НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

НОВАЯ ДОБРАЯ ІНІЦЫЯТЫВА АМЭРЫКІ І РЭАКЦЫЯ НА ЯЕ

Нарэшце зьявілася добрае паведамленьне, што Дзярждэпартамэнт ЗША зьвярнуўся да трох краінаў, каб адчынілі дарогу для транзыту беларускіх калійных угнаеньняў. Гэта патрэбна Беларускаму народу, Амэрыцы і ўсяму сельскагаспадарчаму сьвету. Тым больш, што для Расеі, якая агрэсар і вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны, дарогі адчыненыя.

Тры краіны пакуль што не адказалі. Але тут жа зрэагаваў Брусэль. І якім чынам. Праз сваё аплочанае проксі -- Ціханоўскую, якая і "выступіла" з пазыцыяй, каб не здымаць эканамічныя санкцыі і сыстэмна ціснуць на "беларускі рэжым" (Такога рэжыму, дарэчы, не існуе. Ёсьць антыбеларускі рэжым і антыбеларуская палітыка. Але тут "стыль" адпаведных структур.)

Мушу сказаць пра сам гэты "выступ", бо па ўзроўню неадпаведнасьці тону, самаацэнкі і стану палітычнай рэальнасьці такога яшчэ не прыходзілася чытаць ад грантавай асобы. (https://www.svaboda.org/a/33763114.html )

"НАШЫ амэрыканскія партнэры" -- пішацца ў гэтым выступе. І далей: "НАША пазыцыя ў тым, што зараз ніякім чынам ня час паслабляць санкцыі." І яшчэ далей катэгарычна: "Здымаць тут санкцыі — гэта не падыход." Далей яшчэ больш: "Немагчыма нават разглядаць такую магчымасьць зьняцьця санкцыяў. НАШЫ эўрапейскія партнэры добра гэта разумеюць." І тут жа сэнтэнцыя: "Не павінна аказваць ціск. МЫ пра гэта шмат разоў размаўлялі з Амэрыкай". А на завяршэньне працытую проста шэдэўр самадумства і поўную неадпаведнасьць пяцігадовай санкцыйнай палітычнай рэальнасьці. Гучыць так: "ТОЛЬКІ сыстэмным ціскам на беларускі рэжым, на Расею можна іх спыніць у іхных агрэсіўных дзеяньнях... Я (!) ўдзячная Эўропе за іх прынцыповасьць".

Увесь гэты неадпаведны для асобы (і становішча асобы) тон і зьмест тлумачыцца проста. Тут паўтораны стыль, зьмест, і адпаведныя фармулёўкі Брусэля. Магчыма нават тэкст для інфармацыі рыхтаваў брусэльскі палітычны чыноўнік, які толькі і мог напісаць, што "ЯНЫ пра гэта шмат разоў размаўлялі з Амэрыкай", пра "НАШЫ амэрыканскія партнэры" і г. д.

На жаль камэдыя працягваецца. Найгорш што гэтая група выступае пад імем "апазыцыі". Такі прыём (падтрыманы фінансамі Эўразьвязу) блакуе разьвіцьцё сапраўднай беларускай апазыцыі і дэмаралізуе беларускае грамадзтва.

 

Зянон Пазьняк

23 травень 2026 г.

 

Пост скрыптум

---------------------

З гэтай паразітнай публікай беларусам ужо трэба будзе нешта рабіць. Бо чым далей, тым горш. Асабліва ўлічваючы цяперашні антыбеларускі ўсплеск істэрыкі фальшывай расейскай прапаганды і агентуры ў Летуве і ва Украіне. У беларусаў за мяжой (у адрозьненьне ад "проксі"), практычна, няма сродкаў масавай інфармацыі. Добра было б карысныя зьместы распаўсюджваць па іншых даступных каналах.

 

П.П. скрыптум

--------------------

Зараз сістэма зноў загаварыла пра запрашэньне Ціханоўскай у Кіеў. Аднак цяжка ўявіць, каб украінцы дзеялі на шкоду сабе.

 

 

Дадаць у: