НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АЙЧЫНА ВЕЧНАЯ

АЙЧЫНА ВЕЧНАЯ

 У чацьвер 18-га сьнежня ў Collegium Civitas (Палац Культуры і Навукі ў Варшаве) адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Зянона (Зянона Пазьняка) ,,Ojczyzna wieczna”. Гэта пераклады ягоных вершаў з кнігі «Дарога» (2007), зробленыя польскай паэтэсай Ірэнай Грынцэвіч. Тут каля ста фатаграфіяў аўтара (кніга – сымбіёз фатаграфіяў і вершаў) і 650 вершаваных перакладаў па-польску, плюс яшчэ каля 50-ці перакладаў, зьмешчаных у дадатку. Там пераклады Адама Паморскага, Рамуальда Мячкоўскага, Чэслава Сэнюха, апублікаваныя ў пэрыядычных выданьнях. Зьмешчаныя таксама пераклады, зробленыя Валеры Буйвалам па-італьянску з кнігі артыкулаў і вершаў З. Пазьняка, выдадзеных у Італіі. На вечарыне прысутнічалі ў асноўным студэнты-каліноўцы і беларусы Варшавы.

Адзначана, што пераклады Ірэны Грынцэвіч дакладныя і максымальна набліжаныя да арыгіналу з разуменьнем духа і кантэксту творчасьці аўтара.

Зянон Пазьняк чытаў свае вершы па-польску і па-беларуску, адказваў на пытаньні слухачоў па праблемах літаратуры і палітыкі.

Пазьняк лічыць, што паэзія, літаратурная творчасьць сістэмна не сумяшчальныя з палітыкай, хаця магчымыя. Уся праблема ўпіраецца, практычна, у вольны час, неабходны для творчасьці, бо палітыка забірае чалавека цалкам. Творы, якія піша палітык Пазьняк і паэт Зянон, створаны ў выхапленым часе ад сну, ад жыцьцёвых практычных клопатаў, скарыстаны ў паездках, у самалёце, ў дарозе і па дарозе. Гэта, як бы не сістэмны працэс, але, як ня дзіўна, тут і ёсьць тое сваістае ўладкаваньне, якое дае штуршок аўтаномнай сьвядомасьці, нацэленай на творчасьць у прапанаваных абставінах.

Аўтар сцьвярджае, што нацыянальны палітык-паэт ў Беларусі і ўвогуле ва Ўсходняй Эўропе – ўсюды, дзе сягае руская шпіёнская сетка, руская гёбэльсаўшчына, «пятая калона» і дзікая маскоўская прапаганда -- наражвае сябе сваёй творчасьцю на дадатковую нянавісьць і абылганьне. Нават геній літаратуры ўсіх часоў, калі б такі зьявіўся ў палітыцы ў Беларусі і ва Ўкраіне, кажа Пазьняк, будзе абплёваны ардой на усходзе і ейнай агентурай у нашых дзяржавах, творчасьць і асоба яго будуць перакручаны, згаджаны, збэшчаны, затаптаны а імя сплюгаўлена і абылгана. Мы ж памятаем як гэтая нелюдзь плюгавіла імя вялікага Быкава. Гэта будзе ўвесь час, лічыць Пазьняк, пакуль існуе антычалавечая імпэрская палітыка і руская арда на ўсходзе, што вядзе вайну супраць культуры нашай ліцьвінска-беларускай цывілізацыі.

У заключэньне Зянон Пазьняк чытаў свае вершы 80-х гадоў з кнігі «Глёрыя Патрыя», якія за часы СССР былі напісаны ім «у шуфляду» і выдадзеная толькі ў 2000 годзе. Цікава, што яго патрыятычны верш таго часу «На Грунвальд» фронтаўскія барды сьпявалі на мітынгах і пікетах пад гітару і агітавалі змагацца за Беларусь.

 

19 сьнежня 2014 г. Генадзь Кулеш

 

 

 

Дадаць у: