НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

БЕЛАРУСЬ Ў НЕБЯСЬПЕЦЫ. ТРЭБА АБАРАНЯЦЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

БЕЛАРУСЬ Ў НЕБЯСЬПЕЦЫ.  ТРЭБА АБАРАНЯЦЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

Мы жывем у цяжкі час, калі для вырашэньня вялікіх задач перад Радзімай ёсьць замала людзей. Бо ня кожны ахвяруецца дзеля Радзімы. Аднак вялікія задачы заўсёды вырашаюцца мяншынёй. Гісторыя стоадсоткава тое пацьвярджае. Перш за ўсё дзеля вырашэньня – мяншыня павінна быць, мусіць стаць у патрэбным месцы і ўдарыць у пэўны час. Таму хай нас не бянтэжыць пасіўнае грамадзтва, але хай клапоціць слабасьць альтэрнатыўнай мяншыні. Адно з другім узаемазьвязана. Мы гэта разумеем і спрыяем разьвіцьцю беларускага Адраджэньня ў асабліва цяжкіх умовах антыбеларускага рэжыму.

Вось гэтыя акупацыйныя ўмовы рэжыму ёсьць тое, што мы вымушаны ўлічваць і што вызначае фармальнасьці нашых паводзінаў. Ворагі Беларусі, агентура і дурні заўсёды робяць выгляд, што рэжымных умоў не існуе і ўдавана разважаюць пра нашу беларускую працу, задаюць нават пытаньні пра планы дзейнасьці. Але тут, як у песьні пяецца: “мы знаем, што трэба рабіць”.

І цяпер аб тэме, на якой я хацеў бы засяродзіць увагу: аб небясьпецы.

Небясьпека для Беларусі існавала даўно. Зь ліпеня 1994 года яна стала пастаянным палітычным працэсам. Сутнасьць гэтага працэсу – зьнішчэньне беларускай нацыі і захоп тэрыторыі Беларусі Масквой. Гэты працэс у рэальнасьці павольны. Павольны, але неадступны. Запаволенасьць яго зьвязана з супрацівам Беларусі, які выяўляецца ў розных формах, у тым ліку і ў форме канфлікту паміж сатрапіяй і Масквой за маштабы ўлады сатрапіі. Гэты сатрапскі супраціў не зьвязаны з нацыянальным змаганьнем.

Яно агульнавядомае. Тым часам, тое, што адбываецца за апошнія паўгады, сьведчыць аб інтэнсіфікацыі акупацыйнай палітыкі Масквы і аб рэальным этапе інкарпарацыі Беларусі ў гэбісцкую Расею. Працэс адбываецца па тыповай маскоўскай схеме гібрыднай вайны, выпрабаванай яшчэ ў XVIII стагоддзі ў час падрыву і акупацыі Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўская схема гібрыднай акупацыі ўключае ў сабе некалькі абавязковых палажэньняў: 1). Магчымасьць часовай ці пастаяннай прысутнасьці маскоўскага войска на тэрыторыі зьнішчаемай дзяржавы; 2). Асобы статус амбасадара Масквы з правам умешвацца ва ўнутраныя справы зьнішчаемай краіны; 3). Змушэньне да дамоваў з Расеяй, выгадных Расеі, якія прадугледжваюць магчымасьць удзелу Масквы ва ўнутранай палітыцы знішчаемай дзяржавы і магчымасьць уводу войска пад гаслам брацкай дапамогі ўраду ці народу зьнішчаемай краіны; 4). Стварэньне штучнай эканамічнай і рэсурснай залежнасьці зьнішчаемай дзяржавы ад Масквы, прыўлашчваньне і захоп маёмасьці зьнішчаемай краіны; 5). У ХХ стагоддзі яшчэ дадалося разбэшчваньне грамадзтва, разбурэньне культуры зьнішчаемай краіны і русіфікацыя (якая, праўда, рабілася ад пачатку).

Па гэтай схеме была разбурана Рэч Паспалітая і захоплена Вялікае Княства.

Аслабленьне краіны (ВКЛ) прывяло да таго, што маскоўскаму войску было дазволена таптацца на Беларусі яшчэ за часы Пятра Шалёнага і Паўночнай вайны. Была нанесена вялікая шкода краіне.

Наступным важным этапам гібрыднай акупацыі ВКЛ было прызначэньне Расеяй абасадара (Мікалая Рэпніна) з асобымі паўнамоцтвамі. Гэты Рэпнін адкрыта ўмешваўся ў дзяржаўныя справы ВКЛ, спрыяў вяртаньню “лібэрум вэта”, падкупляў дэпутатаў Сэйму, арганізоўваў закалаты і нават арышты праціўнікаў ягонай расейскай палітыкі. Фактычна Рэпнін быў у Рэчы Паспалітай дырыжорам правакацый, арганізатарам акупацыі і развалу.

Гэтакая ж схема была ўжыта пры акупацыі Прыбалтыкі – аднолькавая для ўсіх трох краінаў. Калі ў верасьні 1939 года пачалася Другая Сусьветная вайна, то саветы па чарзе прымусілі Эстонію, Латвію і Летуву падпісаць зь імі пакт аб узаемадапамозе. Бакі абавязваліся дапамагаць адзін аднаму ў тым ліку і ваенным чынам, у выпадку нападу на адзін з бакоў (гучыць не камічна, але злавесна). Прыбалтыйцам была навязана рэсурсная сыравіна з СССР (што прымацавала іх да саветаў), а ўзамен саветы разьмяшчалі на тэрыторыі гэтых краін свае войскі і вайсковыя базы. Праз паўгода саветы абвінавацілі іх усіх у быццам бы невыкананьні дамоўленасьцяў «пакту аб узаемадапамозе» (дзеля гэтага, каб такое сказаць, пакт і заключылі) і запатрабавалі ўсім сфармаваць новыя ўрады і ўпусьціць яшчэ больш савецкага войска. Прыбалты пагадзіліся. Тады саветы зноў увялі войскі і сказалі, што ў фармаваньні новых урадаў прымуць удзел савецкія прадстаўнікі. Прыбалты пагадзіліся. Тады Масква прызначыла ў гэтыя краіны сваіх “дыпламатаў” тыпу Мікалая Рэпніна з асобым статусам. Яны, фактычна, павінны былі назіраць і кіраваць акупацыйным працэсам. Дарэчы, прызначаныя на ролю Рэпніна былі бандыты “яшчэ тыя”, як кажуць у народзе. У Эстоніі быў Андрэй Жданаў (вядомы генэрал-чэкіст і цемрашал, сакратар ЦК ВКПБ(б), падпісваў расстрэльныя сьпісы). У Латвіі атабарыўся бес расейскага тэрору вядомы цемрашал пракурор Андрэй Вышынскі, у Летуве – бандыт вышэйшай маркі спраўца вялікага тэрору, лепшы сябрук Берыі генэрал НКВД Уладзімір Дэканозаў.

Гэтыя “дыпляматы” забясьпечылі стварэньне савецкіх урадаў у Прыбалтыцы, якія прызначылі нечарговыя “выбары”. На выбары быў дапушчаны толькі блок камуністаў і “трудового народа”. Выбраныя квазі-парляманты аб’явілі аб стварэньні “савецкіх рэспублік” і “дабраахвотна” папрасіліся ў склад СССР. Гэтак адбылася гібрыдная акупацыя Прыбалтыкі.

Іншыя варыянты расейскіх гібрыдных войнаў (краіны ўсходняй Эўропы, Тува, Аўганістан, Чылі і т.п.) не разглядаем. Схема аднолькавая і прыкладаў дастаткова, каб зразумець, што рэальна пачала рыхтаваць цяпер Масква у Беларусі.

На ролю Рэпніна («беса сьмерці») прызначаны па дамоўленасьці Пуціна і Лукашэнкі такі Міхаіл Бабіч, асоба малавядомая, але, як высьветлілася, гэбіст-эфэсбіст зь вельмі адмоўнай характарыстыкай на Украіне і на Каўказе, дзе кіраваў шпіёнскай дзейнасьцю. Прызначэнец і «спэцыяльны прадстаўнік» прэзыдэнта Пуціна ў Беларусі. (Дарэчы, у  «Венскай Канвенцыі аб дыпляматычных зносінах» такой пазыцыі «спэцпрадстаўніка» не адзначана)

Тут усё паўтараецца, як у XVIII стагоддзі, -- да дробязяў. Шпіён Бабіч, які лічыцца фармальна расейскім амбасадарам, атрымаў поўную свабоду падрыўной дзейнасьці. Езьдзіць па Беларусі, займаецца прапагандай, інспэктуе рэзідэнтуру, дае крамлёўскія ацэнкі беларускім падзеям, арганізуе прарасейскае чынавенства на выкананьне маскоўскіх планаў гібрыднай вайны.

Стала вядома таксама, што «спэцпрадстаўнік» Бабіч езьдзіць па раёнах Беларусі з мэтай арганізацыі паралельных прарасейскіх мясцовых ворганаў улады (так, як гэта рабіла руская разьведка ў Данбасе перад нападам Расеі на Ўкраіну). Гэтыя «ворганы ўлады» павінны выявіцца ў час «ікс» (гэта значыць калі «зялёныя  прышэльцы» зьявяцца на нашай тэрыторыі). 

Нахабства дайшло да такой ступені, што рэзідэнтура ФСБ сама стала адкрыта хадзіць да Бабіча на прыём. Першымі пайшлі прафэсіяналы з падстаўной апазыцыі. А потым пацягнуліся ўрадавыя міністры. Напрыклад, расейскі эфэсбовец Шуневіч, які займае пасаду міністра ўнутраных справаў і апранае форму сталінскага НКВД (прывезены ў Беларусь з Луганска), ідзе на прыём да расейскага пасла Бабіча. Гэты візіт адкрыта дэманструе рэжымны друк. (Дарэчы, мінстр МУС ня мае права такое рабіць. У нармальных абставінах – яму б пагражала звальненьне з пасады). 

Праз пару дзён пасьля візіту Шуневіча адбываецца напад на офіс Белсата, ператрус; забралі ўсю электронную апаратуру, перавярнулі дэманстрацыйна ўсё ўверх дном і завялі беспадстаўна крымінальную справу. Яшчэ праз пару дзён вярнулі апаратуру Белсату, зачынілі крымінальную справу і папрасілі прабачэньня.

Тут якраз і ўспамінаецца XVIII стагоддзе – адзін у адзін. Толькі кароль Станіслаў Панятоўскі ўжо ня мог адмяняць авантуры Рэпніна. Цяперашні сатрап яшчэ спрабуе трапятацца. Тым ня менш абставіны паказваюць, што рэальную палітыку ў Беларусі ўжо робіць не калгасны сатрап, а расейская эфэсбоўская рэзыдэнтура. Яна цалкам кантралюе ўсе сілавыя міністэрствы і войска, ЦВК, асабістую ахову сатрапа, Міністэрства адукацыі, шматлікія ведамствы і камітэты, прамысловыя прадпрыемствы і бізнэсы.

Усё, што яны вытвараюць, не выклікае ніякай рэакцыі ў сатрапа (бо паводзіны яго тут кантралюецца Масквой, якой прадаўся). Шпіёна Бабіча, які ў статусе амбасадара займаецца антыбеларускай дзейнасьцю, пры нармальных умовах ужо сто разоў трэба было выслаць з Беларусі як пэрсону “нон грата”. 

Трэба ведаць, што краіна, якая купляе кіраўніка іншай краіны, схільна, як правіла, патрабаваць ад здрадніка прызначэньня сваіх людзей ва ўрад гэтай краіны, у міністэрствы, бізнэс, банкі і т.п. Тут ідзе гандаль, гучаць пагрозы і заявы, пакуль не дамовяцца. Аднак афіцыйнае ўцяленьне ў краіну асобы з функцыямі Рэпніна зьяўляецца знакавай падзеяй і сьведчыць, што інкарпарацыя ўжо рэальна рыхтуецца па зробленым плане.

Разбуральныя падзеі, якія апошнім часам пачаліся ў Беларусі, зьяўляюцца часткай гэтага плана. Тут перш за ўсё атака на Курапаты, рэжымны вандалізм па зьнішчэньні крыжоў (унікальнае цемрашальства, між іншым, адкрыты сатанізм), разбурэньне нерэжымных прафсаюзаў, сістэмны перасьлед журналістаў, пратэстоўцаў супраць нішчэньня экалогіі і інш.

Праглядаецца імкненьне зьнішчыць рэшткі грамадзянскай супольнасьці перад інкарпарацыйнымі падзеямі, ліквідаваць сакральныя месцы, усялякія магчымасьці духоўнай і нацыянальнай кансалідацыі людзей.

Інкарпарацыйны акупацыйны план (як відаць) маскоўцы хочуць рэалізаваць шляхам фармальнай легалізацыі незаконнай дамовы аб стварэньні незаконнага так званага беларуска-расейскага “государства”. Законных магчымасьцяў тут няма. Гэтыя пытаньні не вырашаюцца ні праз рэфэрэндум, ні праз парлямант (якога таксама няма), ні тым больш праз нелегітымнае рашэньне сатрапа (які таксама нелегітымны). Законы нікому не дазваляюць распараджацца сувэрэнітэтам краіны. Гэта непадзельны нацыянальны маярат.

Аднак мы бачым, што ў акупацыйнай палітыцы, у якой дзейнічаюць чужыя сілы, на закон і на законнасьць не зьвяртаюць увагі. Вырашальным ёсьць палітычныя рашэньні і дзеяньні, якія імкнуцца фармалізаваць пад бачнасьць легітымнасьці.

Па схеме тут хочуць рэалізаваць мадыфікацыю захопу Прыбалтыкі ў 1940 годзе. Цяпер пасьля запуску “функцыі Рэпніна” палітыка набывае практычны кшталт, супраць якога трэба прымаць захады аб ліквідацыі такой функцыі. Адной з формаў можа стаць грамадзянскае прызнаньне пэрсонай “нон-грата” асобы рускага шпіёна, які дзейнічае пад выглядам амбасадара. Ён падлягае выдаленьню з краіны. 

Трэба мець на ўвазе, што там, дзе дзейнічае ўлада беззаконьня, законы бяссільныя. Спыніць здраду і цемрашальства можа толькі сіла супраціву, дэманстрацыі, маніфэстацыі, забастоўкі, у крайнім выпадку партызанскі рух і збройны супраціў акупацыйнай палітыцы. Да гэтага павінны рыхтавацца і быць гатовыя беларускія патрыёты. Паўтаруся, што гэта ні рыторыка. Рыхтавацца трэба рэальна, зьбіраць, купляць, запасаць усё, што трэба для народнай вайны за Айчыну. Беларускія жаўнеры і афіцэры, не выпускайце зброю з рук. Яна патрэбная ўжо цяпер. Нельга дапусьціць, каб вас засталі ў расплох і захапілі без супраціву, як украінцаў у Крыме. Гэта ганебна. Маскоўскі агрэсар, калі ён уварвецца ў Беларусь, павінен знайсьці тут сваю магілу.

* * *

Наступная тэма – Курапаты. Меркаваньні для прыстойных людзей. У пачатку красавіка рэжым пачаў фізічнае зьнішчэньне Народнага Мэмарыялу. Здавалася малаверагодным, што антынародная ўлада стане ламаць крыжы. Акрамя рускіх бальшавікоў, ніхто ў гісторыі такім варварскім вандалізмам не займаўся. Аказваецца, крыжы ў Курапатах сталі выдзіраць па асабістым загадзе Лукашэнкі. Тут усё незаконна. Падзея ўразіла людзей. На гэта і быў разьлік. Дэманстрацыя крымінальных магчымасьцяў крымінальнай улады. Маўляў, хай баяцца. Масква ацэніць. Толькі каб не прышлося яшчэ за тое пашкадаваць і Маскве, і халуям.

У гэтай дзікасьці рэжымнай улады мірныя магчымасьці змаганьня зь ёй яшчэ не зачыненыя. Мы ўжо апублікавалі нашу пазыцыю супраціву. Найперш, кожны дзень у Курапатах павінны быць людзі. Але працаўнікам Мэмарыялу трэба будзе кантраляваць сітуацыю.

Мусіць быць патрабаваньне і захады, каб вандалы вярнулі і паставілі на месца крыжы. У тым ліку вырваны з зямлі летувіскі крыж. Неабходна зьвяртацца ў пракуратуру. Трэба выканаць ўсе фармальнасьці па закону і ў дадзеным выпадку не зьвяртаць увагі на зададзенасьць рашэньняў  рэжымнай улады. Як паступіць – гэта хай будуць іхныя праблемы. 

На Радаўніцу арганізаваць крыжовае шэсьце ў Курапаты з новым падыходам да мэмарыяльнай справы. Далей праводзіць крыжовыя шэсьці ў шырокім вобразным афармленьні два разы на год – на Радаўніцу і на Дзяды. Усталяваць грамадзкую апеку над Народным Мэмарыялам з боку Грамадзкай дырэкцыі Мэмарыялу і “Хрысьціянскай Злучнасьці Курапаты”. Арганізатар Алесь Чахольскі.

Працягваць удзел у пікетаваньні рэстараннага аб’екту ў ахоўнай зоне Народнага Мэмарыялу.

Беларусам трэба быць гатовымі да абвастрэньня становішча ў Беларусі. Гэтаму паспрыяе электаральная катастрофа ва Украіне, якая паказала ўражлівую палітычную непадрыхтаванасьць украінскага грамадзтва. Поўная палітычная перамога Пуціна і ганьбаваньне украінцаў (прытым яны таго не разумеюць). Ёсьць вялікая верагоднасьць, што падзеі там будуць разьвівацца па чорным расейскім сцэнары. Але канчаткова справа вызначыцца ўвосень пасьля выбараў у парлямант Украіны.

14 красавіка 2019 г.                    Зянон 

Дадаць у: