НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Аб неправамоцных дзеяньнях у Партыі БНФ

Аб неправамоцных дзеяньнях у Партыі БНФ

26-га верасьня гэтага году ў адпаведнасьці з рашэньнем Сойму Партыі БНФ ад 19 чэрвеня адбыўся IV-ы Зьезд Партыі БНФ. IV-ы Зьезд Партыі БНФ сабраўся згодна квоты дэлегатаў, выбраных у ліпені гэтага году, і прайшоў пры неабходным кворуме. Зьезд прыняў агульную і бліжэйшую Праграмы Партыі і зрабіў папраўкі ў Статут, у прыванасьці ўдакладніў поўную назву Партыі як: “Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — Беларускі Народны Фронт”. Кароткая і штодзённая рабочая назва застаецца ранейшай: “Партыя БНФ”. Новая абрэвіатура ня ўводзіцца.

Зьезд падкрэсьліў, што ўмацоўваецца палітычная арганізацыя Партыі, што яна зьяўляецца ня толькі часткай, але й палітычнай асновай БНФ, аб чым адзначана ў Статуце.

IV-ы Зьезд Партыі і арганізацыйна-палітычнае ўмацаваньне Партыі ёсьць важная і добрая падзея ў беларускім адраджэнцкім руху. Цяпер ёсьць выхад з дрэннага становішча ў Фронце. Партыя можа і павінна стаць тым арганізацыйным грунтам, вакол якога згуртуюцца ўсе адраджэнцкія сілы БНФ. Гэта ёсьць шлях да новага адзінства Фронту.

Пасьпяховы Зьезд Партыі БНФ быў, аднак, нэгатыўна ўспрыняты маімі былымі намесьнікамі і некаторымі абласнымі кіраўнікамі ў Партыі, якія праігнаравалі IV-ы Зьезд Партыі БНФ.

3-га кастрычніка яны сабралі частку сяброў былога Сойму Партыі і аб’явілі, што IV-ы Зьезд Партыі БНФ ня быў зьездам Партыі БНФ, а зьездам іншай партыі. У сувязі з гэтым прызначылі новы зьезд Партыі БНФ з новым і паўторным вылучэньнем дэлегатаў. Пры гэтым пастанавілі выдзеліць так званыя дадатковыя квоты дэлегатаў (дарэчы ня сябраў Партыі) ад дэпутатаў Вярхоўнага Савету, ад сяброў Ценявога Кабінэту Фронту і дзесяць дэлегатаў на разгляд аргкамітэту. Пры гэтым стварылі сваю Управу Партыі і прызначылі камісію з васьмі асобаў для прадстаўленьня сваёй пазіцыі ў судзе, куды (за выключэньнем некалькіх чалавек) увайшла амаль уся “прагматычная” група ў Фронце. (Яны плянуюць яшчэ й судзіцца).

Вось зьмест дзейнасьці, сьведчаньне якой яны разаслалі ў паперах па ўсіх структурах БНФ.

У сувязі з гэтым заяўляю:

  1. Сойм Партыі БНФ згодна Статута (першаснага, і папраўленага) склікае старшыня Партыі. Ні я, ні па маім даручэньні в.а. старшыні сп. Ю. Беленькі, не склікалі Сойму і не былі праінфармаваныя пра намеры гэтых сяброў Партыі. Іхныя дзеяньні пасьпешныя, неабдуманыя, прадыктаваныя, хутчэй, антаганістычнымі пачуцьцямі і эмацыйным стаўленьнем, чым палітычнай мэтазгоднасьцю. Тут ня бачна разумнага беларускага інтарэсу.

  2. Заклікаю сяброў Партыі, што па розных прычынах не змаглі прыняць удзел IV-м Зьезьдзе Партыі БНФ, не падтрымліваць контрзьезд Партыі, а уключыцца ў фронтаўскае партыйнае будаўніцтва. Ёсьць шлях, адкрыта дарога да палітычнага згуртаваньня адраджэнцкіх сілаў вакол Партыі і захаваньне адзінага шматаблічнага, але не самазьнішчальнага, не кантравэрсійнага Фронту. Нельга драбніць Партыю БНФ па амбіцыях, нельга плянаваць скандалы і судовыя разьбіральніцтвы, нельга ганьбіць самых сябе.

Упэўнены, што не ад ініцыятараў апазіцыйных дзеяньняў, а ад сяброў Партыі залежыць пасьпяховасьць і нармальны ўзровень у палітычнай арганізацыі Фронту.

Зянон Пазьняк
Старшыня Партыі БНФ і БНФ “Адраджэньне”

1999-10-09

Дадаць у: