(Ліст да сяброў КХП -- БНФ)
Паважаныя сябры, спадарыні і спадары. На жаль мы ня можам цяпер сабраць Сойм і абмеркааваць пытаньне як належыць. Эпідэмія, самакарантын, пахварэлі сябры, некаторыя заблакаваныя ў іншых краінах. Публічна праз Сеціва -- гэта ня мэтад казаць пра рэчы, якія трэба разумець бяз слоў.
Тым ня менш мне ўдалося перамовіцца з выканаўчым кіраўніцтвам Партыі і я мяркую, што зьмест задачаў для сяброў стане вядомым. Тут мушу агулам абазначыць некаторыя палітычныя палажэньні.
1. Галоўнае пытаньне -- эпідэмія, небясьпека інфэкцыі і паміраньня людзей. Адбываецца вірусны генацыд беларусаў, арганізаваны і справакаваны Лукашэнкам.
Неабходна ініцыяваць стварэньне па за межамі Партыі інфармацыйна-дасьледчыцкай групы, якая б здабывала і сістэматызавала рэальную медыцынскую і пахавальную інфармацыю пра інфікаваных і памерлых людзей ад каранавіруса Ковід-19. Тут ужо працуюць журналісты і блогеры, але патрэбна сістэмная статыстыка.
2. Аб выбарчай кампаніі рэжыму. Нашыя ўстаноўкі на байкот застаюцца нязьменнымі.
а). Зьмяніліся абставіны; зьявіўся шырокі пратэстны рух, які накіраваны супраць незаконнай улады Лукашэнкі, супраць яго ўдзелу ў выбарах і выступае за байкот фальшывых выбараў шляхам падтрымкі збору подпісаў за пратэстнага прэтэндэнта ў кандыдаты Сьвятлану Ціханоўскую.
б). Зьявіўся арганізатар і рэальны аўтарытэт пратэстнага руху Сяргей Ціханоўскі.
в). Пратэстны рух сьведчыць, што цярпеньне бальшыні беларусаў скончылася.
г). Лёзунгі пратэсту беларусаў такія: "ЛУКАШЭНКА – ПРЭЧ!" («ПРЭЧ, ТАРАКАН!»), "ВЫБАРЫ БЯЗ ЛУКАШЭНКІ!"
3. Наша Народная партыя павінна быць там, дзе народ. Гэта значыць далучыцца і падтрымаць народны пратэст. Станоўча адзначаем, што ў беларускай палітыцы выбар падтрымкі народнага пратэсту зрабіў таксама Павел Севярынец, які выступіў са зваротам.
а). Вызначальную ролю мае характар народнага пратэсту. Ён супадае з палітыкай байкоту фальшывых вабараў нашай Народнай партыі.
б). У гэтай сітуацыі далучацца да пратэсту трэба пры любой пазыцыі кіраўніцтва пратэстам (бо галоўнае -- наш народ, які трэба аберагаць). На шчасьце становішча стыхійнае і вынікае з абставін. Сяргей Ціханоўскі беларус, які ня гледзячы на праблемы з арыентацыяй у нацыянальных каштоўнасьцях, мае пэрспэктывы ў разьвіцьці асобы і ў асягненьні беларускіх грамадзкіх задач.
в). Арышт Ціханоўскага і яго калег па збору подпісаў незаконны. Мусіць быць патрабаваньне аб іхным вызваленьні.
4. Ідэалы, мэтад і мэта змаганьня.
а). Беларускія ідэалы пасьлярэжымнай Беларусі: НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ, СВАБОДА, ДАБРАБЫТ.
б). Кансалідаваць народны пратэст на аснове патрабаваньня адхіліць Лукашэнку ад удзелу ў выбарах і ад кіраўніцтва краінай.
в). Заклікаць і падрыхтаваць людзей да няўдзелу ў фальшывым галасаваньні і да грамадзка-масавага кантролю над фальшывам галасаваньнем (назіраньне за колькасьцю і ўлік прагаласаваных выбаршчыкаў).
г). Стварыць умовы для непрызнаньня фальшывых выбараў 9-га жніўня як выбараў, якія не адбыліся. Паставіць патрабаваньне аб новых выбарах бяз Лукашэнкі.
Пачынаецца адказны пэрыяд і напружаныя дні ў жыцьці краіны. Паслужым нашай дарагой бацькаўшчыне Беларусі.
31 травень 2020 г. Зянон Пазьняк, Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ