НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Бачаньне небяспекі – перадумова барацьбы

Бачаньне небяспекі – перадумова барацьбы

(Выступ на лістападаўскім Сойме Партыі Фронту)

Паважаныя сябры Сойму Партыі БНФ,

Вітаю вас у Бацькаўшчыне, зычу ўсім здароўя і каб хутчэй настаў наш светлы час! А выглядае, што справа няўхільна, хоць і павольна, рухаецца да разьвязкі. Гартуйма сілы!

У міжнароднай палітыцы, нягледзячы на некаторыя перамены, нічога прынцыпова ня зьменіцца ў дачыненьні да Беларусі (да Расеі таксама). У палітыцы мае сэнс толькі тое, што зробім мы, беларусы. Нягледзячы на нябачаныя раней нэгатыўныя праявы ў нашым грамадзтве і на сапсутасьць элітаў, справа не такая ўжо дрэнная, калі ўмацаваць цэнтар нацыянальнай сілы, што стаіць на пазіцыях 25-га Сакавіка і 25-га Жніўня. Такі цэнтар ёсьць. Але трэба яго ўмацоўваць і нарошчваць. Падкрэсьліваю, што важнае пытаньне на бліжэйшы час – гэта арганізацыя актыўнага байкоту выбараў у мясцовыя саветы. Пагроза анэксійнага рэфэрэндуму аб так званым “Канстытуцыйным акце” ёсьць галоўнае, што вымушае нас да ўвагі і пэўных дзеяньняў. Але нават незалежна ад гэтага, трэба не гуляцца з рэжымам у прафанацыю выбараў, а змагацца зь ім, скарыстаць выбары для кансалідацыі людзей супраць пэрманэнтнага ашуканства народа.

У гэтай справе, як і раней, найбольшую шкоду Беларускаму Нацыянальна-Вызвольнаму Руху будзе рабіць не настолькі “амон” і структуры рэжыму, колькі іхная “апазыцыя”. Функцыя тая ж: заганяць людзей на выбары, ствараць бачнасьць выбарчага працэсу. На незаконным рэфэрэндуме аб трэцім тэрміне Лукашэнкі яны агітавалі галасаваць і “сказаць свае не Лукашэнку”. Цяпер заклікаюць галасаваць, каб “расплюшчыць вочы”. Безумоўна, мы павінны даваць ацэнку гэтай паразітнай зьяве ў грамадзтве. Але галоўную ўвагу ў нашай працы і ідэалёгіі трэба сканцэнтраваць на задачах і мэтах нашай барацьбы за вольную Бацькаўшчыну.

Па маіх назіраньнях кіраўнікі і актывісты гэтай “апазыцыі” палітбізнэсу канчаткова скончаныя асобы, і ў маральна-ідэёвым пляне (ці ідэёва-палітычным) ніякой направе не падлягаюць. Матэрыяльная пазыцыя, адсутнасьць ідэалаў, прагматычныя ўстаноўкі нішчаць палітычную асобу дазваньня. Тут ня трэба мець ніякіх спадзяваньняў. Акрамя таго тут яшчэ пытаньне ў агульнай палітычнай і ідэалягічнай нясьпеласьці. Але зараза прагматычных установак на экзістэнцыю ў палітыцы даткнулася шмат каго. Фактычна ўсе гэтыя людзі выпадаюць з нацыянальнага Адраджэньня Беларусі, бо ўлучаныя ў стратэгічныя праекты чужой палітыкі і сьведама выконваюць неадэкватныя дзеяньні. Паводзіны іхныя ў цяперашніх (як і ў папярэдніх) выбарах цалкам неадэкватныя нацыянальнаму становішчу, якое склалася.

Цяпер Масква і Лубянка вырашылі цалкам узяць пад свой расейскі кантроль лукашэнкаўскую падстаўную апазыцыю (каб маніпуляваць ня толькі беларускай палітыкай, але і Лукашэнкам).

У гэтай сувязі мушу падкрэсьліць вельмі істотны момант. Маскоўскі гэбізм мімікрыруе і разьвіваецца ў бок клясычнага фашызму нямецкага ўзору. У расейскіх умовах гэта можа перарадзіцца ў зьяву значна страшнейшую і больш разбуральную, чым камунізм са сваім гулагам, голадам і рэпрэсіямі. Дзеля гэтага ўжо створаны эканамічны базіс (прыватная ўласнасьць, зьліцьцё прыватнага і дзяржаўнага капіталу) аналягічны як у Нямеччыне 30-х гадоў. Тое ж і ў палітычнай структуры Расеі. КГБ, трымаючы абсалютную ўладу ў імпэрыі, займае ў сістэме тое ж месца (толькі больш унівэрсальнае), якое займалі “СС” і “Гестапа” ў гітлерскім “райху”. Слабасьць рускага гэбізму ў адсутнасьці ўнівэрсальнай ідэалёгіі (якую меў якраз камунізм). Але мы бачым, што абсалютызацыя карпаратыўнай улады ў Расеі і пошукі дзяржаўнай ідэалёгіі ідуць (прытым сьведама і мэтанакіравана) па шляху рускага нацызму. Разгортваньне ксэнафобіі, этнічныя чысткі, тэрарызм і сістэма заказных забойстваў, стварэньне штучных прафашыстоўскіх арганізацыяў (казакі, розныя партыйкі, “саюзы” і т.п.) – усе гэта праявы фармаваньня фашыстоўскай сістэмы рускага гэбізму (мы ўжо не кажам пра Беслан, ваенныя дзеяньні, апэрацыі за мяжой і т.п.).

Небясьпека найперш у тым, што гэтая стара-новая расейская палітыка непасрэдным чынам закранае і насоўваецца на Беларусь. Сутнасьць яе стратэгіі – зьнішчэньне Беларускай нацыі. Пачалі з сымвалаў. Цяпер дабіваецца ўжо нацыянальная школа і пасьлядоўна вынішчаецца мова, ідзе нечуваная алькагалізацыя беларускага насельніцтва. Бліжэйшы разгляд гэтай тактыкі і стратэгіі ўражвае празрыстай аналёгіяй і дэталёвым паўтарэньнем плана Бормана (які немцы не пасьпелі ажыцьцявіць на Беларусі).

Мы павінны ведаць, што людзі, якія ідуць у беларускую палітыку, не бачачы, не разумеючы і ня хочучы разумець як, хто і чаму зьнішчае Беларускі народ, гэтыя людзі як правіла прынясуць шкоду Беларусі і асабіста сабе. Сьлепата ёсьць сьлепата. Ей ніхто не хваліцца. Бяда, аднак, у тым, што нясьпеласьць асобы зусім не ад недахопу інфармацыі, але ад несфармаванасьці нармальнай нацыянальнай сьведамасьці, якая месьціцца не ў галаве, а ў сэрцы, у веры, у самой істоце чалавека.

Нам трэба прааналізаваць тэндэнцыі і сітуацыю, якая ўтвараецца. Істотна прапанаваць мэтады нацыянальна-культурнага асьветніцтва ў існуючым становішчы.

Зычу канструктыўнай і выніковай працы!

Жыве Беларусь!

12.11.2006

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Дадаць у: