БНР і Сакавік сталі для нас, беларусаў, вялікім сакральным сымвалам. Гэта зьява, па якой мераецца сьведамасьць і ацэньваецца годнасьць асобы. Гэта зьмест, па якім вызначаецца беларус.
Адначасна БНР гэта ёсьць палітычная рэальнасьць. Вось ужо 85 гадоў, як існуе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. 85 гадоў яна прадстаўляе цягласьць беларускай улады, нязьменнасьць ідэяў беларускай незалежнасьці і сьветласьць ідэалаў свабоды. 85 гадоў яна ўплывае на палітычную рэальнасьць Беларусі. Гэта бясспрэчны факт, і яго трэба ўлічваць, думаючы пра пэрспэктыву.
Утварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі азначала адраджэньне нацыі з палітычнага небыцьця. Быў пакладзены пачатак будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.
У канцы 1918 года пачалася расейская акупацыя Беларусі, якая доўжылася (зь невялікімі перапынкамі) 73 гады. Падкрэсьлю, аднак, што мірны дагавор Беларускай Народнай Рэспублікі з Расеяй ня быў падпісаны, і фармальна БНР знаходзіцца ў дачыненьні да Расеі ў стане вайны. Пра гэта ня трэба забываць, асабліва цяпер, калі набліжаецца верагоднасьць збройнага змаганьня за незалежнасьць Рэспублікі Беларусь.
Расейскія бальшавікі не маглі не лічыцца з існаваньнем Беларускай Народнай Рэспублікі, плянуючы пэрспэктыву свайго панаваньня на акупаванай Беларусі. Гэтая акалічнасьць паспрыяла таму, што яны вымушаныя былі пагадзіцца на ўтварэньне БССР, на чым настойвалі левыя беларускія палітыкі, што супрацоўнічалі з бальшавікамі. Неўзабаве ў Смаленску быў створаны беларускі камуністычны ўрад, і першага студзеня 1919 года аб’яўлена пра стварэньне БССР. У кантэксьце нацыянальнага існаваньня гэта быў факт станоўчы.
Урад і Рада БНР апынуліся на выгнаньні. Тут яны разгарнулі палітычную дзейнасьць за вызваленьне Беларусі з бальшавіцкай няволі і па інфармаваньні палітычных колаў Захаду пра беларускую рэальнасьць.
Велізарнай заслугай Рады БНР і беларусаў у замежжы было тое, што яны ідэйна абаранілі, узьвялічылі і перахавалі да сёньняшніх дзён вялікія ідэалы незалежнасьці, ідэі і сымвалы Беларускай Народнай Рэспублікі.
Кожны з гэтых беларусаў верыў, што Беларусь адродзіцца і адновіць незалежнасьць. Гэтая вера трымала іх. Памятаю надпіс, зроблены ў 1956 годзе на падарункавым фота аднаго беларускага афіцэра: „Распусьцяцца бярозы — мы вернемся дамоў". I гэтак — паўстагоддзя. Бальшыня не вярнулася, не дажыла. Але вярнуліся ідэі, гісторыя, сымвалы і нацыянальныя каштоўнасьці, што адваявалі і зьбераглі мінулыя пакаленьні. I гэта для нас, беларусаў, таксама ёсьць змаганьне і вялікая барацьба.
У гісторыі дачыненьняў БНР трэба зьвярнуць увагу на той факт, як сур’ёзна і хваравіта адносіцца Масква да існаваньня і дзейнасьці БНР. Пачынаючы з 1919 года, расейская дыпляматыя і агентура прыклалі шмат намаганьняў, каб раскалоць Урад БНР і заманіць дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі ў БССР.
Інтэлігенцкі ідэалізм некаторых беларускіх дзеячоў, адсутнасьць вялікага палітычнага вопыту і, як ні дзіўна, дрэннае веданьне расейцаў, прывялі да таго, што энкавэдзісцкая авантура ўдалася, Урад БНР раскалолі, і ў сярэдзіне 1920-х гадоў частка беларускіх змагароў прыехала ў БССР. Неўзабаве ўсе яны былі расстраляны.
Барацьбу супраць БНР расейцы не спынялі і ў 1930-х гадах, і асабліва пасьля вайны, калі стараньнямі Прэзыдэнта Міколы Абрамчыка была адноўлена дзейнасьць Рады БНР (пасьля сьмерці Прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі).
У пасьляваенны час КГБ праз свае крэатуры стварыў нават фальсіфікатарскую канцэпцыю ў гістарычнай навуцы аб быццам бы недасканаласьці, няважнасьці і нязначнасьці БНР. На гэбоўскую фальсіфікатарскую распрацоўку спасылаюцца і цяпер расейскія прапагандысты ў гістарычнай навуцы.
Заўсёды карысна аналізаваць палітычную рэакцыю праціўнікаў, каб ацаніць ступень палітычнай важнасьці сваіх дзеяньняў. Дык вось, Масква ніколі не прапускала міма вушэй дзеяньняў БНР і дзеяньняў беларускіх адраджэнцаў у Беларусі, накіраваных на лучнасьць з ідэямі і фактарам існаваньня БНР у беларускай вызвольнай палітыцы. Рэакцыя была часам даволі нэрвовай. Беларускі Народны Фронт зьведаў яе на сабе ад самага пачатку.
Выразна адлюстраваліся, напрыклад, такія паводзіны Масквы ў 1997 годзе, калі Народны Фронт пасьля лістападаўскага антыканстытуцыйнага перавароту (ў 1996 годзе) прыступіў да вельмі важнай нацыянальна-патрыятычнай і кансалідуючай акцыіі „Грамадзянства БНР". Пасьпяховая напачатку і пэрспэктыўная акцыя была ўсё ж такі сарваная, з прычыны (перш за ўсё) глыбокага ўжо да таго часу ўнутранага расколу БНФ і з прычыны паўсюднай актывізацыі антыадраджэнскай гэбоўскай агентуры. Шэраг экзальтаваных антыбеларускіх артыкулаў якія зьявіліся тады на гэтую тэму (і тэму БНР) у расейскім, перш за ўсё, камуністычным друку, наводзяць на пэўныя разважаньні.
Цікава, што перад гэтым, яшчэ ў 1993 годзе, была спроба з боку былой савецкай намэнклятуры намовіць прадстаўнікоў Рады БНР да перадачы сваіх паўнамоцтваў ураду Рэспублікі Беларусь. (Тактыка, як у 1920-х гадах.) Аднак, дзеячы беларускай эміграцыі цяпер ужо не зрабілі памылкі. Рада БНР дзейнічае і жыве.
Далейшыя падзеі паказалі, як важна для Беларусі, што засталася Рада БНР і што яна не ашукалася, не здала пад уплывам незалежніцкай эйфарыі свае паўнамоцтвы здрадніцкаму намэнклятурна-каляніяльнаму савецкаму ўраду. Як важна, што жыве рэальна вялікая справа Беларускага Адраджэньня!
Якую галоўную выснову мы павінны зрабіць з цяперашняй сучаснасьці і з усёй гісторыі БНР? А такую, што да БНР мы павінны адносіцца ня толькі, як да ідэі, ня толькі, як да сымвала і ідэальнага вобраза, а як да палітычнай актуальнасьці і пэрспэктывы нашай вольнай нацыянальнай будучыні.
Цяперашняя Рэспубліка Беларусь мае цягласьць ад БССР. Адсюль хвароба прыроды, хвароба паходжаньня ўлады. Хвароба паходжаньня спарадзіла Лукашэнку і шукае ганчарыкаў. Не пераменіцца ўлада, пакуль не пераменяцца ідэі.
Нашыя беларускія ідэі, ідэі беларускай незалежнай будучыні — гэта ёсьць ідэі БНР. Калі мы хочам нашу вольную, народную будучыню мець, — мы павінны вярнуць і ўсталяваць Беларускую Народную Рэспубліку як палітычную рэчаіснасьць. БНР — гэта не ўчарашні дзень. Гэта змагарная сучаснасьць і наша будучыня. Такая ёсьць праўда.
22 сакавіка 2003 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
Вільня
(Канфэрэнцыя ТБК, прысьвечаная 85-м угодкам БНР)
Беларускія Ведамасьці, №48 | люты-сакавік 2003 г.