НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Беларусь – перш за ўсё (Зацемкі да 15-й гадавіны БНФ)

Беларусь – перш за ўсё (Зацемкі да 15-й гадавіны БНФ)

У гісторыі Беларусі ХХ-га стагоддзя было шмат вызначальных падзеяў, якія ўплывалі на лёсы людзей і лёс нацыі. Гэта і Першая Сусьветная вайна, і канец самадзяржаўя ў Расеі, расейская і польская акупацыі і падзел Беларусі, бальшавіцкая калектывізацыя, сталінскі генацыд, Другая Сусьветная вайна, пабудова камунізму, савецкая русіфікацыя і г.д.

Але ўсё гэта — падзеі чужой волі, інсьпіраваныя з вонку. Гэта гісторыя нашага існаваньня, нашага зьнішчэньня і выжываньня, але ня нашага разьвіцьця. Разьвіцьцё нацыі выяўляецца знутры і ёсьць вынік іманэнтнага разгортваньня нацыянальнай волі, якая рэалізуецца ў ідэях, падзеях і справах. І гэта ёсьць нацыянальная гісторыя, якая ўплывае на народнае жыцьцё і становіцца каштоўнасьцю нацыі. Так ёсьць. Такі ёсьць нацыянальны інтэрас. І таму нацыянальная гісторыя пазбаўляецца ад чужога: ад чужых помнікаў і сэнтэнцыяў, акупацыйных танкаў на пастамэнтах, назоваў ды ідалаў. Бо збочанасьць і чужародны гістарычны хлам ня мусяць уплываць на будучыню нашчадкаў. Ніхто ня вешае ў хаце партрэт гвалтаўніка (хоць падабізна ягоная патрэбная ў крымінальнай справе).

Неабходна ўсьвядоміць, што дзьве генэральныя падзеі ў ХХ-м стагоддзі вызначылі гістарычную і жыцьцёвую будучыню Беларусі. Гэта стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі і аб’яўленьне незалежнасьці Беларусі ў яе этнічна-дзяржаўных межах у 1918 годзе і другое – стварэньне Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і вяртаньне незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 года. Гэта этапы, якімі мераецца нацыянальная гісторыя.

Беларускі Народны Фронт паставіў задачы: ліквідаваць уладу КПСС-КПБ і вярнуць незалежнасьць Беларусі. Гэтыя задачы былі выкананыя.

Ніякія “агульныя працэсы” распаду СССР нічога б не дапамаглі, калі б ня наша сіла і ня наша праца. Мы самы былі часткай агульнага змаганьня народаў з бальшавіцкай імпэрыяй і сваім прыкладам і барацьбой (Курапаты, Чарнобыль) уздымалі іхны дух.

КГБ і акупацыйныя ўлады ў БССР былі перакананыя, што Беларусь ужо імі цалкам зьнішчаная і ніколі не падымецца. Камуністычнае кіраўніцтва заверыла Маскву, што Народнага Фронту ў Беларусі ня будзе, бо ў прынцыпе ня можа быць. Савецкае грамадзтва і савецкая інтэлігенцыя думалі тут, у асноўным, гэтаксама.

Удар па сьпячым балоце быў нанесены адкрыцьцём Курапатаў. Курапаты разварушылі сьведамасьць і пачуцьці беларусаў. Пачала ўзьнікаць сітуацыя, зручная для стварэньня Народнага Фронту. 19-га чэрвеня, праз два тыдні пасьля публікацыі ў газэце “Літаратура і мастацтва” зьвестак пра пахаваньні ахвяраў масавых расстрэлаў, адбыўся шматтысячны мітынг у Курапатах, дзе ўжо гаварылася пра патрэбу стварэньня Народнага Фронту, пра суд над злачынцамі, пра пакараньне за генацыд. Ідэю горача падтрымалі беларускія маладзёвыя суполкі і арганізацыі. Моладзь стала шыць беларускія Бел-Чырвона-Белыя сьцягі, дыскутаваць пра мінулае і будучыню краіны. Ідэя беларускай незалежнасьці прабіваецца на паверхню.

Камуністычныя ўлады, КГБ адчувалі гэты пульс. Прымаецца шэраг прэвентыўных і рэпрэсіўных захадаў. Нават (як потым высьветлілася) у ЦК КПБ самы камуністы плянавалі стварыць свой “народны фронт”, каб скампрамэтаваць ідэю і павесьці яе ў сьляпы завулак. Аднак яны спазьніліся і прайгралі першую бітву поўнасьцю і бяздарна.

19-га кастрычніка 1988 года на Ўстаноўчай канфэрэнцыі Мартыралёгу Беларусі нечакана для КГБ, КПБ і ўсёй намэнклятуры, у прысутнасьці ўсяго зьбянтэжанага менскага “начальства”, вышэйшых кіраўнікоў і прадстаўнікоў Пракуратуры БССР, прадстаўнікоў ЦК КПБ, Гаркама і Гарвыканкама, якія прышлі “валіць” арганізацыю Мартыралёга, быў створаны цалкам дэмакратычна і законна Арганізацыйны Камітэт Беларускага Народнага Фронту ў складзе 35-ці асобаў.

Лямант, які ўзьняўся потым у савецкіх газэтах, быў узорным і, відаць, увойдзе ў гісторыю лямантаў.

30-га кастрычніка, праз два тыдні, пасьля стварэньня Аргкамітэту БНФ, ЦК КПБ рашыў адыграцца на фронтаўцах.

Ладзіліся першыя масавыя “Дзяды” ў Менску на Ўсходніх могілках і ў Курапатах. Улады перакрылі рух транспарту, мабілізавалі ўнутраныя войскі і тысячы міліцыянтаў, сьцягнулі веанныя вадзяныя гарматы, дзясяткі міліцэйскіх аўтамабіляў і вялікіх вайсковых фургонаў з закратаванымі вокнамі. У натоўпе шнырылі сотні правакатараў і пераапранутых гэбістаў. Людзей хапалі на вуліцах і цягнулі ў міліцэйскія машыны, пырскалі ў вочы газам “Чаромха”.

Атмасфэра была змрочная і трывожная. Ніхто тады гэтага не чакаў. Адчувалася, што нешта рыхтуюць злавеснае (так яно потым і аказалася). Мы ўсе (тысячаў дзесяць людзей) апынуліся ў пастцы. Але й тут правакацыя правалілася. Сваімі дзеяньнямі мы заблыталі пляны “генэралаў партыі”. Праўда, тады шмат людзей арыштавалі, пабілі і патравілі газам. Але гэтымсамым рэжым скампрамэтаваў сябе ў вачах творчай і навуковай інтэлігенцыі і людзей, што сталі сьведкамі падзеяў.

Пасьля 30-га кастрычніка пачаўся масавы прыход у Народны Фронт.

Пра сапраўдную сутнасьць задуманага на Дзяды я даведаўся праз год, калі адзін з высокіх афіцэраў міліцыі перадаў у Фронт плян дзеяньняў, рэкагнасцыроўкі і задачы міліцыі ў той дзень. Вынікае, што людзей зьбіраліся сьпіхнуць на пустэчу, у стары сад, і там пабіць. Прытым – на сьмерць, праліць кроў. “Даць, каб ня ўсталі”, — як выказаўся тады Яфрэм Сакалоў (першы сакратар ЦК КПБ). Ахвяры былі б зваленыя на “фашыстаў з БНФ”. Пасьля гэтага – рэпрэсіі. Думалі скампрамэтаваць і задушыць усё, расправіцца з Фронтам, адчытацца перад Масквой і атрымаць мэдалі. І гэта не ўдалося.

У 1986 годзе такога роду пабоішча савецкі КГБ і міліцыя ўчынілі ў Алма-Аты. Там забілі больш ста асобаў (у асноўным студэнтаў). Потым, 9-га красавіка 1989 г., савецкая армія і ўнутраныя войскі ўчынілі сечу ў Тбілісі, пусьцілі на людзей танкі. Забілі больш пятнаццаці асобаў (секлі сапёрнымі рыдлёўкамі). Так рухалася “перестройка” і здабывалася свабода народаў.

У 1989 г. найбольшым дасягненьнем Фронта стала адкрыцьцё праўды пра Чарнобыльскую катастрофу. Фронт стаў як бы магутнай ударнай сілай у гэтым пытаньні, вакол яго аб’ядналіся намаганьні і навукоўцаў, і творчай інтэлігенцыі, і медыкаў, і пацярпелых ад радыяцыі. Камуністы атрымалі ўдар, ня меншы, чым ад Курапатаў.

Фронт праводзіў ня толькі Чарнобыльскія мітынгі пратэсту, дэманстрацыі, шэсьці (Чарнобыльскі Шлях), канфэрэнцыі, распаўсюджваў друк, інфармацыю і сьведчаньні радыяцыйнага злачынства, але ствараў таксама свае чарнобыльскія арганізацыі, склікаў Міжнародны Чарнобыльскі Трыбунал (грамадзкі суд над вінаватымі ў Чарнобыльскім генацыдзе). У весну гэтага ж года, напрыклад, быў арганізаваны фронтаўскі Камітэт “Дзеці Чарнобыля”, які спачатку ўзначаліў Мікола Купава, а потым кіраўніцтва пераняў Генадзь Грушавы (пазьней, у 1990 годзе, Камітэт аддзяліўся ад БНФ у самастойную арганізацыю). Пытаньне пра Чарнобыль было пастаўлена намі ў Вярхоўным Савеце і замацавана ў заканадаўстве.

23-24 чэрвеня 1989 г. У Вільні адбыўся Першы (Устаноўчы) Зьезд БНФ. Ідэі Фронта разгортваліся па меры выспяваньня сітуацыі ў грамадзтве і ў самым Фронце. Ідэалёгія Фронта (які аб’яднаў дэмакратычную і нацыянальна-сьведамую частку людзей) ішла далёка наперадзе грамадзтва. Працаваў тыповы паскораны мэханізм разьвіцьця, і гэта было выдатна. Фронт быў ня толькі таранам савецкіх бар’ераў, але і лякаматывам, прыкладам для перайманьня, узорам для нармальнага несавецкага думаньня. Вялікая частка грамадзтва такім чынам паступова засвойвала нацыянальна-дэмакратычныя ідэі, кансэрватыўныя і адраджэнскія каштоўнасьці (нават праз першапачатковае адмаўленьне, але калі іх потым дэманстравала беларуская і сусьветная рэчаіснасьць). Гэтая схема (ідэйнага і палітычнага лякаматыва) спрацавала б гэтак жа добра, як і ў краінах Балтыі, пры двух умовах: шырокай і пастаяннай інфармацыі пра Фронт і хаця б умеркаваным спрыяньні дзяржаўнай палітыкі (нечыненьні перашкодаў) справе беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня. Дарэчы, 1991-1992 гады – пэрыяд паслабленьня расейскага імпэрыялізму і памяркоўных адносінаў да беларускіх патрэбаў з боку намээнклятуры — гэта пацьвярджаюць. Але неабходных умоваў не існавала і ў цэлым здабыць іх не ўдалося.

Сітуацыя ў Беларусі прынцыпова розьнілася ад становішча ў Прыбалтыцы. У адрозьненьне ад балтыйскіх савецкіх рэспублік, кіруючая кампартыя Беларусі была антынацыянальная (г.зн. антыбеларуская). Гэта была яе першасная якасьць і першасная нязьменная характарыстыка. Такая палітычная сіла ў прынцыпе не магла быць чыньнікам незалежнасьці і нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва (як, скажам, у Эстоніі, Латвіі, Летуве, Польшчы і іншых краінах). Яна ўвогуле не ўпісвалася ў нацыянальны кантэкст, бо сталася чужародным целам.

Лягічны і бадай што адзіны варыянт спыніць антынацыянальную палітыку — адхіліць верхавіну партыйнай намэнклятуры ад улады. На гэтай задачы канцэнтраваліся асноўныя дзеяньні Фронта ў барацьбе за дэмакратычны лад у Беларусі.

Зразумела, што пры адхіленьні прарасейскай намэнклятуры ад улады, Расея страціла б усялякі ўплыў на Беларусь. Тады спэцслужбы савецкага КГБ, абапіраючыся на сваю “пятую калёну” і бальшавіцка-ветэранскі “бэтон”, распачалі шалёную штодзённую і мэтадычную атаку на Фронт з мэтай стварэньня вобраза страшнага бязьлітаснага ворага, які “рвецца” да ўлады, каб помсьціць, расстрэльваць, забіваць камуністаў і ўсіх нязгодных. Мэта гэтай прапаганды была перш за ўсё у тым, каб запалохаць намэнклятуру, прымусіць яе згуртавацца і ня ў чым не саступаць Фронту. Дасягнуць выніку ў тых умовах было няцяжка і гэта, безумоўна, скансалідавала намэнклятуру.

У жніўні 1989г. у Фронце было пастаўлена пытаньне аб суверэнітэце Беларусі і аб дамаганьні незалежнасьці краіны. Савецкае грамадзтва Беларусі яшчэ з цяжкасьцю арыентавалася ў працэсах і было слаба падрыхтаванае да абмеркаваньня праблемы беларускай незалежнасьці. Але сама пастаноўка пытаньня была гэтакай падрыхтоўкай. Пытаньне ўзьнялі — і пачалося змаганьне за суверэнітэт.

Пра злачыннасьць КПСС, пра яе немінучы крах і распад Савецкага саюза, які, на нашу думку, мусіў адбыцца праз два гады, намі было заяўлена ў лістападзе 1989 года ў адкрытым эфіры беларускага тэлебачаньня. (Аналіз аказаўся дакладным.) Шалёны камуністычны лямант, які тады ўсчаўся, нікога ў Фронце ўжо не палохаў. Трэба было бамбардаваць сьпячыя беларускія савецкія мазгі, каб яны хоць функцыянальна пачалі б працаваць, бо часу на “усьведамленьне пакаленьняў” ужо не было, а падзеі не чакалі; яны ішлі сваёй дарогай, часта незалежна ад нас. Беларусь у чакаемым развале не павінна была апынуцца бездапаможнай і несамастойнай, каб, як у 1918-1921гг., нехта гандляваў нашай зямлёй і народам. Гэтак думаючы, мы змагаліся.

З ідэямі незалежнасьці, антыкамунізму і праўды пра Чарнобыль Фронт уступіў у 1990 год. З гэтай пары пачынаецца новы, парляманцкі этап у дзейнасьці БНФ. Камуністы не змаглі поўнасьцю заблякаваць удзел Фронту ў выбарах, нягледзячы на вельмі дрэнны для антыкамуністычных сілаў выбарчы закон, на неабмежаваную ўладу і татальны ўплыў на выбары з боку КПСС—КПБ. Невялікая колькасьць фронтаўцаў прайшла ў Вярхоўны Савет. Там была ўтвораная фронтаўская фракцыя (“Апазыцыя БНФ “Адраджэньне”), якая складалася зь няпоўных трох дзясяткаў чалавек (8 адсоткаў ад агульнай колькасьці дэпутатаў). Фракцыя арганізавала вакол сябе яшчэ “Дэпутацкі Дэмакратычны Клюб” (каля 40-50 асобаў; колькасьць вагалася), узаемадзейнічала таксама з “незалежнымі” дэпутатамі.

Дзейнасьць Апазыцыі БНФ у камуністычным Вярхоўным Савеце (травень 1990 — 9 студзеня 1996) можна ахарактарызаваць як унікальную зьяву ў гісторыі парлямантарызму. Унікальнасьць яе заключалася ў тым, што, знаходзячыся ў камуністычным парляманце, у непрымірымым варожым асяроддзі, маючы 8 адсоткаў галасоў, фракцыя (асабліва ў першыя тры гады дзейнасьці) здолела ня толькі праводзіць у жыцьцё свае законы і палажэньні ў законы, але і ўплываць на рашэньні парляманту па некаторых лёсавызначальных пытаньнях народа і дзяржавы і шмат калі дамагалася перамогі сваіх прапаноў. З пункту гледжаньня элементарнай парляманцкай лёгікі і арыфметыкі — гэта фантастыка. Такога не магло быць. І тым ня менш — гэта рэчаіснасьць. Так было.

Вырашала справу наша інтэлектуальная перавага, падрыхтаванасьць, пастаянны і няспынны энэргічны напор і (што я лічу вельмі істотным) – веданьне камуністычнай псіхалёгіі намэнклятуры, ужываньне незразумелай для камуністаў тактыкі.

У 1990 годзе ў парляманце Фронтам пастаўлены тры важнейшыя пытаньні: аб Чарнобылі, аб рынкавых рэформах і эканамічнай канцэпцыі разьвіцьця і аб суверэнітэце Беларусі.

Выдатнай перамогай Апазыцыі БНФ было прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Дырэктыва аб такім дакуманце была спушчана з Масквы і ня мела сур’ёзнай мэты. Гарбачоў бавіўся ў свае гульні. Было відаць, што ў Вярхоўным Савеце БССР камуністы рашылі адбыць павіннасьць пустой паперкай. Апазыцыя БНФ прадставіла свой тэкст Дэклярацыі, падрыхтаваны Фронтам на падставе прынцыпаў, ідэалаў і дакумантаў БНР. Праект Фронта камуністы дружна завалілі. Тады амаль уся фракцыя Фронта пайшла ў парляманцкую камісію працаваць над праектам парляманцкай большасьці (такое магчыма было ў Вярхоўным Савеце БССР) і, стварыўшы там перавагу, колькасную і інтэлектуальную, давяла праект да патрэбнага ўзроўню. Сваё мастацтва было і ў тым, каб праект трапіў на разгляд Сэсіі Вярхоўнага Савета як праект парляманцкай камісіі.

У час прыняцьця Дэклярацыі поўная ініцыятыва была ў руках Апазыцыі. 26-га ліпеня да канца дня было прадыскутавана і прагаласавана 10 артыкулаў з 12-ці. Усе яны практычна на 90 адсоткаў былі прынятыя ў фронтаўскіх фармулёўках зь невялікімі зьмяненьнямі. У камуністычным бэтоне пачалася лёгкая рэвалюцыйная паніка. Нам стала зразумела, што назаўтра ня ўдасца адстаяць сваю фармулёўку вельмі важнага для нас 11-га артыкула і, што самае страшнае, можа ўзьнікнуць праблема пры галасаваньні за Дэклярацыю ў цэлым. Яе могуць заваліць. (Маглі ўзьнікнуць прапановы аб рэвізіі ўжо прынятага і г.д. Такое ўжо бывала.)

Разумеючы гэта, намі было прынятае “псіхалягічнае” рашэньне (якім потым Апазыцыя ня раз карысталася і выйгравала). Назаўтра, 27 ліпеня, вырашылі стаяць бескампрамісна на сваёй фармулёўцы 11-га артыкула. Калі яна ня будзе прынятая, а пройдзе камуністычная (пра распрацоўку дагавора аб “саюзе”), тады зрабіць дэмарш: выявіць нязгоду і ў знак пратэсту пакінуць залю перад галасаваньнем, каб узбудзіць камуністаў супраць нас.

Мы ўжо ведалі, што калі камуністы ўпадаюць у “рэвалюцыйную сьвядомасьць” і перастаюць думаць галавой, яны зьвярэюць і чыняць усё наадварот таму, што прапануюць дэпутаты Фронта.

Тут была, вядома, рызыка, бо калі б яны не ўзбудзіліся, не зрэагавалі на дэмарш і прагаласавалі б супраць Дэклярацыі альбо пачалі б рэвізію прынятага (як шмат хто зь іх быў настроены), то і праца б загінула, і віну за правал звалілі б на нас, а сябры па Апазыцыі – на мяне, бо я настаяў на выхадзе з залі (ведаючы характар намэнклятурных дэпутатаў і адчуваючы сітуацыю).

Але камуністы якраз зрэагавалі, і вельмі бурна. “Галасуем! — крычалі энтузіясты. — Вот ано, ісьціннае ліцо БНФ! Ані проців саюза. (Нам жа залежыла на ўсёй Дэклярацыі – З.П.) Ім ліш бы бузіць! Галасуем!”

Камуністы праглынулі сваю ж нажыўку з “саюзам” (пустую хімеру, дарэчы) і дружна прагаласавалі за Дэклярацыю, упэўненыя, што далі нам аплявуху (і адстаялі “саюз”).

Гэта была наша перамога. Перамога невялікай групы фронтаўцаў над камуністычным Вярхоўным Саветам.

Нэгатыўным тут было, бадай, толькі тое, што шмат хто з павярхоўных назіральнікаў (як і раней) не разумеў нашых дзеяньняў, выказвалі нават экзатычныя інтэрпрытацыі. Але тут ня наша праблема. Вынік (неверагодны ў тых абставінах) быў дасягнуты.

Сябры фракцыі Фронту заўсёды трымаліся палітычнай дысцыпліны (мы чулі, як нават камуністы нам у гэтым зайздросьцілі). Ніхто з нас ня лез без патрэбы ў тэлекамэры ды мікрафоны (як пазьнейшыя імітатары) і не распавядаў пра свае дзеяньні ды нашы пляны. Мелі адказнасьць і ведалі, што палітыка робіцца не на сцэне, а за сцэнай. На сцэне яна толькі разыгрываецца.

Пасьля прыняцьця Дэклярацыі і перамогі над бальшынёй Апазыцыя БНФ ўзялася за заканатворчую працу. На 2-ю (восеньскую) сэсію Вярхоўнага Савета за два месяцы ўпартай працы быў падрыхтаваны і прадстаўлены пакет з 25-ці заканадаўчых праектаў. Сярод іх праекты законаў “Аб грамадзянстве”, “Аб уласнасьці”, “Аб банках і банкаўскай дзейнасьці”, “Аб мясцовым самакіраваньні”, “Зямельны кодэкс”, “Дэкрэт аб уладзе”, пастановы “Аб ваенных пытаньнях”, “Аб першапачатковых захадах па рэалізацыі Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце”, “Аб стварэньні камісіі па пытаньнях абароны і дзяржаўнай бясьпекі”, “Аб асноўных задачах і парадку дзейнасьці камісіі Вярхоўнага Савета па пытаньнях абароны”, ”Аб паясным часе”, “Аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў”, “Аб назве рэспублікі”, “Аб дэнансацыі саюзнага дагавору”, “Эканамічная канцэпцыя разьвіцьця Беларусі”.

Камуністы, настроеныя на бязьдзейнасьць, былі ашаломленыя такой працай і напачатку (парушыўшы закон) адмовіліся разглядаць нашыя праекты. Тады 42 дэпутаты Апазыцыі БНФ і Дэмакратычнага Клюбу выступілі з заявай, дзе папярэдзілі, што калі пакет законапраектаў БНФ ня будзе прыняты да разгляду, то яны ня бачаць сэнсу ўвогуле прымаць удзел у працы такога “непрафэсійнага” парляманту. Камуністы сагнуліся і вымушаныя былі самы пачаць працаваць. Яны прадставілі свае контрпраекты, паралельныя фронтаўскім; абодва праекты (фронтаўскі і намэнклятурны) абмяркоўваліся. Камуністы сваёй большасьцю галасоў завальвалі праекты Апазыцыі і пакідалі свае. Але ў працэсе абмеркаваньня і дыскусіі (дзе камуністы былі слабыя) шмат якія палажэньні дакумантаў БНФ былі ўключаныя ў законы. Скажам, “Закон аб грамадзянстве” быў увогуле прыняты на аснове праекта БНФ (у часткова папсаваным выглядзе, вядома).

Істотна аднак тое, што Вярхоўны Савет напачатку (першыя тры гады) вымушаны быў працаваць па сцэнару Апазыцыі БНФ. Фронтаўскую “эканамічную канцэпцыю разьвіцьця Беларусі” яны, напрыклад, адкінулі, але змушаныя былі падрыхтаваць свой праект на гэтую тэму, абмяркоўваць рынкавыя падыходы, прыватызацыю, рэформы і г.д. Урэшце праект быў прыняты. (Праўда, гэты дакумант быў потым праігнараваны ўрадам Кебіча.)

Кульмінацыя змаганьня з камуністамі за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі настала ў жніўні 1991г. пасьля правалу камуністычнага путчу ў Маскве. Гэта была, бадай, самая яркая, самая незвычайная і самая гераічная старонка ў гісторыі парляманцкай Апазыцыі БНФ.

Фронтаўскія дэпутаты дамагліся хуткага скліканьня сэсіі Вярхоўнага Савета і на працягу сутак падрыхтавалі чатырнаццаць заканадаўчых дакумантаў на сэсію, дзе былі адлюстраваныя пытаньні аб спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС, аб выбарах новага старшыні Вярхоўнага Савета, аб незалежнасьці Беларусі, аб праекце новага (падрыхтаванага Фронтам) закона аб выбарах і аб прызначэньні новых выбараў у парлямант. Камуністы і ўся парляманцкая большасьць зьявіліся на сэсію перастрашаныя, прыгнечаныя, бездапаможныя і — з пустымі рукамі.

Фронтаўскія дэпутаты ўвайшлі ў залю, нясучы Бел-Чырвона-Белы сьцяг.

(Тут я павінен зрабіць дэгрэсію, каб патлумачыць чарговы міф, выпушчаны агентурай, што быццам бы Лукашэнка ўнёс у залю на адкрыцьцё сэсіі Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Гэтая “міфалёгія” прыдумваецца знарок і зразумела, дзеля чаго.

Сьцяг у залю спачатку несла Галіна Сямдзянава, перад уваходам яго пераняў Валянцін Голубеў, адразу занёс яго ў Прэзыдыюм сэсіі і паставіў побач са сьцягам бээсэсэраўскім.

Намэнклятура тут жа пачала дыскусію пра сьцяг (маўляў, павінен ён там стаяць, ці не). Мы імгненна зразумелі сваю памылку, бо далі магчымасьць супернікам адыйсьці ўбок ад тэмы і ад нашага сцэнару. Па нашай задуме, мы павінны былі арганізаваць націск з ходу, і першы крок – зьняцьцё М. Дземенцея з пасады старшыні Вярхоўнага Савета. Не даваць ім апамятацца, загнаць у рэчышча нашых ініцыятываў.

Мы хутка прынялі сьцяг з Прэзыдыюма, паставілі яго ў нашым сэктары і — заатакавалі. Праз паўгадзіны М. Дземянцей быў зьняты з пасады.

Назаўтра, 25 жніўня, быў эпізод, калі дэпутат-касманаўт У. Кавалёнак (ужо ўверыўшы да гэтага часу ў нашу перамогу і падагрэты каньяком) вышаў у адным з перапынкаў на плошчу, дзе стаялі тысячы людзей, выступіў там, узяў у кагосьці з фронтаўцаў сьцяг і (па дарозе разам з І. Драбышэўскай і А. Лукашэнкам) увайшоў са сьцягам у залю.

Гэты эпізод атрымаў нядаўна новую абсурдную інтэрпрэтацыю, гэтаксама, як некалі той “адзіны голас” супраць Белавежскіх пагадненьняў (гэта быў, як вядома, голас В. Ціхіні, а не А. Лукашэнкі).

У першы дзень сэсіі, 24 жніўня, пад энэргічным напорам і забойнай аргумэнтацыяй дэпутатаў Фронта і дэпутацкага Дэмакратычнага Клюбу была прынятая пастанова аб спыненьні дзейнасьці КПСС-КПБ і камсамола. Адразу па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле дэпутатаў Фронту былі зачыненыя і заплямбаваныя камуністычныя райкамы, абкам, гаркам і ЦК. Дзіўна было назіраць, як дэмаралізаваныя дэпутаты-камуністы, якія яшчэ два дні таму былі самаўпэўненыя, нахабныя і агрэсіўныя, цяпер галасавалі за забарону дзейнасьці сваёй партыі па прапанове дэпутатаў БНФ.

25-га жніўня, калі намі было пастаўлена пытаньне аб незалежнасьці (аб прызнаньні Дэклярацыі пра суверэнітэт Канстытуцыйным законам), сітуацыя ў зале пачала крыху зьмяняцца. Камуністы ўжо не сядзелі моўчкі, як на пахаваньні ці ў судзе, апусьціўшы галовы. Яны крыху асвоіліся (пераначавалі ноч), размаўлялі між сабой, у некаторых зьявілася здольнасьць думаць. Атмасфэра (як я адчуваў) была даволі трывожная. У мяне не ўзьнікала ўпэўненасьці, што мы набяром неабходныя дзьве траціны галасоў. Што рабіць? З адплывам часу мы паступова трацілі магчымасьці. У камуністаў павольна мінаў страх. Парлямант жа ня наш. Нас толькі восем адсоткаў. Іх – маса. Я адчуваў скурай, што можам прайграць.

С. Шушкевіч пачынае ставіць пытаньне на галасаваньне. У апошнюю секунду я папрасіў апошняе слова. Пра што казаць – было зразумела. Я ўрэзаў па Ельцыну, зьвяртаючыся да камуністаў, каб галасавалі за незалежнасьць. Сэнс майго выступу быў у тым, што ня трэба спадзявацца больш на Савецкі саюз, бо кіраваць будзе не Гарбачоў, а Ельцын, які гэтакі ж дэмакрат, як і камуніст, што ягоны “антыкамунізм” ходзіць у пары з шавінізмам, што калі палітыкай Беларусі будзе зноў кіраваць Расея і такія людзі, як Ельцын, то прайграе ўся Беларусь, усе беларусы: і камуністы, і антыкамуністы. Незалежнасьць цяпер патрэбна ўсім. Гэта ёсьць наш нацыянальны інтэрас і жыцьцёвая неабходнасьць.

Гаварыць было лёгка, бо я так думаў, і гэта была праўда (незразуметая яшчэ тады дэмакратамі). Але Ельцын у тыя жнівеньскія дні быў “сьветазарным героем”, сьвятой каровай, “сьцягам дэмакратыі”, недатыкальным і беззаганным. Рушыць яго было нельга. Аднак камуністы якраз Ельцына й баяліся. Нам патрэбныя былі іхныя галасы. Дэмакраты ж усяроўна прагаласуюць “за”, як бы яны (па неразуменьню) потым да мяне ні адносіліся. (Дарэчы, крытыканы без галавы, сапраўды, знайшліся.)

Тактыка спрацавала. Тут жа выступіў гомельскі намэнклятурны лідар камуніст Мачуленка і заклікаў “товарищей депутатов прислушаться к словам Зенона Станиславовича”.

За незалежнасьць прагаласавалі пераважнай большасьцю галасоў.

Не ўдалося, аднак, прыняць рашэньне аб палітычна неабходных у гэтым выпадку нечарговых выбарах парляманту. Тут “товарищи коммунисты“, якія толькі што здалі сваю КПСС, апусьцілі галовы ўніз і сядзелі насьмерць. Ну, вядома, КПСС ужо хімера, а парлямант – улада.

Патрэбнага мэханізму ўзьдзеяньня на іх ужо не было. Пад сьценамі Вярхоўнага Савета стаяла тысячаў пятнаццаць узрушаных ад добрых вестак, усхваляваных, узрадаваных, але не гатовых да радыкальных дзеяньняў людзей. Гэта замала, каб “посоветоваться с народом“ (і, пры неабходнасьці, разагнаць ў пер’е гэты “парлямант”). Беларусам трэба сабрацца ў тысячаў 90-100. Тады яны адчуваюць сваю сілу.

Народны Фронт дамогся незалежнасьці краіны і спыніў існаваньне КПСС у Беларусі. Але каляніяльная намэнклятура захавала ўладу.

Так скончыўся першы этап змаганьня за свабоду і незалежнасьць Беларусі – барацьба з дыктатурай КПСС.

Са жніўня 1991г. Фронт ставіць новыя палітычныя задачы. Першая — умацаваньне суверэнітэту і структурнае будаўніцтва незалежнай дзяржавы. Другая — нацыянальна-культурнае адраджэньне беларускай нацыі. Трэцяя, ад якой залежыла эфектыўнасьць ажыцьцяўленьня дзьвюх першых задачаў, — адабраньне ўлады ў намэнклятуры шляхам дэмакратычных выбараў па зьмешанай мажарытарна-прапарцыйнай сістэме.

Найбольшым дасягненьнем Фронту ў гэты час і найбольшай падзеяй, якая духоўна паўплывала на ўсё беларускае грамадзтва, было прыняцьце беларускай гістарычнай нацыянальнай сымволікі (Бел-Чырвона-Белага сьцяга і гэрба “Пагоня”) у якасьці дзяржаўнай сымволікі Беларусі. Адначасна вырашаліся пытаньні з нацыянальным войскам, зь межамі, мытнай службай, стварэньнем амбасадаў за мяжой, адчыняліся беларускія клясы і школы, рыхтаваліся беларускія падручнікі і кнігі. Мэханізм стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы пачаў працаваць, хоць і буксаваў, аднак, на кожным кроку.

Пытаньне аб новай уладзе ў новай незалежнай дзяржаве станавілася ўсё больш надзённым. Стары Вярхоўны Савет адмовіўся яго вырашаць. Тады Фронт выбраў акружны шлях, вельмі цяжкі, працаёмкі і даволі рызыкоўны, бо прававая аснова ў дзяржаве была хісткай. Але вынікова змагацца можна было толькі прававымі спосабамі.

Апазыцыя БНФ стварае праект закона “Аб рэфэрэндуме”. Утварылася стандартная сітуацыя: парляманцкая намэнклятурная бальшыня напісала і супрацьпаставіла паралельны праект. Апазыцыйны праект галасаваньнем адкінулі, а намэнклятурны (з папраўкамі і з палажэньнямі Апазыцыі) прынялі.

Адразу ж (у канцы 1991г.) Фронт аб’явіў аб зборы подпісаў за рэфэрэндум аб новых выбарах. Праз два месяцы было сабрана 420 тысячаў подпісаў (па закону неабходна было 300 тысячаў). Подпісы прыняла і зацьвердзіла Камісія па рэфэрэндумах, што па закону абазначала рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндума. Вярхоўны Савет, згодна закону, павінен быў прызначыць дату ўсенароднага галасаваньня.

Шэсьць месяцаў Вярхоўны Савет не зьбіраў сэсію, адмаўляўся прызначаць дату рэфэрэндума і разглядаць гэтае пытаньне. Вельмі шмат тут залежыла ад С. Шушкевіча. Нашыя перамовы зь ім нічога не далі. Хісткае спадзяваньне на С. Шушкевіча ня спраўдзілася. Шушкевіч стаў на бок намэнклятуры, заняў пазыцыю супраць рэфэрэндума, у паразуменьні з прэм’ерам В.Кебічам, усім урадам і Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савета.

У кастрычніку 1992 года адбылася беспрэцэдэнтная расправа бальшыні Вярхоўнага Савета над законнасьцю і воляй людзей. Рэфэрэндум быў забаронены. Спрацавалі ня толькі палітычныя, але і псіхалягічныя чыньнікі. Скарысталі дэпутата Д. Булахава, які ў дарожным выпадку забіў чалавека. Каб пазьбегнуць суду, ён выканаў функцыю фальшывага экспэрта аб падрыхтоўцы рэфэрэндуму і выступіў на сэсіі з адмоўным дакладам супраць ініцыятывы Апазыцыі БНФ і дзейнасьці Камісіі па рэфэрэндумах.

Выявілася таксама, што ніхто, акрамя дэпутатаў Народнага Фронту, не хацеў разьвітацца з дэпутацтвам у старым Вярхоўным Савеце (бо меркавалі, што паўторна іх ня выбяруць). Камуністы, ветэраны, маргіналы, незалежныя дэпутаты і ўсе дэмакраты з Дэмакратычнага Клюбу галасавалі за растаптаньне законнасьці і за незаконную забарону рэфэрэндума. Дэпутаты ад БНФ засталіся адны са сваімі паўмільёна подпісамі і сваім народам. Народ маўчаў.

У 1992 г. Беларусь страціла свой рэдкі шанс, здабыты вялікай працай. Гэты год стаў паваротным для перамогі старой намэнклятуры і савецкага КГБ.

З гэтага часу, напачатку непрыкметна, а потым усё больш відавочна, Беларусь стала падаць у яму. Пачаўся наступ унутранай рэакцыі і, што самае кепскае, рэакцыі зьнешняй — рускага імпэрыялізму.

Напалоханая падрыхтоўкай да рэфэрэндуму аб уладзе беларуская намэнклятура прывычна кінулася да Масквы. Кебіч уводзіць функцыянэраў савецкага КГБ у структуры беларускага ўраду, спрыяе стварэньню і фінансаваньню арганізацыяў антыбеларускай 5-й калёны, будуе эканамічныя дачыненьні краіны з арыентацыяй на фінансава-прамысловыя групы і нафтавую мафію Расеі, падтрымлівае і прапагандуе маскоўскую палітыку аб стварэньні адзінай беларуска-расейскай грашовай сістэмы, так званай “калектыўнай бясьпекі” і расейска-беларускай дзяржаўнай “інтэграцыі”. Над беларускай незалежнасьцю навісла рэальная пагроза, а рабаваньне народа, дзяржавы, карупцыя набылі адкрытыя і цынічныя формы. (Тут нагадаю, што ў 1993 г. Кебіч, якім ужо поўнасьцю маніпуляваў КГБ, праводзіў дакладна такую ж палітыку, што потым Лукашэнка, з той толькі розьніцай, што не імкнуўся засесьці ў Крамлі.)

Намэнклятурная бальшыня Вярхоўнага Савета падтрымала гэтую палітыку Кебіча і пачала рыхтаваць увядзеньне прэзыдэнцтва з мэтай, якая была відавочнай: канцэнтрацыя і ўмацаваньне сваёй улады.

У гэтай сітуацыі Беларускі Народны Фронт выступіў супраць увядзеньня прэзыдэнцтва і паставіў перад сабой выразную палітычную задачу — адстаўка ўрада Кебіча.

У Вярхоўным Савеце, пасьля структурнага аб’яднаньня “намэнклятурных” дэпутатаў вакол ураду Кебіча, Апазыцыі БНФ стала працаваць вельмі цяжка. Пачалася блакіроўка ўсяго, што зыходзіла ад Фронту. Тады галоўны цяжар палітычнае працы быў перанесены намі ў выбарчыя акругі. Дэпутаты Апазыцыі БНФ разам зь іншымі сябрамі Фронту аб’ехалі ўсю Беларусь, сотні гарадоў і мястэчак, мінаючы шалёныя перашкоды з боку ўладаў, сустрэліся з тысячамі людзей, пазнаёмілі іх з сваімі поглядамі, працай і крытыкай ураду. Да пачатку 1994г. лёс прэм’ера Кебіча (як палітыка) у грамадзкай сьвядомасьці практычна ўжо быў вырашаны.

Шмат паспрыяла гэтаму таксама незалежная газэта “Свабода”. Варта нагадаць, што галоўны рэдактар яе Ігар Гермянчук быў сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту і дэпутатам Вярхоўнага Савета ў Апазыцыі БНФ.

На выбарах Кебіч трапляў бы ў кепскі стан. Вялікая колькасьць людзей савецкай сьвядомасьці (на якіх ён спадзяваўся) за яго б ужо не галасавала, а аддала б галасы за альтэрнатыву (абы не за Кебіча). Альтэрнатывай быў страшнаваты для савецкага чалавека Народны Фронт. І тым ня менш выбар шмат каму з “савецкіх” прышлося б рабіць не ў карысьць Кебіча. Галасавалі б за БНФ.

Але сітуацыя зьмянілася, калі зьявіўся новы, невядомы раней кандыдат на прэзыдэнта, які крытыкаваў Кебіча з пазыцыяў савецкага чалавека і адлюстроўваў савецкія каштоўнасьці. Гэта тое, што патрэбна было савецкаму электарату, які меў большасьць у Беларусі.

Сталася відавочна, што за савецкім кандыдатам рэальна стаяць КГБ і Масква, што з Кебічам вядзецца толькі гуляньне, што ён ужо кончаны, што яго выкарыстоўваюць толькі, як сякеру супраць БНФ. Устаноўка Масквы, КГБ і кебічаўскай намэнклятуры была вядомая: “зрабіць усё, каб не прайшоў БНФ”.

Чарговай перамогі пад Воршай не адбылося. Фальсіфікацыі прайшлі незаўважна (у другі тур рэ

Дадаць у: