НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ ГАЛОЎНЫМ

АБ ГАЛОЎНЫМ

Пад удар падстаўлена нашая дзяржаўная незалежнасьць. Падзеі, якіх асьцерагаліся разумныя людзі, жывучы пад хамскім антынацыянальным рэжымам, -- наблізіліся. Пачаўся вайсковы экспэрымэнт гібрыднай акупацыі Беларусі з боку Расеі. Адна з мэтаў  – міжнароднае прыніжэньне нашай краіны, паказ яе несамастойнасьці – расейцамі ўжо дасягнута. Асноўная задача манеўраў «Захад 2017» – стварэньне расейскага ваенна-стратэгічнага плацдарму на тэрыторыі Беларусі (што будзе азначаць акупацыю краіны). Вырашэньне гэтай задачы ў Масквы яшчэ наперадзе і залежыць ад многіх чыньнікаў. Найперш ад паводзінаў беларускага грамадзтва.

            Некалькі абавязковых дзеяньняў, якія цяпер мусяць быць.

            Найперш усім патрыётам трэба рыхтавацца да збройнага супраціву акупантам. Гэта значыць рыхтаваць сродкі супраціву, ствараць групы абароны. Улічыць, што антыбеларускі рэжым улады ў верхавіне сваёй і шмат дзе на месцах будзе на баку акупантаў 

            Другое. Ня слухаць не прымаць на веру ніякіх меркаваньняў так званых "аналітыкаў", ні заходніх, ні ўсходніх, ні "сваіх" (пазьбягайце зацямненьня мазгоў). Ідзе інфармацыйная вайна супраць Беларусі і Украіны. Беларусы непадрыхтаваныя нават да разуменьня такой вайны. Таму кіравацца трэба нормамі права, патрыятызмам, сумленьнем і здаровым сэнсам. Здаровы сэнс сьведчыць, што на нашу тэрыторыю, карыстаючыся адсутнасьцю мяжы і дзякуючы здрадніцкай палітыцы антыбеларускай улады, зайшлі ўзброеныя чужыя войскі, умешваюцца ў нашыя справы, хапаюць беларускіх грамадзян. Суверэнітэт парушаны. Канстытуцыйны абавязак грамадзяніна Беларусі -- бараніць краіну, яе тэрыторыю і незалежнасьць.

            Усялякія дэмагагічныя разважаньні непрыяцеляў аб так званай "саюзнай дзяржаве", аб дамове з нелегітымным рэжымам ёсьць з праўнага боку нікчэмныя і не павінны прымацца пад увагу.

            Дэ факта ёсьць толькі адзін аргумант, які можна ўлічыць. Гэта шматкроць засьведчанае абяцаньне здрадніцкага рэжыму і хаўрусьніка Масквы аб тым, што да 30-га верасьня расейскія войскі будуць выдаленыя зь Беларусі і ў нашай краіне не застанецца ніводнага маскоўскага ўзброенага салдата.

            Давяраць гэтым абяцаньням нельга, бо яго вымаўляюць людзі бяз гонару, якія да гэтага часу не міргаючы вокам, кажуць, што на Данбасе расейскага войска "нет".

            Калі расейскае войска і ваенная тэхніка застануцца на нашай тэрыторыі, то логіка тут простая: альбо супраціў і вайна -- альбо згода з акупацыяй, страта суверэнітэту, рабства і подлае існаваньне.

            Цяжкасьць можа стацца ў тым, што ў рэальнасьці і рабства і супраціў будуць існаваць адначасна.

            На сёньняшні дзень усім разумным беларусам трэба ўсьвядоміць катэгарычную праўду: палітычны вынік расейскіх манэўраў "Захад-2017" на Беларусі будзе залежыць ад паводзінаў беларускага грамадзтва, ад яго актыўнасьці, сур’ёзнасьці  і ступені супраціву. У чарговы раз у беларусаў узьнікае магчымасьць самым вырашыць вынік падзей і зьберагчы будучыню нацыі.

            Заўвага аб інфармацыйнай вайне. (Паўтару тое, што ўжо прыходзілася казаць.)

            Трэба тэрмінова і рэзка спыніць усялякае ёрніцтва ды камэдыянцтва з фантомам Вэйшнорыя. Нельга падыгрываць ворагам. Маскі прырастаюць да твару. Складваецца ўражаньне, што тон задае агентура, і неадукаваныя людзі не разумеюць, што робяць. Масква зрабіла ін’екцыю, увяла бацылу падзелу грамадзтва. У любой форме нельга яе вырошчваць.

            Патрэбная канцэнтрацыя розумаў і дзеяньняў на сур’ёзных праблемах гібрыднай вайны Расеі супраць Беларусі і сьвету, на пагрозе страты краіны. Цяпер ня час і ня месца для пэрформэнсаў. Пажартавалі -- і хопіць. Наперадзе высьпявае вайна. Масква ня спыніцца, нават калі сапраўды часова вывядзе сваё войска зь Беларусі.

            Цяпер трэба засяродзіцца на галоўным -- на супраціве гібрыднай акупацыі і на абароне краіны.

 

17 верасьня 2017 г.                                                                    Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: