НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Будучыня за вялікай ідэяй

Будучыня за вялікай ідэяй

(Ліст на чэрвеньскі 2015 г. Сойм КХП -- БНФ і БНФ "Адраджэньне")

Тэма для абмеркаваньня, якую я прапаную, падрыхтавана мной загадзя і два тыдні таму ўзгоднена і зьмешчана на нашых старонках у Сеціве. Матэр’ял называецца "ШТО АДБЫВАЕЦЦА І ШТО МОЖА БЫЦЬ". Для абмеркаваньня (якое ўжо пачалося сярод беларусаў замежжа) прапануецца апошні разьдзел -- "МАГЧЫМАЕ І ПАТРЭБНАЕ". Перадапошні разьдзел -- "БЕЛАРУСЬ" -- гэта як уступ і разгорнутая прэамбула да тэмы.

 

Мы прыступаем да ажыцьцяўленьня задачы, пастаўленай намі даўно -- да стварэньня пазытыўнай праграмы будучага разьвіцьця Беларусі. Гэта значыць павінны быць асэнсаваны і адлюстраваны ў канкрэтных формулах і палажэньнях нацыянальны ідэал Беларускай дзяржавы, да якога трэба імкнуцца, які выявіць лепшыя магчымасьці нацыі, задаволіць дзейныя духоўныя, культурныя і матэрыяльныя патрэбы людзей і адчыніць станоўчыя пэрспэктывы далейшага разьвіцьця пакаленьняў.

Па грамадзка-палітычным жанры і ў канцовым варыянце гэта павінна быць Народная праграма будучыні Беларусі, пагрунтаваная на Беларускай ідэі нацыянальнага Адраджэньня. Падыход да раскрыцьця тэмы мусіць быць абумоўлены заканатворным зьместам дзеля будучага напаўненьня беларускага дэмакратычнага заканадаўства.

Гэты дакумант ствараецца безадносна да характару і спосабу ліквідацыі рэжыму як аптымальная дадзенасьць, якая павінна быць у беларускім грамадзтве дзеля бачаньня пэрспэктывы.

Народная праграма павінна ўлічваць абставіны, у якіх разьлічана яе дзеяздольнасьць. Менавіта: унутранны духоўны стан Беларускай нацыі, культуры і адукацыі, эканомікі і гаспадаркі; палітыку Расеі і Эўразьвязу, абставіны ў сьвеце, наяўнасьць поясу вольных краін ад Балтыкі да Чорнага Мора.

 

Пасьля першага этапу абмеркаваньня і ўнясеньня прапаноў плануецца другі і трэці этапы абмеркаваньня дапрацаванага тэксту. Дзеля абмеркаваньня тэмы цяпер ёсьць пэўныя магчымасьці (у тым ліку і электронныя). Але ў ананімных камэнтарах па інтэрнэту абмеркаваньне не праводзіцца і не прымаецца пад увагу (улічваючы ваенна-дэзынфармацыйную дзейнасьць расйскай фабрыкі ілжы).

Другі дакумант, які будзе створаны (але без шырокага абмеркваваньня), -- гэта Праграма-мінімум пад умоўнай назвай "Пераходны пэрыяд". Тут будуць разгледжаныя варыянты ўпадку і ліквідацыі антыбеларускага рэжыму і неабходныя дзеяньні ў пераходны пэрыяд.

 

Пры абмеркаваньні гэтай вельмі патрэбнай тэмы, якая павінна канкрэтна аформіць нацыянальна-ідэалагічны зьмест беларускай барацьбы, спрыяць адраджэньню Беларускай нацыі і дапамагаць будаўніцтву пасьпяховай Беларускай дзяржавы, прасіў бы сяброў Сойму улічваць, што на сёньняшні дзень і антыбеларускі рэжым, і ягоная кішэнная апазыцыя, зь якіх ужо сьмяецца Беларускі народ, знаходзяцца ў поўным тупіку. Ім абсалютна няма чаго сказаць людзям, у іх пуста ў галовах і там гуляе вецер, яны ляпечуць несусьветныя глупствы у кампаніі з Гайдукевічамі ды Калякінымі, па якіх Расея плача. Нават расейцы ў Маскве за пятнаццаць гадоў нашых тлумачэньняў зразумелі, што нельга ўдзельнічаць у фальшывых выбарах дыктатуры.

Другі факт. Нам трэба адказна ўсьведамляць, што ў гэтых цяжкіх умовах наша ўжо не масавая на сёньняшні дзень Партыя Фронта (КХП – БНФ) ёсьць адзінай ў краіне адэкватнай нацыянальна-палітычнай сілай, якая мае станоўчыя вынікі дзейнасьці, якасную, адпаведную рэальнасьці, ідэалогію і разумнае, пазытыўнае бачаньне беларускай пэрспэктывы. Мы ведаем, што будучыня за вялікай ідэяй. Рашаючая роля нашай Вялікай Беларускай ідэі наперадзе.

 

14 чэрвеня 2015 г.                             Зянон Пазьняк

Дадаць у: