18-23 верасьня беларусы збайкатавалі фальшывыя выбары ў «палатку» рэжыму. Больш 70 адсоткаў выбаршчыкаў не пайшлі галасаваць, і выбары не адбыліся. Прытым больш за палову тых, што галасавалі, рэжым прымусіў прагаласаваць пад страхам, скарыстаўшы залежнасьць людзей па працы і вучобе.
Такім чынам байкот засьведчыў, што рэжым ня мае падтрымкі ў народзе. А значыць, што ён поўнасьцю пазбаўлены легітымнасьці (гэта значыць выбару і даверу народу).
Калі раней выбаршчыкі, паслухаўшы начальства рэжыму і яго прадажную апазыцыю, хадзілі галасаваць, то рэжым фальшаваў выбары, хаваючыся за плечы людзей (бо людзі галасавалі, а вынікі галасаваньня пісаў рэжым, якія хацеў). Цяпер жа выбаршчыкі галасаваць не прыйшлі, і рэжым, апынуўся ў «пралёце». Ня стала кім маніпуляваць. Але замест таго, каб па закону прызнаць, што выбары не адбыліся, рэжым нахабна аб’явіў людзям аб «усенароднай падтрымцы» і што нібы-та прагаласавала 75 адсоткаў выбаршчыкаў.
Вось цяпер усе і ўбачылі, што гэта за камарыльля з Лукашэнкам і Ярмошынай. Ім плюнь у твар, а яны скажуць – дождж ідзе. Той, хто не галасаваў, ведае, што і сусед яго не галасаваў, і ўвесь ягоны 100-кватэрны дом не галасаваў, а гэтыя – хлусяць у вочы, і чхалі яны на ўвесь народ.
Аднак далей так справа ня пойдзе. Трэба байкатаваць увесь гэты антыбеларускі ілжывы рэжым. Першы крок – ня ўдзельнічаць ні ў якіх рэжымных сьвятах, урачыстасьцях, шэсьцях і публічных мерапрыемствах. Пакіньце рэжымнае начальства разам зь яго гэб’ём і халуямі.
Тым часам сьвяткуйма разам усе нашыя беларускія сьвяты, падзеі, даты і ўрачыстасьці. Любем сваё, падтрымлівайма сваіх.
Не паддавайцеся на русіфікацыю, бо гэта варожая зброя нашага зьнішчэньня. Гаварэце па-беларуску між сабой, у сям’і, паўсюдна. Чытайце беларускія кнігі, часопісы і беларускі друк, адчыняйце ў сабе беларускую праўду, бо рэжым хлусіць па-руску.
Пазбаўляйцеся страху на працы. Стварайце вольныя прафсаюзы, незалежныя ад афіцыйных, патрабуйце ліквідацыі на прадпрыемствах пасады гэбоўскіх «ідэолагаў» і ўсялякага гэбісцкага назіраньня. Вытворчасьць павінна быць вольнай ад гэбісцкай палітыкі.
Не называйце «прэзыдэнтам» узурпатара, які пры дапамозе Масквы, КГБ і псэўдаапазыцыі незаконна захапіў уладу ў Беларусі і 18 гадоў хлусіць, ашуквае, абкрадае і прыніжае Беларускі народ.
Не глядзіце рэжымнае русіфікатарскае тэлебачаньне, дзе хлусяць і зьневажаюць. Альтэрнатывай яму можа стаць Белсат, які вяшчае па-беларуску.
Вучыце дзяцей на беларускай мове, патрабуйце беларускіх клясаў і беларускай школы, беларускіх унівэрсітэтаў і вучэльняў, шыльдаў і надпісаў па-беларуску, не дазваляйце рэжымным хамам зьневажаць нашу беларускую мову, шануйце наш беларускі гонар.
Паважайце і беражыце нашыя нацыянальныя сымвалы: гэрб «Пагоня» і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
Падтрымлівайце нашу народную партыю, якая афіцыйна называецца Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя – БНФ і якая стаіць за ўвесь беларускі народ. Стварайце групы падтрымкі народнай партыі.
Наперадзе вольныя народныя выбары без Лукашэнкі, Ярмошынай і без фальсіфікацыйнай сістэмы рэжыму. Антыбеларускі акупацыйны рэжым ня здольны супрацьдзейнічаць нацыянальна скансалідаванаму беларускаму народу.
Жыве Беларусь! Слава героям!
23 кастрычніка 2012 г., г. Менск Ініцыятыва «Беларуская Салідарнасьць»
народнай партыі КХП-БНФ
(кіраўнік Зянон Пазьняк)