НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Адключэньне ад разеткі

Адключэньне ад разеткі

14-га і 15-га жніўня, калі была адключана падача электраэнэргіі на ўсходнім узьбярэжжы Амэрыкі, я якраз быў выехаўшы ў Нью-Ёрк, хадзіў па вуліцах Брукліна і Манхэтана.

Нікога, на жаль, не цікавілі лёсы людзей і сітуацыя ў абясточаным Бялградзе ці ў Багдадзе, але да Амэрыкі – павышаная ўвага. На мой погляд, гэта тлумачыцца падсьведамай цікаўнасьцю ў сьвеце да ведаў пра моц амэрыканскай сістэмы ў надзвычайных абставінах.

Мой вывад вельмі несуцяшальны. Амэрыканская жыцьцёвая сістэма надзвычай датклівая і ў гэтым сэнсе слабая, бадай што, як ніякая іншая. Гэта тлумачыцца двума чыньнікамі: высокай тэхналягічнасьцю амэрыканскай жыцьцёвай сістэмы, завязанай амаль выключна на электраэнэргію, і другое – непрыстасаванасьцю амэрыканцаў да іншых жыцьцёвых варункаў.

Ня трэба і атамнай вайны. Ніякі атамны выбух, нават два, нават дзесяць ня зьнішчаць Амэрыку. Тым часам адключэньне краіны ад электраэнэргіі на два-тры тыдні можа поўнасьцю разбурыць яе. Стане ўсё, нават аўтамабілі.

Калі разважаць бяз прыкладаў, то ўсё гэта здаецца тэарытычнымі меркаваньнямі, якія чалавек ня ўмее, ці ня рупіцца ўявіць у рэальнасьці.

15-га жніўня Манхэтан, дзе ўжо паўсюдна была падключана электраэнэргія, выглядаў, тым ня менш, як напаўмёртвы горад. Мала аўтамабіляў, бруд на вуліцах, зачыненыя крамы і ўстановы, няма сьветавой рэклямы. Рабункаў не было, але я адчуў напружанасьць у парадзелым натоўпе. Людзі, нібы сочаць адзін за другім, касавурацца на мой фотаапарат, поўна падазроных тыпаў, шмат паліцыі вакол аўтобуснага і чыгуначнага вакзалаў, Галоўнай пошты і ўстановаў.

І амэрыканскае, і эўрапейскае, і ўвогуле заходняе грамадзтва ёсьць, на маю думку, сур’ёзна хворае. Дыягназ: рэгрэс духу. Такому грамадзтву цяжка перажываць грамадзкія катастрофы. Але ў адрозьненьне ад Эўропы (якая сёлета афіцыйна адмовілася ад хрысьціянства і хрысьціянскай спадчыны культуры), больш прымітыўнае грамадзтва Амэрыкі мае большы запас трываласьці.

Я гэта адчуваў даўно, але не сьпяшаўся фармуляваць. Падзеі 11-га верасьня і 14-га жніўня ў Нью-Ёрку ўмацавалі мяне ў гэтай думцы.

Трываласьць амэрыканскага грамадзтва палягае на сьляпой веры амэрыканцаў у моц, справядлівасьць і найлепшасьць Амэрыкі. Таму яны давяраюць уладзе, гатовыя падпарадкоўвацца і супрацоўнічаць зь ёй. Яны лічаць, што гэта іхная ўлада і іхная краіна. Такая мэнтальнасьць спрыяе грамадзкай салідарнасьці, ахвярнасьці і ініцыятыве. Амэрыканскае грамадзтва, не зважаючы на сваю матэрыялістычнасьць, абмежаванасьць, сацыяльную і этнічную рознасьць, здольнае, тым ня менш, хутка скансалідавацца на абарону Амэрыкі і самых сябе. На гэтым і палягае спэцыфічны амэрыканскі патрыятызм.

14-га жніўня радыё заклікала амэрыканцаў захоўваць спакой, дапамагаць паліцыі і адзін аднаму, асабліва інвалідам, людзям нямоглым і бездапаможным.

Яны гэтак і рабілі. Я праехаў і прайшоў дзясяткі перакрыжаваньняў у Брукліне. Практычна, на ўсіх стаялі дабраахвотнікі і рэгулявалі рух машын (бо сьветлафоры ня дзейнічалі і аварыі былі гарантаваныя). Гэтых дабраахвотнікаў ніхто не арганізоўваў. Гэта бруклінцы, простыя амэрыканцы, што ішлі па тратуары. Кожны мог зыйсьці, стаць на перакрыжаваньне і рэгуляваць рух, дапамагаць людзям за кіраўніцай. Так і было.

Шмат дзе амэрыканцы-гандляры, уладальнікі прадуктовых крамаў, выносілі прадукты з адключаных халадзільнікаў (сьвежае мяса і інш.) і раздавалі тым, хто меў патрэбу ў ядзе, хто браў. Не спадзяваліся, што можа хутка ўключыцца ток, а дапамагалі іншым.

А ці ведаюць тым часам нашы браты-беларусы, што кожны дзень лекцыі ў амэрыканскай школе пачынаюцца з сьпяваньня амэрыканскага гімну. Вучні сьпяваюць стоячы, паклаўшы руку на сэрца. Кожны амэрыканец ведае і сьпявае амэрыканскі гімн.

Нашым гімнам “Магутны Божа” заканчваецца богаслужба ў беларускіх цэрквах у вольным сьвеце. Але й тут далёка ня ўсе вернікі яго сьпяваюць, бо ня ўсе ведаюць. А на гэтых жа зьнешне простых зьявах палягае моц, патрыятызм і кансалідацыя людзей.

І тут нам, беларусам, трэба б было найбольш павучыцца ў амэрыканцаў.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: