Таму што тое, што прапануе і гаворыць новая квазі-апазыцыя, супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам і адпавядае інтарэсам імпэрскай палітыкі Масквы. Імпэрская палітыка Масквы накіравана на падпарадкаваньне і разбурэньне Беларускай дзяржавы, на захоп беларускай эканомікі шляхам насаджэньня ў Беларусі залежнай ад Крамля ўлады прэзыдэнта, які будзе праводзіць палітыку русіфікацыі і ўнутраннай акупацыі краіны.
Новая квазі-апазыцыя, створаная Масквой (найбольш праз Газпрам і ФСБ), -- гэта групоўкі вакол Бабарыкі, Ціханоўскай, Латушкі. Гэтыя асобы характарызуюцца антылукашысцкай рыторыкай, прамаскоўскай накіраванасьцю, ігнараваньнем нацыянальнай палітыкі і ўмаўчаньнем пра палітычныя каштоўнасьці беларускай нацыі. Тут сабралі людзей чужых нацыянальным ідэалам Беларусі.
Сутнасьць іхняй прапановы заключаецца ў патрабаваньні (ад Лукашэнкі) правядзеньня новых выбараў прэзыдэнта, у выніку якіх будзе выбраная на прэзыдэнта (як яны мяркуюць) іншая асоба, якая будзе супрацоўнічаць з Масквой у рэчышчы крамлёўскай палітыкі.
Гэта адлюстравана ў схеме зьмены ўлады ў Беларусі, якую дэманструюць гэтыя групоўкі квазі-апазыцыі.
Яны выступаюць за новыя выбары прэзыдэнта па існуючым антынародным заканадаўстве. Новы прэзыдэнт, згодна іхняй рыторыкі, быццам бы павінен пачаць перамены.
Што гэта магло б значыць на практыцы?
Першае. Выбары прэзыдэнта па рэжымных законах магчымыя толькі пры ўладзе Лукашэнкі. А значыць -- яны будуць "ярмошынскія".
Другое. Выбары прэзыдэнта па рэжымных законах будуць азначаць прызнаньне лукашысцкага дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 1996 года і працяг крымінальнага статусу ўлады.
Трэцяе. Выбары па рэжымных законах прадугледжваюць абраньне прэзыдэнта з абсалютнымі самадзяржаўнымі паўнамоцтвамі, якія, як і раней, будуць кантралявацца Масквой, але, у адрозьненье ад Лукашэнкі, новаабраны прэзыдэнт будзе мець легітымныя паўнамоцтвы і мандат народа.
Гэта будзе азначаць, што ўсе дзеяньні і чарговыя дамовы новай прамаскоўскай улады з Масквой набудуць міжнародную праўную акцэптацыю (чаго няма пры нелігетымнай ўладзе Лукашэнкі), і захоп Беларусі Расеяй (пад выглядам інтэграцыі) стане міжнародна прызнаным фактам як выяўленьне волі беларускага народа праз легітымныя ворганы ўлады.
У гэтым і заключаўся план Пуціна, які гуляў Бабарыкам, Цапкалам і кампаніяй. Лукашэнка, аднак, тактычна перайграў Пуціна, і маскоўскі план пакуль што загамаваўся, сатрап захаваў уладу. Але стратэгічна выйграў Крэмль, бо Лукашэнка трапіў у поўную залежнасьць ад Масквы. У выніку Крэмль будзе імкнуцца больш вынікова скарыстаць сатрапа ў сваіх імпэрскіх інтарэсах.
Мы бачым тыповую крымінальную палітыку двух узурпатараў улады, якая працягваецца з перавагай Пуціна, і ніхто з газпрамаўска-эфэсбоўскіх выканаўцаў антыбеларускіх планаў Пуціна ня ськінуты з рахунку, нягледзячы на жаласнае відовішча новай квазі-апазыцыі, сутнасьць, рыторыка і ініцыятывы якой ператварыліся ў палітыку, атрыманьня і падзелу заходніх фінансаваньняў.
Дакладна так, як было ў вікаўскай квазі-апазыцыі мілінкевічаў-лябедзек-вінцукоў-дзімітрыевых і ў іншай канторскай бутафорыі ў палітыцы, якую стварылі пасьля разбурэньня Народнага Фронту.
Пакуль што пуцінскі намер замены Лукашэнкі адведзены на другі план, але ён ня выкінуты з палітычнай стратэгіі Масквы, якая карыстаецца цяпер з ізаляцыі і з поўнай залежнасьці сатрапа ад крамлёўскай палітыкі. Латушкі, банкіры і гаворачыя лялькі -- стратэгічны запас пуцінскай палітыкі. Яны падыгрываюць ёй сваёй рыторыкай пра "дыялог", пра новыя выбары прэзыдэнта ды намеры крамсаньня законнай Канстытуцыі.
І антыбеларускі рэжым, і яго новая псэўда-апазыцыя ёсьць два непрыймальнікі беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Яны прыхільныя да варожай Расеі. Яны чужыя людзі дзеля сапраўднай вольнай беларускай Беларусі. Яны сьведчыць пра тое пастаянна сваімі паводзінамі, сваімі заявамі, сваім гаварэньнем. Іхныя сэрцы пустыя і дзеля славы нацыі, і дзеля яе пакут. Ім не балесная нашая ўкрыжаваная ворагамі вялікая беларуская мова і наш народ, і наша культура, і наша нацыянальнае гора, і генацыд пакаленьняў. Зыходзьце, нікчэмныя. Зыходзьце ў нябыт разам з Лукашэнкам. Вам ня ўдасца нікога ўжо падмануць.
10 красавік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК
POST SCRIPTUM.
У сувязі са шкоднасьцю новай прарасейскай псэўда-апазыцыі, паўтараю тэзісы нацыянальнай палітыкі, якія агучаны Беларускім Нацыянальным Сактарарыятам, Народнай Партыяй ды адраджэнцамі Вольнай Беларусі.
1. Перамены магчымыя тады, калі адбудзецца ўзмацненьне беларускага нацыянальнага салідарнага руху Вольная Беларусь. Без нацыянальнай палітычнай сілы ліквідацыя антыбеларускага рэжыму не адбудзецца.
2. Пры ўзмацненьні беларускага нацыянальнага салідарнага руху першым чынам і любым праўным спосабам павінна быць ліквідавана ўлада Лукашэнкі і яго хунты.
3. Кіраўніцтва працэсам пераменаў у дзяржаве і часовую ўладу ажыцьцяўляе часовая структура рэвалюцыі.
4. Адмяняюцца антынародныя дэкрэты і ўказы хунты. Вяртаецца законная Канстытуцыя 1994 года і заканадаўства, створанае на яе аснове.
5. Праводзяцца ўсеагульныя дэмакратычныя выбары ў Вярхоўны Савет па мажарытарнай сістэме і па існуючаму Канстытуцыйнаму закону.
6. Вярхоўны Савет, згодна Канстытуцыі, стварае ўрад Беларусі і ўносіць папраўкі ў Канстытуцыю 1994 года, згодна якіх ліквідуецца пасада прэзыдэнта ў краіне як кіраўніка выканаўчай улады і ўводзіцца прадстаўнічая функцыя прэзыдэнта, які на першую кадэнцыю выбіраецца Вярхоўным Саветам. Наступныя кадэнцыі -- праз усеагульныя выбары.
На пачатку гэтага дастаткова, каб грунтоўна разьвітацца з дыктатурай і магчымасьцю няпраўнага захопу ўлады. Астатнія магчымыя дзеяньні па будаўніцтве вольнай дэмакратычнай Беларусі апісаныя ў Праграме Вольная Беларусь (2017 год). Гэты дакумант яшчэ паслужыць беларусам на шляху да волі, росквіту і дабрабыту народа.
10 красавік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК