НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ЧАРГОВЫЯ КРОКІ АНТЫБЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ ПА ЛІКВІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ

ЧАРГОВЫЯ КРОКІ АНТЫБЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ ПА ЛІКВІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ

Ліквідацыя беларускай фундамэнтальнай навукі ад самага пачатку ёсьць адзін з галоўных накіраваных удараў антыбеларускага рэжыму ў справе нацыянальнага вынішчэньня Беларусі. Матывацыя, якую выкарыстоўваюць непрыяцелі, выглядае цалкам банальнай. Яна добра вядомая яшчэ за часы палітыкі Савецкага Саюза на “ўскраінах імпэрыі”. Гэта матывацыя “неадукаванага прагматызму” – патрабаваньне ад навукі непасрэднай сувязі з вытворчасьцю і непасрэднай вытворчай аддачы навуковых дасьледваньняў. Такая матывацыя лёгка ўспрымаецца малакультурнымі людзьмі.

Аўтарытарызм, прысутнасьць неасьвечаных (і, галоўнае, антынацыянальных) асобаў у верхавіне прамаскоўскага рэжыму – усё гэта дало магчымасьць Маскве лёгка пасеяць патрэбную ёй тэндэнцыю ў палітыцы лукашызму. Беларуская фундамэнтальная навука вынішчаецца. Распрацавана мэтадалёгія зьнішчэньня па трох накірунках: адміністрацыйна-палітычным, сацыяльна-эканамічным і структуралягічным.

У Беларускай Нацыянальнай Акадэміі Навук створана бюракратычная вертыкаль, падпарадкаваная рэжымнай адміністрацыі, ліквідаваны шэраг навукова-дасьледчых інстытутаў, асяродкаў, дасьледчыцкіх тэмаў і накірункаў, скасаваная акадэмічная аўтаномія, выбарнасьць, самастойнасьць інстытутаў. Бюджэт і сродкі на навуку скарочаныя да найніжэйшага мінімуму. Зьніжаная да абсурду аплата працы навукоўцаў, якіх загналі ў стан сацыяльнай галечы. Мэтанакіравана і пастаянна звальняюць з працы добрых вучоных і не даюць займацца дасьледчыцкай дзейнасьцю вядомым і здольным навукоўцам-беларусам, асабліва маладым; пазбаўляюцца ад вучоных па палітычнай і ідэйнай прыкмеце.

Абдуманы, вынішчальны ўдар ськіраваны супраць грамадзка-гуманітарнай сфэры беларускай акадэмічнай навукі. Апошнія рэпрэсіі рэжыму, якія адбыліся тут у сярэдзіне лістапада, — гэта ліквідацыя навукова-дасьледчага Інстытута Літаратуры імя Янкі Купалы. (Ліквідавалі шляхам фармальнага ўлучэньня Інстытута літаратуры ў Інстытут мовазнаўства. Гэта такі мэтад ліквідацыі.)

Агульнавядомае палажэньне: нацыя ўзьнікае тады, калі зьяўляецца нацыянальная літаратура і асэнсаваньне яе нацыяй. Няма літаратуры – няма й нацыі. Таму, побач з нішчэньнем беларускай фундамэнтальнай навукі, мовы, гісторыі, адукацыі, моцны ўдар рэжым абрынуў на беларускую літаратуру. Схема выпрабаваная акупантамі яшчэ ў 20-х–30-х гадах. Іхнія дзеяньні цяпер: траўля імя Васіля Быкава, зачыненьне беларускіх выдавецтваў і часопісаў, захоп і рэквізіцыя Дома літаратара, ліквідацыя (раскол) Саюзу пісьменьнікаў, ліквідацыя Літфонду, бібліятэкі і архіву пісьменьнікаў і, нядаўна, — ліквідацыя тэарытычнай лабараторыі і пазнаваўчай базы нацыянальнай літаратуры – навукова-дасьледчага Інстытуту Беларускай Літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі Навук.

Мяркуючы па схеме нішчэньня, акупанцкі рэжым (прынамсі тыя, хто гэта робяць), відаць, добра ведюць, што літаратура становіцца творчым чыньнікам нацыі, калі пазнае сама сябе (дакладна па Гегелю). Гэта значыць – калі зьяўляецца тэорыя нацыянальнай літаратуры і літаратуразнаўства. Бяз гэтага самапазнаньня немагчымая самаідэнтыфікацыя працэсу і ўзвышэньне над правінцыйнасьцю, не адбываецца асягненьне ідэалаў.

Тым часам у пуцінскай палітыцы ў Расеі (якая па схеме цяпер цалкам дублюе лукашысцкую) назіраецца якраз адваротная тэндэнцыя. Ня гледзячы на атмасфэру агульнарасейскай карупцыі, хабарніцтва і рабаваньня, Масква ўкладвае вялікія сродкі ў разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі, гуманітарнага сэктару, тэхналягічных дасьледваньняў. У канцы лістапада гэтага года бюджэтныя сродкі на фундамэнтальную навуку расейцы павялічылі ўдвая. Бюджэт расейскай фундамэнтальнай навукі цяпер другі па велічыні (пасьля бюджэту на армію і ўзбраеньні). Адпаведна ў два разы вырас бюджэт Расейскай Акадэміі Навук і зарплата вучоных. Стаўка робіцца на захаваньне маладых кадраў і разьвіцьцё фундамэнтальных дасьледваньняў.

Рэакцыя беларускага грамадзтва на дзеяньні рэжыму па ліквідацыі асноваў нацыянальнага разьвіцьця выглядае ў цэлым адпаведнай ідэйнай тоеснасьці ягонага ўнутранага становішча, якое, фактычна, не зьмянілася за апошнія, прынамсі, 70-80 гадоў. Калі казаць вобразна – гэта крыкі адзіночак на фоне маўчаньня астатніх. Беларусы ў большасьці проста не разумеюць, што іх абдумана нішчаць як культурны народ. Не разумеюць, бо занятыя клопатам пра фізічнае існаваньне.

Акупацыйная сістэма вынішчэньня ў такіх умовах дзейнічае зладжана, бесперашкодна і беспакарана. І аказваецца, што беларусы ў гэтай сістэме самы ўдзельнічаюць у нішчэньні самых сябе (сваіх каштоўнасьцяў і здабыткаў).

Задача барацьбы з антыбеларускім рэжымам, з расейскай імпэрскай палітыкай, пераплялася з праблемай культурнай самаідэнтэфікацыі і нацыянальнай сьведамасьці постсавецкіх пакаленьняў людзей. Прытым сьведамасны падзел незалежны ад узроўню адукацыі і сацыяльнага становішча ў грамадзтве. Без істотных пераменаў у сфэры нацыянальна-культурнай сьвядомасьці беларусаў барацьба з рэжымам ня дасьць выніку з прычыны неадэкватнага разуменьня падзеяў. На фармаваньні сьведамаснага стану асобы неабходна пастаянна засяроджвацца ўсялякаму беларускаму руху, усялякай беларускай арганізацыі, асяродку, ініцыятыве. Ёсьць нацыянальныя каштоўнасьці, правілы абароны якіх агульныя, неабходныя, салідарныя і абавязковыя для ўсіх у становішчы, калі супраць усіх праводзіцца палітыка нацыянальнага разбурэньня.

Дзеля рэалізацыі палітычных мэтаў і партыйных праграмаў беларускае грамадзтва стаіць, перш за ўсё, перад неабходнасьцю аб’яднаньня інтарэсаў на нацыянальна-культурнай плятформе беларускай салідарнасьці ў абароне агульных каштоўнасьцяў нацыі. З гэтага палажэньня павінна б была зыходзіць таксама ўсялякая партыйная палітыка беларускіх партыяў. Нацыянальна-культурнаму разбурэньню беларускага грамадзтва акупацыйным рэжымам можна супроцьпаставіць толькі грамадзкі адпор і нацыянальную салідарнасьць людзей.

Зянон Пазьняк

1 сьнежня 2007 г., Варшава

Дадаць у: