НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЧУМА

ЧУМА

            Я ўжо пісаў пра рэчаіснасьць сёлетняга паўгоддзя ў Беларусі, пра інтэнсіфікацыю акупацыйнай палітыкі. Я схільны ацэньваць сытуацыю як трагічна-тупіковую, якая сьведчыць, што, калі над намі і далей будзе заставацца вырадак народа, мы рэальна будзем мець і другую атамную катастрофу, і эксодус, і другі Тыбет, а ўрэшце – можам ня мець нічога, бо беларусаў ня будзе.

            Афрыканская сьвіная чума, якая абрынулася на нас, -- гэта ўжо трэцяе, апакаліптычнае пакараньне, якое пушчана на Беларусь. За што пакараньне? За халуйства перад Масквой. Першае пакараньне – Чарнобыльская навала; другое – лукашысцкі антынацыянальны рэжым; трэцяе – афрыканская сьвіная чума. Усё прышло з Расеі. Беларусы, відаць, забыліся і запаведзі Божыя, і запаведзь Каліноўскага.

            Рэжым дзейнічае дакладна так, як савецкі рэжым КПСС у час выбуху Чарнобыльскай АЭС. Займаецца засакрэчваньнем бяды і хлусьнёй, а замест хуткіх радыкальных дзеяньняў прымаюцца палавіністыя захады. Ва ўсім, што ўжо здарылася, вінаватыя пуцінская Расея і лукашысцкі рэжым. Паўтараецца мэтадычная матрыца Чарнобыля, і клоны сьлюньковых зноў хлусяць.

            Афрыканская сьвіная чума была завезена ў Расею праз чарнаморскія парты ў 2007 годзе. Менавіта тут, на поўдні Расеі (Кубань, Стаўрапальшчына, Краснадаршчына, Растоўская вобласьць), узьніклі першыя вогнішчы эпідэміі. У наступныя гады адбывалася трыумфальнае шэсьце эпідэміі па Расеі з поўдня на поўнач. І гэта нягледзячы на ў цэлым слабое разьвіцьцё расейскай сьвінагадоўлі. На сёньняшні дзень цалкам заражаны чумой Цьверская, Ніжагародзкая вобласьці, эпідэмія распаўсюдзілася на Маскоўскую, Арлоўскую, Варонежскую, Смаленскую і Бранскую вобласьці і ў цэлым на цэнтар Расейскай Фэдэрацыі. За сем чумных гадоў эпідэмія пранікла ў расейскія лясы, заражаная хваробай папуляцыя дзікоў стала натуральным разношчыкам чумы. Расея зрабілася для нас і цэлай Эўропы другой Афрыкай.

            Нельга сказаць, каб у Расеі не змагаліся з эпідэміяй. Разуменьне і падыход тут цалкам сур’ёзны, але справіцца з заразай не змаглі ў выніку дрэннай арганізацыі і безалабернасьці, якая пануе ў расейскім грамадзтве. Эпідэмія там хутка і няўхільна пашыраецца.

            Тым часам, напрыклад, Украіна імгненна патушыла лякальныя вогнішчы чумы і стварыла магутную, жорсткую сістэму дзяржаўнага ветэрынарнага кантролю. Барацьба з чумой (дакладней, недапушчэньне эпідэміі) стала важным накірункам унутранай дзяржаўнай палітыкі Украіны.

            Хвароба афрыканскай чумы завезена ў Беларусь разам з камбікормам з Расеі зімой-вясной 2013 года. Пра гэта была афіцыйная інфармацыя, якую чамусьці тут жа аспрэчылі расейцы як малаверагодную. Але камбікорм уключаны ў пералік афіцыйных прычын распаўсюду заразы. Тут справа ня толькі ў тэхналёгіі апрацоўкі рэчыва, але і ў спосабе яго складаваньня, захоўваньня і перавозкі.

            Эпідэмія пачалася ў Горадзенскай вобласьці (што таксама сьведчыць пра спэцзавоз), а не праз непасрэдныя кантактныя зоны ў памежжы з Расеяй. Пытаньне, аднак, у тым, ці заражэньне адбылося незнарок, у выніку парушэньня правілаў і забаронаў гандлю (калі яны ў гэтым выпадку сапраўды былі), ці ўкідваньне чумы ў Беларусь адбылося спецыяльна, з прычыны канкурэнцыі і агрэсіўнай палітыкі Расеі. Я, як і шмат якія беларусы, схільны ўлічваць другі варыянт. У любым выпадку неабходна прафэсійнае крымінальнае рассьледваньне гэтага пытаньня. Рассьледваньне (ёсьць вопыт Украіны) здольнае даць дакладны адказ і наконт асобы, і наконт рэчыва, зь якога пачалася эпідэмія, а таксама выявіць матывацыю зьявы.

            Нічога тут, аднак, не расследуецца. Замест таго, каб (па прыкладу ўкраінцаў) хутка дакладна і радыкальна ліквідаваць першае вогнішча эпідэміі, рэжым усё засакрэціў, застрашыў людзей, каб маўчалі, і абмежаваўся палавіністымі мерамі зь няякасна датрыманай тэхналёгіяй. Прытым людзям нічога толкам не растлумачылі (паўтаруся, тыя ж змоўніцкія паводзіны, як і пры Чарнобыльскай катастрофе). У выніку ўся паўночная частка Беларусі ад польскай да расейскай мяжы зараз ахоплена вогнішчамі эпідэміі афрыканскай чумы. Зьнішчэньне жывёл ужо можа пайсьці на мільёны, бо іншага выхаду няма.

 

            Тут вымушаны паўтарыць зьвесткі, вядомыя і даступныя. Але інфармацыю трэба множыць і пераказваць увесь час. Афрыканская сьвіная чума нішчыць толькі сьвіней. Чалавек ёй не хварэе. Іншыя жывёлы таксама не хварэюць. Але іншыя жывёлы (найперш грызуны, сабакі, каты, паразітныя насякомыя, мухі, птушкі і г. д.) могуць быць разношчыкамі эпідэміі. Таму пры жорсткім падыходзе ў вогнішчы хваробы зьнішчаюць і гэтых жывёл. На пэрыяд каранціну мусіць быць прыпынена дзейнасьць усіх грамадзкіх арганізацыяў аматараў аховы жывёл, а дзейнасьць па ахове хворых асобін і разношчыкаў чумы мусіць быць прыраўняна да крымінальнага злачынства і карацца.

            Афрыканская сьвіная чума невылечная. Лякарства і сывараткі (вакцыны) не існуе. Падзеж жывёл ад гэтай хваробы амаль стоадсоткавы на працягу 1-5 дзён. Тыя асобіны, якія ацалелі, зьяўляюцца носьбітамі віруса чумы і павінны быць ліквідаваныя бяскроўным спосабам. Адзіны мэтад змаганьня з эпідэміяй – жорсткая каранцінная зона, у якой бяскроўным спосабам забіваюцца ўсе сьвіньні, якія мусяць быць абавязкова спалены, попел і рэшткі закапаныя на глыбіню двух мэтраў і перасыпаны вапнай. Зямля, дзе былі жывёлы, таксама мусіць быць зьнята, прапалена і глыбока закапана, інвентар і некаторыя прыбудовы спаленыя, фермы шчыльна дэзінфікаваныя моцнымі рэчывамі. Мусіць быць на пэўны час спынены гандаль прадуктамі і жывёламі, наладжаны жорскі сістэмны ветэрынарны кантроль за рухам насельніцтва і прадуктаў. Толькі тады можна пазбавіцца ад гэтай страшнай заразы. Рабіць трэба хутка і энергічна. На канчатковае падаўленьне чумы можа пайсьці цэлы год (калі рабіць па правілах, а не як у Расеі).

            Вось што стварыў нам лукашызм разам з расейскім рэжымам. Віна гэтых рэжымаў відавочная. Расея ня справілася з чумой. Узьнікае трывога, а што яшчэ ў гэтых абставінах  можа натварыць звыродлівы лукашысцкі рэжым, бо Беларусь не Расея. Сьвінагадоўля тут -- базавая аснова харчовага існаваньня людзей. Страты могуць стацца такімі вялікімі, што паламаюць жыцьцё беларусаў.

 

            Ёсьць яшчэ міжнародны аспэкт эпідэміі. Калі ня ўдасца хутка ліквідаваць чуму ў Беларусі, то над Эўропай павісьне сур’ёзная эканамічная пагроза. (Сьвінагадоўля там на добрым узроўні і ў два разы больш прыбытковая, чым у Беларусі.) Вось тады санкцыі будуць безагаворачныя. Беларусь проста адсякуць ня толькі ад Эўразьвязу, але і ад усяго сьвету. Будзе рэзка абмежаваны гандаль і міграцыя насельніцтва, краіну перавядуць у стан каранціну, а гэта, практычна, штурхне рэжым разам з народам у расейскае зачумленае царства, у рабскую залежнасьць ад расейскага хама, бюракрата і крымінала.

            Афрыканскую чуму белых сьвіней справакавалі партугальцы, калі завезьлі сьвінак у каляніяльную Афрыку, заразілі і прывезьлі зноў у Эўропу. У 1959-60 гг. у Партугаліі пачалася эпідэмія афрыканскай сьвіной чумы, якая адразу ж перакінулася ў Гішпанію. Партугальцы  паводзілі сябе прыкладна так, як цяпер расейцы і лукашысты, пакуль эўрапейскія краіны ня выставілі ім ультыматум: альбо яны ліквідуюць эпідэмію, альбо будуць проста выкінутыя з Эўропы (з краінай перастануць гандляваць і заблакуюць). Ультыматум падзейнічаў. Эпідэмію ліквідавалі каласальнай цаной. Былі зьнішчана больш мільёна сьвіней.

            У Беларусі сцэнар можа стацца значна горшым. Таму першым чынам трэба адсекчы крыніцу распаўсюду эпідэміі. На мяжы з Расеяй мусіць быць устаноўлены  жорсткі ветэрынарны і памежны кантроль. Мусіць быць вернута дзяржаўная мяжа Беларусі з Расеяй і пабудаваны жалезны плот у зонах міграцыі жывёл. Павінен быць арганізаваны адстрэл і дызэнфэкцыйная ўтылізацыя дзікоў уздоўж мяжы з Расеяй, а таксама ва ўсіх каранцінных зонах.

            Каранцінныя зоны мусяць стаць месцамі асаблівай увагі грамадзкасьці. Без сьведамага разуменьня і дапамогі грамадзкасьці перамагчы бяду будзе цяжка. Трэба хоць палову краіны захаваць чыстай ад эпідэміі. Цяпер гэта яшчэ магчыма. Але... Ёсьць вялікае    “але”, усім нам вядомае. Гэтае “але” -- антыбеларускі рэжым, аўтарытарная ўлада вырадка народа і маскоўская антыбеларуская палітыка. Не сумняваюся, што эпідэмію чумы будуць і далей выкарыстоўваць супраць Беларусі і яе будучыні. Сем гадоў у Расеі, як у інкубатары, гарыць і пашыраецца афрыканская сьвіная чума, а ў гэты час антыбеларускі рэжым Лукашэнкі (які даўно ліквідаваў мяжу з Расеяй) і вухам не вядзе. Нічога не было зроблена, ніякіх прэвентыўных захадаў, ня створана папераджальная ветэрынарная служба, не ўмацавана дзяржаўна-ветэрынарная сістэма і не падрыхтавана да надзвычайнага стану.  Перад абліччам магчымасьці чумы з усходу такая бязьдзейнасьць ёсьць злачыннай справай гэтак жа, як і наступная засакрэчанасьць падзей.

            На мой погляд, радыкальнае, хуткае і эфэктыўнае пазбаўленьне ад афрыканскай сьвіной чумы гэтак жа, як адмаўленьне ад будаўніцтва Астравецкай АЭС, адмаўленьне ад расейскіх ваенных базаў, ад вар’яцкіх плянаў засяленьня Беларусі кітайцамі, -- усё яно немагчымае ў   той абсурдальнай, хворай пазыцыі, у якую загнаў краіну і нацыянальную палітыку антыбеларускі рэжым, а дакладней вырадак народа.

            Усё ўпіраецца ў адно. Востра стаіць пытаньне аб пераменах ва ўладзе. Даваць нейкія практычныя парады тут нікому няма сэнсу. Але бачыць рэальнае становішча трэба, бо толькі тады зь яго можна разам знайсьці выхад.

 

11 жніўня 2013 г.                                                                                            Зянон ПАЗЬНЯК

 

 

Дадаць у: