НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Зянон Пазьняк: Аб падзеях, якія маюць значэньне для Беларусі

Зянон Пазьняк: Аб падзеях,  якія маюць значэньне для Беларусі

У апошні час зьявілася шмат інфармацыі пра розныя зрухі і падзеі ў сьвеце. Але ў гэтай інфармацыі, я думаю, цяжка разабрацца чалавеку працы і штодзённых клопатаў, нават калі ён таго захоча. Прычыны вядомыя. Першае – гэта адсутнасьць у нас нацыянальнай журналістыкі (і ўвогуле журналістыкі прафэсійнага ўзроўню). У выніку людзей абалваньваюць рознымі пабочнымі паведамленьнямі, чуткамі, чужымі поглядамі і проста глупствамі. Адпаведна адсутнічае і нацыянальная аналітыка, якая б аналізавала падзеі з гледзішча беларускіх нацыянальных інтарэсаў і нацыянальнага адраджэньня.

Другая прычына – тая, што ў сьвеце шмат што робіцца, але мала праўдзівай інфармацыі, бо інфармацыя ўжо даўно стала часткай інфармацыйнай вайны, якая тыражуе глабальную хлусьню і проста лухту, якую чалавеку і ведаць ня трэба.

Тым часам пасьля легальнай здрады Захаду і, дэ факта, прызнаньня ім антыбеларускага, антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі пачалося насіленьне сістэмных рэпрэсіяў супраць патрыятычных і ўвогуле дэмакратычных людзей краіны. Гэта першаснае, што для нас важна ведаць і разумець, бо шмат простых беларусаў (не палітыкаў) ужо сядзяць за кратамі за свае патрыятычныя пазыцыі. Але тое нікога не цікавіць. Ні лукашысцкую “апазыцыю” (зразумела), ні тым больш Захад, вялікіх сябраў “правоў чалавека”.

Усё гэта пацьвярджае прыроду акупацыйнага рэжыму, якую мы назіраем пастаянна. Яшчэ зроблены толькі першы крок да зьдзелкі з Захадам (якая ў рэальнасьці не адбудзецца), а ён адразу выклікаў тактычныя крокі па ўзмацненьню рэпрэсіяў супраць беларусаў, бо ўлады здабылі заруку – маўчаньне заходніх палітыкаў.

Другі чыньнік, які відочна высьветліўся ў выніку павароту Захаду тварам да злачыннага рэжыму – гэта пасьлядоўная сістэмнасьць у вынішчэньні беларускага грамадзтва, якую мы ахарактарызавалі б як акупацыйную карэізацыю антыбеларускай палітыкі. Яна выяўляецца ў абсурдных з гледзішча здаровага сэнсу законах і ўказах рэжыму супраць людзей, але цалкам лагічных з пазыцыі палітыкі нацыянальнага вынішчэньня беларускага грамадзтва і давядзеньня яго да стану дэградацыі. Апошні ўзорчык такой “законатворчай” дзейнасьці – гэта падрыхтоўка закона супраць маіх кніг. Пасьля суду ў Берасьці над кнігамі пра фатаграфію і пра Народны Мэмарыял Курапаты рэжымныя ўлады ўбачылі, што, маючы справу з канкрэтнай кнігай, немагчыма даказаць, што белае – гэта чорнае, а прыняцьце вэрдыкту супраць фактаў і логікі выстаўляе іх у подлым стане перад людзьмі. Таму падрыхтавалі “карэйскі” закон, згодна якога ня трэба ніякіх судоў. Усё будуць вырашаць памежнікі на свой погляд і густ, якую кнігу лічыць “экстрэмісцкай”, а якую не. Усё тут робіцца цяпер у стылі маскоўскай мангольшчыны ды апрычніны, па законах аб беззаконьні. Зразумела, што ні адна кніга цяпер пад маім імем ня будзе прапушчана ў зону акупацыі Беларусь.

Магчымасьць выжываньня беларускіх людзей значна зьменшыцца ў выніку новага закона супраць іх аб паездках за мяжу і купляньні рэчаў і прадуктаў за мяжой. Правоз рэчаў праз мяжу зьведзены да мінімуму, а перавышэньне будзе карацца непасільнымі для чалавека штрафамі і турмой.

У гэты ж час ужо паведамлена, што рэжым будзе ліквідоўваць радыёвяшчаньне на доўгіх, кароткіх і сярэдніх хвалях. Здавалася б, што яму да гэтага, каму тое перашкаджае? Аказваеца, яму і муляе. Забарона вяшчаньня на глабальных хвалях прывядзе да зьнікненьня ў продажы радыёпрыёмнікаў з забароненымі хвалямі. Мільёны вясковых і старэйшых беларусаў, што слухаюць, напрыклад, радыё “свабода” з Прагі, ці Польскае радыё па-беларуску, ці беларускія перадачы з Ватыкану, будуць паступова адлучаны ад гэтай інфармацыі. Такое і падобнае (“глушылкі” і абмежаваньне дыяпазонаў у прыёмніках) ужо рабілі савецкія акупанты за часы СССР, і мы ведаем пра вынікі і наступствы такіх дзеяньняў.

Калі заглыбіцца ў сацыяльную макраструктуру нашага грамадзтва за апошнія 20 гадоў рэжымнай акупацыі і прааналізаваць усе тыя зьмены, якія адбыліся і адбываюцца, і дачыненьні да людзей пад уплывам антыбеларускай улады, то мы ўбачым лагічную і пасьлядоўную сістэму рэжымных дзеяньняў і спраў, накіраваных на дэградацыю беларускага грамадзтва на ўсіх узроўнях яго існаваньня. Гэта не пабочны вынік характару антыбеларускай улады, але якраз прадуманая сістэма яе антыграмадзкай палітыкі. Напрыклад, у антыбеларускім судзе судзілі нядаўна кіроўцу, які падвёз на дарозе чалавека. Яго абвінавацілі (як заўсёды, бяздоказна), што ён падвёз яго за аплату з мэтай даходу (нажывы).

Што гэта абазначае з гледзішча подлай рэжымнай палітыкі? А тое, што калі цяпер беларус будзе дзесьці ў дарозе, ці ў дождж, ці вецер, ці ў дзень, ці ў ночы і прагаласуе, каб падвезьлі – ніхто ўжо ня спыніцца, хоць бы ён там зьмерз на дарозе.

Гэта ўдар у людзкія дачыненьні, у традыцыйную салідарнасьць і спагаду беларусаў. Калі меркаваць лагічна, то ўладзе (нават акупацыйнай) такія дзеяньні не патрэбныя. Ніякіх эканамічных страт тут улада ня мае. Нават пры савецкай акупацыі такога не было. Саветы душылі беларуса за горла, але давалі дыхнуць, каб не памёр (ім трэба было, каб нехта на іх працаваў). Пры гэтым жа падмаскоўскім рэжыме задушэньне ськіравана на сьмерць (прытым у агульнаграмадзкім маштабе).

Той, хто трымае акупацыйную ўладу, разумее, наколькі небясьпечны для дыктатуры ёсьць моцны сярэдні клас. Таму ўсё робіцца, каб яго не было. Апошняя экзэкуцыя, якую мы бачылі, — гэта ліквідацыя праслойкі індывідуальных прадпрыймальнікаў шляхам стварэньня абсурдных законаў, якія, фармальна не забараняючы, спыняюць гандлёва-прадпрыймальніцкую дзейнасьць. Такія ёсьць факты. У будучыні макрасацыяльную сістэму разбурэньня грамадзтва злачынным рэжымам у цэнтры Эўропы будуць дасьледваць спэцыялісты і пісаць дысэртацыі па абагульненьні злачыннага вопыту на прадмет прадухіленьня нечага падобнага ізноў.

Сацыяльныя рэпрэсіі супраць беларусаў у гэтых умовах будуць павялічваца, і мы павінны будзем улічваць тое ў нашай партыйнай працы, асьвеце і прапагандзе. Кантакты з соцыумам павінны пашырацца.

Іншая падзея (вельмі для нас важная), якая мала адлюстравана ў краёвай інфармацыі, — гэта дзіўны рэфэрэндум у Нідэрляндах аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам. “Народ” Нідэрляндаў прагаласаваў супраць Украіны. І гэта нягледзячы на тое, што ў палажэньні аб асацыяцыі спэцыяльна пазначана, што яна не прадугледжвае пэрспэктыву членства Украіны ў Эўразьвязе. Асацыяцыя выгадная Эўропе і Украіне перш за ўсё ў гандлёвым плане, а для Украіны яшчэ і ў плане маральна-палітычным. Яна аніяк не закранае інтарэсы краінаў Эўразьвязу і ўжо ніяк не ўплывае на “народ” Нідэрляндаў. І тым ня менш гэты “народ” падтрымаў Маскву (якая зьбіла самалёт з нідэрляндскімі грамадзянамі) і плюнуў у твар украінцам, украінскаму народнаму “Майдану” і загіблай “Нябеснай сотні”.

Сам гэты дзіўны “рэфэрэндум” мае рэкамендацыйны характар і не прадугледжвае ніякіх юрыдычных вынікаў, але гэта ёсьць вялікая знакавая падзея для цяперашніх жыхароў Усходняй Эўропы, якія ўжо забыліся, мабыць, пра Мюнхэнскае пагадненьне і пра тое, як Чэмбэрлен прывёз у Лёндан “мір” Эўропе. Для Усходняй Эўропы Мюнхэн і Нідэрлянды – зьявы сумяшчальныя. Яны аднаго парадку і паказваюць на тое, што мы паўтараем увесь час. Эўрафілісьцеру напляваць на ўсе чужыя правы чалавека, на гора, пакуты і кроў, калі тое парушае ягоны камфорт і спакой. Лібэралістычныя палітыкі і ўрады выяўляюць інтарэсы і мэнтальнасьць гэтых філісьцерскіх масаў. Гэтак жа сама, як Пуцін і пуцінізм у Масковіі выяўляюць мэнтальнасьць, інтарэсы і настрой зьдзічэлага імпэрскага грамадзтва Расеі, а не наадварот. Дзіўны нідэрляндскі рэфэрэндум паставіў усё ў Эўразьвязе з галавы на ногі, засьведчыў эўрапейскую рэальнасьць.

Я кажу “дзіўны”, бо відавочная яго штучнасьць і правядзеньне ў інтарэсах пэўных палітычных групаў, якія ўжо заявілі, што будуць улічваць яго вынікі. Некаторыя апаненты тым часам заяўляюць, што рэфэрэндум увогуле сфальшаваны, што галасавала менш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў і т.п.

Але для нас тое неістотна. Нават калі ён сфальшаваны, то зь якімі мэтамі сфальшаваны? З тымі мэтамі, якія дасягнуты? А яны маглі быць дасягнуты ў выніку дзеяньня толькі значных палітычных сіл. І тое таксама мае значэньне для нас ва Ўсходняй Эўропе, асабліва для ўкраінцаў, дзе ў некаторых ужо кружылася галава ад эўрапейскіх ілюзій.

Трэба спыніцаа і азірнуцца вакол. Будучыня краінаў Усходняй Эўропы можа быць толькі ва Усходняй Эўропе, цывілізацыя якой у гуманітарным плане (г. зн. у плане стварэньня сям’і і асобы чалавека) стаіць вышэй за заходнюю і гэта ёсьць чыньнікам найважнейшым.

Нідэрляндскі рэфэрэндум яскрава адцяняе нашу ідэю аб Балта-Чарнаморскай супольнасьці народаў Усходняй Эўропы, найперш Украіны і Беларусі. БЧС — гэта пэрспэктыва нашай рэальнай будучыні ў Эўропе і стварэньне новага эўрапейскага цэнтра сілы, здольнага супрацьстаяць агрэсіўнаму імпэрскаму злу з Расеі і лібэральнаму паскудству з Заходняй Эўропы. Усё гэта магчыма. Толькі трэба на гэты шлях стаць і нястомна па ім ісьці.

Вяртаючыся да зьдзелкі Эўразьвязу з лукашысцкім рэжымам, адзначу, што зноў у каторы раз пачынаецца чарговая атака на Народны Мэмарыял Курапаты. Сьцішылася ідэя бардэля “Бульбаш-хол”, спараджаецца новая – прапануюць стварыць іншы мэмарыял (абявіць манумэнтальны конкурс, зрабіць парк і г. д.).

Мы мусім разумець, што пакуль існуе антыбеларускі рэжым і імпэрыялістычная Расея, датуль над Народным Мэмарыялам Курапаты будзе вісець небясьпека прафанацыі і зьнішчэньня.

Трэба ўвесь час рыхтаваць грамадзкасьць да змаганьня за памяць аб трагедыі народа. Нельга, каб маскоўцы беларускімі рукамі замяталі сьляды свайго злачынства. Яны яшчэ мусяць адказаць за генацыд беларусаў перад судом пакаленьняў.


10 красавіка 2016 г.                                                                                        Зянон Пазьняк

Дадаць у: