НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ ПРАМАСКОЎСКАЙ АПАЗЫЦЫІ І ЯЕ ШКОДНАСЬЦІ

АБ ПРАМАСКОЎСКАЙ АПАЗЫЦЫІ І ЯЕ ШКОДНАСЬЦІ

Пасьля 25 жніўня 1991 года пытаньне разьмежаваньня незалежнай Беларусі з Савецкім Саюзам (а дакладней, з Расеяй і з усімі суб’ектамі Саюза) было вырашана разумна. За аснову падзелу быў узяты нулявы варыянт. Гэта значыць, што ўсё, што было на тэрыторыі і ў гаспадарцы савецкай Рэспублікі, застаецца яе нацыянальнай уласнасьцю. Ніхто нікому не павінен, кожны самастойны. Са зьнешнім доўгам СССР таксама парадзілі. (Праўда, пры падзеле Беларусь тут прайграла, але па волі сваіх бесталковых чыноўнікаў.) Словам, пачыналі стартаваць з таго, што ёсьць і было. У Беларусі склаліся тады, бадай што, найлепшыя стартавыя ўмовы.

Праз пару гадоў праўленьня старой камуністычнай намэнклатуры (якая засталася пры ўладзе) Беларусь страціла свае перавагі (пакралі ды змарнавалі). Урад Кебіча, па сваёй савецкай звычцы і халуйскай каланіяльнай прыродзе, вырашыў ісьці ў кабалу (аб’яднаньне) пад Расею, бо ў іх, маўляў, нафта і газ. Пачалі аб’ядноўваць грашовыя сістэмы. Кебічаўскія ідыёты хацелі ўвесьці ў Беларусі расейскі рубель і "фінансава" аб’яднацца. З гэтай мэтай арганізавалі прэзыдэнцкія выбары пад Кебіча, які павінен быў правесьці і завяршыць "аб’яднаньне".

Паколькі на гэтыя працэсы ў Беларусі ўплывала Масква і народ не ўспрымаў Кебіча, то Крэмль падрыхтаваў беларускаму электарату "дэмакратычную" альтэрнатыву -- Лукашэнку, даў старт прапагандысцкаму лёзунгу "Абы ня Кебіч!" і неўзабаве зьмяніў коней на пераправе. (Значыцца, зьмяніў Кебіча на Лукашэнку.) Астатняе -- вядома.

Цяпер (а канкрэтна ў 2019 годзе) Масква задумала аналягічны "фінт" зьмены коней у Беларусі. Была падрыхтаваная новая "дэмакратычная" альтэрнатыва Лукашэнку -- газпрамаўскі выканаўца дырэктар Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка і шэраг дапаможных варыянтаў (Цапкала, Ціханоўская і інш.) Пачалася прапаганда "абы не Лукашэнка!".

І тут узьніклі перашкоды. Лукашэнка зразумеў план Масквы і засадзіў маскоўскую "дэмакратычную" альтэрнатыву за краты, потым шляхам фальсіфікацыі выбараў, аб’явіў сябе прэзыдэнтам.

Сур’ёзна затармазілі Маскоўскі план замены Лукашэнкі на іншага маскоўскага стаўленьніка народныя пратэсты пад нацыянальным сьцягам. Нейкі час Крэмль быў у прастрацыі ад нечаканасьці таго, што сталася (ад беларускай салідарнасьці і беларускіх сімвалаў). Потым, напалохаўшыся, падтрымаў Лукашэнку і ажывіў дапаможны варыянт з Ціханоўскай (праведзены, трэба сказаць, ліха і на пэўны час пасьпяхрова).

Гэта, так бы мовячы, схема падзей у простым пераказе.

Цяпер -- што такое варыянт з Ціханоўскай і Латушкам. Гэта такі ж самы каляніяльны маскоўскі праект, як і з Лукашэнкам 27 гадоў таму. Мэты, пра якія яны кажуць, істотна не адрозьніваюцца. Тут тая ж арыентацыя на Расею, на супрацоўніцтва з Масквой, на прызнаньне яе палітыкі і дачыненьняў, а значыцца і на перайманьне таго, што натварыў Лукашэнка (на прызнаньне пазыкаў і даўгоў, якія нелегітымны сатрап узяў ад Масквы дзеля ўтрыманьня ўлады і павесіў на шыю беларускаму народу). Пры перамозе афёры з Ціханоўскай у дачыненьні з Расеяй нічога б не зьмянілася. Тая ж палітыка і тая ж залежнасьць ад Масквы.

Гэта ня ёсьць беларуская апазыцыя, але група замены існуючага сатрапа на іншага сатрапа ў рэчышчы каляніяльнай імпэрскай палітыкі і залежнасьці Беларусі ад Масквы.

У сапраўднасьці тут антынацыянальная антыбеларуская апазыцыя. Яна дзейнічае ў інтарэсах Масквы і выкарыстоўвае нянавісьць народа да Лукашэнкі дзеля замены старога скампраметаванага халуя на іншага новага прамаскоўскага выканаўцу.

У гэтае рэчышча падключана агентура старой квазі-апазыцыі. Яны рыхтуюць новую незаконную канстытуцыю дыктатуры. Яны супраць законнай Канстытуцыі 1994 года. Яны прынцыпова не карыстаюцца беларускай мовай і супраць, як яны кажуць, "национально ориентированных беларусов". Гэта ёсьць, падкрэсьліваю, ненацыянальная прамаскоўская квазі-апазыцыя, якая абапіраецца на падстаўную фігуру (на "гаворачы рот") Ціханоўскай.

Вельмі не спрыяльна для беларусаў тое, што левы Захад таксама выкарыстоўвае падставу Ціханоўскай у сваёй палітыцы супрацоўніцтва з Пуціным і Масквой. Адсюль абсурдная антыбеларуская палітыка эканамічных санкцыцяў з боку Захаду, блакаваньне камунікацыцяў, інвестыцыяў і т. п. У той час кожнаму прафэсійна-думаючаму палітыку павінна быць зразумела, што эканамічныя санкцыі не паваляць уладу Лукашэнкі, за якім стаіць Расея, але зглумяць жыцьцё Беларускаму народу.

У беларускім друку найбольш даходліва раскрыў каляніяльную прарасейскую палітыку новай квазі-апазыцыі і сутнасьць яе дзейнасьці ў інтарэсах Масквы спадар Віталь Станішэўскі. Ягоны артыкул тут: (https://www.facebook.com/vitali.stanisheuski/posts/6827420667267926 ) Гэта, на мой погляд, на сёньняшні дзень -- лепшая праца на адзначаную тэму.

Каб не пераказваць палажэньні артыкула, раю пачытаць яго па спасылцы. А тут, для ўвядзеньня ў тэму, друкую некалькі выбраных цытат з тэксту В. Станішэўскага.

* * *

Цытата: (............"Разгледзім беларускія бакі працэсу. Гэта тыя беларускія палітыкі, якія адначасова трансліруюць Захаду пасылы аб санкцыях, “агучваюць” іх для фармальнасці як прадстаўнікі народу – і ў той жа час вядуць перамовы з афіцыйнай Расіяй. Давайце не будзем іх называць здраднікамі адразу, а разбяромся дэталёва. Па-першае, яны аргументуюць, што ў Беларусі ад Расіі шмат залежыць і таму з такім партнёрам і бягучаму, і будучаму кіраўніку трэба дамаўляцца. Па-другое, яны дэманструюць Расіі, што яны больш дагавораздольныя, больш прадказальныя, больш сумленныя за бягучага Лукашэнку.

Добра, дапусцім. (...) Дзе ў развагах новых сяброў Расіі – гэтых усіх штабістаў – інтарэсы беларусаў у параўнанні з інтарэсамі расіян? Яны кажуць, што з Расіяй як з аб’ектыўнасцю не варта сварыцца, яны кажуць, што Расіі трэба паказаць нейкую сваю нармальнасць – і тады яна дазволіць ім кіраваць або зробіць на іх стаўку. Ці разумеюць яны, што кажуць пра гатоўнасць служыць інтарэсам Расіі? Ці разумеюць яны, што служыць інтарэсам Расіі так, каб падабацца Расіі, больш чым падабаецца Лукашэнка...?

З эканамічнага гледзішча, паводле схемы рэйдарскага захопу. Беларусь мае даўгі, абавязкі, абяцанні і г.д. перад Расіяй. Яны ёсць пры бягучым рэжыме, яны застануцца пры наступным. Зараз Расія цісне на Беларусь, каб канверсаваць гэтыя фінансавыя цяжары у геапалітычны эквівалент – каб пазбавіць Беларусь суверэнітэту за даўгі. Яна будзе рабіць гэта і пры новым кіраўніку. І калі Вячорка-малодшы або Ціханоўская кажа, што абавязкі і даўгі, якія нарабіў перад Расіяй Лукашэнка, новая ўлада Беларусі сплаціць і нават будзе больш карыснай для Расіі, то я маю пытанні да іх:

- А ў чым ваша карысць для Беларусі?

- Ці разумееце вы з гэтых размоў, што Расія выгрызае зубамі свой дзяржаўны інтарэс, а не дапамагае беларускаму народу ў яго лепшай долі? Здаецца, гэта ж элементарна. (...)

Паводле логікі даўжніка і крэдытора выглядае, што ёсць людзі, якія хочуць скінуць з улады бягучага даўжніка, каб стаць новым даўжніком. Яны рэкламуюць сябе крэдытору як лепшага даўжніка, лепшага выканаўцу абавязкаў. Іх стаўка – не на грамадзян сваёй краіны, якія ў той ці іншай ступені пяроймуць гэты доўг, а на ліхвяра, які трымае краіну і народ у кабале. Яны прапануюць ліхвяру больш выгадныя ўмовы – але больш выгадныя самому ліхвяру. Мяркую, гэта вычарпальнае тлумачэнне, чаму гэтыя людзі выступаюць у якасці здраднікаў?" (...)

Захоп, які робіцца камерцыйнымі метадамі, без сумнення будзе працягвацца камерцыйнымі метадамі. Чалавек, які дваццаць з нечым гадоў лаяльна служыў карпарацыі, не лез у палітыку, не наракаў на адсутнасць мінімальнага пакета акцый, - гэта суперлаяльны да карпарацыі чалавек, гэта яе рука і яе агент. Сама карпарацыя “Газпрам” таксама – гэта ўвасабленне суседняй краіны. Гэта яе блакітная паходня свеціць на экранах у рэкламе, гэта яе Чарнамырдзін зрываў імпічмент у Беларусі ў 1996 годзе і ён жа прасоўваў расійскую экспансію ва Украіне, гэта яна падкупіла Шродэра і не яго аднаго ў Германіі.

І пры нагодзе гэты клерк, Віктар Бабарыка, адкрыта агучвае перспектывы Беларусі – яна не выжыве эканамічна, а калі ўвойдзе ў склад Расіі – людзі толькі ўсцешацца. Гэта не проста настрой ці бачанне прыватнага чалавека, гэта пазіцыя карпарацыі, якая ў сваю чаргу з’яўляецца пазіцыяй краіны – Расіі. Банальная карпарацыйна-камерцыйная логіка, і ажно дзіўна, няўжо ў “штабах” толькі мастакі вясёлых калажаў і няма эканамістаў? (...)

Але якая сувязь між штабамі і Бабарыкам, ці не мажу я ўсіх адной фарбай? Сувязь непасрэдная. Расія хоча непасрэдна Бабарыку. Яна пра гэта дамаўляецца з беларускімі ўладамі, пра што потым гаворыць Латушка і дае тлумачэнні НН. Пра яго прагаворваецца Bloomberg. На яго тоўста намякае Ціханоўская, маўляў, а потым мы выберам менеджара (і гэта не пра яе мужа). І ніякі Вячорка гэтаму не пярэчыць. І ад іх будуць патрабаваць чалавека, вернага інтарэсам Расіі і яе карпарацыі.

Таму, колькі б не гулялі ў дыпламатыю наіўныя хлопчыкі, думаючы, што падладжваннем да крэдытора яны змогуць яго перагуляць, іх вядуць да таго, каб да ўлады прыйшоў лаяльны і дысцыплінаваны выканаўца карпарацыйных каштоўнасцей, які даказаў сваю вернасць двума дзесяцігоддзямі супрацоўніцтва і публічна агучыў курс на здачу Беларусі Расіі"...........). Канец цытаты.

* * *

Беларускі дэмакратычны нацыянальны рух аб’ектыўна па вызначэньні павінен змагацца з лукашызмам і з прамаскоўскай альтэрнатывай лукашызму (група вакол Ціханоўскій і Латушкі, Бабарыкі, Цапкалы і т. п.), якая зьяўляецца працягам палітыкі рускага каляніялізму і залежнасьці ад Масквы.

Першае, што мусіў бы зрабіць беларускі дэмакратычны рух, здабыўшы ўладу ў краіне, -- гэта спыніць каланіяльную і крэдытную залежнасьць ад Расеі, створаную мафіяй Пуціна-Лукашэнкі. Павінен быць нулявы варыянт. Беларусь ня стане сплочваць мафійныя даўгі Лукашэнкі маскоўскаму дзяржаўнаму гэб’ю. Беларусы вернуць і "Белтрансгаз", і іншае. Мы ня раз афіцыйна папярэджвалі Крэмль аб несапраўднасьці зьдзелак з Лукашэнкам. Лукашэнка ніякі не прэзыдэнт. Ён не легітымны, незаконны. Ягонае ўтрыманьне праз Маскву не накладвае абавязкаў на беларускі народ.

Будзе вернута і мяжа, і памежны кантроль з Расеяй, і беларуская мова, і школа, і Канстытуцыя, і незалежная палітыка, і свабода. Мы не баімся пагрозаў Масквы, бо маем на яе лякарства. Яны яшчэ ня ведаюць беларусаў. Ня ведаюць, якая сіла існуе ў нас самых.

Рэпрэсіі супраць беларусаў, якія па бандыцку праводзіць антыбеларускі рэжым, беларусаў не зламаюць. Сасьпее моцны рух супраціву. Лепш бы рэжым рэпрэсіямі не займаўся, не капаў бы сабе грабавую яму. Людзі нічога не забудуць.

Пакуль што беларусы пазнаюць, хто ёсьць хто і што ёсьць што, каб далей ужо дзейнічаць у сваіх інтарэсах.

 

28 лістапад 2021 г.                     Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: