Акрамя прапагандысцкіх ілюзіяў пра Расею, у асяроддзі пэўнай часткі беларусаў прыжыўся міф пра заходнюю падтрымку і дапамогу. Маўляў, захад нам дапаможа. Але гэтак кажа той, хто пра захад нічога ня ведае. Не дапаможа! І ніколі не дапамог!
Захад (а гэта найперш тры краіны: Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына) будзе падтрымліваць Расею. Мэнтальнасьць Захаду да вульгарнасьці прагматычная, а думаньне рацыянальнае. Захад быў і ёсьць у пераважнасьці левым, а зацікаўленасьць у танным расейскім газе, нафце і рынку вырашае ўсе ягоныя дачыненьні і ўсю ягоную палітыку.
Ведаючы гэта, трэба разумець агульную палітыку і дыпляматыю Расеі і Захаду (найперш Нямеччыны). Намер будаўніцтва паўночнага газаправоду з Расеі ў Нямеччыну праз Балтыйскае мора (які каштуе ў пяць разоў даражэй, чым праз Беларусь-Польшчу) ёсьць вынік супольнай стратэгіі. Калі паўночны газаправод пабудуюць, створацца ўмовы для чарговага пакту Молатава-Рыбентропа, і рана ці позна гэтыя ўмовы захочуць скарыстаць новымі мэтадамі. Усходняя Эўропа, каб абараніць сябе, ужо цяпер павінна рэальна думаць аб пэрспэктыве Балтыйска-Чарнаморскай Супольнасьці (БЧС) і аб пераарыентацыі нафтавых плыняў па лініі Поўнач-Поўдзень.
Беларусы ня раз за апошнія гады маглі пераканацца, што Захаду (найперш пералічаныя намі краіны) цалкам напляваць на нашую нацыянальную бяду, нацыянальныя праблемы, этнацыд, вынішчэньне мовы, памяці ды беларускай культуры. Яны ня хочуць мець сабе праблемаў на ўсходзе ні з транзітам, ні з трубой, ні з газам, ні з крыміналам. А таму, якая там Беларусь, якая там мова, культура, традыцыі, мараль – усё гэта іх не абходзіць і нічый боль не цікавіць. Для іх спакайней, каб Беларусі ўвогуле не было. Тады мелі б справу толькі з Расеяй. І газ бліжэй, і Польшча будзе паслухмянай.
Яскравы прыклад – цынічныя адносіны да нашай Чарнобыльскай трагедыі (апошняя канфэрэнцыя МАГАТЭ ў Вене, верасень-2005), ці афёра з радыёстанцыяй “Нямецкая хваля”. Яны (у Брусэлі) былі “зьдзіўленыя” шырокім абурэньнем беларусаў супраць нямецкай русіфікацыі радыёэфіру на Беларусь і пачалі неразумна выкручвацца. А які вынік? Эўракамісія аб’явіла чарговы тэндар (2 мільёны эўра) на новы праект замежнага так званага “дэмакратычнага” вяшчаньня на Беларусь. Ва ўмовах тэндару зноў пазначана ... расейская мова.
Наш абаронца ў Эўрапарляманце паляк Януш Анышкевіч камэнтуе, што “чыноўнікі ў Брусэлі ўвогуле не разумеюць, якую ролю адыгрывае беларуская мова, якая ў сучаснай Беларусі, акрамя іншага, ёсьць носьбітам грамадзянскай сьвядомасьці”.
Калі яны нічога не разумеюць, то іхнае месца не ў парляманце. Аднак жа ўсё яны разумеюць (ім растлумачылі), але робяць -- сваю палітыку ў сваіх інтарэсах. Толькі наша нацыянальная сіла і дзяржаўная беларуская моц магла б прымусіць іх лічыцца з нашымі інтарэсамі.
Брусэльскія афёры з русіфікацыйным вяшчаньнем на Беларусь, думаю, што расплюшчылі вочы шмат якім даверлівым беларусам, што такое заходняя “дапамога” і што такое лібэральная “дэмакратыя”.
15 верасьня 2005 г. Зянон ПАЗЬНЯК