НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРА ФАШЫСТОЎСКІ КАМУФЛЯЖ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІЗМУ

Тут яшчэ раз пра Гітлера і пра так званы "фашызм". Неяк, праглядаючы часопісы пэрыяду 2-й Сусьветнай вайны і нямецкай акупацыі ў былой віленскай бібліятэцы Тадэвуша Врублеўскага (цяпер бібліятэка Акадэміі Навук), я зьвярнуў увагу на сэнтэнцыі на вокладцы. Запомніліся словы: "Сацыялізм пабудаваны ў сьвеце толькі ў адной краіне -- у Нямеччыне". І далей быў працяг пра фюрэра і нацыянал-сацыялізм.

Цікавячыся далей, я потым знайшоў, што гэты "фюрэр" увогуле лічыў сябе прыхільнікам марксізму, толькі справа ў тым, што Маркс (пра што нібыта казаў Гітлер) крыху памыляўся, а Адольф Алаізавіч усё паправіў.

Рэальны фашызм быў у Італіі. Канцэптуальна гэтая ідэалёгія і ўлада была апрацавана Мусаліні, Джантыле і Д’Анунцыё. Яна датычыць улады ў Італіі і яе імпэрскіх прэтэнзіяў (аднаўленьне Рымскай імпэрыі) і г. д. Але ідэалёгія італьянскага фашызму, як і іншых фашызмаў, ня ставіла задачы зьмяненьня якасьці ўсяго чалавецтва. Гэта не планетарная ідэалёгія.

Планетарнай ідэалёгіяй быў і ёсьць толькі сацыялізм-камунізм. Пэрыяд найбольшага разьвіцьця і ўплыву сацыялізму-камунізму -- ХХ-е стагоддзе. Існавалі два яго віды. Найбольш жорсткі і антычалавечы -- гэта сацыяльны від (сацыялізм-камунізм). Такі сацыялізм ставіў задачу зьмяніць чалавецтва шляхам ліквідацыі прыватнай уласнасьці і шляхам фізічнага зьнішчэньня людзей (класаў), якія валодалі прыватнай уласнасьцю. Сацыялістычныя рэвалюцыянеры пакідалі жыць толькі людзей без уласнасьці (рабочых і пралетарыят). Былі зьнішчаны (забітыя) дзясяткі мільёнаў людзей. Новае грамадзтва пралетарыяту без уласнасьці, бяз грошай і бяз рынку планавалі стварыць шляхам пралетарскіх рэвалюцый на ўсёй плянэце Зямля.

Раданачальнікам сацыяльнага віду сацыял-камунізму была Нямеччына. Увасабленьнем сацыял-камунізму ў рэальнасьці -- стала Расея. Якраз у пэрыяд сацыял-камунізму ў Расеі сфармавалася фантастычнае перакананьне аб місіі панаваньня Расеі над сьветам.

Другі від сацыялізму (нацыянал-сацыялізм) разьвіўся ў Нямеччыне ў 30-40-х гадах мінулага стагоддзя. У аснове планетарнай ідэалогіі гэтага сацыялізму была нацыянальна-расавая аснова. Паўнацэннай расай на зямлі аб’яўлялася так званая "арыйская" (нардычная) раса. Галоўным прадстаўніком якой лічылі немцаў. Якасьць чалавецтва павінна была быць зьменена ў карысьць "арыйскай" расы шляхам фізічнага зьнішчэньня і стварэньня ўмоваў для выміраньня ўсіх астатніх. За кароткі час нямецкія нацыянал-сацыялісты пасьпелі ліквідаваць шэсьць міліёнаў габрэяў, вялікія масы ромаў (цыганоў), пры дапамозе саветаў разам забілі больш трох мільёнаў беларусаў (хаця беларусы якраз нардычны народ), тры мільёны сербаў, мільёны палякаў і іншых славян. На чарзе былі (як вынікала з размоваў у кабінэце Гітлера) -- арабы, афрыканцы і іншыя "недачалавекі", па тэрміналёгіі гітлераўскага нямецкага сацыялізму.

Урэшце, павінен быў быць зьменены "шарнір часу" чалавецтва на зямлі. Мусіў зьявіцца новы звышчалавек, шляхам "выбракоўкі" і сэлэкцыі (дарэчы, у выніку выбранага біялагічнага спарваньня, якім тады ўжо займаўся "Лебэнсборн").

Тут яшчэ раз хачу паўтарыць, што глабальнай небясьпекай чалавецтва была і ёсьць па сёньняшні дзень (у мадэфікаваным выглядзе) ідэалёгія і дзяржаўная практыка татальнага сацыялізму, заснаванага на левым сьветапоглядзе.

Апошняе ўдакладненьне важнае, бо там, дзе лявацтва, там абавязкова ўзьнікне мадыфікацыя сацыялізму -- лібэральнага, нацыянальнага, сацыяльнага, "с человеческім ліцом" і т. п.

Лявацкая мэнтальнасьць і сьветапогляд цягнуцца ад рымскага люмпена (абарванцаў-гультаёў). Сутнасьць люмпенскага адчуваньня жыцьця -- гэта калі ім, люмпенам, дрэнна і калі ім не хапае, то іншыя павінны ім даць. Калі не дадуць, то стануць "вінаватымі дрэнямі", якія жывуць за іх люмпенскі кошт, бо ўсім мусіць быць па-роўну. Каб устанавіць справядлівасьць, трэба адабраць ад іншых і падзяліць. Калі не аддадуць -- забіць. Не шукайце тут логікі. Дарэчы, люмпена асьцерагаліся нават рымскія імпэратары.

І цяперака мы бачым яшчэ масы савецкай "ваты" ў грамадзтве пасьля СССР, якая прывыкла, што ўсе ім абавязаны і нехта павінен ім даць. Палітыка і погляды бальшыні амэрыканцаў (і ў прыватнасьці, прэзыдэнта Трампа) дыямэтральна супрацьлеглыя такой мэнтальнасьці. Такі прэзыдэнт ніколі ня будзе папулярным у "ваты", у левых, зялёных, чырвоных, блакітных, лібэральных, мультыкультурных, паліткарэктных і іншых паразітных сацыялістычных напластаваньняў грамадзтва. Такая ёсьць рэальнасьць, якую трэба разумець і адпаведна ўлічваць, каб разьбірацца ў падзеях.

 

16. 03. 2025 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

--------------------------------------------------------------------------

Ніжэй дзеля асьветніцкага інтарэсу (і каб лепш разумець амэрыканскую палітыку Трампа) прапаную паглядзець відэа аб сацыяльнай сутнасьці сацыялізму ў сьвеце на прыкладзе Амэрыкі. З 1996-га я большай часткай жыў у ЗША і сьведчу, што ўсё дакладна. Тут ніякой кансьпіралогіі, містыкі і маніпуляцыі, але рацыянальны кансэрватыўны погляд на сацыялізм, выказаны ў даходлівай папулярнай форме.

https://www.youtube.com/watch?v=yUstHINb2Vk

Дадаць у: