БЕЛАРУСЬ ПЕРАДУСІМ
--------------------------------------
Тут тое, што павінна быць і будзе ў нас, у Вольнай Беларусі. “We will not forget our country, we will not forget our Constitution, and we will not forget our God.”
President Donald J. Trump – January 20, 2025
-----------------------------------------------------------------
Ёсьць добрая беларуская прымаўка (арыгінал не агучваю), якую ў пераказе можна сфармуляваць так: -- "Недасьведчаным палову працы не паказваюць", -- і той, хто працуе, гэта ведае. І ўсё-такі пару слоў сказаць трэба для людзей разумных, бо хлусьня, дэмагогія і дэзынфармацыя, накіраваная на эмацыйна несасьпелае грамадзтва і на ірацыянальную сьвядамасьць спажыўцоў прапаганды, дзейнічае фатальна. І абурацца тут бессэнсоўна. Хто можа -- павінен зразумець.
Ні беларусам, ні асабліва ўкраінцам нельга ахайваць Амэрыку і яе законна выбранага амэрыканскім народам прэзыдэнта Дональда Трампа. Ніхто ня мае права зьневажаць асобу і ганьбіць вялікую дэмакратычную краіну, ад якой залежаць лёсы сьвету. Усё, што робіць і што будзе рабіць прэзыдэнт Трамп, ідзе на карысьць Украіны і ўрэшце можа стаць яе паратункам. Нішто ня робіцца адразу, але па-парадку. Калі ёсьць задача і мэта зрабіць пабудову, яна будзе дасягнута, нават калі для прафанаў напачатку -- гэта куча бярвеньняў.
Беларусы мусяць сабе ўясьніць, што ў гэтым сусьветным падзеле, які пачаўся, нам трэба ацалець як нацыі і, перш за ўсё, зьберагчы нашу дзяржаву Беларусь. Гэта цяпер ёсьць наш галоўны стратэгічны нацыянальны інтэрас. Другі наш нацыянальны інтэрас -- ня даць зацягнуць Беларусь у чужую вайну. І трэцяе -- збавіцца ад акупацыйнага лукшысцкага рэжыму і разбуральнага уплыву Расеі.
Калі дзейнічаць разумна, то цяпер адзіная краіна, якая магла б нам, беларусам, дапамагчы ўтрымацца і нават асягнуць будучыню, -- гэта Амэрыка і прэзыдэнт Трамп. Нават Лукашэнка тут нешта сваё зразумеў пра палітыку Трампа, але гэтага ніяк не разумее калектыўная грамадзкая "вата" з савецкім складам думаньня (асабліва за мяжой), што ўчапілася за чужую дэмакратыю і чакае, што ёй за гэта дадуць, не паважаючы прэзыдэнта Амэрыкі.
Перавага ў вайне пакуль што на баку Расеі, і зь мірнымі перамовамі будзе праблема. Але ўрэшце перамовы аб міры пачнуцца. Усё паварочваецца так, як казалі разумныя людзі. І цяпер, нават маючы ў грамадзтве калектыўную "вату", якая нічога ніколі не разумее, беларусам трэба ведаць галоўнае:
Нельга аблайваць і зьневажаць Беларусь, нельга бэсьціць сваю краіну перад чужымі, нельга называць антынародны антыбеларускі рэжым Лукашэнкі "белорусскім режімом", бо гэта не беларускі рэжым; нельга называць народ "суагрэсарам", бо ён не суагрэсар; нельга жадаць зла сваёй акупаванай краіне і заклікаць да санкцый супраць яе эканомікі, гандлю, транспарту, культуры і людзкага жыцьця; нельга заклікаць іншыя краіны кідаць бомбы на беларускія гарады, на Мазыр, на беларускі народ. Нельга быць самазабойцамі і дзікунамі, якія нічога ня ведаюць пра нацыянальныя інтарэсы.
У нашых беларускіх нацыянальных інтарэсах (і, дарэчы, украінскіх), трэба, каб перамовы аб міры (калі яны будуць) адбываліся ў Менску, у Беларусі. У нашых нацыянальных інтарэсах, каб санкцыі супраць Беларуськалія былі зьнятыя ўзамен за вызваленьне тысячаў палітвязьняў, каб была разблакавана чыгунка да беларускага тэрмінала ў Клайпэдзе, каб былі выплачаныя кампэнсацыі за варожую палітыку эканамічнага блакаваньня Беларусі пад выглядам санкцыяў, каб амэрыканскія інвэстыцыі на ўзаемавыгадных умовах пайшлі ў прыбытковую і патрэбную для сьвету калійную вытворчасьць ў Беларусі.
Усё гэта будзе. І будзе добра, калі ўладай і парадкам ў Беларусі будуць распараджацца не прамаскоўскія здраднікі і халуі, не прадажныя балбатуны і палітычныя гандляры, але свае беларускія, разумныя, і нацыянальна здаровыя дэмакратычныя людзі. Будучыня будзе (павінна стаць) толькі такой, беларускай і сваёй, бо іншай будучыні ў гэтых абставінах ня можа быць.
14-03-2025 г.
Зянон Пазьняк