НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ СЭНСЕ ТЭРМІНАЛЁГІІ

Практыка паказвае, што ёсьць палажэньні ў сучаснай палітыцы, якія трэба пастаянна паўтараць, бо справа датычыць грамадзкага разуменьня.

Такім чынам, пагаворым аб пазыцыі супраць антыбеларускага прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі. Што гэта за рэжым. У чым яго сутнасьць.

Гэты рэжым у сэнсе будовы ўлады ёсьць не дэмакратычны, аўтарытарны, не легітымны і на сёньняшні дзень таталітарны.

У сэнсе палітычным, гэты рэжым ёсьць прамаскоўскі, антыбеларускі і рэпрэсіўны. Такая яго палітычная сутнасьць.

І цяпер так: людзі, якія выступаюць супраць лукашысцкага рэжыму за дэмакратыю, але «вместе с Россией» (нават калі Расея тут не ўспамінаецца, але сядзіць у іх у патыліцы ці ў пяце), такія людзі кажуць і называюць гэты рэжым толькі так: «белорусский режим». І ніяк інакш. Сто дваццаць разоў пра гэта пісалася, казалася, паведамлялася, што не «белорусский» гэта рэжым. Але ім хоць кол на галаве чашы, усяроўна -- «белорусский режім». Так паўтараюць розныя «экспэрты», «аналітыкі», «невероятные» і ўсе так званыя «беларускія» СМІ, што знаходзяцца на фінансаваньні заходніх грантадаўцаў.

Што абазначае ўпартасьць у такой фальшывай тэрміналёгіі. Яна дае магчымасьць падразумяваць пад «белорусским режимом» увесь беларускі народ і ўсю Беларусь (бо характарыстыка рэжыма адсутнічае, тут названая толькі прыналежнасьць да Беларусі). І тады можна лёгка ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць «белорусского режима», якія кладуцца на ўвесь беларускі народ, а ўласна «рэжым» (Лукашэнка і група ўлады) у выніку эканамічных санкцый бягуць пад Расею разам з нацыянальнай эканомікай.

Словам, выходзіць, што «беларускі рэжым» гэта ўсе беларусы, можна іх дыскрымінаваць (калі ўцяклі за мяжу ад рэжыму), можна спыняць камунікацыі зь Беларусяй, можна ізаляваць Беларусь ад заходняга сьвету, можна рабіць жалезны плот на мяжы, плянаваць укапаць на мяжы забароненыя супрацьпяхотныя міны і г. д.

Такім чынам, называць прамаскоўскі антыбеларускі рэжым «беларускім рэжымам» -- гэта ёсьць усявядомленае (і неўсьвядомленае таксама) антыбеларускае называньне. Людзі, якія так кажуць, звычайна, ведаюць, што яны робяць. Масковец і прамасковец, эўрпейцы (пад уплывам прарасейскай рыторыкі) інакш ня кажуць. Зь іншага боку – гэта ёсьць тэст на беларускі палітычны ўзровень. Палітычна сьведамы, адукаваны і разумны беларус так казаць ня можа.

 

* * *

Ёсьць схаваны аспэкт так званай «тэрміналягічнай» нібы та барацьбы з рэжымам, калі па сутнасьці прарасейскімі людзьмі («барцамі» за дэмакратыю) у шалёную нянавісьць да Лукашэнкі ўкладываецца адначасна і схаваная нянавісьць да Беларусі, і да беларускага народа. Праз грэблівыя адносіны да Лукашэнкі і пад відам непрыняцьця Лукашэнкі падразумяваецца таксама і беларускі народ.

Такія дачыненьні не заўсёды выяўляюцца наўпрост, але добра пазнаюцца шляхам аналізу. Асобы такога роду, як правіла, нічога ня кажуць супраць Расеі. Галоўны вораг у іх – гэта толькі Лукашэнка, зь якім трэба змагацца, зрынуць яго і г. д., каб дасягнуць дэмакратыі. Пра Расею ня ўзгадваюць. І гэта гучыць у час расейскай агрэсіі супраць Украіны, у час гібрыднай расейскай акупацыі Беларусі і ў час масавых падкрэсьлена антынацыянальных рэпрэсій.

Схаваны падтэкст выяўляецца, звычайна, у людзей слаба думаючых, але найбольш у тых, у аснове выказваньняў якіх ляжыць прарасейская арыентацыя тыпу меркаваньняў «харошых рускіх». Тут якраз і гучыць гэты «белорусский режим».

Дзеля ацэнкі рэальнай палітычнай пазыцыі беларусаў цяпер (у час гібрыднай акупацыі Беларусі і расейскай агрэсіі супраць Украіны) стаіць адно пытаньне:

-- Расея – гэта вораг Беларусі? Ці Расея ня вораг Беларусі?

Калі на гэтае пытаньне няма адказу, альбо калі адказам стане, што Расея ня вораг, тады такому беларусу ў палітыцы няма чаго рабіць. Нічога, акрамя шкоды для Беларусі (і для сябе), з гэтага не атрымаецца.

 

6 ліпень 2025 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

 

П о с т с к р ы п т у м. (Асаблівым чынам тут зазначаю што маніпулятарамі і фальшывымі «смі», тут будуць вырваныя сказы з кантэксту і, як звычайна, абхлушана сутнасьць. Маніпулятары цяпер недасяжныя, таму я вымушаны папярэджваць.)

Дадаць у: