Спадар Мікола Пачкаеў у сваім камэнтары засумняваўся, ці здолее на валанцёрскіх пачатках самаарганізавацца за мяжой нацыянальная беларуская грамадзянская супольнасьць.
Сумненьні сур“ёзныя, бо сапраўды, апошнім часам мы маем вопыт ня вельмі аптымістычны. Але вядомыя прычыны і перашкоды, якія можна пераадолець. Самаарганізацыя і ўздым магчымыя. Энтузіясты таксама ёсць.
Патрэбна выконваць і ажыцьцяўляць два правілы. 1). Разьвіцьцё беларускай нацыянальнай асьветы, прыняцьце беларускай нацыянальнай ідэалёгіі і сцьверджаньне Беларускай мовы ў дачыненьнях. 2). Нацыянальныя суполкі і палітычныя арганізцыі (катэгарычна) не павінны арыентавацца на манетарную актыўнасьць (гранты) і на фінансавую дапамогу эўрапейскіх фондаў і структур. (Магчымыя, аднак, сумесныя гуманітарныя праекты). Задача -- абаперціся на беларускі бізнэс (нацыянальную буржуазію). Такія асобы таксама ёсьць.
Вопыт пасьляваеннай беларускай эміграцыі, якая валодала якасьцямі, адзначанымі ў пункце 1, засьведчыў пасьпяхавасьць. Для эміграцыі 2020 года (атручанай маскоўскім уплывам) выкананьне п.1 – гэта працэс, які вымагае часу, але структураваньне будзе йсці адначасна.
Вельмі важна тут ліквідаваць галоўную перашкоду – ОСЦ («Офіс Сьвятланы Ціханоўскай»), які ляжыць гнілой калодай на шляху беларускага разьвіцьця і барацьбы за вольную Беларусь.
9-га жніўня гэтая група плянуе правесьці свой сход у Варшаве. Беларусам не пажадана прысутнічаць на гэтым сходзе.
8-га жніўня ксенафабічныя дэпутаты Сэйма Летувы рыхтуюць масавы мітынг з патрабаваньнем высяленьня групы ОСЦ зь Вільні. З гэтага, вядома, нічога не атрымаецца, але прысутнасьць ОСЦ у Варшаве і магчымыя праблемы для беларусаў і для Польшчы таксама непажаданыя.
З цягам часу, калі самаструктураваньне і смаразьвіцьцё беларускай эміграцыі набудзе шырэйшы працяг і лепшы нацыянальны ўзровень, тэндэнцыі кансалідацыі павялічацца і стане магчымым стварэньне ўсеагульных беларускіх прадстаўніцтваў. Але пра гэта ня кажам, пакуль ня пройдзены неабходны этап.
6 жнівень 2025 г.
Зянон Пазьняк