Загад на зьнішчэньне крыжоў у Курапатах у час Вялікага посту аддаў асабіста Лукашэнка. Як звычайна -- загад у абход закону. Гэта акт сатанізму. Пяройдзена мяжа. Парушана непарушнае. Народны Мэмарыял Курапаты -- гэта ёсьць сімвал народнай трагедыі Беларусі. Варвар замахнуўся на яго зьнішчэньне. Таймер уключаны. Кожная секунда адлічвае ягоны час. Пяройдзены рубікон.
Цяпер кожны дзень людзям трэба быць у Курапатах. Кожны дзень пасьля працы можна прыехаць на 19.00 да Крыжа Пакуты, абмяняцца інфармацыяй, сказаць малітву паўтарыць патрабаваньні. Яны такія:
1. Вярнуць і паставіць на месца крыжы, выламаныя 4-га красавіка.
2. Не перашкаджаць вольнаму доступу людзей у Курапаты і ўстаноўцы крыжоў памяці.
3. Ліквідаваць незаконна збудаваны забаўляльны рэстаран "Поедем-поедим" у ахоўнай зоне Народнага Мэмарыялу Курапаты.
Кожную нядзелю а 14-й гадзіне трэба зьбірацца на "Галгофе" Народнага Мэмарыялу Курапаты на вялікае маленьне, абмен думкамі і Крыжовы шлях. Несьці з сабой крыжыкі і крыжы дзеля сьведчаньня памяці аб генацыдзе продкаў.
У Курапатах мусіць быць пастаянная прысутнасьць людзей, каб сьвятое месца не апанавалі бесы.
Зьвяртаю ўвагу таксама на падкопы агентуры і правакатараў. Яны пачалі клікаць людзей на плошчу Свабоды, каб маліцца там, бо там, як яны кажуць, "будзе больш людзей і Бог лепш пачуе, чым тут, у Курапатах". Гэта блюзьнерства. Пільнаваць Курапаты трэба ў Курапатах, а не ў цэнтры Менску, дзе рэжым будзе мець падставы разагнаць і арыштаваць людзей. Нельга паддавацца на правакацыі запісных "гапонаў".
Зьбіраймася ў Курапатах. Будзьма салідарныя. Нас шмат. Гуртуйма сілы сьвятла. Д’ябал мусіць быць пакананы. Будучыня -- для Беларусі.
5 красавіка 2019 г. Зянон Пазьняк