НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ ВАРЦЕ КУРАПАТАЎ

АБ ВАРЦЕ КУРАПАТАЎ

Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, складанасьці і неадназначнасьці, Курапацкая варта энтузіястаў, якая ўжо паўтары месяцы доўжыцца супраць ганебнай зьнявагі беларусаў пад назовам "Бульбаш-хол -- поедем-поедим", гэтая варта ёсьць аб’ектыўна станоўчая і патрэбная. Сваім стаяньнем яна шмат зрабіла дзеля інфармацыі людзей пра правакацыйную задуму ворагаў Беларусі, пра подлую ролю ў гэтым уласьнікаў незаконнага аб’екту ў ахоўнай зоне Курапатаў, пра маніпуляцыю і карумпаваную пазыцыю прадажнага чынавенства.

            На баку варты самае галоўнае -- праўда і маральная пазыцыя. Іхныя дзеяньні часам сумбурныя, бездапаможныя, яны часта ня ў стане супрацьстаяць правакатарам з вонку і знутры, але нельга ня бачыць ахвярнасьці і адчайнай упартасьці гэтых людзей. Нават арышты, траўмы і калецтвы,  ня стрымліваюць пратэстоўцаў, каб адстаяць гонар, справядлівасьць і памяць па расстраляным народзе. Нават дзясяткі міліцэйскіх пратаколаў, складзеныя слугамі рэжыму на многіх, каб абрабаваць штрафамі, абабраць, прымусіць думаць толькі пра голад і хлеб -- нават гэта не палохае людзей.

            У грамадзтве тое бачаць і разумеюць. Грамадзкая думка (тая, што ўжо абудзілася) асуджае афёру з рэстаранам у ахоўнай зоне Курапатаў. Шмат каму адчыняюцца вочы на сапраўдныя матывы злачынства ля магіл расстраляных.

            Пратэстнае стаяньне і канфлікты перад брамай злачыннага шынка далі магчымасьць убачыць і зразумець, што існуе пэўны план зьнішчэньня Курапатаў і супроцьстаяньне ля рэстараннага аб’екта -- першы яго этап. Тут праверка на паводзіны грамадзкасьці. Шырокі пратэст спыніў бы атаку на Курапаты.

            За апошні час я прысьвяціў гэтай тэме каля дзясятка інфармацыяў, допісаў і артыкулаў пра Курапаты. Цішыня. Дакладна дзейнічае ўстаноўка: "Пазьняка няма. Ён не існуе."

            Але вось зьявілася мая інфармацыя пра гібрыдную акцыю Масквы ў Курапатах і пра пэрспэктывы сілавога ўмяшаньня ў беларускія справы. І тут яны ня вытрымалі, выскачылі. У кожнай рэдакцыі ў запасе існуе істота, якую скарыстоўваюць на такія справы. Пачынаючы ад "Политического собеседника", яны заўсёды ёрнічаюць, хіхікаюць, стараюцца ахаяць, прынізіць і думаюць, што такімі трольнымі паводзінамі некага пахаваюць, што іхняй брахні павераць. Поўная дэградацыя канторскага жанру. Але сімптаматычна, што яны выскачылі.

            Пратэстантам перад брамай злачыннага аб’екта я б цяпер параіў вельмі ўважліва назіраць і сачыць за ўсім, што там адбываецца, фатаграфаваць, запісваць нумары машын, час прыезду, характар тавару, прывоз-вываз, фізіяноміі, тыпажы і г. д. Трэба тое рабіць сістэмна, шмат што адчыніцца. Гэта ня проста рэстаран-бардэль. Тут рыхтуецца маскоўская база на пэрыяд гібрыдных дзеяньняў. Уласьнікі аб’екта ня проста цынікі і амаральныя людзі, яны даўно ўключаны ў подлыя справы подлых структур. Усё гэта паступова вылезе наверх і стане бачна кожнаму чалавеку. Рана ці позна месца іх будзе на лаве падсудных. Пытаньне часу. І праўда пераможа.

 

26 ліпень 2018 г.                                                                              Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: