НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Чым выкліканы варварскі наступ на Курапаты

Чым выкліканы варварскі наступ на Курапаты

Ідэалёгія і палітыка разбурэньня Курапатаў зразумелая. Уладу ў Беларусі захапілі выхадцы з НКВД-КГБ, якія хацелі б зьнішчыць сьведчаньні генацыду, што ажыцьцяўляла Масква праз ворганы НКВД. Усе спробы сфальшаваць вынікі навуковых дасьледваньняў, зробленых у 1988 годзе, і абвергнуць вынікі сьледзтва па Курапатах праваліліся. Пасьля гэтага запанавала ўяўная цішыня, у час якой паволі руйнавалася і занечышчалася ўсё, што зьвязана было з памяцьцю пра Курапаты, засьмечвалася тэрыторыя магілаў, месца рабілася прахадным, кінутым на таптаньне наезных жыхароў з бліжэйшых кварталаў горада.

Тактыка рэжыму была зразумелай. Яе неабходна было спыніць. У 2000 годзе на Дзяды Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ распачалі актыўнае стварэньне ў Курапатах Народнага Мэмарыялу Беларускай мартыралёгіі. Было наладжана масавае Крыжовае шэсьце ў Курапаты і ўстаноўлена над магіламі мноства крыжоў (больш 30-ці).

Стаўленьне крыжоў працягвалася ўвесь час. На 2001 г. іх ужо паставілі больш за сотню. Была растлумачана (часткова ў друку) канцэпцыя Народнага Мэмарыялу ў Курапатах, які па задуме ствараў бы сам народ. Дзеля гэтага кожны мог зрабіць і прынесьці ў Курапаты свой крыж, паставіць яго за душы расстраляных беларусаў, сваіх родных і блізкіх. Над магіламі расстраляных на Курапацкіх горах, побач з соснамі, на палянах і ўздоўж дарог вырастаў бы лес рукатворных крыжоў. Усё гэта рэальна абазначыла б памяць па расстраляных і сымвалізавала б уваскрасеньне душ. (Такі беларускі крыжовы помнік ёсьць на сьвятой гары Грабарка на Беласточчыне і ў іншых месцах. Кожны год беларусы нясуць у Грабарку крыжы.)

Справа зрушылася. Гэтакія дзеяньні выклікалі ціхую паніку ў кіраўнічым асяроддзі рэжыму. Безумоўна, што маскоўскія аналітыкі з ГБ прааналізавалі задуму Народнага Мэмарыялу і зразумелі, што прыходзіць канец іхным спробам схаваць памяць пра Курапаты і паступова зьнішчыць іх.

Рэакцыя была пасьпешнай і грубай. Ужо летам 2001 года пачалася падрыхтоўка да будаўніцтва шырокай аўтастрады праз Курапаты. Прытым так сьпяшаліся, што пачалі без пляну і без узгадненьня праекту. Мэтадам такога будаўніцтва (гледзячы па абставінах) можна было разбурыць і зьнішчыць літаральна ўсё: і лес, і крыжы, і магілы. Напрацаваны вялікі савецкі вопыт зьнішчэньня культуры. Гісторыя расейскай акупацыі на Беларусі паказала, што не існуе ніякіх маральных перашкодаў у варвараў: ні ў тых, хто загадвае, ні ў тых, хто выконвае. Тыя, хто разбураюць крыжы і магілы, ня маюць ніякіх духоўных каштоўнасьцяў, акрамя паняцьцяў нявольніка і раба.

Разбурэньне Курапатаў заплянавана з асаблівым цынізмам. Варта зьвярнуць увагу на даты. Ігнаруючы ўсіх і ўсё, шырокім фронтам прыступілі да будаўніча-разбуральных працаў у зоне Курапатаў 20 верасьня, якраз ў дзень так званай «самаінаўгурацыі» Лукашэнкі пасьля сфальшаваных выбараў. 8-га лістапада, на другі дзень галоўнага бальшавіцкага сьвята, па загаду зьверху пачалі ламаць Крыжы, зьбіваць і катаваць людзей - абаронцаў магіл, кінулі на іх тэхніку, бульдозеры, КГБ і спэцыяльныя атрады міліцыі.

Такое супадзеньне датаў добра адлюстроўвае ідэалёгію вандалізму, паказвае, у якой сфэры паняцьцяў існуюць разбуральнікі Курапатаў.

Курапаты - унікальны помнік і сымвал генацыду. Ад асэнсаваньня яго беларусамі шмат у чым залежыць лепшая будучыня Беларусі. Бяда якраз у тым, што непрыяцелі беларушчыны гэта разумеюць лепш, чым некаторыя беларусы. Лёс Курапатаў будзе залежыць ад двух зьяваў: ад сілы супраціўленьня варварству і галоўнае - ад уздыму і моцы стваральнай працы, ад рабленьня Народнага Мэмарыялу крыжоў. Рэч зразумелая: напачатку гэтую працу павінна ўзяць на свае плечы арганізаваная эліта грамадзтва, актыўныя і сьведамыя людзі, пакуль ня зрушыцца ўвесь народ.

Зянон Пазьняк

15.11.01

Дадаць у: