НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЧАСОПІС АДРАДЖЭНЬНЯ

ЧАСОПІС АДРАДЖЭНЬНЯ

Часопісам "Беларускія Ведамасьці" я цяпер карыстаюся як энцыкляпэдыяй беларускага палітычнага змаганьня канца 20-га і пачатку 21 стагоддзяў. Адчуваю, што чым далей аддаляецца час, тым больш узрастае для мяне інфармацыйная роля гэтага выданьня.

Успамінаю, што калісьці гадоў 10 таму, Вітаўт Кіпель неяк сказаў у сваім выступе, што "Беларускія Ведамасьці" -- гэта цяпер адзіны адраджэнскі часопіс, і роля яго ў гісторыі будзе толькі ўзрастаць.

Мінуў час -- і сапраўды пагаджаюся з гэтай высновай і пачынаю думаць аб зьберажэньні таго, што ёсьць. У Сеціве "Беларускія Ведамасьці" існуюць толькі напалову -- №№ 31-68 -- ("Беларуская Салідарнасьць" -- http://www.bielarus.net/archives/category/bielaruskija-viedamasci/   ).  У бібліятэках цалкам яго няма нідзе. Асобныя гадавікі і экзэмпляры ёсьць у бібліятэцы ў Лодзі і ў Варшаве, часткова (найбольш) -- у Публічнай бібліятэцы ў Нью-Ёрку і, магчыма, нешта ў Вільні. У Беларусі ўсё зьнікла. Папоўніць Сеціва маглі б энтузіясты (што пры цяперашнім часе малаверагодна).

З 1996 па 2013 выйшла 70 нумароў. Рабілі і выдавалі яго ў Варшаве (на зьбіраныя сродкі беларусаў Амэрыкі) Зянон Пазьняк і Галіна Палачаніна (пра падтрымцы карэспандэнтаў БНФ). Асноўная прычына спыненьня выданьня -- немагчымасьць дастаўкі ў Беларусь. (Рэжым арганізаваў вельмі жорсткія меры, замовілі нямецкую тэхніку для кантролю над мяжой, пачаліся суды над людзьмі за правоз літаратуры, мае выданьні былі аб’яўлены "экстрэмісцкімі", "тэрарыстычнымі" і г. д.) Нядаўна я зрабіў кніжную аправу гадавікоў часопіса. Праміне час -- і ён стане памятным чыньнікам цяжкога і ганебнага часу ў нашай гісторыі.

------------------------------

НА ЗДЫМКУ: разварот адчынены на тытульнай вокладцы  часопіса №5 за 1997 год. Фота -- фрагмэнт з дэманстрацыі БНФ у Менску ў 1997 годзе. Пасьля лістападаўскага дзяржаўнага перавароту Лукашэнкі ў 1996 г., зьдзейсненага пры непасрэднай дапамозе кіраўніцтва Расеі, паграза расейскага захопу Беларусі (інтэграцыі) стала рэальнай палітыкай Масквы. Барацьбу супраць маскоўска-нямецкіх планаў анэксіі пад Расею і акупацыі Беларусі ўзначальваў Народны Фронт. Тыя падзеі зь беларускага гледзішча адлюстраваны ў часопісе "Адраджэньня".

------------------------------

7 верасень 2022 г.    Зянон Пазьняк

Дадаць у: