НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЧАРГОВЫ ПРАВАЛ ПЕРАМОВАЎ ПРА МІР

ЧАРГОВЫ ПРАВАЛ  ПЕРАМОВАЎ ПРА МІР

            Я пішу "чарговы", бо зразумела, што ўсе перамовы, якія ўжо былі з Расеяй пра вайну і агрэсію супраць Украіны, і якія яшчэ адбудуцца, будуць таксама праваленыя Эўропай, таму што думае гэтая Эўропа найперш пра мір у сваіх інтарэсах. 

            "Свае інтарэсы" прымушаюць зўрадзеячоў рабіць глупствы, якія ў дачыненьні да Расеі недапушчальныя. Нечаканая паездка спн. Мэркель і сп. Алянда ў Маскву да Пуціна ацэньваецца расейцамі ня так, як на Захадзе. Расейцы такія паводзіны разумеюць па свойму, што Эўропа, маўляў, іх баіцца, што ізаляцыя Пуціна -- гэта поза і гульня і што ад страху перад Расеяй і вайной эўрапейскія кіраўнікі, адкінуўшы гонар і ўсе ўмоўнасьці, прыехалі на паклон да Пуціна і прынялі ягоныя патрабаваньні, згодна якіх пытаньне аб кантролі над украінскай мяжой на перамовах не павінна разглядацца. Пасьля прыняцьця гэтага ўльтыматуму Пуціна перамовы ў Менску ўжо можна было і не праводзіць. Але палітыкі вярнуліся ў сталіцы, а журналісты напісалі, што спн. Меркель... зрабіла ўльтыматум Пуціну. Нейкі дзіцячы сад.

            Натуральна, што вынікі перамоваў ня проста нулявыя, а зноў жа, як і папярэднія, зручныя для Расеі.

            Асноўнае, пра што дамовіліся -- гэта пра спыненьне агню з нуля гадзін з суботы на нядзелю і адвод цяжкай зброі на адлегласьць 50-140 км. (украінцы ад лініі 11-га лютага гэтага года, а тэрарысты ад лініі 19 верасьня мінулага года).

            Усё астатняе -- гэта намеры і пажаданьні. Выніковы дакумант нават не падпісвалі. Пагадзіліся вусна.

            Цяпер падзеі зноў пойдуць па маскоўскім сцэнары. Крэмль праз кантраляваную ім мяжу будзе нарошчваць вайсковыя сілы і ўзбраеньне ў Данбасе і рыхтаваць чарговы ўдар і наступ на ўкраінскія пазыцыі. Увесь гэты час будзе абстрэл украінцаў. На закіды Масква адкажа, што Расея тут не пры чым, бо іхняга войска там няма, а гэта, маўляў, "сэпаратысты", якія нічога не падпісвалі і ў перамовах ня ўдзельнічалі.

            Наступны ўдар (арыентыровачна вясной) прынясе чарговы здабытак расейцам і захоп чарговай порцыі тэрыторыі Украіны. Потым ізноў -- перамовы ў Менску і г. д.

            Так выглядае рэальнасьць ў выніку чэмбэрленаўшчыны 21-га стагоддзя. Гэтакая эўрапалітыка (пазбаўленьне ўкраінцаў вайсковай ініцыятывы і тармажэньне ўзбраеньня арміі) давядзе рускіх да Кіева.

 

12 лютага 2015 г.                                                                             Зянон Пазьняк

 

Дадаць у: