НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ АНТЫБЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫЦЫ Ў ЛЕТУВЕ

Нашу заклапочанасьць і абурэньне выклікае антыбеларуская палітыка і антыбеларуская прапаганда, якую праводзяць супраць беларускага народа ў Летуве пэўныя сілы, якія могуць быць зьвязаныя з ўрадам гэтай краіны і ўплываць на яго палітыку.

У летувіскіх СМІ пэрыядычна публікуюцца антыбеларускія выказваньні на падставе прыдумак, што прыводзіць да узбуджэньня нянавісьці да беларусаў, ёсьць выпадкі, калі беларускія культурныя дзеячы ў Вільні, якія вымушана зьехалі зь Беларусі і для якіх Летува стала другой радзімай, пачынаюць атрымліваюць ананімныя пагрозы і зьнявагі.

Летам 2023 года на саміце НАТО ў Вільні прэзідэнт Летувы Г. Наўседа прыніжальна паставіўся да Беларусі, назваўшы яе “яшчэ адной губерніяй Расеі”. 6-га  лютага 2024 года на беларускім інтэрнэт-партале "Свабода" (https://www.svaboda.org/a/32807880.html) тыя ж фармулёўкі былі артыкуляваныя летувіскім аналітыкам М. Лаўрыновічам (Лаўрынавічусам), Летува "знаходзіцца ў стане вайны", бо "Расея пачала вайну супраць Украіны, Захаду і Летувы". Тым часам "Беларусь не з’яўляецца ніякой незалежнай дзяржавай. Гэта губернія Расеі. У гэтай сітуацыі мы маем справу з грамадзянамі недружалюбнай для нас краіны (!!!), таму мы павінны правяраць усіх беларусаў, якія знаходзяцца ў Летуве, таму што яны могуць ствараць недружалюбныя нам таварыствы". 

Такая рыторыка ня толькі не адпавядае рэчаіснасьці, зьяўляецца зьневажальнай ў дачыненьні да блізкага народу, які апынуўся ў сітуацыі гібрыднай акупацыі і супраць якога вядуцца сістэмныя рэпрэсіі, але і спрыяе фармаваньню ўзаемнай варожасьці паміж народамі, што выгадна агрэсару.  

Далей. 17-га студзеня 2024 года летувісцкае тэлебачаньне TV-3 паказала антыбеларускі прапагандысцкі сюжэт: “Беларускае вызвольнае войска» шастае па лясах Літвы: яны пагражаюць і нам tv3.lt»  (Lietuvos miškuose laksto „Baltarusijos išlaisvinimo armija“: jie kelia pavojų ir mums 2024-01-17 21:15 / šaltinis: tv3). 

У гэтым “журналісцкім рассьледваньні” аўтары паведамляюць, што беларусы стварылі ў Летуве вызвольную армію, праводзяць вучэньні ў лясах. Што гэтыя беларусы могуць быць “гібрыднай зброяй” у руках Лукашэнкі і Пуціна. Маўляў, яны, беларусы, могуць быць пераапранутымі ў летувіскую ваенную форму і зьдзейсьніць напад на Беларусь  з тэрыторыі Летувы пад выглядам летувіскіх ваенных. Гэта ў сваю чаргу павінна справакаваць удар у адказ і пачаць вайну рэжыма Лукашэнкі-Пуціна супраць Летувы. (У сапраўднасьці ніякай беларускай «вызвольнай арміі» не існуе. Уся «інфармацыя» прыдумана.) 

Пры гэтым TV-3 паказвае кадры нейкіх маладзёнаў у камуфляжнай форме, што муштруюцца ў лесе, пры гэтым усе яны паказаныя з адкрытымі тварамі, што дазваляе летувіскім ўладам (ды нават аўтарам сюжэту) іх ідэнтыфікаваць і прадставіць доказы пагрозы, калі гэта беларусы. Аднак такіх захадаў зроблена не было, як і не было прадстаўлена ніводнага доказу, што людзі ў лясах Летувы – гэта беларусы. Такія дзеяньні супярэчаць прынцыпам журналісцкай этыкі і зьяўляюцца нічым іншым, як дэструкутыўнай палітычнай прапагандай, недапушчальнай для дэмакратычнай краіны. 

Далей у тым жа сюжэце робіцца наступная выснова з боку старшыні Камітэта па нацыянальнай бясьпецы і абароне Лаўрынаса Кашчунаса:   "У Літву больш нельга ўпускаць грамадзян зь Беларусі”. (https://www.tv3.lt/naujiena/video/lietuvos-miskuose-laksto-baltarusijos-islaisvinimo-armija-jie-kelia-pavoju-ir-mums-n1284098?fbclid=IwAR3BJhCddwGXC  

Такія “тв-праграмы”, як і словы з вуснаў  афіцыйных асобаў (даслоўна Лаўрынаса Кашчунаса) выклікаюць заклапочанасьць і здзіўленьне, бо выглядаюць як спроба мэтанакіраванага і сьвядомага стварэньня штучнай пагрозы і вобраза ворага з беларусаў. 

1-га лютага 2024 года гэты прапагандысцкі сюжэт, паказаны на TV-3, быў распаўсюджаны прарэжымным рэсурсам BelVestnik (каля 40 тыс., падпісчыкаў) які наклаў на відыё TV-3 свой пераклад і тэкст, сутнасьць якога ў тым, што ва Украіне рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана спрыяў стварэньню палка Каліноўскага, які ў патрэбны момант рыхтуецца напасьці на Летуву. 

Цытата: "На самом популярном телеканале Литвы вышел сюжет, где полк Калиновского и белорусскую освободительную армию  попросту называют частью лукашенковского и путинского плана по нападению на Литовскую Республику. 

По мнению литовского депутата Сейма и эксперта министерства обороны Литвы, "сегодня эти белорусы тренируются в лесах под Вильнюсом, а в час «Х» нападут на белорусскую границу" («под литовской символикой», подчеркивается в сюжете) и спровоцируют Лукашенко и Путина на нападение на Литву."  

Гл. (https://telegra.ph/Oficialnyj-Vilnyus-polk-Kalinovskogo-i-osvoboditelnaya-armiya-Belarusi-predstavlyayut-ugrozu-bezopasnosti-Litvy-01-31 ) 

Поўная вэрсія: (https://rutube.ru/video/4937814d5b898be7c4e9d0a3d77ed90b/ )

Гэтая інфармацыя пачала вельмі хутка распаўсюджвацца ў інтэрнэце і ўзбуджаць нянавісьць супраць беларусаў. Па ўсіх параметрах гэтую зьяву можна назваць інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыяй ськіраванай супраць беларусаў і на падрыў добрых адносінаў паміж народамі.

На працягу апошніх год кіроўныя эліты Летувы здзейсьнілі шэраг недальнабачных і разбуральных крокаў, як для гаспадаркі Беларусі, так і для гаспадаркі ўласнай краіны

⦁ Былі спынены пастаўкі беларускага калія ў порт Клайпеды, што выклікала крызіс і павышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня ў сьвеце (Белкалій, які займаў трэцяе месца ў сьвеце па вытворчасьці калійных ўгнаеньняў, забясьпечваў значную частку сусьветнай патрэбы ў сельскагаспадарчых угнаеньнях).

⦁ Відавочныя памкненьні заканадаўча прыраўняць беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў і генацыду, да расейцаў (што напалі на Украіну і фактычна акупавалі Беларусь). Пры гэтым ёсьць выпадкі калі беларскіх уцекачоў ацэньваюць як "небясьпечнымі для Летувы". Таксама з такімі праблемамі сутыкаюцца беларусы, што жывуць у Летуве на працягу дзесяткаў гадоў і раптоўна сутыкаюцца з праблемамі легалізацыі і пагрозай дэпартацыі. Пры гэтым няма аб’ектыўных фактаў і доказаў нейкай варожай дзейнасьці з боку беларусаў у дачыненьні да Летувіскай дзяржавы.

⦁ Нядаўняй небясьпечнай ініцыятывай стаў намер перакрыць пункты пераезду на мяжы зь Беларусьсю. 

Складваецца ўражаньне, што летувіскія палітыкі, што цяпер ва ўладзе, страцілі пачуцьцё рэальнасьці і дзейнічаюць насуперак гістарычным і сучасным інтарэсам Летувы, што можа быць выкарыстана рэжымам Пуціна з мэтай пашырэньня напружанасьці, пачуцьцяў варожасьці паміж народамі і на гэтай глебе стварыць канфлікты ў сваіх інтарэсах.  

Беларусы, якія ўцякаюць ад перасьледу і ад рэпрэсій, ня ёсьць ворагамі тых краінаў, куды яны вымушаны зьехаць. Разумную і гуманную палітыку ў дачыненьні да ўцекачоў праводзіць Рэспубліка Польшча, якая па-сяброўску прыняла сотні тысячаў беларускіх палітэмігрантаў і мільёны ўкраінцаў, забясьпечыўшы ім і сховы, і працу, і школу, і украінскую мову. Гэта сяброўскі рух, які ўмацоўвае Польшчу, дружбу паміж народамі і польскую дэмакратыю, і які павінен быць прыкладам для іншых краін. 

Нажаль, дзейсная ўлада ў Летуве абрала іншы падыход і мэтад дзейнасьці, які падважвае ўласны дэмакратычны выбар. У 2020 годзе ўрад і грамадзтва Летувы праявілі велізарную салідарнасьць і падтрымку для беларусаў. Урад краіны праводзіў годную ўсялякай пашаны палітыку братэрскіх адносінаў. Навошта зараз і чаму, у той момант, калі два народы найбольш патрабуюць узаемнай падтрымкі і салідарнасьці, рэалізуюцца спробы сутыкнуць іх у інфармацыйным супрацьстаяньні.  

Узьнікае ўражаньне, што кіроўныя эліты не зусім разумеюць, што ў існуючых абставінах існаваньне вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі гарантуе Летуве незалежнасьць і волю. Калі Расея зможа канчаткова зьнішчыць Беларусь і яна сапраўды пераўтворыцца ў вайсковы прыдатак пуцінскай Расеі, то тады дзяржаўнасьць Летувы сутыкнецца з рэальнай, а не штучнай пагрозай. Беларусы ж, якія зараз знаходзяцца ў Летуве, гэта той важны рэсурс, які можна і трэба выкарыстоўваць у барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі і Пуціна, а не ствараць зь іх штучную пагрозу для ўласнай краіны.  

І Беларусь, і Беларускі народ быў і ёсьць натуральным, гістарычным саюзьнікам Літоўскай Рэспублікі. Нашыя народы зьвязаныя у тым ліку і даўнімі часамі. Гэта цягнецца ад пачатку, калі існавала яшчэ наша агульная дзяржава -- Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Цяпер, адпаведна, -- Беларусь, Украіна, Летува. У гэтай парадыгме, якую сіліцца зьнішчыць Масква, ёсьць аснова нашага агульнага, вольнага геапалітычнага існаваньня, нашай агульнай моцы, незалежнасьці і свабоды.  

У 2023 годзе рух “Вольная Беларусь” зрабіў некалькі спробаў для наладжваньня дыялогу з палітычным кіраўніцтвам краіны (дэпутацкім корпусам) для ўмацаваньня канструктыўных адносін, нажаль летувіскія палітыкі (кансерватыўная партыя) ухілілася ад гэтых кантактаў. 

Зараз, зыходзячы з таго, што дзейсная палітыка становіцца крытычна небясьпечнай для дзьвух супольнасьцяў і можа прывесьці да драматычных здарэньняў на глебе ксенафобіі, мы лічым неабходным зьвярнуцца перш за ўсе да кіраўніцтва Летувы:

⦁ Зьмяніць палітыку і стаўленьне да беларусаў;

⦁ Нейтрарлізаваць шкодныя інфармацыйныя атакі;

⦁ Спрыяць умацаваньню пазітыўных узаемаадносін зь беларускай дыяспарай і дапамагаць у разьвіцьці нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў;

⦁ Знайсьці дэмакратычныя і недыскрымінацыйныя падыходы, для выхаду са склаўшайся сітуацыі праз супольную беларуска-летувіскую канфэрэнцыю па пытаньнях бясьпекі;

Мы таксама лічым неабходным зрабіць гэты ліст даступным для міжнароднай грамадзкасьці і для міжнародных дэмакратычных арганізацыяў, спадзеючыся на падтрымку і салідарнасьць у вырашэньні ўзьнікшай праблемы і ўмацаваньні сяброўства паміж народамі.

Разам з гэтым мы спадзяемся, што сёньняшняя палітыка Летувіскай дзяржавы, выкліканая не зусім аб’ектыўным аналізам і ацэнкай сітуацыі,  будзе спынена, што пераможа здаровы сэнс і добрыя дачыненьні між народамі.

Мы адчыненыя на дыялог па агульных пытаньнях, гатовыя на сумеснае абмеркаваньне становішча разам з правячай кансэрватыўнай партыяй, сацыял-дэмакратычнай апазыцыяй і з усімі зацікаўленымі асобамі.  Мы ўпэўненыя ў добрай будучыні незалежнай дэмакратычнай  Літоўскай Рэспублікі і ў вольнай будучыні дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь. Зарукай гэтаму мусіць быць памяць аб нашай агульнай гісторыі і сяброўства паміж нашымі вольнымі народамі.

14 люты 2024 г.

Зянон ПАЗЬНЯК Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Парляманцкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, Палітычны лідар Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь".

Павел УСАЎ -- Доктар грамадскіх навук, сябра Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту Руху "Вольная Беларусь", кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозаў (Варшава)

Дадаць у: