НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ ПАРУШЭНЬНІ СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ І АБАРОНЕ КРАІНЫ

АБ ПАРУШЭНЬНІ СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ І АБАРОНЕ КРАІНЫ

Падрыхтоўка прэзыдэнтам Расеі Пуціным, фэдэральнага закона для расейскага парляманту №245943-7 "Об использовании ПВО на границах Беларуси" узгоднена з Лукашэнкам і абазначае ўвядзеньне на тэрыторыю Беларусі расейскай сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА), расейскіх ракетных комплексаў, іх абслугі, камунікацыйных сістэм, інфраструктуры, аховы і службы дзяжурства. У палітычным сэнсе гэта абазначае акупацыю краіны, і, у выпадку ваеннага канфлікту Расеі з краінамі НАТО, -- зьнішчэньне Беларусі. Першы змасаваны ўдар у выпадку вайны наносіцца па сістэмах СПА і краіне іх разьмяшчэньня. Такім чынам акупанты хочуць зьберагчы сябе ад першаснага удару і падставіць пад яго Беларусь.

Любыя ваенныя дзеяньні Расеі супраць іншых краін з тэрыторыі Беларусі выклічуць міжнародную ацэнку Беларусі як краіны-агрэсара, дадуць права на разгром і зьнішчэньне нашай краіны.

Акупацыя Беларусі падрыхтавана агрэсіўнай палітыкай Пуціна і здрадай Лукашэнкі. Хаўрусьнікі па зьнішчэньні Беларусі спасылаюцца на фантом так званай "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі, якая непрызнаная нікім у сьвеце, незаконная і не існуе ў рэальнасьці. Спасылаючыся на фальшыўку "саюзнай дзяржавы", Расея зьбіраецца правесьці ў верасьні гэтага года вайсковыя вучэньні ў Беларусі "Захад-2017", якія на справе зьяўляюцца прыкрыцьцём агрэсіўных плянаў Расеі па падпарадкаваньні Беларусі.

З 24-га ліпеня пачалася перакідка расейскіх войскаў і бронетэхнікі ў Беларусь. У гарадах Беларусі зафіксаваныя расейскія вайскоўцы без пазнак на адзеньні, з аўтаматычнай зброяй у грамадзкіх месцах.

Гэтыя факты сьведчаць аб грубым парушэньні суверэнітэту Беларусі і аб пачатку гібрыднай акупацыі нашай краіны.

Зважаючы на факты і падзеі, мы інфармуем міжнародную супольнасьць аб пачатку расейскай гібрыднай агрэсіі і аб пранікненьні расейскага войска на тэрыторыю Беларусі.

Захоп Беларусі расейскай ваеншчынай гэта пагроза ўсёй Эўропе і перш за ўсё нашым суседзям: Украіне, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Летуве. Прапануем урадам гэтых краін пачаць палітычныя дзеяньні ў сваіх грамадзтвах і міжнародных структурах дзеля арганізацыі міжнароднага супраціўленьня ваеннаму наступу пуцінскай Расеі.

Мы зьвяртаемся да грамадзянаў -- патрыётаў Беларусі -- з заклікам распачынаць грамадзянскае і збройнае партызанскае супраціўленьне акупантам. Настаў час. Чужы жаўнер-акупант не павінен быць на Беларускай зямлі. Чыгунка не павінна перавозіць акупацыйнае войска і бронетэхніку.

Зьвяртаемся да Беларускай Арміі, якая прысягнула на вернасьць Беларусі. Вораг ўжо ідзе. Абараняйце Радзіму ад расейскай інвазіі.

Зьвяртаемся да жаўнераў-беларусаў. Абараняйце Бацькаўшчыну ад расейскага войска! Не выконвайце здрадніцкія загады здраднікаў. Беларусь перад усім! Бярыце ўсё пад свой жаўнерскі беларускі кантроль, не давайцеся, каб нас захапілі. Калі вас пагоняць здраднікі супраць Украіны, пераходзьце на бок украінцаў цэлымі часткамі і змагайцеся разам супраць маскоўскага агрэсара.

Зьвяртаемся да беларусаў ва ўсім сьвеце, да тых, у каго засталося сумленьне і беларускае сэрца. Неабходная гатовасьць да мабілізацыі, збору сродкаў, апэляцыі да заходніх грамадзтваў і ўрадаў аб дапамозе вольнай Беларусі.

Настае пераломны час, вынікам якога стане тое, што вораг чалавецтва – маскоўскі імпэрыялізм – сканае і зламае сабе карак у нашай Беларусі.

Жыве Беларусь!

Слава Айчыне!

 

13 жнівень 2017 г. Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ

 

Старшыня Партыі Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: