Людзі Беларусі.
Акупацыйны рэжым па загаду Лукашэнкі і патрабаваньні Масквы пачаў зьнішчаць Народны Мэмарыял Курапаты. Расейскія нашчадкі бальшавіцкіх бандытаў, якія забілі сотні тысячаў мірных грамадзянаў Беларусі, хочуць цяпер схаваць злачынствы, зьнішчыць народную памяць пра генацыд і магілы расстраляных людзей. Сёньня яны прыехалі ў Курапаты з тэхнікай, на машынах са схаванымі нумарамі, ачапілі Мэмарыял міліцыяй і пачалі ламаць крыжы над магіламі і па пэрымэтру магільніка ды вывозіць іх у невядомым кірунку. На раніцы яны ўжо пасьпелі выламаць 70 з тысячы мэмарыяльных крыжоў. Разбуралі ноччу. Гэта адкрытая вайна супраць памяці беларускага народа. Зьвяртаюся да ўсіх, у каго жывыя душы, ідзіце ў Курапаты на абарону Народнага Мэмарыялу. Зьбірайцеся там. Хай будзе вас шмат. Зьвяртаюся да каталіцкіх вернікаў Касьцёла і праваслаўных беларусаў, да евангельскіх хрысьціянаў і габрэяў, чый помнік варвары рэжыму апаганілі ў Курапатах. Баронячы Курапаты мы баронім Бацькаўшчыну Беларусь.
Ворагі чалавецтва распачалі адкрытую вайну супраць народнай памяці пра генацыд. Пачалася гэтая адкрытая вайна пад непасрэдным наглядам здрадніка Народа пракладкай дарогі праз Курапаты, пабудовай ўвесяляльнага рэстарана ў ахоўнай зоне Народнага Мэмарыяла, і цяпер -- зьнішчэньнем памятных крыжоў. Наступны этап вайны варвараў -- агараджэньне сеткай тэрыторыі магільніка, забарона доступу людзям на тэрыторыю Мэмарыяла і поўнае зьнішчэньне ўсіх памятных крыжоў над магіламі расстраляных. Чарговы этап -- зьнішчэньне ўсіх масавых магіл і фалсіфікацыя гісторыі.
Зьвяртаюся таксама да маладых, што нарадзіліся ў задушлівай атмасфэры антынароднага рэжыму, да тых -- у каго жывыя душы. Ідзіце на абарону Крапатаў. Будзьце там. Запамінайце і фатаграфуйце абліччы злачынцаў і выканаўцаў злачынства, запісвайце іхныя прозьвішчы, пасады і нумары машын, фіксуйце злачынства, не давайце яго рабіць. Усе яны, што апаганьвалі і зьнішчалі Курапаты будуць пакараныя. Бог не пакіне Беларусь, калі мы адгукнемся і пастаім за сябе. Тыя, што паднялі руку на магілы расстралянага народа, тыя, як некалі камуністы, знойдуць свой канец.Слава Айчыне! Жыве Беларусь!
4 красавіка 2019 г. Зянон Пазьняк