НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Белавежскія пагадненьні - Алма-Ата

Белавежскія пагадненьні - Алма-Ата

Дзесяць гадоў таму зруйнавалася ўлада камуністаў і разваліўся СССР. 25-га жніўня 1991 года мы вярнулі незалежнасьць Беларусі. Потым, 19-га верасьня, вярнулі на дзяржаўны пасад Беларускі сьцяг і Беларускі гэрб Пагоня.

Але яшчэ фармальна існаваў СССР, прэзыдэнт Гарбачоў, савецкая армія. Зразумела, што гэтакае становішча нельга было доўга цярпець, бо яно магло б стаць прычынай збройнага грамадзянскага канфлікту і крывавай вайны.

У сітуацыі, калі тры асноўныя краіны Савецкага саюзу - Расея, Украіна, Беларусь - аб’явілі пра незалежнасьць, то Савецкі саюз фармальна мусіў быць ліквідаваны. Гэта неабходнасьць. Нельга было пакідаць ніякіх праўных зачэпак для каго б там ні было, хто б мог такое становішча скарыстаць.

Прытым само становішча тады, пасьля правалу маскоўскага путчу і страты аўтарытэту Гарбачовым, спрыяла разьвязцы. Варта толькі было, як кажуць, своечасова працягнуць руку.

То нічога дзіўнага, што Ельцын і Краўчук дамовіліся.

Я называю ў першую чаргу гэтыя дзьве асобы, бо ў мяне склалася ўражаньне, што ініцыятарамі былі найбольш якраз яны. Два беларускія кіраўнікі — С. Шушкевіч і В. Кебіч — былі менш інфармаваныя. Але тое, што рашэньне аб ліквідацыі СССР было прынятае ў Беларусі, у спэцыяльнай, аддаленай ад сталіцы рэзыдэнцыі ў Белавежскай пушчы, гаворыць пра тое, што Ельцын і Краўчук не сумняваліся ў пазыцыі беларускіх кіраўнікоў.

Савецкі Саюз тады ўжо практычна паміраў. Гадзюка мусіла ськінуць сваю скуру. Адначасна гэта быў лягічны ход і дзеля замацаваньня ўлады посткамуністычнай намэнклятуры, і дзеля таго, каб пазьбегнуць грамадзкіх ускладненьняў. Ліквідацыя СССР, што для нас больш важна, адчыніла магчымасьці для ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі.

Дэклярацыя пра стварэньне СНД хавала, аднак, вялікую небясьпеку для будучыні. Бо расейская палітыка, рана ці позна, мусіла б вярнуцца на свае імпэрскія пазыцыі, і тады СНД маглі б скарыстоўваць як новую форму націску на незалежнасьць свабодных краінаў.

Тэкст Белавежскага пагадненьня заключаў у сабе шмат небясьпечных двухсэнсоўнасьцяў і старых савецкіх уяўленьняў. Тут і пра агульную эканамічную прастору, і пра армію і агульную бясьпеку, і пра аб’яднаньне на новым узроўні і г.д. (Нездарма потым на гэта спасылаўся Лукашэнка.)

Усё аднак можна было патлумачыць патрабаваньнямі пэўнай дыпляматычнасьці, мяккасьці пры ажыцьцяўленьні асноўнай задачы - пазбаўленьня ўлады Гарбачова, лагоднага дэмантажу СССР і канцэнтрацыі ўлады ў руках посткамуністычнай намэнклятуры.

У гэты пэрыяд (каб дасягнуць галоўных мэтаў) Ельцын мог гаварыць усё, што заўгодна, аж да знакамітай фразы, тыпу: «Бярыце столькі суверэнітэту, колькі здолееце панесьці» і г.д.

Але потым, калі ўлада ў Маскве стабільна вызначылася б, то ўзьнікла б іншая сітуацыя і іншая палітыка, якая пачала б скарыстоўваць СНД у сваіх інтарэсах. (Так яно потым і сталася.)

У сьнежні 1991 года можна было б дамагчыся таго, чаго дасягнулі Балтыйскія краіны - поўнай незалежнасьці, не зьвязанай ніякімі абавязкамі з СНД.

Зразумела, што беларуская савецкая ўлада была непадрыхтаваная да поўнай і раптоўнай незалежнасьці. Намэнклятура паводзіла сябе так, быццам спадзявалася, што вернецца яшчэ Савецкі саюз. Але гісторыя зноў давала нам выключны шанс, і трэба было хоць бы засяродзіць увагу людзей на магчымасьцях.

На наступны ж дзень пасьля Белавежы я напісаў артыкул у Зьвязду (надрукаваны 11-га сьнежня), дзе зьвярнуў увагу на двухсэнсоўнасьць гэтых тэкстаў і формы СНД у будучыні, на скрытнае блефаваньне Масквы, і засьведчыў, што наш шлях мусіць быць - поўная незалежнасьць Беларусі не ў СНД, а ў асяроддзі незалежных эўрапейскіх дзяржаваў.

На мой погляд, адразу пасьля так званага «нулявога варыянту» і разьлічэньня з СССР, Беларусі трэба было выйсьці з СНД і пераарыентавацца на Захад. Гэтыя працэсы (пераарыентацыя на Захад) тады пачалі ўжо добра складвацца. Але разьвіць іх не ўдалося, бо дзеля гэтага трэба было перамяніць старую ўладу. Старая ўлада, аднак, аказалася мацнейшай за грамадзтва.

Адразу пасьля пагадненьня ў Віскулях пра ліквідацыю СССР Вярхоўны Савет Беларусі ратыфікаваў гэтыя дакуманты. Намэнклятура тут мела свае інтарэсы: хацела замацаваць сваю ўладу, а мы - Народны Фронт - хацелі замацаваць незалежнасьць Беларусі.

У Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце мы прынялі рашэньне поўнасьцю падтрымаць Белавежскія пагадненьні і вялі агітацыю за ратыфікацыю дакумантаў.

Большасьць дзейнай намэнклятуры дэпутатаў Вярхоўнага Савету і членаў ураду была ў разгубленасьці і нэрвовым здуменьні. Чакалі каманды.

Дарэчы, менавіта таму, што Кебіч апынуўся ў Віскулях і падпісаў дакуманты, беларуская намэнклятура дружна хіснулася за ліквідацыю СССР. (Ды й выхаду ёй не было.) Гэта зразумела, бо намэнклятурай тады фармальна кіраваў Кебіч. Але падрыхтаваў сустрэчу ў Белавежскай пушчы - Шушкевіч. (Як мне падалося, ня ведаючы, што з гэтага атрымаецца.)

Супраць ратыфікацыі выступіў і прагаласаваў у Парляманце толькі адзін чалавек - гэта кіраўнік дэпутацкай камуністычнай большасьці Валеры Ціхіня. Ягоны выступ выглядаў кур’ёзам.

Праз два тыдні перамовы па СНД і замацаваньне Белавежскіх пагадненьняў працягваліся ў Алма-Аце.

Я быў там у складзе беларускай дэлегацыі ад Апазыцыі БНФ, разам зь іншымі дэпутатамі. Пытаньне стаяла ў тым, каб перацягнуць на наш бок сярэднеазіяцкія краіны і як бы «прыняць» іх у СНД на нашых умовах і канстатаваць тым самым поўнае юрыдычнае зьнішчэньне Савецкага Саюзу.

Азіяцкія дэлегацыі стаялі за тое, каб у гэтым СНД зьберагчы і пакінуць як найболей парадку ад СССР.

Сітуацыя была парадаксальная і выключная. Відаць, адзіны раз у гісторыі мы, беларусы, дыпляматычна змагаліся за незалежнасьць ад СССР разам з расейцамі супраць азіятаў (якіх расейцы некалі заваявалі). Адным словам, знарок і не прыдумаеш.

Пытаньне было вырашана, вядома, на ўзроўні кіраўнікоў краінаў (у Алма-Аце былі тады ўсе: і Ельцын, і Краўчук, і Назарбаеў, і Кебіч з Шушкевічам і іншыя), але дыскусія на перамовах паміж дэлегацыямі была вельмі зацятай. Нарэшце і там нам удалося пераканаць азіяцкіх прадстаўнікоў у неабходнасьці свабоды і разьвітаньня з Савецкім Саюзам. Хаця фармальна і зрабілі ім некаторыя дробныя саступкі.

Калі я зараз гэта ўспамінаю і назіраю, што там робіцца, то іранізую - паспрабуй загані цяпер азіяцкія рэжымы ў Савецкі Саюз.

Ёсьць, праўда, адзін начальнік, які туды хоча, але ён жыве не ў Сярэдняй Азіі, і бальшыня яго не разумее.

Далейшыя падзеі, пасьля Белавежскіх пагадненьняў, пацьвердзілі, што для беларускай савецкай намэнклятуры галоўны клопат быў не ў будаўніцтве Беларускай дзяржавы, а ў захаваньні сваёй улады, і потым - у скарыстаньні яе ў сваіх інтарэсах.

Пасьля 1918 года ніколі не было такога шансу для Беларусі, як ў 1991 годзе. Народны Фронт скарыстаў яго, як кажуць, на дзьвесьце працэнтаў: дамогся незалежнасьці Беларусі, спыненьня дзейнасьці КПСС і камсамола, усталяваньня беларускіх дзяржаўных сымвалаў, стварэньня беларускага войска, адчыненьня беларускіх школаў і г.д.

Але ўлада засталася ў руках посткамуністычнай намэнклятуры. Тады, у 1991 годзе, яна была, практычна, поўнасьцю незалежнай ад Масквы. І што ж зрабілі гэтыя людзі са сваёй намэнклятурнай свабодай?

У страху перад актыўнасьцю Беларускага Народнага Фронту, баючыся страціць уладу, яны зноў пасунуліся ў Маскву шукаць падтрымкі. Там іх і чакалі. Парадокс, горш за азіяцкі у Алма-Аце, пра што я толькі што расказваў.

У асяроддзі беларускай савецкай намэнклятуры, у руках якой засталася ўлада ў краіне пасьля ліквідацыі СССР, не знайшлося ніводнай моцнай энэргічнай асобы, якая хоць бы проста мела індывідуальную волю да ўлады, хацела б быць свабоднай і незалежна камандаваць. Імкненьне да ўлады ў іх заўсёды завяршалася жаданьнем служыць Маскве, быць нібыта незалежнымі і адначасна выконваць маскоўскія загады, каб ні за што не адказваць.

Так праяўляецца савецкі чалавек («савок») у беларускім намэнклятурным варыянце. Сутнасьць іхнай псіхалёгіі: кіраваць і не адказваць. Гэтай псіхалёгіі яны трымаюцца па сёньняшні дзень.

Тут не знайшлося ні сваіх ельцынаў, ні назарбаевых, ні нават сваіх шэварнадзэ ды аліевых. Шлях да ганебнай крымінальнай аўтарытарнай улады, якую яны цяпер атрымалі і якую падрыхтавалі, быў цалкам імі абумоўлены.

Гэта ўсё фармулёўкі, бязьлітасныя дэфініцыі, якія вынікаюць з ходу палітычнай рэальнасьці, якія, магчыма, раняць жывых людзей, удзельнікаў трагічнай драмы, ператворанай імі ў фарс.

З усіх людзкіх дачыненьняў няма нічога вышэйшага, важнейшага і цяжэйшага за палітыку, калі трэба ўлічваць неабходнасьць і абавязкі, асабістае і народнае, калі трэба прымаць рашэньні і будаваць паводзіны зь непрыяцелем, гледзячы чалавеку ў вочы і адчуваючы, што ён, як і ты, — чалавек. Але, як я пераканаўся, палітыка, як і гісторыя, ня мае ўмоўнага ладу. Урэшце рэшт, заўсёды выбар: альбо - альбо. Але людзкае - заўсёды людзкае.

Памятаю адлёт з Алма-Аты вечарам. Пасьля разьвітальнай вячэры (выключна для кіраўнікоў) ў самалёт заходзяць Кебіч з Шушкевічам і весела рагочуць.

- Што такое? - пытаемся.

- Мы падтрымалі Расею. Ха-ха-ха.

- Рассію паддзержалі, во как!

- Як?

- А так: падтрымалі Расею. И очень вовремя, - сямяюцца «развальшчыкі СССР».

Аказываецца, на вячэры Ельцын устаў за сталом ва ўвесь рост, каб сказаць чарговы тост за Расею. Але не разьлічыў сілы, і раптам гэтак роўненька, як посах Будды, пачаў адхіляцца ад вертыкалі і падаць назад, патыліцай на паркет. Кебіч і Шушкевіч, якія стаялі побач, зрэагавалі імгненна і падхапілі Ельцына ў палёце.

Так былі выратаваныя Белавежскія пагадненьні, «падтрымана Расея» і СНД.

У самалёце настрой прэм’ера і сьпікера стаў яшчэ лепшым. Кебіч жартаваў, расказваў анекдоты, сьмяяўся. І раптам хораша засьпяваў беларускую народную песьню, добрым голасам.

Для мяне гэта стала нечаканасьцю і выклікала перажываньні. (Я таксама люблю сьпяваць беларускія песьні.) Аказываецца, і ў Кебічы, пэўна, гэтак жа, як і ў Дземянцеі ці ў Шаладонаве, ці шмат у каго з гэтай духоўна прыгнечанай савецкай намэнклятуры, яшчэ ліпеў, мадзеў далёка ў падпольлі, на дне, страчаны беларус, які так і не ўзышоў на паверхню жыцьця, з падзямельляў душы.

Потым, у «незалежнай» палітыцы беларускай намэнклятуры нарадзіўся (як і трэба было чакаць) круты паварот у Маскву, у «калектыўную бясьпеку», да аб’яднаньня расейскай і беларускай грашовых сістэмаў і г.д. Лукашэнка толькі прадоўжыў, давёў да абсурду гэтую палітыку кебічаўскіх дзеячоў.

Яшчэ ў 1991 годзе нам, дэпутатам Вярхоўнага Савету ад Народнага Фронту, было абсалютна, адназначна і відавочна зразумела поўная нацыянальная беспэрспэктыўнасьць, «кончанасьць» беларускай камуна-савецкай намэнклятуры для беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Тут не было ў нас ніякіх ілюзіяў. Ніхто з нас не плянаваў зь імі рабіць нешта дрэннае ці выганяць з працы (яны добрыя выканаўцы), але у выпадку перамены ўлады ніхто з нас нават думкі не дапускаў, што камуна-савецкая намэнклятура будзе займаць першыя месцы ў дзяржаве (прэм’ер, сьпікер, ня кажучы ўжо пра прэзыдэнта).

Тым часам пасьпяхова змагацца з рэжымам акупацыйнай дыктатуры можна толькі на ўзроўні нацыянальнага адзінства, заснаванага, перш за ўсё, на беларуска й ідэі, на духоўных і культурных народных здабытках ды на агульным дабры.

Нацыя адзіная, калі ўсімі паважаюцца агульныя нацыянальныя каштоўнасьці і ўсьведамляюцца нацыянальныя інтарэсы.

Але на Беларусі захаваўся стары каляніяльны канфлікт паміж уладай і нацыяй. І нават Белавежскія пагадненьні і ліквідацыя СССР не паўплывалі рашуча на гэты звыраднелы каляніяльны рэлікт.

Прычыны дэфармацыі вядомыя. Іх трэба ліквідаваць сёньня і заўтра - увесь час: праз асьвету - да свабоды, праз культуру - да Бацькаўшчыны.

Белавежскія пагадненьні паказалі, як важна быць унутрана падрыхтаванымі да пераменаў.

Перамены чакаюцца зноў. Гэта відавочна. І нам, беларусам, трэба не чакаць, а рыхтавацца да іх праз пазнаньне сябе, праз усьведамленьне нашага супольнага дабра і агульнай беларускай справы. Нават вельмі нядаўняя гісторыя вучыць нас гэтай праўдзе.

Калі я ўжо напісаў гэтыя пабежныя ўспаміны, трапіўся мне на вочы артыкул у Народнай Волі (11.XII.2001) пад назвай «Віскулі». Аўтар (Леанід Лыч) усур’ёз апісвае СНД як рэальную «больш дэмакратычную і гнуткую сістэму» «ўсебаковай садружнасьці», наіўна мяркуючы, што стварэньне СНД і было мэтай Белавежскіх пагадненьняў, і калі б, маўляў, правілаў СНД прытрымліваліся, то было б усё добра.

Усю наступную постсавецкую палітыку аўтар артыкула лічыць «адступленьнем ад вызначанага ў Віскулях курсу» і ад мэтаў СНД і пастаянна пра гэта паўтарае, як некалі верныя ленінцы лічылі недахопы камунізму адступленьнем ад ленінскіх запаветаў. (Школа думаньня — вялікая справа.)

А потым ідзе пасаж, які варта працытаваць поўнасьцю, бо да такога яшчэ ніхто не дадумаўся.

Мне прышлося пачуць і прачытаць столькі непраўдзівых і фантастычных выказваньняў ў свой адрас, як, бадай, нікому зь беларусаў за апошнія сто гадоў. Я думаў, што мяне ўжо нічым ня зьдзівіш, аж аказываецца, часам можна яшчэ й зьдзівіцца.

«З роспускам СССР пагаджаліся, - піша Леанід Лыч, - створанае СНД публічна ўхвалялі ўсе. Калі ў тыя «сьнежаньскія гарачыя дні» хтосьці і выступаў супроць, дык гэта быў Народны Фронт і ягоны лідар Зянон Пазьняк. Ён лічыў падзею ў Віскулях палітычнай гульнёй, а сам дагавор аб эканамічнай супольнасьці - блефам, эканамічным абсурдам. «Для Беларусі, - сцьвярджаў Зянон Станіслававіч, - няма іншай альтэрнатывы, як вяртаньне на Захад, як шлях у аб’яднаную Эўропу, як незалежная дзяржаўная палітыка ў інтарэсах свайго народа.«Але кола ўжо круцілася...» і г.д. («Народная Воля», - 2001, 11 сьнежня)

І мая пазыцыя, і цытата перададзены правільна, і галоўнае — усё яно стопрацэнтова пацьверджана жыцьцём, далейшым ходам падзеяў. Але аўтар навучаны думаць па-іншаму, ня можа гэтай рэальнасьці успрыняць. Зьбіліся, маўляў, з курсу. Ён шчыра думае, што ў Віскулях сабраліся, каб стварыць СНД і напісалі тэкст (у значнай частцы заведама нерэальны), каб яго потым прытрымлівацца як праграмы паводзінаў на будучыню, ў пабудове СНД.

Усе гэтыя туркмэн-башы, аліевы, карымавы ды іншыя калгасьнікі зьявіліся, відаць, ад таго, што не прытрымліваліся СНД, запаветаў, прыдуманых у Віскулях.

Тэкст у Віскулях (мушу зноў паўтарыцца) узьнік дзеля пераразьмеркаваньня ўлады і свабоды. Ён даў магчымасьць кожнаму змагацца за сваё: нам, адраджэнцам і дэмакратам, - за свабоду; ім, намэнклятуры - за ўладу. Перамагла ўлада. (Пакуль што перамагла, бо барацьба працягваецца.) Пры гэтым умоўнасьць СНД імкнулася скарыстаць выключна Расея, каб мець рычагі ўплыву на іншыя краіны (што вызваліліся з СССР). Зразумела, навошта ей гэта патрэбна.

Мноства людзей піша пра палітыку, гледзячы тэлевізар і чытаючы газэты, часта нават ня маючы ўяўленьня пра палітычнае асяроддзе, дачыненьні, дакуманты і рэальнасьць. Пісаць не забароніш, нават калі пішуць, што Пазьняк змагаўся за СССР. (Хто ж на гэта стане сур’ёзна адказваць.)

Але навошта тады я тут усё гэта кажу? А справа ў тым, што дайшло да поўнага абсурду. Мае сябры так закруціліся «ў разуменьні палітыкі», што больш аб’ектыўна ўжо пішуць непрыяцелі. Нават лютыя ворагі будуць больш праўдзівымі і ніколі ня ўблытаюць мяне ў Савецкі Саюз. Бо гэта мяжа іхняе праўды.

Што адбываецца з вамі, братове, на скрыжаваньні, - хочацца задаць рытарычнае пытаньне сябрам (шмат каму), калі б толькі я не разумеў, што адбываецца.

Трымайцеся, не паддавайцеся ўдарам лёсу і ўплывам стыхій, калі ўжо даткнулася вас наша супольная бяда, бо самае цяжкае ў палітыцы - глядзець у вочы.

Зянон Пазьняк

20.12.01

Дадаць у: