НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ ЗЛАЧЫНСТВЕ АКУПАЦЫЙНАЙ ДЫКТАТУРЫ І ЯЕ ПСЭЎДА-АПАЗЫЦЫІ

Дыктатура (аўтакратычная дыктатура) -- гэта сістэма дзяржаўнага кіраваньня, якая базуецца на абсалютнай уладзе адной асобы, прызнае абсалютнай каштоўнасьцю ўладу гэтай асобы, дзяржаву і дзяржаўныя інтарэсы. Дыктатура атаясамлівае дзяржаву з нацыяй. Інтарэсы асобы падпарадкаваныя інтарэсам улады і патрабаваньням дзяржавы. Свабода асобы (індывідуальнасьці) абмежаваная.

            Гэта схема клясычнай аўтарытарнай дыктатуры. Такая ўлада не зьнішчае дзяржаву, нацыю і вызначальныя прыкметы нацыі (мову, культуру, традыцыі і г. д.), але схільная да кантролю над грамадзтвам, да рэпрэсіяў супраць асобы і супраць усяго, што супярэчыць уладзе. Вельмі вымоўна напісана аб такой дыктатуры ў "Рухнаме" Туркмэнбашы (Дарэчы, перакладзена па-беларуску). Падобная сытуацыя была з Назарбаевым у Казахстане і інш.

            Пад нашае вызначэньне падыходзяць, практычна, усе дыктатуры Усходу, у тым ліку і дыктатуры Эўропы 20-га стагоддзя, акрамя расейска-камуністычных рэжымаў і рэжыму Лукашэнкі, які ў гэтым сэнсе выглядае не тыповым (і нават унікальным), бо сістэмна вынішчае ідэнтыфікацыйную сутнасьць беларускай нацыі (мову, культуру, гісторыю, адукацыю, традыцыі, нацыянальную грамадзкую супольнасьць і інш.). Пры гэтым праводзяцца шырокія антынацыянальныя рэпрэсіі супраць народа з пазбаўленьнем жыцьця, свабоды, здароўя, права на працу, на маёмасьць, адбываецца выгнаньне з краіны.

            Тлумачыцца ўсё тым, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца рэдкай, але тыповай, гібрыднай акупацыйнай дыктатурай, якая ўзьнікае не з прычыны адкрытай акупацыйнай агрэсіі іншай краіны, але ў выніку гібрыднай вайны і ўнутранай акупацыі Беларусі. Асноўную ролю ва ўнутранай акупацыі краіны адыгрывалі расейскія спэцслужбы (КГБ), прапаганда і нацыянальная здрада кіруючых вярхоў (якія ў Беларусі засталіся з часоў СССР).

            Унікальнасьць гэтай лукашысцкай тыпалагічнай схемы заключаецца не ў яе тыпалогіі, але ў суб’ектнасьці гібрыднага акупанта і яго генацыднай палітыкі. Менавіта -- у Расеі. Сутнасьць расейскай акупацыйнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і Украіны не ўкладваецца ў галовах палітыкаў Заходняга сьвету і ў сьвядомасьці вялікай часткі беларускага акупаванага насельніцтва, бо зьмест яе гучыць нецывілізавана, дзіка і непрывычна; іншым у яго цяжка паверыць, менавіта: Беларускай дзяржавы, нацыі і народа не павінна існаваць. (Тое ж самае -- для Украіны.)

            Гэтая палітыка Масквы была сфармуляваная і прынятая яшчэ за часы сярэднявечнай маскоўскай дзікасьці ў 17-м стагоддзі, у час так званага "Патопу," -- маскоўскага нападу на Вялікае Княства Літоўскае, калі маскоўскім царом была пастаўлена задача зьнішчыць усё Вялікае Княства, спаліць гарады і забіць усё насельніцтва. (Было забіта больш за палову.)

            На сёньняшні дзень такая тактыка і мэтадалёгія Масквы сталася яшчэ больш вырабленай. Сутнасьць жа засталася той жа, што і ў сярэднявеччы. А што датычыць Украіны, то мы бачым цяпер сярэднявечны паўтор Патопу. Варвары ў халатах не зьмяніліся. Толькі ўлезьлі ў эўрапейскія касьцюмы і гальштукі.

            Акупацыйная дыктатура ў Беларусі мае асаблівасьці, скарыстаныя Масквой і вельмі не карысныя для Беларускай нацыі. Масква знайшла, прывяла да ўлады ў Беларусі і выкарыстала мясцовую асобу з псіхічнымі асаблівасьцямі ў сьвядомасьці і, галоўнае, з комплексам паранойнай нянавісьці да ўсяго беларускага. Калі б на месцы Лукашэнкі быў бы пастаўлены які-небудзь маскоўскі гаўляйтар Іваноў, то сітуацыя ў грамадзтве была б больш зразумелая. Чужак ёсьць чужак. Іншае было б і разуменьне ў міжнароднай грамадзкасьці. Але сталася, як сталася. На сёньняшні дзень уся Беларусь выглядае суцэльнай нацыяльна-культурнай катастрофай.

            За мяжой увогуле не разумеюць, як гэта "свой"  ненавідзіць і зьнішчае ўсё сваё. Як ні дзіўна, але часам людзям складана зразумець паталагічную здраду і зьнішчэньне Беларусі Масквой праз свайго стаўленьніка і мэнтальнага "мэдыюма". Тут маскоўцы ўсё прадумалі, і ў выніку -- палітычна захапілі цэлую краіну без адзінага стрэлу, не нясуць ніякай за яе адказнасьці, бесперашкодна заходзяць са сваім войскам на яе тэрыторыю, нападаюць на Украіну, рукамі стаўленьніка  зьнішчаюць усё беларускае, русіфікуюць насельніцтва, праводзяць рэпрэсіі і г. д. Прытым маскоўцы ськіроўваюць нянавісьць усіх абураных акупацыяй беларусаў на адрас тубыльца ("свайго калгасьніка") Лукашэнку -- самы застаючыся ў цяні.

 

            Тут адзначу характэрную і шкодную для нацыі мэтоду стварэньня кіруемай рэжымнай апазыцыі, мэтоду, на жаль, амаль не зразумелую для людзей, што вырасьлі ў несвабодзе акупацыйнай дыктатуры.

            Гэты прыём (кіруемай псэўда-апазыцыі) прыдумалі расейцы ў пачатку 20-га стагоддзя для барацьбы са свабодай і беларускім нацыянальна-вызвольным рухам. У парадыгме такой барацьбы расейскі рэжым стварае сваю кіруемую апазыцыю супраць сваёй жа ўлады і супраць свайго рэжыму. Створаная псэўда-апазыцыя, прасякнутая агентурай (асабліва ў кіраўніцтве), дэкларатыўна выступае супраць рэжыму дыктатуры, асабіста супраць дыктара, на словах змагаецца за свабоду слова, за вольныя выбары, правы чалавека і г. д. -- поўны набор.

            Галоўная фразэалёгія псэўдапазыцыі ў Беларусі -- барацьба "за дэмакратыю", але пры гэтым ня ставіцца пытаньне беларускага нацыянальнага адраджэньня і нацыянальнага змаганьня супраць антыбеларускай палітыкі Расеі. Наадварот, гэта зацямняецца, заклікаюць змагацца за дэмакратыю разам з "дэмакратычнай Расеяй", маўляў, галоўнае -- дэмакратыя і яшчэ раз дэмакратыя. Напрыклад, гучыць такое: -- Если мы поставим белорусский язык впереди демократии, мы как нация погибнем. -- вяшчалі клеўрэты русіфікатарскай "дэмакратыі" (С. Алексіевіч).       

            Значыцца, гавораць ўсё навыварат, бо ва ўмовах расейскай генацыднай палітыкі (калі маскавіты праз рэжым зьнішчаюць беларускую мову) "белорусский язык", такі ненавісны маскоўцам, -- ёсьць якраз  найвялікшая дэмакратыя і аснова існаваньня Беларускай нацыі.

            Псэўда-апазыцыя прадумана дызарыентуе беларусаў, адцягвае іх ад рэальнага змаганьня з расейскім ворагам за нацыянальную свабоду, за нацыянальныя каштоўнасьці, за беларускую мову і нацыяальнае адраджэньне. "Псэўды" ўцягваюць беларусаў у імітацыю палітыкі, якая, па сутнасьці, зьяўляецца каланіяльным праектам і па задумцы -- бяспройгрышная для Масквы. Бо калі, напрыклад, па нейкіх прычынах прамаскоўскі рэжым падае, то ўзамен яму, пры падтрымцы ашуканага народа, па задумцы прыходзіць да ўлады прамаскоўская агентурная псэўдаапазыцыя, і ўсё пачынаецца спачатку. Зноў "вместе с Россіей".

 

            Было некалькі псэўдаапазыцыйных накатаў на антыбеларускі рэжым і шмат правакацыйных вылазак, пасьля чаго рэжым праводзіў зачыстку грамадзтва ад актыўных беларусаў і пачынаў рэпрэсіі супраць нацыянальна здаровага насельніцтва, умацоўваючы сваю ўладу.

            Апошняя правакацыя адбылася ў 2020-м годзе. У гэты час псэўда-апазыцыя заўважна русіфікавалася і нават не хавала сваёй прарасейскай прапуцінскай сутнасьці і арыентацыі на Пуціна ды на Маскву. Правакацыя выклікала потым шалёныя рэпрэсіі супраць беларускага народа. Тысячы беларусаў падаліся ў эміграцыю. За межамі Беларусі апынулася і псэўда-апазыцыя.

 

            Мы бачым як за мяжой працягваецца падтрымка псэўдаапазыцыі з боку лева-лібэральнага Эўразьвязу і адкрытае яе напаўненьне агентурай (расейскай і лукашысцкай).

            Па маіх назіраньнях, колькасьць агентаў і стукачоў у так званым віленскім "офісе" большая, чым колькасьць не стукачоў і не агентаў. Зараз яны нават не прыкідваюцца і не хаваюцца, дзейнічаюць амаль адкрыта, карыстаючыся бесталковасьцю заангажаваных пад сябе беларусаў.

            Стратэгічная задача псэўда-апазыцыі за мяжой такая ж самая: на выпадак упадку рэжыму Лукашэнкі замяніць яго (пры падтрымцы немцаў і Масквы) і прадоўжыць прамаскоўскую арыентацыю беларускага грамадзтва. Сумняваюся, аднак, што тут у іх нешта атрымаецца з прычыны поўнай палітычнай нямогласьці. Але, як паказвае рэчаіснасьць, у прарасейскай шкоднай справе ўсё магчымае.

             Псэўда-апазыцыя пасьлядоўная ў сваёй антыдзяржаўнай антынацыянальнай фразэалёгіі, падтрымлівае эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларускага народу, транспартную і паветранную блакаду Беларусі, адмаўляе перамовы з рэжымам Лукашэнкі аб вызваленьні палітвязьняў і інш.

 

            У сувязі са становішчам, якое склалася, гіпатэтычна  існуе толькі адзін варыянт усталяваньня народнай беларускай улады пасьля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму. Гэта, калі ў выніку абставінаў, масава падымецца народ. Я ўжо пісаў, што беларускі нацыянальны авангард у гэты час будзе гатовы да адпаведных канкрэтных дзеяньняў.

            Усе астатнія варыянты, пра якія пішуць некаторыя аналітыкі, -- умоўна-верагодныя, але пакідаюць ва ўладзе антынародны рэжым. Разглядаюць такія магчымасьці:

-- перадача ўлады сям’і -- Віктару Лукашэнку і набліжаным.

-- Закалат прарасейскіх агентаў пры падтрымцы Масквы.

-- Прамаскоўскі алігархат.

-- Прамаскоўскі апарат.

            Варыянт з псэўда-апазыцыяй нават не разглядаецца. У выпадку народнай рэвалюцыі першым чынам павінна быць праведзена жорсткая люстрацыя. (І найперш люстрацыя псэўда-апазыцыі). Прытым без прамаруджваньня. У выніку ў асяроддзі агентурнай псэўда-апазыцыі адбудуцца гвалтоўныя перамены. Магчыма, нават за кратамі.

            Беларусам, нарэшце, трэба ўсьвядоміць відавочнае, што і рэжым Лукашэнкі, і псэўда-апазыцыя -- гэта ў дачыненьні да нацыянальнай будучыні Беларусі -- адно і тое ж. Вольнай нацыянальнай будучыні ня будзе. Тут два бакі аднаго медалю. Адпаведна, адносіны да іх -- аднолькавыя.

 

28 травень 2025.

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: