У сумніўным сецевым рэсурсе "Зеркало" зьявілася інтэрв’ю з інкогніта "кібэр-партызанам". Негалоснай прычынай гэтага інтэрв’ю зьявіліся мае пытаньні да іхняга прадстаўніка аб антынацыянальных дзеяньнях "кібэр-партызанаў".
У пачатку ліпеня, прадстаўнікі руху "Вольная Беларусь" у Беларусі мелі сацыяльны кантакт з апазыцыйнымі выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту. Вось што тыя паведамілі (апускаю дэталі):
"Што нарабілі кібэрпартызаны гэтыя ў БДУ.
Выдалілі ўсю інфармацыю, бухгалтэрыю, бібліятэкі электронныя і г.д.
Людзі ня могуць ні адпускныя атрымаць, ні заробак.
Магістранты, аспіранты пацярпелі таксама, бо ня могуць электронныя падручнікі атрымаць.
А там сярод выкладчыкаў вельмі шмат патрыётаў працуе, нягледзячы на рэпрэсіі і звальненьні.
У людзей зараз такія эмоцыі: іх душыць рэжым з аднаго боку, а зь іншага кібэрпартызаны.
У БДУ усё зараз вельмі цяжка. Звальняюць штотыдня кагосьці.
Там зараз увесь выкладчыцкі склад узбударажаны. Яны спрабуюць пісаць кібэрпартызанам, а тыя ў адказ іх абвінавачваюць у тым, што яны працуюць на рэжым і г.д. і г.д. Плюс яшчэ такая рэч, што ўсе пэрсанальныя дадзеныя ўсяго выкладчыцкага складу былі скапіяваныя кібэрпартызанамі. Украдзеная цалкам уся база дадзеных, уся інфармацыя, усе дадзеныя, пошты, перапіскі, асабістыя справы. Навошта ім гэта. Тут жа крымінал, злачынства супраць беларусаў.
Нацыянальны Унівэрсітэт мусіць функцыянаваць у любой сітуацыі. Ён не павінен быць разбураны."
Такое вось паведамленьне зь Беларусі.
Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі сістэмна зьнішчае нацыянальна-культурныя асновы беларускай нацыі і беларускай дзяржавы. Ліквідавана грамадзянская супольнасьць (зачынена больш за 1200 арганізацыяў). Пазачыняныя беларускія творчыя саюзы, беларускія выдавецтвы, беларускія крамы і кнігарні, беларускі бізнэс, беларускія школы, беларускія ліцэі і гімназіі, беларускія навукова-дасьледчыя інстытуты, беларускія факультэты ўнівэрсітэтаў, паралізаваная нацыянальна-культурная дзейнасьць і вучоба беларускіх унівэрсітэтаў.
І тут такі падарунак Маскве ад "кібэр-партызанаў" -- удар па галоўным унівэрсітэце краіны, дзе вучацца тысячы студэнтаў-беларусаў і вучоба якіх цяпер паралізаваная.
Часткова прааналізаваўшы інфармацыю і ня робячы пакуль высноваў, я паспрабаваў высьветліць прычыны такой дыверсіі і зьвярнуўся да легальнага прадстаўніка "кібэр-партызанаў" з просьбай патлумачыць, чаму яны тое зрабілі.
Тлумачэньне было такое. Маўляў, кіраўніцтва БДУ падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і рэпрэсіі, карае сваіх студэнтаў за погляды, наладжвае паказныя унівэрсітэцкія суды над студэнтамі, выконвае ўказаньні КГБ, выключае нязгодных студэнтаў з унівэрсітэту. Таму ўся электронная сістэма існаваньня і працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсітэта была вынята і абвалена, і пастаўлена ўмова -- вызваліць 50 палітвязьняў. Тады ўнівэрсітэту магчыма вернуць тое, што ад яго забралі.
-- Ці вы разумееце, -- пытаюся, -- што ўнівэрсітэт не зьяўляецца ворганам дзяржаўнай улады і не кампэтэнтны вызваляць палітвязьняў? Навошта браць ў закладнікі унівэрсітэт -- студэнтаў і педагогаў?
-- Ну і што? -- быў адказ. -- Кіраўніцтва БДУ супрацоўнічае з рэжымам і выконвае ўказаньні рэжыму. Вось хай ставяць пытаньне перад Лукашэнкам аб вызваленьні 50-ці палітвязьняў, інакш -- вучэбны працэс будзе заблакаваны. І Лукашэнка хай думае, што рабіць.
Пытаньняў у мяне было болей. Але адказы былі такія, як і вышэй, і засьведчылі сьведамую апалітычнасьць і элемэнтарнае неразуменьне нацыянальных інтарэсаў, сутнасьці палітычнага змаганьня і, між іншым, нормаў міжнароднага права, поўнае неўсьведамленьне антынацыянальнай сутнасьці свайго ўчынку.
Вось гэтая апалітычнасьць (у той час, калі Расея і рэжым Лукашэнкі нішчаць Беларускую нацыю) найбольш мяне занепакоіла. Урэшце, я проста папрасіў кібэр-прадстаўніка прызнаць памылку, вярнуць базу дадзеных БДУ і папрасіць прабачэньня. Абяцалі маю прапанову абмеркаваць.
Пасьля абмеркаваньня пазыцыі не зьмяніліся. Але ў выніку зьявілася вялікае апраўдальнае інтэрв’ю кібэр-партызана ў сумніўным рэсурсе "Зеркало" і яшчэ ў адным відэа-рэсурсе такога ж кшталту.
Разважаньні тыя ж самыя. Значыцца, выглядае, што абвал Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсітэта -- гэта не памылка, а пазыцыя (ці "пракол" пазыцыі).
Зрэшты, прычына, як я думаю, усё ж у элемэнтарнай палітычнай неразьвітасьці, вельмі, нажаль, характэрнай, для шмат якіх беларусаў, што вырасьлі пад русіфакацыяй і пад лукашысцкім рэжымам.
Прэцэдэнт нядобры, становішча няпэўнае, вымагае абмеркаваньня. Няма ўпэўненасьці, ці ня "ўтвораць" яны што-небудзь такое яшчэ.
Некалькі зьвестак.
1. Кібэр-партызаны дапамагаюць розным беларускім арганізацыям у праверцы кадраў. Карысная інфармацыя даецца, практычна, па ўсіх сацыяльных параметрах, зафіксаваных дзяржавай, акрамя агентуры ФСБ і КГБ (спэцслужбы для "кібэраў" недасяжныя).
2. Кібэр-партызаны ня маюць інфармацыі адзін пра аднаго, не знаёмыя між сабой, ня ведаюць, хто дзе знаходзіцца, кантактуюць і складаюць пляны ў закрытых чатах. Практычна, усе яны інкогніта, нават між сабой.
Легальныя прадстаўнікі "кібэраў" таксама нічога пра іх ня ведаюць, трымаюць сувязь праз зачынены чат. Тым ня менш, таемная арганізацыя налічвае (як паведамлена ў інтэрв’ю) 70 асобаў, ажыцьцяўляе планы і інтэрнэт-дыверсіі па ўзламваньні дзяржаўных электронных адміністрацыйных сістэм.
3. Кібэр-партызаны працуюць у асноўным па ўзламваньні электронных дзяржаўных сістэм Рэспублікі Беларусь. Узламана і выбрана інфармацыя стратэгічна важнай для дзяржавы Беларускай чыгункі, Міністэрства ўнутраных спраў, выкрадзена ўся пашпартная сістэма усіх беларусаў Рэспублікі Беларусь, абвалена сістэма навучаньня БДУ, рыхтуецца дыверсія супраць Міністэрства транспарту і інш. (усе зьвесткі -- з інтэрв’ю).
4. Уступіць у кібэр-партызаны можа кожны, хто валодае ведамі і навыкамі ў электроннай інфармацыі. Для гэтага ён мусіць рашыць складаную задачу, апублікаваную легальна па профілю ведаў, і такім чынам атрымаць доступ да таемнай кібэр-арганізацыі, у якой праверкі будуць працягвацца інкогніта, бо ніхто нікога ня ведае.
Гэтай інфармацыі з інтэрв’ю дастаткова, каб задаць пытаньні:
1. Навошта таемнай арганізацыі абваліваць стратэгічна важныя для Беларускай дзяржавы электронныя базы існаваньня і дзейнасьці краіны? (Беларусь жа акупавана, ворагі нішчаць Беларускі народ і суверэнітэт, йдзе вайна).
2. Навошта таемнай арганізацыі забіраць стратэгічна важную электронную інфармацыю існаваньня Беларускай дзяржавы:
а) дзе яна захоўваецца пасьля ўзлому?
б) хто мае да яе доступ?
в) каму яна перадазена?
3. Беларусь акупавана Расейскай Фэдэрацыяй.
Чаму электронныя дыверсіі і выкраданьне электронных дадзеных вядзецца супраць дзяржаўных устаноў Рэспублікі Беларусь, але ня супраць дзяржаўных устаноў Расейскай Фэдэрацыі? Расея ж вораг.
4. Паколькі ўступіць у таемную арганізацыю кібэр-партызанаў можна толькі рашыўшы задачу-галаваломку і потым прайшоўшы электронныя праверкі, і ўсё гэта інкогніта, то ці ня можа здольны, добра падрыхтаваны разьведчык з ФСБ ("кібэры" карыстаюцца мовай рускіх акупантаў) прайсьці гэтыя выпрабаваньні (як і ўсе астатнія) і стаць кібэр-партызанам, граміць і красьці базы дадзеных з сістэмы Беларускай дзяржавы.
5. Ці ня могуць прафэсіяналы ФСБ, пранікшы ў кібэр-партызаны, мець там пераважную групу па прыняцьці рашэньняў? (А гэта, як відаць з інтэрв’ю, зрабіць ня цяжка.) Пры патрэбе ФСБ можа абваліць у такім разе ўсю электронную сістэму дзяржаўнага існаваньня Рэспублікі Беларусь.
Пытаньняў шмат, але я назваў некалькі, бо відавочна, што ад дзейнасьці гэтай таемнай арганізацыі ёсьць карысьць у вайне грамадзтва з антыбеларускім рэжымам, але ёсьць таксама шкода для беларускай дзяржавы і грамадзтва і, галоўнае, няпэўнасьць, бо дзяржаўную інфармацыю (якая належыць грамадзтву) абкрадаюць людзі з палітычна-інфантыльным думаньнем, прытым, калі па-праўдзе, абкрадаюць няведама для чаго і для каго.
Ня выключана магчымасьць, што можа адбыцца калапс і абвал дзяржаўных функцыяў у межах усёй нацыі, калі некаму тое спатрэбіцца. І ніхто ні за што не адкажа. Ня будзе каму.
Гледзячы на палітыканства суседзяў Беларусі і нямецкага Эўразьвязу, бачым грубую палітыку -- пад відам барацьбы з рускамірскім рэжымам Лукашэнкі імкнуцца абваліць дзяржаву Беларусь, упіхнуць яе ў пашчу Расеі і пры гэтым паплакаць (на паказ) аб правах чалавека і аб лёсе палітвязьняў.
Беларусам варта пра гэта ведаць і абмяркоўваць, каб прадбачыць і прадухіліць наступствы недаразьвітай палітыкі і магчымага варожага ўмяшаньня.
25 ліпень 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК