НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМ!

БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМ!

20 студзеня 2017 года, адбылася інаўгурацыя прэзыдэнта Дональда Трампа. Для Амэрыкі гэта гістарычны дзень. Цяпер бальшыня амэрыканцаў (нават шмат якія, што не галасавалі за Трампа) спадзяюцца, што нарэшце Амэрыка ўздыхне вольна і вернецца зноў сацыяльная справядлівасьць для тых, хто працуе і плоціць падаткі, што можа зноў вернецца здаровы сэнс у сацыяльныя дачыненьні, і людзі нізкіх маральных якасьцяў ня будуць вызначаць каштоўнасьці.

Прэзыдэнт Трамп сказаў выдатную інаўгурацыйную прамову і ў першы ж дзень пачаў выконваць свае прапановы пераменаў. Ён падпісаў указ аб неабавязковасьці людзям плаціць падаткі і штрафы за медыцынскую страхоўку "Абама-кер" (дакладней, за яе некупляньне). А гэта, бадай што, галоўнае, ад чаго трэба было адразу вызваліць амэрыканцаў. Па абсурднасьці і рабаўніцтву ўказ Абамы пра "абама-кер" можна толькі параўнаць хіба што з антынародным рэжымным указам пра "дармаедаў" у Беларусі.

Тым часам лібэраль-апанэнты Трампа дэманстравалі свой нізкі ўзровень у палітыцы. Групы, па ўсім відаць, нанятых людзей (100-150 асобаў) у масках, апранутыя ў чорнае, разьбівалі шыбы, вітрыны, шкло аўтамабіляў на вўліцах у той час, як Амэрыка вітала ўступленьне Трампа на пасаду прэзыдэнта. Чароды лібэральнай моладзі, ачмураныя збочанай лібэральнай прафэсурай, з экстрэмісцкімі лёзунгамі ды сымваламі гомасэксуалістаў маніфэставалі сваю абстрактную нянавісьць да новага прэзыдэнта. Гэтую адвязаную публіку трэба было бачыць. Самыя папулярныя плакаты – выявы жаночых палавых ворганаў з надпісамі тыпу: «Няхай жыве…» (назва палавога воргана), альбо: «Сэкс – гэта таксама праца».

Лібэрал-дэмакраты, фінансава падтрыманыя Сорасам, стараліся арганізаваць абсурдныя лібэральныя пратэсты супраць таго, чаго не існуе, але яно ім здаецца.

У аснове тут -- нянавісьць да Трампа. Яны баяцца, што Трамп можа спыніць сацыяльны абсурд і лібэральную вакханалію ў Амэрыцы. Рэчаіснасьць паказвае, што гэтым "дэмакратам" у двукосьсі не абходзяць ні традыцыі амэрыканскай дэмакратыі, ні вынікі выбараў, ні лёс, ні будучыня Амэрыкі. Галоўнае -- гэта іхныя задавальненьні і, каб было так, як яны хочуць. Іхная нянавісьць да здаровага сэнсу пэрманэнтная. Яны чуюць толькі сябе, свае страхі і пажаданьні. Збачэнцы, сацыяльна неадэкватныя людзі, багема ды сацыяльныя паразіты (а іх мільёны) асьцерагаюцца, што могуць страціць прывеліяванае становішча ў крызісным грамадзтве ды і сам сацыяльны крызіс (які выштурхнуў на верх нізкія інстынкты) можа скончыцца.

Я, аднак, тут моцна сумняваюся ў хуткім разьвязаньні такога крызісу. Для таго, каб за кароткі час спыніць сацыяльны упадак Амэрыкі, спатрэбяцца вельмі жорсткія захады. У тэарытычным сэнсе патрэбная ня толькі адпаведная сацыяльна-эканамічная палітыка, але таксама цьвёрдая дыктатура справядлівага закона і моцнай кіруючай асобы, якая загнала б нечысьць назад у падпольле і ўзьняла б угару здаровыя сілы. Аднак да гэтага па прыродзе сваёй (як я мяркую) не гатовая ні разбэшчаная лібэралізмам палова амэрыканскага грамадзтва, ні прэзыдэнт Трамп, які (мне здаецца) яшчэ цалкам не ўяўляе, якую планетарную багну ён ускалыхнуў, што наперад абзывае яго дыктатарам. (Нобель авансам яго не чакае, толькі лямант сусьветны). Сытуацыя крыху нагадвае позьні Рым, калі ашалелы люмпен, распаўсюджаны, як пясок марскі, дыктаваў волю рымскай уладзе. Тады прыходзіў дыктатар і наводзіў "парадак". Потым дыктатара ськідалі, і вярталася дэмакратыя. Але Рым тое не ўратавала.

Мне здаецца, што прыход Трампа -- гэта будзе якраз адчайная спроба ўратаваць і адрадзіць здаровую традыцыйную Амэрыку, тую Амэрыку, якую закладвалі Вашынгтон, Джэфарсэн і ў пэўнай ступені нават наш агульны нацыянальны герой Андрэй-Тадэвуш Касьцюшка. Лёзунг змагарных штатаў часоў Джэфарсана і Касьцюшкі быў такі: "Амэрыка для амэрыканцаў!" (але не для Брытанскай кароны). Потым Янка Купала паўторыць: "Беларусь для беларусаў!" (але не для расейскага цара).

Сымптаматычна, што, плянуючы адраджэньне моцнай, вольнай, справядлівай, сацыяльна здаровай Амэрыкі, Дональд Трамп ужывае такі ж самы лёзунг, якім кіраваліся беларускія змагары з імпэрскім царызмам і маскоўскімі бальшавікамі: "Беларусь -- перад усім!"

"Амэрыка -- перш за ўсё!" -- было сказана на інаўгурацыі. Гэтая перыфраза з XVIII-га стагоддзя -- вельмі сур’ёзная заяўка, каб казаць яе толькі дзеля прамоўніцкага эфэкту. Думаю, што гэта сур’ёзна. І дай Божа, каб тое ўдалося.

У справе свабоды Амэрыка заўсёды была наперадзе ўсіх. Рабіла тое, што ёй трэба дзеля лепшага існаваньня і не праймалася, што кажуць аб тым яе ворагі. Так і нам, беларусам, асабліва цяпер, трэба памятаць, як "Ойча наш", што калі хочам шчасьця і свабоды, тады -- Беларусь перад усім! Мусіць быць Беларусь -- перад усім.

Аднак з усяго, што мы бачым і чуем цяпер у Амэрыцы, для нас, беларусаў, важнае толькі адно пытаньне -- адносіны новай адміністрацыі ЗША да агрэсіўнай палітыкі Расеі і дапамога Украіне ў абароне ад маскоўскай агрэсіі. Ад гэтага якраз будзе значна залежыць наша беларуская свабода і бліжэйшая будучыня.

Усё паказвае на тое, што новая адміністрацыя Амэрыкі павінна заняць разумную пазыцыю, бо падтрымаць Украіну і задушыць пуцінскую гэбісцкую дыктатуру ў Маскоўшчыне (якая пагражае ўсяму сьвету) -- тое якраз у інтарэсах Амэрыкі, ды і ўсяго здаровага чалавецтва. Ужо бліжэйшыя падзеі і захады пакажуць, як павернуцца гэтыя дачыненьні.

 

22 студзень 2017 г.                                                                                                            Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: