Як і трэба было чакаць, разыгрываецца горшы варыянт. Цалкам залежную ад непрыяцеляў і ад "дабрадзеяў" Ціханоўскую стараюцца скарыстаць кожны ў сваіх інтарэсах. Лідыруе Масква. Пуцін перамовіўся з Макронам і Мэркель і выдатна выкарыстаў іхныя эўрапейскія стандарты выхаду з крызісу (непрыймальныя для Беларусі). Мэркель і Маравецкі пагаварылі з Ціханоўскай (плюс летувісы). У выніку Ціханоўская аб’яўляе гатовасьць лічыць сябе прэзыдэнтам і "нацыянальным лідэрам".
Пачалі ствараць "каардынацыйную раду" і паўтараць надакучлівы штабісцкі шаблон пра Бабарыку ды Цапкалу (на выбары і ў прэзыдэнты) . Зьявіліся прапановы пералічыць галасы прагаласаваных выбаршчыкаў (што немагчыма), зрабіць паўторныя выбары (чаго няма ў заканадаўстве, бо ёсьць новыя выбары) і нават аб’явіць Ціханоўскую прэзыдэнтам Беларусі (што ёсьць поўная авантура, бо з гледзішча праўнай працэдуры прэзыдэнтам яна ня ёсьць). Словам, заўважаны увесь дэмакратычны набор недэмакратычных маніпуляцый.
На жаль, усё гэта небясьпечна для Беларускай народнай рэвалюцыі, бо праекцыя авантурных прапаноў на розныя "каардынацыйныя камітэты", як паказвае практыка, мае на мэце адну задачу (у стылі стандартнай эўрапалітыкі) -- усадзіць народ і дыктатуру за перамовы, дыялогі і ўсялякую эўрафікцыю, што зьяўляецца гробам для рэвалюцыі, асабліва ў Беларусі, дзе ўзурпатар чхаў на ўсіх і не зьбіраецца аддаваць уладу "даже после смерти".
Дзеля адзінства рэвалюцыі на каардынацыйны рэвізіянізм і на выкарыстаньне Ціханоўскай цяпер лепш за ўсё не зьвяртаць увагі, не падтрымліваць і не ўключацца. Асновай каардынацыі рэвалюцыйнага руху маглі б стаць рабочыя страйкамы.
Вельмі важна зараз, у сэнсе самаарганізацыі людзей, ствараць паралельныя ворганы мясцовага самакіраваньня.
Трэба заранёў арыентавацца на парляманцкая выбары па Канстытуцыі 1994 года. Неабходна пачаць ствараць грамадзкія акруговыя камісіі па выбарах (260 акругаў), якія стануць асновай выбарчай сістэмы.
Карнавальны і пратэстны дух беларускай рэвалюцыі павінен ператварыцца ў дух змагарны і арганізацыйны. І вось тут неабходна вызваліць ўсіх схопленых і арыштаваных, запатрабаваць сьледзтва і суду над злачынцамі пабіцьця народу.
Аднак у парадку дзеяньняў (і шмат хто тое разумее) стаіць задача хуткага пералому сітуацыі, пакуль трывае масавасьць пратэстаў. Тут усё найбольш залежыць ад здольнасьці і настрою людзей, бо неабходна ўступаць у барацьбу, займаць урадавыя ўстановы і вымушаць рэжымную намэнклятуру прыняць удзел у пераменах -- ажыцьцявіць арышт Лукашэнкі. На гэта пратэстнае грамадзтва, здаецца, яшчэ не гатовае
Асаблівасьць грамадзкага рэвалюцыйнага крызісу ў Беларусі ў тым, што каардынальныя перамены ва ўсіх сфэрах залежаць ад выдаленьня з палітыкі і адхіленьня ад улады аднаго чалавека -- Лукашэнкі, які сам не аддасьць уладу ні пры якіх абставінах. З гэтага, перш за ўсё, трэба зыходзіць у беларускім рэвалюцыйным змаганьні.
Да 30-га жніўня павінна адбыцца інаўгурацыя фальшывага прэзыдэнцтва. Лепш за ўсё не дапусьціць інаўгурацыі узурпатара, які рэальна ня мае права на такую пасаду. Калі б паўмільёна беларусаў прышлі ў гэты дзень да палаца, каб спыніць ягонае нахабства ва ўладзе, то з гэтым яму прышлося б лічыцца (а можа і ўладу згубіць). Хіба што на верталёце б ляцеў ды на дах апускаўся. Рыхтуймася.
18 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК