НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Чалавек

Чалавек

Калі задумацца над жыцьцём чалавека, мераючы яго гісторыяй, грамадзкімі дачыненьнямі і вечнасьцю, то прыходзім да высновы аб існаваньні агульначалавечых каштоўнасьцяў, якія ў кожным народзе маюць сваістае асэнсаваньне і значэньне, як грунт, на якім палягае культурнае быцьцё людзей на Зямлі.

Агульначалавечыя каштоўнасьці ёсьць, перш за ўсё, каштоўнасьці нацыі. Гэта сам чалавек, народ, мова, зямля (тэрыторыя, на якой жыве чалавек і народ), літаратура, дзяржава, сьцяг і г.д. Існаваньне чалавека ў грамадзтве накіраванае, найперш, на захаваньне і абарону гэтых каштоўнасьцяў. Абсалютнасьць іх не падвяргаецца сумненьню (не зьяўляецца дыскусійнай).

Чалавек, яго жыцьцё і душа, ёсьць першаснымі каштоўнасьцямі самога чалавека. Людзі падзеленыя ў грамадзтве палітычнымі і сацыяльнымі антаганізмамі, бывае, могуць, кожны па-свойму і кожны з свайго гледзішча, дбаць пра дабро ўсёй нацыі, ненавідзячы адзін аднаго. Ці справядліва гэта, ці дапушчальна, ці павінна так быць?

Безумоўна, што так быць не павінна. Але гэта ёсьць. Ёсьць, практычна, паўсюдна, толькі ў рознай ступені і ў розных праявах. Таму мы, насуперак нашым жаданьням і перакананьням, вымушаныя прызнаваць рэальнасьць. Аднак гэтая рэальнасьць дапушчальная толькі да пэўнае мяжы.

Такой мяжой ёсьць цана жыцьця чалавека, дакладней, — яго сьмерць. Народ можа быць адзіным, пакуль не перакрочаная гэта мяжа. Таму цывілізаванае права, ствараючы юрыдычныя нормы, заўсёды імкнецца да абмежаваньня нянавісьці.

Людзі, аб’яднаныя адной культурай, адным этнасам, адной гісторыяй, ня гледзячы на супроцьлеглыя палітычныя арыентацыі, павінны памятаць пра агульнае, дбаць пра агульныя нацыянальныя інтарэсы і бачыць супольную нацыянальную пэрспэктыву. Бо нашчадкі палітычных праціўнікаў могуць быць зусім не праціўнікамі, а сябрамі. Жыцьцё не стаіць на месцы. Палітычныя дактрыны зьмяняюцца, а народ, этнас, нацыя — застаюцца.

Пры ўсёй жорсткасьці палітычных непрыхільнасьцяў, заўсёды можа надыйсьці час, калі беларус беларуса мусіць і абавязаны падтрымаць. Бо толькі тады можа існаваць беларуская палітыка, беларускі народ, беларуская дзяржава, беларуская культура ды беларуская мова, пакуль існуюць беларусы.

Гаворачы пра каштоўнасьць чалавека, мы разглядаем яго шырока: як каштоўнасьць фэнамэнальную, этнічную і народную (тое ж самае — нацыянальную). У хрысьціянскай цывілізацыі стварылася яшчэ адна тыпалёгія чалавечай адметнасьці — індывідуальнасьць душы (пра гэта я ўжо пісаў раней).

У другой палове ХХ-га стагоддзя чалавек-індывідуальнасьць стаў разглядацца ў сацыяльна-этычных дактрынах дэмакратычнага сьвету як найвышэйшая каштоўнасьць, якая валодае прыярытэтам перад народам, дзяржавай і грамадзтвам. Аднак, пасьля прыходу левых да ўлады ў дэмакратычных краінах (у выніку распаду СССР) і з узмацненьнем працэсу глябалізацыі, дактрынёрства аб "правах чалавека" перарасло ў нешта, накшталт сурагату сацыяльнай рэлігіі чалавека, з выразнымі тэндэнцыямі нэапаганства ў этыцы і культуры.

Штучнасьць і аднабокасьць гэтай дактрыны "абсалютнага чалавека" стала відавочнай, калі яна пачала ператварацца ў пануючую ідэалёгію левай дэмакратыі.

Тым часам, калі мы ўважліва ўгледзімся ў гісторыю і прааналізуем грамадзкія ды прыватныя дачыненьні людзей, то прыдзем да высновы, што і палітычныя эліты, і людзі ў цэлым імкнуцца да гарманізацыі дачыненьняў паміж грамадзтвам, дзяржавай і асобным чалавекам.

З гледзішча агульных інтарэсаў, ёсьць аб’ектыўныя тэндэнцыі да парытэту памж асобай і грамадзтвам (дзяржавай).

Канцэпцыя парытэту, на мой погляд, больш эфэктыўная ў абмежаваньні зла. Яна бліжэй да гармоніі супольнасьці і больш разумная, валодае большай мерай справядлівасьці і шырэйшым паглядам на існаваньне людзей.

Імкненьне да гармоніі ў чалавечай супольнасьці вынікае з гарманічнай прыроды чалавека, якую ён рэалізуе ў працэсе існаваньня. Чалавек як зьява жыцьця, як духоўны і прыродны фэнамэн ёсьць трыадзіны: чалавек-дзіця, чалавек-жанчына, чалавек-мужчына. Тут адзіны чалавечы сьвет, адна прырода і адначасна — тры сьветы, тры прыроды.

Калі мы супаставім нашыя зьвесткі пра прыроду, рэлігію, космас, гісторыю і чалавека, то заўважым дзіўную карэляцыю функцыяў і падабенства з унівэрсальнасьцю ўсёй сьветабудовы. Фэнамэн гарманічнага чалавека (гэта значыць, абстракцыя, якая выводзіцца з рэальнасьці) набліжае нас да меркаваньня, што чалавек ёсьць вобраз і мадэль (аналёгія) усяго існага, усяго сусьвету, узор (канструкцыя) разьвіцьця духу.

Ёсьць над чым задумацца, чаму, як напісана, Бог стварыў чалавека па вобразу і падобнасьці сваёй.

Калі спрасьціць аналёгію і канкрэтызаваць думаньне, то можна разважаць такім чынам. Пояс, чалавечая сярэдзіна — гэта энэргія і абмен. У гары — тры вышэйшыя субстанцыі: сэрца, розум і, як мяркуецца, душа. Ніжэй — працяг роду, распад, інстынкт палавін.

Калі жыцьцёвая канцэнтрацыя думак, дзеяньняў, паводзінаў і матывацыя засяроджаныя на верхнім узроўні, тады адбываецца высокае разьвіцьцё асобы і грамадзтва (узвышэньне).

Калі канцэнтрацыя накіраванасьці і прыярытэты засяроджаныя на нізкім узроўні, — адбываецца дэградацыя (прымітывізацыя) асобы і заняпад (распад) супольнасьці.

Раздумленьне над гэтым прыводзіць да высновы, што тут дзейнічае абсалютная заканамернасьць, якая не прадугледжвае выключэньняў.

Накладаньне і праекцыя арыентацыяў асобы у гістарычных грамадзтвах адносна будовы цела карэлююцца з пэрыядамі ўздыму і заняпаду.

Цывілізацыйная катастрофа адбываецца тады, калі грамадзтва набліжаецца да вобразу Садома і Гаморы.

Гэтакі накірунак існаваньня асобы (апушчэньне ўніз) прывёў да крызісу антычнага грамадзтва і разьвіваецца цяпер у Эўра-Амэрыканскім сьвеце былых хрысьціянаў.

Прыродная і надпрыродная сістэма чалавека (мужчыны-жанчыны), практычна, усюды на Зямлі аднолькавая. Асабліва прыцягвае ўвагу аднолькавасьць дзеяньняў, паняцьцяў і рэакцыяў дзяцей у людзей розных расаў і народаў. З уключэньнем у соцыюм, аднак, рэзка зьмяняецца іхны малюнак паводзінаў і ацэнкі рэальнасьці.

Тым часам відавая ўласьцівасьць духа і натуры трыадзінага чалавека не залежыць ад соцыюма (хоць узаемазьвязаная і соцыюм здольны на яе ўплываць). Прэцэзійная дакладнасьць натуры чалавека і сіла прыроднага наканаваньня ўражвае сваёй магутнасьцю і сваёй зададзенасьцю трыадзінства, як шляху да гармоніі чалавечага існаваньня.

Псіхалягічная прырода, будова цела і біялёгія мужчыны ад пачатку спрыяе яму быць больш незалежным у выбары паводзінаў. Ён актыўны дасьледнік і пераўтваральнік сьвету, зьнішчальнік перашкодаў, заваёўнік і набытчык.

Прырода жанчыны, на якой палягае функцыя прадаўжэньня роду, спрыяе арганізацыі асяроддзя. Жанчына замацоўвае, кансэрвуе, абчалавечвае тое, што здабыта. Без кансэрвуючага, абчалавечваючага фактару жанчыны чалавек не падняўся б з прыроды і першабытнасьці. Яго актыўнасьць дзеля здабыцьця і пераўтварэньня сьвету без "замацаваньня" магла б абярнуцца ў шлях спажываньня і разбурэньня, калі ў імкненьні наперад за плячыма застаюцца адны руіны.

Гэтае наша дапушчэньне добра відаць у гісторыі на прыкладзе варварства. (Нагадаю, што людзі старажытных цывілізацыяў называлі варварамі тыя супольнасьці, якія не стваралі мастацтва і духоўнай культуры, а займаліся толькі вайной, ваеннымі набегамі і заваёўніцтвам.) У варвараў, практычна, адсутнічала каштоўнасьць чалавека. Жыцьцё чалавека нічога ня значыла. У гістарычных манголаў часоў Чынгіз-Хана сьмяротнае пакараньне ажыцьцяўлялася тут жа, калі мангол разьліў на зямлю малако з курдзюка, альбо памачыўся ў юрце. Але калі нехта па нейкай прычыне забіваў іншага, на гэта амаль не зьвярталі ўвагі. Забойства трактавалася як прыватная справа.

Роля жанчыны ў варварскім грамадзтве была мізэрнай. Тым часам і надпрыродная сістэма чалавечай натуры, пра якую я казаў у пачатку, і функцыя жанчыны ў гэтай сістэме чалавека, і гісторыя цывілізаванага сьвету паказваюць, што ўсялякі заняпад грамадзтва, распад у ім маральных правілаў, нормаў і дачыненьняў, не прыводзяць да ягонага краху і разбурэньня, пакуль дэмаралізацыя не паралізавала чалавека-жанчыну. Гэтаму ёсьць шмат прыкладаў. Чалавек-мужчына змагаецца, здабывае, стварае, зьмяняе, але сьвет трымаецца на жанчыне.

Дасьледавана, што неабарачальнае выраджэньне і выміраньне этнічнай супольнасьці характарызуецца дэградацыяй трыадзінага чалавека. Спачатку перастаюць паважаць старых людзей і клапаціцца пра старых бацькоў. Потым перастаюць цікавіцца выхаваньнем дзяцей, іхным жыцьцём і будучыняй. І нарэшце, мужчына перастае змагацца за жанчыну, уплываць на яе жыцьцё, цікавіцца яе лёсам; жанчына траціць сорам, перастае паважаць сваё цела, ня хоча дзяцей.

У мяне не адчыняецца рот, каб сказаць, якія працэсы маральных пераменаў назіраюцца ў нашым беларускім грамадзтве...

Але ня ўсё страчана. Дамагаючыся вялікага, не забывайма пра малое. Трэба змагацца, клапаціцца за кожную душу, за кожнае добрае людзкае слова, за кожнага чалавека. Так, як робяць гэта шмат хто ў нашай краіне.

Унівэрсальны прынцып гармоніі ў сусьвеце ёсьць любоў. Гэта надпрыродная зьява жыцьця, сваіста праяўляецца ў натуры чалавека і зьяўляецца асновай сям’і, дзе якраз трыадзіны чалавек рэалізуецца найбольш дасканала. Сям’я, побач з дзяржавай, ёсьць найвялікшае цывілізацыйнае дасягненьне чалавека. Гуманны, псіхалягічна паўнавартасны чалавек вырастае, як правіла, у паўнавартаснай, добрай сям’і. З гэтай прычыны інстытут сям’і, гэтак жа, як і жыцьцё чалавека, ёсьць вялікай каштоўнасьцю нацыі, вымагае спэцыяльнай аховы яго ў грамадзтве і стварэньня спрыяльных умоваў існаваньня.

Пачынаючы з другой паловы ХХ-га стагоддзя (пасьля 2-й Сусьветнай вайны), назіраецца інтэнсіўны працэс распаду сям’і, практычна, ва ўсім сьвеце (але найбольш — у Эўропе і Амэрыцы). Узіраючыся ў глыбіню пісанай гісторыі, мы не знаходзім чагосьці падобнага, з чым маглі б параўнаць тое, што адбываецца зараз з сям’ёй. Распадаюцца амаль дзьве трэці шлюбаў, зьяўляюцца хваравітыя канцэпцыі аб непатрэбнасьці сям’і, усё больш людзей (асабліва жанчынаў) сьведама не ўступаюць у шлюб, каб жыць самым з сябе (з вымогаў цела і пачуцьцяў), карыстацца гатовым, ня мець дзяцей і ня мець абавязкаў. (Гэта найбольш назіраецца ў Заходнім сьвеце.)

З мноства канкрэтных прычынаў гэтай зьявы я б вылучыў тры, найбольш агульныя. Першая — гэта культурны разрыў паміж пакаленьнямі, што прывяло да разладу ў перадачы традыцыяў, і нават элемэнтарнага вопыту.

Нагадаю, што для нармальнага і пасьлядоўнага разьвіцьця культуры (гэта значыць, з засваеньнем досьведу) павінны быць аўтарытэты (эліта), пастаяннае насельніцтва (на пастаяннай тэрыторыі), узаемаабмен і лучнасьць пакаленьняў. Мінімум тры пакаленьні (дзед, бацька і сын) павінны мець агульныя асноўныя каштоўнасьці. Хуткія зьмены ў грамадзтве дызарыентавалі мэханізм перадачы культуры.

Другая агульная прычына — упадак маралі. Трэцяя — бездухоўнасьць.

Самае дрэннае, што зьява дэградацыі і распаду сям’і — гэта вынік агульнага працэсу абясцэньваньня і рэдукцыі нацыянальнай цывілізацыі. Эўропа айчынаў перакшталтоўваецца ў Эўропу спалучаных вытворцаў і спажыўцоў. Будуецца інтэграцыя па матэрыяльных інтарэсах на фоне фатальнага ўпадку духоўнай і гуманістычнай культуры.

Мы, беларусы, стварылі нацыянальную дзяржаву ў 1918 годзе, і ў тым жа годзе страцілі незалежнасьць. З прычыны больш чы 70-гадовага пэрыяду савецкай акупацыі і камуністычнага вынішчэньня, мы ня мелі магчымасьці стабілізаваць нацыю ў рэжыме дзяржаўнага існаваньня. А гэта (дзяржаўная стабілізацыя) — абавязковы этап. Пасьля 1991 года (калі мы вярнулі незалежнасьць) трэба было прайсьці страчаны этап паскоранымі тэмпамі. Але з 1994 года ізноў усё затрымалася.

Кардынальна зьмяніўся сьвет. Той хвалі нацыянальнага ўздыму і нацыянальнага будаўніцтва, якая была ў Эўропе ў пачатку ХХ-га стагоддзя, больш не існуе. Мы ўжо ня можам плысьці на яе вяршыні. Няма нават прыбою. Але ж мы мусім, мусім дабудаваць наш нацыянальны дом, мусім мець над ім дах, каб не загінуць у абставінах, калі зьмянілася асяроддзе і плыні, і мы засталіся адны.

Мы, беларусы, павінны зразумець, што ў справе нацыянальнага будаўніцтва нам ніхто (абсалютна ніхто) не дапаможа, акрамя нас самых. Будуць прапаноўваць сваё разуменьне дэмакратыі. Але нікога не цікавіць наш нацыянальны лёс.

Таму, якія б ні былі павароты лёсу, якія б ні перажывалі мы выпрабаваньні, трэба найперш шанаваць і зьберагаць нашых людзей.

Самае страшнае цяпер для беларусаў — гэта Чарнобыльскі генацыд. Створаныя сапраўды сатанінскія ўмовы для пастаяннага вынішчэньня беларускай нацыі. За апошнія сем гадоў страчана паўмільёна насельніцтва. Змагаючыся за пасьлячарнобыльскае існаваньне, ня кожны чалавек здае сабе справу і ня кожны ўсьведамляе, што беларусам прыходзіцца весьці барацьбу з варожымі сіламі ўсяго сьвету. Уся сусьветная атамная энэргетыка пад шыльдай МАГАТЭ з усім сваім фантастычным капіталам (500 мільярдаў даляраў) стараецца схаваць ад сьвету страшныя вынікі атамнай катастрофы ў Беларусі, зьменшыць іх і сфальшаваць. Іх не цікавіць здароўе і лёс беларусаў.

Такую ж самую пазыцыю займае Расея, якая адмыслова забрудзіла ядзернымі ападкамі Магілёўскую вобласьць, ня выплаціла беларусам кампэнсацыю за Чарнобыль і нясе адказнасьць за катастрофу.

Чарнобыльскі генацыд небясьпечны для ўсіх, але найперш — для дзяцей. Цяпер, гледзячы на маштабы і мэтады чарнобыльскага вынішчэньня, некаторыя беларусы кідаюцца ў роспач, разумеючы, што толькі праводзячы адмысловую дзяржаўную палітыку, можна зьменшыць бяду. Але палітыка не ў беларускіх руках.

У Чарнобыля існуюць як бы зьнешнія пачатковыя прычыны. Але ня менш небясьпечная страта нашых людзей, што зыходзіць з унутраных, як бы зь нябачных прычынаў, зь якімі ізноў жа, вельмі цяжка змагацца без дапамогі дзяржавы.

Прыпамінаю малазначны выпадак з 1995 года. Каля гадзіны ночы ў Менску я сьпяшаўся на апошні тралейбус па пустой вуліцы. Насустрач ішоў нейкі малады чалавек гадоў 25-ці і нешта ў мяне спытаў (ці то пра прыпынак, ці то пра гадзіну). Калі я яму адказваў, ён мяне пазнаў.

- Выбачайце, — кажа потым хлапец, назваўшыся, — але ці мог бы я вам сказаць адну вельмі важную для Беларусі рэч, якая не дае мне спакою?

- Кажыце, — згаджаюся я.

- Трэба ратаваць беларускіх жанчынаў! Згінем. Згіне Беларусь, — усхвалявана загаварыў нечаканы спадарожнік.

Тут ужо зьбянтэжыўся я. Высьветлілася, што хлапец вельмі перажывае, што беларускіх дзяўчат падманваюць розныя агенты ды нягоднікі, вывозяць за мяжу, абяцаючы ўладкаваць на добрую працу. Адбіраюць пашпарты і перадаюць у рабства заходнім сутэнёрам.

- Трэба нешта рабіць, трэба спыніць, — хваляваўся хлапец. — Гэта зьнявага! Ганьба! Страцім Беларусь... У нас такія жанчыны!

Часам мне ўспамінаецца гэты разумны беларускі хлапец, які засьведчыў, што жывы наш народ, жыве, ня гледзячы ні на што, і будзе жыць.

У цяжкіх антыбеларускіх варунках існаваньня беларус беларуса павінен падтрымліваць і адзін аднаму дапамагаць. Асноўным прынцыпам дачыненьняў паміж людзьмі павінна стаць Беларуская Салідарнасьць, падтрымка і спрыяньне адзін аднаму. Шмат якія народы перажывалі цяжкія часы, але разам, зьбярогшы сябе і падтрымліваючы кожнага, перамаглі навалу і пазбавіліся вынішчэньня.

У беларусаў ёсьць магчымасьць перамяніць адмоўны ход сваёй гісторыі. Патрэбная толькі воля.

Зянон Пазьняк
01.09.01

Дадаць у: