З усяго, што ёсьць у жыцьці найвялікшым дабром, ёсьць усьведамленьне таго, што існуе Бог – найвышэйшая, вечная, трансцэндэнтная стваральная сіла Сусьвету і ўсяго існага, якая адначасова была, ёсьць і будзе. Ужо само гэтае ўсьведамленьне па веры дае сэнс існаваньня тым, хто яго шукае і хто над ім задумваецца.
Разуменьне, што ёсьць Бог, робіць чалавека ўнутрана свабодным (бо ёсьць спадзяваньне на вышэйшую справядлівасьць) і маральна адказным за свае ўчынкі (бо ёсьць вера ў ацэнку жыцьця пасьля сьмерці).
Чалавек, які жыве бяз Бога, толькі рацыё і толькі зьнешнім матэрыяльным сьветам, будуе свае паводзіны, улічваючы законы, грамадзтва, традыцыі і культуру. Яму, аднак, лягчэй ігнараваць гэтыя чыньнікі, калі ёсьць магчымасьць і жаданьне пазьбегнуць адказнасьці, бо ўсьведамленьне адказнасьці перад Богам у такога чалавека адсутнічае. Але, калі можна парушыць сьвецкі (дзяржаўны) закон і пазьбегнуць пакараньня, то адказнасьці перад Богам пазьбегнуць немагчыма.
Адчуваньне вышэйшай стваральнай сілы і прыняцьце існаваньня Бога зьяўляецца адначасна маральным рэгулятарам у разьвіцьці асобы.
Адносіны да Бога і дачыненьні з Богам рэгулююцца рэлігійнай арганізацыяй (Касьцёлам, Царквой і г. д.), але кожны чалавек мае свой рахунак дачыненьняў з Тварцом усяго існага і будучы вольным, робіць сьведамы ці нясьведамы выбар.
Хрысьціянства пабудавана на дасканалай свабодзе выбару. Чалавек, які прымае Бога толькі ў традыцыі, але калі ён прыглядаецца, думае, аналізуе, слухае сваё сэрца, імкнецца пазнаць сэнс ісвнаваньея, такі чалавек можа адкрыць прысутнасьць Бога ў сваёй душы і глыбей усьвядоміць, што сапраўды існуе Бог, і гэты Бог – Ісус Хрыстос, і ўсё, што зьвязана зь ім, -- праўда.
Тут выбар свабоднай волі, якой Бог адчыніў дзьверы, калі ў іх стукаліся.
Але калі б існаваў рацыянальны, факталагічны доказ існаваньня Бога, калі б, скажам, Яго ўсе разам маглі хоць раз у жыцьці бачыць, і ўсе б бачылі і ведалі: вось гэта ёсьць Бог, -- то выбару ўжо няма. І веры няма. Ёсьць парадак, які, хочаш–ня хочаш, трэба ўспрымаць як рэальнасьць.
Такое становішча (калі вера замянялася б ведай) рэзка абмяжоўвала б духоўнае разьвіцьцё чалавека і прымітызавала б якасны падзел людзей.
Гістарызм існаваньня Ісуса Хрыста на Зямлі даказаны лепш, чым існаваньне самых рымскіх гісторыкаў, якія пра гэта пісалі, і імпэратараў разам узятых. Але доказнасьць Яго Боскай прыроды аспрэчваецца і, мяркую, ніколі ня будзе даказана бясспрэчна, як навуковы факт, бо ў гэтым няма патрэбы. Зьявы духоўнага кшталту ня могуць быць дакладна дасьледаваны ніякай навуковай мэтодыкай, бо яна абаперта на законах існаваньня фізічнага сьвету. Духоўны сьвет пазнаецца праз веру, дзеля ўмацаваньня якой існуюць яго прыкметы, знакі, зьявы і сымвалы быцьця.
Таму рацыянальная доказнасьць існаваньня Бога заўсёды адносная і можа паслужыць пункцірам Веры, але не яе аргумэнтам. Сцьвярджэньне “Веру, што ёсьць Бог” не патрабуе аргумэнтаў. Яно магутнае само па сабе, бо зьвязана з сэнсам існаваньня.