Бел-Чырвона-Белы Сьцяг у Віцебску. Апоўдні 7 студзеня на вершаліне галоўнай гарадзкой ёлкі, усталяванай на плошчы Перамогі ў Віцебску, залунаў нацыянальны сьцяг. Паводле мінакоў і тых гараджанаў, што прыйшлі зь дзецьмі на калядныя сьвяткаваньні або на каток, сьцяг бел-чырвона-белае палотнішча памерам ня менш як чатыры мэтры, разгарнулася над зоркай на версе ёлкі. Людзі адразу зьвярнулі на гэта ўвагу, пачалі фатаграфаваць і здымаць на камэры ў мабільных тэлефонах. Праз колькі хвілін вакол ёлкі замітусіліся міліцыянты, якія дзяжурылі на плошчы. Тым часам на ёлцы можна было разгледзець і чалавека, які, верагодна, вывесіў сьцяг. Супрацоўнікі міліцыі атачылі ёлку ды выклікалі супрацоўнікаў МНС. Сьцяг на вачох у соцень жыхароў Віцебску здымалі з дапамогай пажарнай машыны: вышыні лесьвіцы хапіла, каб адмыслоўцы ўзьняліся на 40-мэтровую канструкцыю галоўнай гарадзкой ёлкі. На плошчу зьехаліся з дзесятак міліцэйскіх машын і спэцтэхнікі, сярод супрацоўнікаў МУС гараджане пазналі галоўнае гарадзкое і нават абласное міліцэйскае начальства.