Выступ на Красавіцкім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ
Паважаныя сябры Фронту, Сойму БНФ і Партыі БНФ, вітаю ўсіх на Бацькаўшчыне і зычу ўсім свабоды.
Вітаю нашых герояў, якія пратэставалі на плошчы Кастуся Каліноўскага ў Менску 19-25 сакавіка. Вітаю нашых вязьняў, якія адпакутвалі пад арыштам за вольную Беларусь! Сябры Фронту і Партыі годна паводзілі сябе ў гэтыя дні. Асабістая падзяка належыцца тым, хто вышаў на пляц 7-га красавіка з пратэстам супраць фальшывай інаўгурацыі ўзурпатара ўлады. У пэўнай ступені вы выратавалі гонар Беларускай нацыі, бо нельга было адмаўчацца на гэты зьдзек з народа і з усяго пакаленьня. Слава змагарам! І тым, хто цяпер пад арыштам (Юры Беленькаму, Эдуарду Бокію, Ільлю Шыманскаму, Уладзімеру Мікалаеву, Уладзімеру Богачу), і тым, хто змагаецца на волі.
Нягледзячы на рэпрэсіі, на жорсткую расправу, на антыканстытуцыйны чарговы захоп улады, ёсьць падставы для радасьці і аптымізму. Гэта найперш тое, што ў грамадзтве пачалося абуджэньне і пазбаўленьне ад страху. Мы ўбачылі, што вырасла новае добрае пакаленьне моладзі, якая гатовая змагацца за вольную Беларусь пад сьвятым беларускім Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Мы бачылі, што іх падтрымалі бацькі і дзяды.
Мы пераканаліся таксама, што доўга яшчэ нашае грамадзтва будзе ікаць камунізмам, нявольніцтвам і каляніялізмам. Акупацыя і камунізм дарма не мінаюць. Расплочвацца за вынішчэньні, уціск і паніжэньне будуць цэлыя пакаленьні. Але тым больш высакародныя адраджэнскія ідэалы нашага змаганьня.
Высновы, якія пацьвердзілі сакавіцкія падзеі, нікога ў нас, відаць, не зьдзівілі. Але гаварыць пра іх трэба пастаянна і, галоўнае, даводзіць да сьведамасьці людзей, якія прывыклі кіравацца толькі сваім вопытам, не затрудняючы сябе думаньнем.
Падзеі выразна паказалі, што прарасейскі гэбізм на Беларусі – гэта ёсьць мадыфікацыя звычайнага фашызму, з той асаблівасьцю, што ён ёсьць палітычна прарасейскі і антыбеларускі ў нацыянальнай ідэалёгіі.
Сакавік выявіў наглядна, што акрамя Лукашэнкі (які амаль два тыдні адсутнічаў пасьля “выбараў”) уладай на Беларусі кіруе і распараджаецца прамаскоўская хунта з цэнтрам у Маскве.
Выбарчая кампанія выявіла дзеяньне на Беларусі палітычных тэхналёгіяў, распрацаваных у Маскве ў асяроддзі крамлёўска-лубянскай бюракратыі, набліжанай да Пуціна (група Глеба Паўлоўскага). Канцэпцыя стварэньня двух прамаскоўскіх квазіапазыцыйных лідэраў (з вызначэньнем планак актыўнасьці) дакладна супадае з маскоўскімі распрацоўкамі і праводзілася амаль адкрыта з адкрытымі вызначэньнямі і пастаноўкай задачаў. Тут Маскве нельга адмовіць у акупацыйным прафэсіяналізме. Прадбачачы беларускі ўздым, яны заранёў падрыхтавалі падстаўныя фігуры і стараліся пераняць кантроль над працэсамі.
Але не ўсё ў іх атрымалася і, я мяркую, не атрымаецца. Беларуская сіла будзе ўзрастаць. Небясьпека, аднак, у маскоўскай каардынацыі з Захадам. Нельга забываць ні Ганса Віка, ні каардынацыю Масквы з АБСЭ, калі быў патоплены на Беларусі ўздым 1996 года і разбэшчана падачкамі цэлае пакаленьне актыўнай моладзі. Цяпер у беларусаў ёсьць магчымасьць падсумаваць горкі вопыт і зрабіць высновы.
На мой погляд, Казулін і Мілінкевіч свае задачы ўжо выканалі. Баюся, што Казуліна Масква ўжо кінула як адпрацаваны матэрыял і яго чакае лёс Марыніча ды Чыгіра (а магчыма й Карпенкі). Зь Мілінкевічам яшчэ крыху пагуляюць. Гэта чалавек гумовы і больш прыдатны на ролю.
Шчыра кажучы сумна глядзець на ўсіх гэтых людзей, якія нічаму ня вучацца ў сваіх амбіцыях пагуляць з Расеяй і рабскіх думачках ашукаць Маскву. У выніку камэры, інфаркты, інсульты, магіла і… ніхто нічога не разумее, бо сьляпым не дадзена. Некалі на Беларусь пагуляць з Расеяй, пасупрацоўнічаць нібыта ў будаўніцтве камунізму вярнулася цэлае пакаленьне рэвалюцыянэраў ад Браніслава Тарашкевіча да Сяргея Бусла. Вядома, чым гэта скончылася. І толькі адзінкі, паміраючы ў ГУЛАГу, білі сябе ў лоб: “дурні мы дурні, так нам і трэба”. Высноваў з гэтага, як паказвае гісторыя, не зрабіў ніхто. Цяпер настаў час гумовых псэўдаапазыцыянэраў. Але тая ж дарожка.
Імпэрскую Расею можна перамагчы толькі ў адкрытым баі сіла на сілу. Таму ня толькі Грузія і Балтыя сталі вольнымі, але будзе такой і малая Чачэнія. Але ніколі волі ня ймуць халуі, ніколі воля не здабываецца хітрасьцю, прыстасавальніцтвам і выгадай, а толькі адкрытым змаганьнем.
Цяпер усім фронтаўцам і ўсяму нашаму Вызвольнаму руху трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу на распаўсюджваньне нацыянальнай асьветы. Нацыянальна разьвіты сьведамы чалавек сам арыентуецца ў абставінах, яму ня трэба за каждым разам тлумачыць што добра, а што дрэнна. Мы бачым, што палітыка прамаскоўскага рэжыму накіравана на вынішчэньне культуры і самаіснасьці беларускай нацыі. Гэтаму трэба супраціўляцца палітычна асэнсавана сродкамі культуры.
Пуцінская групоўка ў Расеі плянуе затрымаць уладу ў сваіх руках шляхам стварэньня фармальнасьці – іншага суб’екта дзяржаўнага існаваньня. Гэта дало б магчымасьць Пуціну выбірацца далей на прэзыдэнта ўжо новай фармальнасьці. Беларусь выбралі ахвярай гэтай імпэрскай палітыкі. Фармальнасьць заключаецца ў далучэньні Беларусі да Расеі.
Лубянка, відаць, будзе йсьці напралом. Інакш яны ня ўмеюць. (Мікраінсульт Лукашэнкі хутчэй за ўсё справа іхных рук). Не сумняваюся, што наступаюць трывожныя часы. Але Беларусь зьмяняецца. Ад хуткасьці гэтых пераменаў і ад нашай палітычна-асьветніцкай працы таксама будзе залежыць наша народная будучыня
Зянон Пазьняк
9 красавіка 2006 г.