НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Беларусы ў сьвеце

Беларусы ў сьвеце

Пасьля 2-й Сусьветнай вайны беларусы сталі “сусьветнай нацыяй”, гэта значыць, што, як і бальшыня іншых народаў, яны сталі жыць на ўсіх кантынентах, у шмат якіх краінах за мяжой, і, галоўнае, сталі падтрымліваць там сваё культурна-нацыянальнае існаваньне.

Гэта істотная зьява, якая павялічвае трываласьць нашага народа і нашай краіны. Яна зьвязана зь некалькімі вырашальнымі чыньнікамі, менавіта: з наяўнасьцю нацыянальнай ідэі, нацыянальнай дзяржавы і абумоўлена ідэйна-культурным узроўнем эміграцыі.

Беларуская паўстанцкая эміграцыя ў ХІХ стагоддзі адбывалася так, быццам яе ўвогуле не было. Яна існавала пад парасонам польскай эміграцыі. Не сфармуляваная была яшчэ палітычна беларуская нацыянальная ідэя, не было беларускай дзяржавы; дбалі ў асноўным пра аднаўленьне ўсёй Рэчы Паспалітай, а не асобнага Вялікага Княства Літоўскага. Беларуская эміграцыя і беларускія дзеячы (пачынаючы ад Тадэвуша Касьцюшкі) сталіся набыткам для польскай эміграцыі, спажыткам для польскай палітычнай гісторыі.

Яшчэ больш бядотны лёс быў у беларускай эміграцыі 900-х, 10-х, 20-х і 30-х гадоў ХХ-га стагоддзя. Яна (прынамсі ў ЗША) зьнікла бясьсьледна. У 20-30-х гадах, напрыклад, уся 14-я вуліца ў Манхэтане гаварыла па-беларуску і была заселена амаль выключна беларусамі, сялянамі ды работнікамі зь невысокім адукацыйным і нацыянальна-палітычным узроўнем. Яны не стварылі тут практычна нічога свайго і растварыліся ў першым жа пакаленьні, зьніклі бясьсьледна, сталі гноем гісторыі, сыравінай для біялягічнага і генетычнага існаваньня амэрыканцаў, спажыўным асяроддзем для іншых.

Прычына нікчэмнага існаваньня і этнічнага зьнікненьня – невысокі адукацыйны і сацыяльна-культурны ўзровень, але галоўнае – адсутнасьць ідэйнай нацыянальнай сьведамасьці.

Тым часам у 30-х гадах ужо існавалі культурна-палітычныя цэнтры беларускай эміграцыі ў Эўропе. Гэта, перш за ўсё, ў Празе, Бэрліне, Парыжы, часткова ў Рызе, Коўне і іншых гарадах.

Моцна перамянілася становішча пасьля 2-й Сусьветнай вайны, калі за мяжой апынуліся тысячы беларускіх патрыётаў, людзей сьведамых, адукаваных і маладых. Бальшыня зь іх потым пераехала ў Амэрыку.

Пасьляваенная беларуская эміграцыя валодала тымі каштоўнасьцямі, якіх ня мелі і не цанілі ранейшыя хвалі перасяленцаў у Амэрыку.

Чатыры каштоўнасьці ёсьць найважнейшыя дзеля існаваньня нацыі за мяжой. Гэта: нацыянальная ідэя, беларуская мова, нацыянальная салідарнасьць і сувязь з Айчынай. Гэта, так бы мовячы, неабходны стан грамадзкай сьведамасьці, які вызначае адпаведныя дзеяньні. Калі яго няма, то і дзеяньняў ніякіх ня будзе.

Пасьляваенная эміграцыя стварыла аптымальную для сябе структуру жыцьцядзейнасьці. Паўсюдна былі арганізаваныя беларускія цэрквы і адноўлена дзейнасьць аўтакефальнай царквы. Гэта давала магчымасьць шырока агарнуць беларусаў рознага ўзроўню за мяжой.

Наступная ступень – грамадзка-культурныя арганізацыі. Яны спрыялі вылучэньню і дзейнасьці найбольш актыўных беларусаў, для іншых – ажыцьцяўлялі асьветніцкую і нацыянальна кансалідуючую функцыю.

І нарэшце галоўнае – палітычныя арганізацыі, вяршыняй якіх зьяўляецца Рада БНР.

Палітычныя арганізацыі давалі ідэю і вызначалі зьмест дзейнасьці ўсёй эміграцыі, яе скіраванасьць на патрэбы нацыі, на дабро незалежнай беларускай дзяржавы. Без скіраванасьці на Айчыну існаваньне эміграцыі траціць сэнс. Ды й сама яна тады зьнікае.

У беларускай сістэме можна заўважыць шмат структурных недахопаў (напрыклад, не арганізавалася фінансава-бізнэсовая частка, не стварылі каталіцкага касьцёла, кляса адвакатаў, школаў і г.д.). Але схоплена і сцэмэнтавана было галоўнае. Прытым прыярытэты атрымалі розум, ідэі, культура, а не кашалькі і пустыя праводзіны часу.

Ідэёвасьць ёсьць вялікая перавага і асаблівасьць беларускага адраджэнскага палітычнага руху. Менавіта на ідэёвасьці беларускага руху трымаецца Беларусь, і менавіта дзякуючы гэтаму яна перажыве і пераможа цяжкі час.

Цяперака якраз адбываецца вельмі адказны і ў пэўнай ступені небясьпечны пэрыяд у жыцьці эміграцыі: зьмена хвалі і зьмена пакаленьняў. Істотным, аднак, ёсьць якраз зьмена хвалі. Толькі новая эміграцыя можа захаваць і прадоўжыць тое, што стварылі папярэднікі. Працэс перадачы заўсёды няпросты, а ўлічваючы цяперашні стан унутранай акупацыі Беларусі і напружанасьць халоднай вайны з Расеяй, гэты працэс (зьмены хваляў) вымагае ад беларусаў прытрымлівацца пэўных правілаў. Інакш можна страціць узровень, а потым і ўсё набытае папярэднікамі, страціць нацыянальныя ідэі і ператварыцца ў правінцыйнае балота з прымітыўнымі этна-культурнымі імпрэзамі (у лепшым выпадку) ці проста з “блінамі” і паяданьнем страў.

Тут хачу зазначыць, што беларуская пасьляваенная эміграцыя была нешматлікай, па параўнаньні, скажам, з палякамі ці ўкраінцамі, колькасьць якіх у ЗША і Канадзе набліжалася да 2-х мільёнаў. Але ў палітычна-інтэлектуальнай дзейнасьці за мяжой на ўзроўні асобаў і асэнсаваньні зьяваў беларусы йшлі нароўні і нават наперадзе.

Але самае галоўнае і фэнамэнальнае (што ня можа ня ўражваць) – пасьляваенная беларуская эміграцыя стварыла беларускую нацыянальную літаратуру добрага ўзроўню, прозу і паэзію, вылучыла паэтаў, што ўвайшлі пэрламі ў карону беларускай літаратуры. Гэта пра шмат што кажа.
Савецка-бальшавіцкая акупацыя стала ноччу для беларускай нацыянальнай культуры, але ня стала абсалютным правалам гісторыі, дзякуючы таму, што нацыянальныя ідэі, публіцыстыка, друк, адэкватнае асэнсаваньне сьвету і літаратура жылі за мяжой, сталі здабыткам культуры ўсёй беларускай сусьветнай нацыі (праўда, ужо для пасьлясавецкага пакаленьня).

Пасьляваенная эміграцыя была сьцісла нацыянальна-палітычна дэтэрмінаваная і палітычна дзейсная. Ніхто зь іх ня мог вярнуцца ў Беларусь, якая была пад расейскімі бальшавікамі.

Тым часам цяперашняя беларуская эміграцыя ёсьць у асноўным эканамічнага і прагматычнага кшталту, прытым зрусіфікаваная (дакладней, “саветызаваная”). Бальшыня гэтых людзей можа наведваць Беларусь. Палітычная эміграцыя, аднак, складае ўжо значную частку, і ад яе ў асноўным будзе залежыць узровень, зьмест і будучыня беларускага замежжа.

Новая эміграцыя паступова ўліваецца ў дзейнасьць беларускіх структураў. Некаторыя з новых эмігрантаў структурным пытаньням надаюць галоўную ўвагу, гатовыя нават праявіць рэвалюцыйны энтузіязм. Але пачынаць трэба з асноўнага, з грунту, на якім стаіць і трымаецца нацыянальнае беларускае жыцьцё за мяжой (і ня толькі за мяжой), менавіта: з ідэяў, з тых каштоўнасьцяў, якія я называў у пачатку. Да добрага дзеяньня чалавек мусіць сасьпець.

Трэба ўсьведамляць, што асноўныя каштоўнасьці не дыскутуюцца. Гэта зьявы бясспрэчныя, грунт, на якім мы ўсе стаім. Калі ж сумняваемся ў сваім грунце, то, лічы, што і не стаім (вісім альбо целяпаемся).

Быў бы поўны абсурд, калі б у нацыянальнай арганізацыі за мяжой беларусы пачалі б дыскутаваць, напрыклад, аб патрэбе нацыянальнай ідэі (трэба–ня трэба). Нацыянальная ідэя – гэта ідэя стварэньня і існаваньня незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Гэта ідэя, на якой у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў стварылася новая шматнацыянальная Эўропа – Эўропа айчынаў.

Аднак я невыпадкова прыводжу тут гэты трывіяльны прыклад, бо на ахайваньні якраз нацыянальнай ідэі шмат дзе практыкуецца прапагандысцкая агентура на Беларусі (гэта для Масквы істотна). Робіцца спэцыяльнае заблытваньне думак у неадукаванай публікі (“Національная ідея, это всех рускіх вон, да?” Ці: “відалі мы этот нацызм, ещё в 41-м” і г.д.).

Нядаўна я прачытаў у Сеціве апытаньне людзей на вуліцах Менска. Усім задавалі пытаньне, што такое нацыянальная ідэя. Правільна не адказаў ніхто, нават не наблізіўся да зьместу (значыць ніхто ня ведаў). Вось вам і прапаганда, вось вам і культура. А на двары 21-е стагоддзе.

Беларускія арганізацыі за мяжой створаныя, каб лучыцца беларусам разам, каб разьвівацца, каб не занядбаць духоўна самых сябе, каб адчуваць радасьць і паўнату жыцьця ад сумоўя культурна блізкіх людзей, каб умацоўваць нацыянальныя сілы і думкі і дапамагаць Бацькаўшчыне Беларусі, якая цяпер у цяжкім стане. Вось чаму Беларуская ідэя, ідэалы 25-га Сакавіка ёсьць нашыя пуцяводныя ідэі.
Беларускую мову цяпер перасьледуюць ў падрэжымнай Беларусі, зачыняюць беларускія школы, душаць беларускі друк і мастацтва. Праз пакуты на Бацькаўшчыне беларуская мова тут, за мяжой, робіцца для нас сьвятой. Шануйма яе, аберагайма, размаўляйма на ёй усюды між сабой. Ніякая іншая мова ня можа падмяняць беларускай мовы ў беларускім асяроддзі. Яна наш сьцяг і абраз, у ёй наш дух, наша культура і гісторыя, наша прыўкрасная будучыня. Культурна мы існуем у нашай мове.
Традыцыі беларускай салідарнасьці выпрацавала папярэдняя эміграцыя. Тут ёсьць чаму павучыцца. Беларусы за мяжой абавязкова павінны падтрымліваць адзін аднаго, падтрымліваць усе беларускія арганізацыі і беларускі друк і, галоўнае, – дапамагаць і падтрымліваць нашу Бацькаўшчыну Беларусь. Нельга не цікавіцца, што адбываецца там, на Беларусі, нельга не перажываць за яе лёс, нельга не дапамагаць яе свабодзе і незалежнасьці. Трэба спрыяць Радзіме.

Беларуская моладзь, вядома, павінна вучыцца, мусіць атрымаць адукацыю, стаць на ногі. Гэта трэба, бо без адукацыі за мяжой мы будзем нічым. Але задумаемся, дзеля чаго мусіць быць вучоба, дзеля чаго “стаяньне на сваіх нагах”? Калі толькі дзеля сябе, дзеля дабрабыту, каб стаць потым гноем гісторыі для чужых, – то гэта нікчэмна.

Наша вялікая сьветлая Ларыса Геніюш у Гулагу, дзяўбучы вечную мерзлату, пад вечным канвоем пісала тады: ”Як жыць, дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім ня жыць.”

З гэтага ўсяго хацеў бы даць параду маладым беларусам, што апынуліся ў Амэрыцы ці Канадзе, і ўвогуле за мяжой – не марудзьце. Не адкладайце на заўтра думак пра Беларусь. Шукайце. Гуртуйцеся. Думаючы пра вялікае, не адмаўляйцеся рабіць малое, бо гэта шлях да вялікага, які будзе разгортвацца разам з вашым сталеньнем.

І што б ні было, што б ні сталася, нават страта, нават здрада, нават забор Бацькаўшчыны – не апускайма рук. Не апускайма галавы, не адмаўляймася ад барацьбы за вольную Беларусь. Бо толькі той, хто змагаецца, можа перамагчы. Змагаючыся разам, асягаем мэту.

Зянон ПАЗЬНЯК

Нью-Ёрк

Дадаць у: