капаць — яны маўчалі. Яны нават не супраціўляліся. Хоць месца ім на іхнай зямлі ўжо амаль не пакінулі.

На жаль, гэта тыповыя паводзіны ігнараваных людзей з этнічнай сьведамасьцю. Аналягічна паводзяць сябе іншыя людзі і цэлыя народы з тэрытарыяльна-прыроднымі паняцьцямі Бацькаўшчыны ў сутыкненьні з вынішчэньнем іхняга жыцьцёвага асяроддзя (народы Поўначы, Сібіры і г.д.).

Змагацца за сваю прыродную Бацькаўшчыну, супраць вынішчэньня зямлі пасьлядоўна могуць толькі асобы, аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй, а не насельніцтва на ўзроўні рэліктавай (і, тым больш, дэфармаванай) сьведамасьці.

Гэта агульнае месца. Няправільна было б бачыць на Беларусі нейкае выключэньне ці абвінавачваць вясковых беларусаў у тым, да чаго іх змусіла савецкая ўлада, чужынцы і прыбышы, перад якімі яны былі безабаронныя. I мы гэтага ня робім. Людзі, перажыўшы генацыд і ня злучаныя агульнай нацыянальнай мэтай, баяліся выступаць супраць савецкай „уласьці". Страх захаваўся па сёньняшні дзень.

Але каб перамагчы і нават каб захавацца, трэба супраціўляцца ўсялякаму вынішчэньню.

* * *

Тое, што прастора і прырода мае велізарны псіхалягічны ўплыў на чалавека, —гэта аксіёма. Культурныя людзі стараюцца палепшыць сваю прастору і асяроддзе, дзе існуюць.

Падсумоўваючы вопыт, можна зрабіць заключэньне, што існуе, відавочна, пэўны псіхалягічны парог ва ўспрыняцьці „дрэннай" (іншай) прасторы, перайшоўшы які чалавек не вытрымлівае, траціць сьведамасьць, адбываецца параліч псіхікі. (Псіхалягічны эфэкт парогавай прасторы скарыстоўвалі, напрыклад, рускія энкавэдзісты-бальшавікі пры катаваньні людзей.)

Псіхапарогавым эфэктам валодае, на мой погляд, касьмічная прастора за межамі зямной гравітацыі, дзе экстрымальныя ўмовы для чалавека канчаюцца і пачынаецца псіхічны хаос (цёмнае царства Гаргоны-Мядузы, як сказалі б старажытныя грэкі).

Некалі, у ХVIII-ХІХ стагоддзях, філёсафы будавалі пазнаваўчыя сістэмы геаграфічнага дэтэрмінізму, дзе дамінуючым фактарам уплыву на характар і паводзіны людзей лічылі якраз прастору, геаграфічнае асяроддзе, залежнасьць ад геаграфічнай шырыні, клімату, вышыні над узроўнем акіяну і г.д.

Погляды геаграфічнага дэтэрмінізму былі вельмі аднабокімі, каб растлумачыць філясофскія праблемы з свайго гледзішча. Тым ня менш, пэўны сьлед у разуменьні зьяваў яны пакінулі.

Я, праўда, не рызыкнуў бы напрасткі зьвязваць прасторавы характар беларускага краявіду з характарам народу хоць пэўную адпаведнасьць можна знайсьці на этнічным узроўні.

Прыродны ўплыў быў раней і існуе цяпер. Мы ўвесь час адчуваем яго ў эмацыйным успрыняцьці. Гэта становіцца добра зразумелым, калі ад’едзеш ад Беларусі далей. Тады шмат якімі беларусамі апаноўвае настальгія (мэлянхолія, дэпрэсія) па беларускай прасторы і краявідах. Я шмат разоў назіраў гэта ў беларусаў за мяжой і перажываў сам.

Гэта вельмі цяжкі псіхічны стан, які ў некаторых (як правіла, у тых, хто ня ў стане вярнуцца) доўжыцца гадамі і які я нікому б ня зычыў перажываць. Чалавек адчувае боль душы. Ва ўяўленьні, днём і ноччу узьнікаюць краявіды Бацькаўшчыны і адчуваньне страчанага замілаваньня. Пачуцьцё страчанасьці любові ў некаторых даходзіць да роспачы, да самазабыцьця, да фетышызацыі прадметаў, гукаў і пахаў Айчыны, да галюцынацыяў у рэальнасьці і да нематываванага адчаю (плачу).

Такое адчуваньне можна параўнаць са станам, як пасьля страты каханай ці са стратай (сьмерцю) самага блізкага чалавека. Толькі душа шчыміць шматкроць мацней і даўжэй.

Калі чалавек мае моцную волю і разумее, што зь ім адбываецца, то можна перамагчы настальгію па роднай прасторы, задушыць у сабе боль, загнаць яго на дно. Але калі не змагацца, то, як кажуць, Бог — бацька. Тады дапамагчы можа толькі час.

Тысячы беларусаў пасьля 2-й Сусьветнай вайны, якія апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, і шмат хто цяпер прайшлі праз такое выпрабаваньне.

Але ўсё гэта, як кажуць, цяжкая проза. (Хоць, можа, й ня ўсім ведамая). Мяне захапіла іншае адкрыцьцё, якое выявілася само сабой. Трэба было толькі параўнаць.

Я аб’ехаў усю Беларусь, уздоўж і ўпоперак і па пэрымэтру. У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць, нейкая сьвятасьць, прысутнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: „На Беларусі Бог жыве".

На Беларусі гэтая Боскасьць была для мяне абсалютна відавочнай, і я меркаваў што так ёсьць ва ўсёй прыродзе. Усюды на Зямлі, думаў я, павінна бачыцца пячатка Бога.

Але потым, паезьдзіўшы трохі па сьвеце і паўзіраўшыся, я нідзе такога, як на Беларусі, ня ўбачыў і не адчуў.

Можа быць, у гэтакім адчуваньні Боскасьці беларускай прыроды ёсьць блізкая псіхалягічная аснова, як і ў перамене прасторы? Але ўсё гэта, як і раней на Беларусі, фіксуецца мной у спакойным стане духу і дастаткова рацыянальна.

Тут справа не ў суб’ектыўнасьці. Прырода, як і чалавек, мае сваё аблічча. Ёсьць людзі з добрымі вачыма, сьветлай усьмешкай і спагадным тварам; мы кажам, з Боскім абліччам. Гэтыя людзі валодаюць канцэнтрацыяй дабра.

Прырода таксама валодае такімі асаблівасьцямі ў выяўленчым сэнсе яе вобразу. I гэта (аснова асаблівасьцяў) якраз паддаецца дакладнаму вывучэньню і дасьледваньню. Распрацаваныя пэўныя сістэмы. Так што тут няма містыкі.

Беларуская прырода — унікальная зьява, зьбег выдатных геалягічных, геаграфічных, кліматычных, марфалягічных, экалягічных, флярыстычных, гідралягічных і дэмаграфічных абставінаў якія ствараюць сваісты вобраз прасторы і аўру прыроды, у якой прыхільна і добра жывецца сваістаму чалавеку, які здольны гэтае Боскае хараство (падкрэсьліваю: пагрунтаванае на аб’ектыўнай прыроднай аснове) адпаведна ўспрыняць, цаніць, шанаваць і любіць. Вось тут і ўзгадавалася ўзаемасувязь паміж беларускім чалавекам і беларускай прыродай. Пра іншыя дачыненьні ў сфэрах народнага і нацыянальнага грамадзтва мы ўжо гаварылі вышэй.

* * *

Мушу падкрэсыііць яшчэ раз, што на нацыянальным узроўні разьвіцьця нацыянальныя каштоўнасьці грамадзтва ацэньваюцца і ўсьведамляюцца ім у значэньні ідэй.

Клопат, пачатак, ініцыятыва ў пытаньні разьвіцьця сьведамасьці заўсёды зыходзіла і мусіць зыходзіць ад энтузіястаў, ад эліты нацыі. Эліта не павінна чакаць нацыянальнай ініцыятывы зьнізу і абвінавачваць людзей у бяздзейнасьці, бо нацыянальная ініцыятыва заўсёды ішла зьверху (гэта значыць, ад сьведамых людзей — ад ідэйнай эліты).

Ініцыятыва эліты — гэта ня заклікі. Гэта ёсьць асьветніцкая праца і дзейнасьць у нацыянальных інтарэсах ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Нацыянальная сьведамасьць грунтуецца ўжо ня толькі на жыцьцёвай прасторы (ізноў жа, паўтаруся), ня толькі на займаемай тэрыторыі, ня толькі на прыродзе, але на нацыянальнай ідэі, нацыянальных інтарэсах і нацыянальных каштоўнасьцях (мове, культуры, гісторыі, дзяржаве і г.д.).

Істотна аднак тое, што нацыянальная ідэя можа рэалізавацца (у форме нацыянальнай дзяржавы) толькі на нацыянальнай тэрыторыі. Іншых прыкладаў у гісторыі не існуе.

Азначэньне нацыянальнай тэрыторыі мае праграмны сэнс для беларускага Адраджэньня.

„Наша зямля, наша нацыянальная тэрыторыя ад пачатку існаваньня на ёй людзей ёсьць наша зямля, — адзначаецца ў дакумантах беларускага Адраджэньня. — На ёй мы, беларусы, і нашы продкі жылі спрадвеку. На ёй мы стварылі нашу гісторыю, культуру і дзяржаву. Наша зямля ёсьць часткай нас самых, нашага гістарычнага, культурнага і н

Дадаць у: