АДРАДЖЭНЬНЕ
Адраджэньнем называецца ўнівэрсальны палітычны накірунак акупаванай (прыгнечанай) нацыі (народа) у змаганьні за свабоду і незалежнасьць. Вылучаецца як шырокі грамадзка-культурны і палітычны рух, які ставіць задачу адрадзіць усё разбуранае акупантамі (прыгнятальнікамі), найперш вярнуць афіцыйнае ўжываньне нацыянальнай мовы, аднавіць нацыянальны тэатр, мастацтва, літаратуру, эканамічную і палітычную дзейнасьць і на гэтым грунце сьцьвердзіць нацыянальную ідэю як аб’яднаўчы чыньнік народа (нацыі) на шляху да стварэньня незалежнай дзяржавы.
Адраджэньне – гэта мірны мэтад палітыкі, які прадугледжвае здабыцьцё свабоды шляхамкансалідацыі, ціску, пратэстаў і дамоўленасьці. Пры немагчымасьці дасягненьня мэты шляхам дамоўленасьці і пры збройных рэпрэсіях імпэрскага (акупацыйнага) боку рух Адраджэньне мог перарастаць ва ўзброеную барацьбу так, як здарылася тое, напрыклад, у 1917-20 гадах у Расейскай імпэрыі пры ўладзе бальшавікоў. Збройна мусілі змагацца ўвесь Каўказ, Эстонія, Беларусь, Украіна, Польшча. І толькі Фінляндыя вызвалілася шляхам дамовы (але мусіла ваяваць за незалежнасьць пазьней -- у 1939).
«Адраджэньнем» называўся Беларускі Народны Фронт, які ў 1991 годзе прывёў Беларусь да здабыцьця Незалежнасьці. Адраджэньнем можа называцца таксама чыста культурніцкі рух, які ўзьнікае ў залежнасьці ад абставінаў.
Імпэрскай захопніцкай альтэрнатывай нацыянальна-вызвольнай палітыцы Адраджэньня зьяўляецца палітыка “статус-кво”.
Ліпень 2013 г.