Праблема абортаў (штучнага прыпыненьня цяжарнасьці) была ўвесь час, ад пачатку існаваньня цывілізацыі і культурнага чалавецтва. Ва ўсе часы, ва ўсіх краінах яна была вырашана па-рознаму, падыходы (сістэма дазволаў і забаронаў) зьмяняліся даволі часта. Усюды гэтае пытаньне было зьвязана з рэлігіяй, ідэалогіяй, сацыяльным станам грамадзтва, дэмаграфіяй, эканамічнымі і палітычнымі запатрабаваньнямі. Гітлерызм, напрыклад, прадпісваў абавязковую падтрымку абортаў на акупаваных тэрыторыях і забарону медыцынскай дапамогі акупаванаму насельніцтву (палітыка на выміраньне), а цяперашні Кітай дае поўную свабоду абартацыі з мэтай абмежаваньня росту насельніцтва (палітыка дэмаграфічнага абмежаваньня). Палітыка перанаселеных Кітая і Індыі ў галіне абартацыі зьвязана якраз з чыньнікам дэмаграфіі. (На сёньняшні дзень, дарэчы, такая палітыка стварыла сур’ёзныя сацыяльныя і крымінальныя праблемы ў гэтых краінах.)
Бальшыня краінаў плянэты (акрамя некалькіх, дзе аборты забароненыя цалкам і без выключэньняў) ажыцьцяўляюць узважаны падыход – аборты забароненыя, але пералічваецца цэлы шэраг медыцынскіх, сацыяльных, юрыдычных, крымінальных і іншых чыньнікаў, калі аборт неабходны альбо дазволены.
Акрамя перанаселеных тэрыторыяў, аборт дазволены ў краінах так званай “белай” зоны. Гэта Эўропа, Канада, ЗША і Расея. І гэта нягледзячы на тое, што прырост насельніцтва тут мінімальны, а то і адмоўны (Беларусь, Расея), а культура гэтых краінаў -- хрысьціянская. Тым ня менш за апошнія 20 гадоў (пасьля краху СССР і пашырэньня Эўразьвязу) менавіта тут даволі штучна (на першы погляд, нават неадэкватна) узьнялося пытаньне пра “свабоду” і “забарону” абортаў. Гэтае пытаньне ўлады Эўразьвязу і Амэрыкі зрабілі міжнароднай палітыкай, яно штучна і правакацыйна, зь вялікай дозай дэмагогіі пастаўлена на катурны і, што зусім ненармальна, -- раскалола цэлыя грамадзтвы (Польшча, ЗША; на падыходзе Ірляндыя, Венгрыя, Славаччына, і нават Вялікабрытанія).
У чым прычына ўспышкі такога гістэрычнага стану ў лібэральнай палітыцы? (Прытым побач з гэтым мусуюць такое даўно зразумелае пытаньне, якое таксама штучна ўведзена ў палітыку, як забарона сьмяротнага пакараньня для ўсіх забойцаў і нішчыцеляў чалавецтва.)
Прычына – у самой антыхрысьціянскай ідэалёгіі лявацкага лібэралізму, накіраванай (сьведама і нясьведама) на разбурэньне вобразу чалавека, створанага хрысьціянскай эпохай і вывядзеньне новай лібэральнай асобы, пагрунтаванай на свабодзе выбару, на антычных прынцыпах маралі і тэхналёгіях кансумэнцкага сьвету. Фактычна – гэта вяртаньне ў тыл, тое самае, што было ў позьнім сярэднявеччы ў часы “рэнесансу” (адсунутага ў бок контаррэфармацыяй). Сутнасьць канфлікту тая ж самая – вяртаньне да вобразу асобы і да свабоды антычнасьці (да таго, на чым зайшоў у тупік і ад чаго зьнік старажытны сьвет).
Дарэчы, аборты ў антычнасьці былі звыклай зьявай. Навароджанага не лічылі чалавекам, пакуль ні адбываўся адпаведны паганскі абрад. У Спарце дэфектных і слабых немаўлят маглі проста ськінуць у бездань.
Штуршком да лібэральнай агрэсіі ў гэтым пытаньні, якая не спыняецца па сёньняшні дзень, паслужыла прыняцьце больш адэкватных і строгіх законаў аб абортах у краінах савецкай зоны пасьля распаду СССР, дзе ў апошні час, як вядома, была поўная свабода абортаў. У практыку пачалі вяртацца хрысьціянскія прынцыпы ў ацэнцы жыцьця чалавека. Гэта і выклікала нэрвовую рэакцыю ў заходніх лібэральных колах.
У польскі порт Гданьск нейкая лібэральная краіна прыслала нават спэцыяльны карабель з медпэрсаналам, які аб’явіў, каб польскія жанчыны ішлі да іх рабіць бясплатныя аборты. Праз нейкі час правакацыйны карабель адправілі. І добра яшчэ, што абураныя палякі яго не патапілі, а то было б шкода людзей на борце, ачмураных дэмагогіяй.
Жыцьцёвы вопыт паказвае, што тут не павінна быць крайнасьцяў. Калі ненармальнае разьвіцьцё плоду, напрыклад, пагражае жыцьцю жанчыны, то які павінен быць выбар? І хто яго зробіць? Бескампрамісны закон? Тады гэта забойства жанчыны.
Вольная свабода абортаў тым часам часьцей за ўсё прыводзіць людзей да выпраўленьня сваіх памылак коштам жыцьця ненароджаных дзяцей. Гэта значыць – да забойства ненароджаных.
Лібэральныя прыхільнікі вольнага жыцьця і безадказнасьці за зьнішчэньне плоду сканцэнтраваліся на жаданьні даказаць, што плод ня ёсьць чалавекам, ці што пакуль ні сфармуецца нэрвовая сістэма, плод (эмбрыён) – не чалавек і г. д. Спрэчка, пачатая дзеля таго, каб лічыць, што аборт – не забойства (раз плод не чалавек). Аргумэнты гэтага боку вельмі слабыя, разбаўленыя непрыкрытай дэмагогіяй і сафістыкай.
Вельмі даўно, яшчэ старажытныя кітайцы ведалі, што ёсьць пачатак чалавека. Гэты пачатак ёсьць злучэньне пляменьніка і яйкаклеткі і ўтварэньне эмбрыёна. Як толькі яны злучацца, пачынае разьвівацца праграма, ствараецца чалавек. Гэткага погляду прытрымліваецца і Хрысьціянства.
Практыка, дарэчы, выявіла выпадкі ў медыцынскай навуцы, калі прыхільнікі аборту пад уплывам сваіх жа дасьледваньняў плоду зьмянялі свае погляды на супрацьлеглыя. Такое асабліва было зьвязана, калі даказалі, што плод на раньніх этапах адмоўна рэагуе на механічныя інструмэнты медыцынскай працэдуры аборту (стараецца як бы ўхіліцца і адчувае боль, у ім адбываюцца панічныя зьмены, фіксаваныя прыборамі , ён як бы нячутна крычыць і г. д.).
Але гэта выпадкі ў навуцы. У палітыцы і ідэалогіі такіх выпадкаў не зафіксавана. Прыхільнікі свабоды абортаў з той катэгорыі асоб, якія дэмагагічна абапіраюцца тут на прынцыпы свабоды і правы чалавека. Маўляў, нараджае жанчына, і гэта яе права распараджацца – нараджаць ці не. З гледзішча прыроды, такое гучыць дзіка, бо прырода не забівае сама сябе. У нараджэньні – сэнс працягу жыцьця. З пункту гледжаньня хрысьціянскай маралі і натуральнага права, усё якраз у тым, што такога права (не нараджаць) цяжарная кабета ня мае. Цяжарнай жанчыне належыць толькі абавязак (наканаваны прыродай) рэалізаваць права таго, хто хоча нарадзіцца, бо ён у яе ўлоньні абараніць сваё гэтае права ня можа. Вось гэта і ёсьць яго права ненароджанага чалавека, за якое адказная яго маці.
Тут мушу адзначыць, што «права распараджацца – нараджаць ці не» жанчына мае, але гэтае права рэалізуецца перад зачацьцем. Яно падтрымана прыродай (прыроджаная інтымная сарамлівасьць жанчыны), маральлю і юрыдычнай практыкай народаў (асабліва ў Хрысьціянстве і ў Ісламе). Жанчына вырашае ўступаць у палавы кантакт ці не. І калі гэтае яе права ігнаруецца і палавы кантакт навязваецца сілай (гвалт), тады гэта паўсюдна лічыцца найвялікшым злачынствам і ў некаторых месцах (пры абцяжарваючых абставінах злачынства -- забойстве) караецца нават сьмерцю.
Дык чаму ў лібэральным сьвеце тут ўсё паставўлена з ног на галаву? Таму што такая ёсьць ідэалогія лявацкага лібэралізму зь яго антымаральным, антычалавечым паняцьцем свабоды. Лібэралізм культывуе сэксуальна вольную жанчыну (чытай распусную), вызваляе яе ад маральных і рэпрадуктыўных абавязкаў. А паколькі вынікам такіх «вольных» паводзінаў можа стаць цяжарнасьць, то і тут унушаюць людзям, што кабета вольная – можа не нараджаць, выкінуць ненароджанага чалавека ў сьметнік, зьліць ў каналізацыю. Паўтаруся: вольная яна была перад зачацьцем. Калі зачацьце наступіла (па згодзе кабеты), тут ў яе застаецца толькі абавязак нарадзіць, рэалізаваць права новага чалавека на нараджэньне.
Для лібэральнай дэмагогіі вельмі характэрна перакручваць законы прыроды, абавязак прыроды падаваць як вольнае права, збочанасьць разьвіцьця лічыць за множнасьць відаў прыроды, у крымінальным забойстве абараняць жыцьцё злачынцы, спасылаючыся на запаведзь “не забівай” (хаця забіў і парушыў запаведзь якраз злачынца) і г. д. Стаўленьне зьявы з ног на галаву – характэрны прыём гёбельсаўшчыны і гэбізму. Тут сістэма лібэральных паводзінаў цалкам карэлюецца.
Слухаючы ўзбуджаную прапаганду свабоды абортаў, зьвяртаем увагу на паводзіны такіх людзей. Звычайна яны ня чуюць ніякіх аргумантаў насуперак сваёй пазыцыі. Такія паводзіны якраз характэрны для псіхалогіі лібэральнага люмпэна (псіхалогіі зграі). Тут часам выяўляецца ня толькі ўжо звыклая для фэміністак хваравітая нянавісьць да супроцьлеглага полу, але і родавая нянавісьць лявацтва да ўсяго Хрысьціянства, да ўсялякай сьвятасьці і традыцыяў прыстойнасьці. Нядаўна ў Польшчы адна такая азлобленая на ўвесь сьвет асоба заявіла, што зробіць аборт на Вігілію Нараджэньня Хрыстова (і, як быццам, тое зрабіла). Усё гэта пацьвярджае, што справа ня толькі ў абортах (як, зрэшты, і ня толькі ў гомасэксуалізме і іншым дэвіанцтве), але ў выкарыстаньні магчымасьці расперазанай маніфэстацыі зла.
Але тут усё ж трэба мець на ўвазе і крымінальны аспэкт. У апошні час у Расеі і на Захадзе выяўлены групы людзей, якія гандлююць стваловымі клеткамі чалавечых эмбрыёнаў. Зь іх робяць лекавы матэрыял для амаладжэньня арганізму. Мафія такога роду зацікаўлена ў стабільных абортах, а сацыяльна не ўладкаваныя жанчыны вымушаныя часам пагаджацца быць “інкубатарамі” дзеля злачыннага бізнэсу. Вялікія грошы ў сучасным сьвеце ляжаць у аснове вялікіх злачынстваў. Грошы мафіі сталі ўплываць на палітыку. Недаацэньваць крымінальны аспэкт у гэтым пытаньні было б няправільна.
Калі агулам з улікам гісторыі прааналізаваць нават невялікую частку матэрыялаў па праблеме абортаў, то становяцца відавочным дзьве высновы, якія можна зрабіць. Найперш, што гэта вельмі сур’ёзнае, глыбокае і складанае пытаньне, якое датычыць кожнага чалавека (кожнага, бо яно заўсёды пытаньне дваіх, але абавязак – на адным).
Другое – гэта тое, што праўда пасярэдзіне і заключаецца ў тым (фармулёўка істотная), што аборты мусяць быць забароненыя з заканадаўчым абазначэньнем усіх выключэньняў, калі яны дазволеныя. Улічваючы складанасьці сучаснага жыцьця, сьпіс выключэньняў мусіць быць дастаткова поўным, канкрэтызаваным і абгрунтаваным, вымагае сур’ёзнай і дакладнай юрыдычнай працы, бо справа ідзе, як я лічу, аб пытаньні важнейшым, чым сьмерць – аб нараджэньні новага чалавека.
5 ліпеня 2013 г. Зянон Пазьняк