НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ ПЭРСПЭКТЫВЕ БЕЛАРУСІ

Калі вайна скончыцца не на карысьць Расеі і Расея аслабне, і калі абваліцца фашысцкі рэжым у Расеі і антынародны рэжым у Беларусі, і стане вольная Беларусь зь беларускай дэмакратычнай уладай, тады галоўнае -- не зрабіць вялікай геапалітычнай памылкі: не ўступіць у Эўразьвяз. Трэба абмежавацца гандлем, супрацоўніцтвам і добрымі ўзаемаадносінамі зь лібэральнай Эўропай.

Эўразьвяз -- гэта дэмаграфічна і маральна дэградуючая цывілізацыя, эканамічная палітыка якой пабудавана па каланіяльным прынцыпе. Больш моцныя краіны -- Нямеччына, Францыя і іхныя сумежныя сатэліты -- не дапусьцілі б стварэньня ў Беларусі (як гэта і робіцца зь іншымі краінамі Эўразьвязу) канкурэнтнай вытворчасьці і канкурэнтных тавараў.

У працяг такога прадуманага абмежаваньня дадуць вялікія крэдыты (дарэчы, вельмі патрэбныя Беларусі), каб беларусы выкарысталі іх у гандлі, у эканоміцы і ў сельскай гаспадарцы, прытым так, як яны скажуць, гэта значыць -- як ім выгадна.

(Нядаўна, напрыклад, гэтыя "мудрацы" забаранялі ў Эўразьвязе фермерам гадаваць кароў і павялічваць чараду, бо, маўляў, каровы дрэнна ўплываюць на клімат, мочацца і паветра псуюць. Фермерам нават няўстойку плацілі. І гэта не апошні ідыятызм, які яны прыдумалі. Я ўжо не кажу пра "зялёны лад", "пацяпленьне клімату" і т.п. дылетанцкую лухту.)

З усёй магчымай залежнасьці ад уступленьня ў Эўразьвяз самай небясьпечнай і эканамічна неўнікнёнай залежнасьцю можа стацца залежнасьць дэмаграфічная. Практычна (асабліва для абяскроўленай рэпрэсіямі Беларусі), гэта можа стаць прычанай эканамічнага ўпадку. (Катастрафічны прыклад Баўгарыі.) Людзі будуць масава пераяжджаць у эўрапейскія краіны на некваліфікаваную, але вышэй аплочаную працу і, у першую чаргу, -- таксама інтэлектуалы і спэцыялісты. Спыніць такую міграцыю, існуючы ў заганнай сістэме, будзе немагчыма. Я ўжо не кажу пра небясьпеку пераходу на эўра і фактычную страту суверэнітэту.

Нагадаю, што галоўнай вытворчай сілай і галоўным эканамічным рэсурсам Беларусі зьяўляецца народ, людзі. Мы не валодаем вялікімі прыроднымі энэргетычнымі рэсурсамі. Удасца ці не ўдасца ва ўмовах страты насельніцтва падняць эканоміку -- праблема. Але крэдыты прыдзецца аддаваць.

Аднак самае брыдкае ў тым, што гэтае лібэральнае грамадзтва з дэградуючай маральлю, прыкрываючыся псэўдаідэалёгіяй лібэральнага індывідуалізму, будзе патрабаваць ад беларусаў пад гэтыя ж крэдыты трымацца іхнай дэгенератыўнай "квазі-маральнасьці" і эміграцыйнай дэмаграфіі нацыянальнага суіцыду.

Найлепшая наша сацыяльна-палітычная пэрспэктыва -- гэта незалежная Беларусь у Балта-Чарнаморскай Супольнасьці незалежных дзяржаў (Беларусь, Украіна, Латвія, Летува, Малдова) і стварэньне энэргетычнай дарогі Поўнач-Поўдзень паміж двума морамі. Праўда, цяпер усё ўскладнілася з-за неабдуманай палітыкі балтыйскіх краінаў і нявызначанасьці лёсу Беларусі і Украіны. Але пэрспэктыва застаецца.

 

Зянон Пазьняк

18 ліпеня 2026.

Дадаць у: