У кастрычніку на Берасьцейскай мытні арыштавалі кнігу Зянона Пазьняка і Валеры Буйвала "Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял" і кнігу Зянона Пазьняка "Добрая Фатаграфія". Задэкляраваныя кнігі (2 экз.) адабралі ў спадара Аляксандра Чахольскага, адказнага сакратара Управы КХП -- БНФ, і накіравалі на рэжымную экспэртызу. Праз месяц спадар Чахольскі атрымлівае з Берасьцейскай мытні ліст на рускай мове наступнага зьместу:
"Направляю на Ваш адрес копию заявления Брестской таможни в суд Московского р-на г. Бреста о признании інформационной продукции -- книг "Добрая Фатаграфия" в количестве 2-х штук, "Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял" в количестве 2-х штук, экстрэмисцкими материалами.
Заместитель Начальника таможни
по правоохранительной работе И. Ю. Рудаков"
Гэты "дакумант эпохі" гучыць, як сказалі б маскоўцы, "пахлешчэ", чым "Скарына ў Піцеры". Кнігу, якая распавядае пра злачынствы супраць чалавецтва, зьдзейсненыя маскоўскімі тэрарыстамі-бальшавікамі, кнігу пра тысячы і мільёны забітых людзей, расстраляных вылюдкамі расейскага камунізму, гэтую кнігу нашчадкі злачынцаў задумалі абазваць «экстрэмісцкім матэр’ялам».
Антыбеларускія ўлады -- нашчадкі палітыкі савецкага НКВД -- імкнуцца забараніць для чытаньня кнігу пра сусьветна вядомыя Курапаты, у якой зьмешчаны знакаміты артыкул аўтара "Курапаты -- дарога сьмерці", надрукаваны ў 1988 годзе, які скалануў усю Беларусь і перакладзены на замежныя мовы. Тут зьмешчана таксама, раней выдадзеная (і на розных мовах) справаздача аўтара аб яго археалагічных раскопках Курапатаў у 1988 г., фатаграфіі рэшткаў расстраляных людзей, малюнкі, рысункі, профілі раскопаў і інш.
Калі хто скажа, што "экспэртыза" мытні пра Курапаты -- гэта чарговая праява адсталасьці і дурноты хамскай ўлады, той скажа толькі палову праўды. Гэта ёсьць перш за ўсё праява акупацыйнай палітыкі антыбеларускага рэжыму па ліквідацыі беларускай культуры. Гэта тая антынацыянальная прамаскоўская палітыка, якая існуе ўвесь час і ўзмацняецца з кожным годам.
Кан’юнктура ў сьвеце складваецца цяпер такім чынам (адмена санкцыяў Эўразьвязу, улагоджваньне Лукашэнкі, вайна Эўропы з тэрарызмам гешэфты Парыжа з Пуціным і т. п.), што акупацыйны рэжым стаў дзейнічаць супраць беларусаў яшчэ больш нахабна, карыстаецца момантам, што Захад гатовы заплюшчыць вочы.
Прапрацоўваюцца магчымасьці, каб назваць экстрэмісцкай літаратурай беларускую клясыку, перш за ўсё творы Васіля Быкава, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча, Ларысы Геніюш.
Рэжымным ідыётам (а дакладней -- рускай агентуры ў сістэме рэжыму, кіруемай з Масквы) прыйшла ў галаву прыемная думка скарыстаць супраць беларускай культуры заходні перапалох і панічны эўрапейскі страх перад "экстрэмізмам". Галоўнае, каб было слоўца "экстрэмізм", якое яны сталі выкарыстоўваць як ярлык супраць зьяваў беларускай культуры, якую хацелі б зьнішчыць і забараніць. Гэта чарговы акупанцкі «хапальны» эўфемізм, кшталту "трацкізм" ці "нецэнзурна выражался".
У кагосьці можа ўзьнікнуць недаўменьне, а прычым тут да "экстрэмізма" эсэ пра сусьветную фатаграфію? А вось і вельмі нават прытым. Найперш кніга напісана па-беларуску. І другое -- прозьвішча аўтара ім не падабаецца.
Палітычныя высновы з гэтага зроблены даўно, яшчэ дваццаць гадоў таму. Ідзе вайна супраць Беларусі, штодзень і штогод, супраць нашай нацыі і свабоды. Ёсьць прычыны, чаму яна доўжыцца так шмат часу і зьбірае сваё разбуральнае жніва. Але варвары ня ведаюць і не разумеюць (бо ня дадзена) галоўнага -- перамога будзе за беларускім народам.
24 лістапада 2015 г. Зянон Пазьняк